Па аператыўных зводках міліцыі

11:27 / 23.03.2011
А ў некаторых – крызіс...

Нягледзячы на тое, што эканамічны крызіс нашу краіну моцна не закрануў, некаторыя грамадзяне не маюць фінансавых сродкаў, каб разлічыцца з даўгамі сваім дзецям.
Як паведаміў пракурор Астравецкага раёна Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык, супраць трох жыхароў раёна – А.Л. Ражко, А.І. Сімановіча і Д.А. Ровіна – у хуткім часе будуць узбуджаны крымінальныя справы за ўхіленне ад уплаты аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей.



Навядзенне парадку

Вясна – традыцыйная пара навядзення парадку на прысядзібных участках: збору лістоты і смецця, перакопвання зямлі і падстрыгання кустоў і дрэў.
Мусіць, менавіта для апошняй мэты і ўкраў невядомы злодзей на мінулым тыдні ў астраўчаніна з вуліцы Лермантава бензапілу “Хускварна 240”. Каб здзейсніць сваю чорную справу, невядомы а дзесятай гадзіне вечара залез у веранду дома, адкуль і прыхапіў чужую прыладу працы.
Па гэтай справе супрацоўнікі міліцыі праводзяць праверку.



Па «пяцьдзясят» і – за руль?

Некаторыя жыхары нашага раёна памылкова лічаць, што небяспечна знаходзіцца п’яным за рулём толькі хуткіх іншамарак, а на цяжкія “дыназаўры” – сельскагаспадарчую тэхніку – гэтая забарона не распаўсюджваецца. Але закон датычыцца і іх.
Мусіць, упершыню аб гэтым даведаўся жыхар вуліцы Валадарскага 1981 года нараджэння, які працуе машыністам у Астравецкім лясгасе і якога ў стане алкагольнага ап’янення спынілі супрацоўнікі ДАІ на аўтадарозе Астравец-Малі за рулём трактара.
Цяпер парушальніка чакае немалы штраф.



Як сагрэцца?

Вясна, хай сабе яшчэ і вельмі ранняя, прыйшла і да нас. Але вячэрнія і начныя замаразкі не даюць расслабіцца, прымушаючы людзей грэцца рознымі даступнымі спосабамі. І некаторыя грамадзяне выбіраюць сугрэў саматужнымі напоямі.
12 сакавіка ў 16.00 у доме непрацуючага жыхара пасёлка Гудагай 1987 года нараджэння быў знойдзены і канфіскаваны 1 літр самагону. Як паведаміў гудагаец, самагон ён набыў у гэты дзень каля 13.00 у Ашмянах у невядомага мужчыны за 12 тысяч рублёў. У адносінах да хлопца складзены адміністрацыйны пратакол.
19 сакавіка ў 15.50 на вуліцы Савецкай у райцэнтры супрацоўнікамі міліцыі быў спынены непрацуючы жыхар вёскі Ліпнішкі 1987 года нараджэння, у якога знайшлі амаль 5 літраў саматужнай гарэлкі. Складзены адміністрацыйны пратакол.


Антон ЧЫК.