Вогненная помста

16:00 / 07.07.2010
11937
1

У чарговы раз напіўшыся “да чарцянят”, Вячаслаў вырашыў адпомсціць былой жонцы за ўсе крыўды. Спачатку спаліў яе хлеў з маёмасцю ў Астраўцы, але гэтага падалося мала. Ён пешшу дайшоў да вёскі Альгіняны і падпаліў бацькоўскі дом жанчыны. За гэтыя “подзвігі” ў выніку “загрымеў” за краты на чатыры гады.


Таццяна і Вячаслаў афіцыйна развяліся ў 1999 годзе. Прычына разладу ў сям’і была банальнай – мужчына бязбожна піў і пры гэтым нідзе не працаваў. Жанчыне ў выніку абрыдла цягнуць на сабе ўсю гаспадарку, выслухоўваць пастаянныя скандалы, ды яшчэ і ўтрымліваць мужа-алкаголіка. І яна вырашыла: лепш жыць адной, чым з такім мужам. Дарэчы, і памочнік ужо быў – падрастаў сын-падлетак.
Аднак пасля разводу нямногае змянілася ў жыцці жанчыны і яе сына. Вячаслаў быў прапісаны ў доме, і Таццяна выдзеліла яму пакой, дзе і знаходзіліся ўсе рэчы і маёмасць мужчыны. Такім чынам, Вячаслаў працягваў жыць з былой жонкай пад адным дахам. Дакладней, ён там адсыпаўся паміж папойкамі. Мужчына нідзе не працаваў, а спіртное, вядома, дармова ніхто не даваў. Але і тут ён знайшоў выйсце – часта выносіў з дому рэчы і мяняў на жаданую бутэлечку. Дадому нярэдка вяртаўся “на рагах”, скандаліў і абвінавачваў былую жонку ў тым, што яна адмаўлялася спансіраваць яго “галівуды”. Сярод іншых неаднойчы гучала і пагроза спаліць яе хату. Нярэдка мужчына пагражаў і фізічнай расправай, а часам нават спрабаваў ударыць. У жніўні 2009 года, калі жанчына спала, Вячаслаў пачаў душыць яе рукамі за горла. Тады Таццяна ледзь вырвалася. Праўда, у міліцыю жанчына звяртацца не стала. Прычыну сваіх дзеянняў мужчына растлумачыў тым, што яна схавала яго гарэлку. Але аналагічны выпадак паўтарыўся ў кастрычніку таго ж года. Таццяна цярпець ужо не стала і заявіла ў праваахоўныя органы. У судзе мужчыну назначылі пакаранне ў выглядзе 10 сутак арышту. Аднак усе спробы міліцыі прыструніць дэбашыра і вылечыць яго ад алкагалізму поспехам не завяршыліся. Вячаслаў адбываў пакаранне, вяртаўся дадому і працягваў бесталковае жыццё. У выніку Таццяна проста перастала пускаць яго на парог. Былы муж праз некаторы час змірыўся і пасяліўся ў родных у вёсцы. Да жонкі і сына наведваўся перыядычна, у асноўным, на начлег. Аднойчы адзін з такіх візітаў закончыўся пажарам…
У тую страшную ноч жанчына прачнулася ад стуку ў акно і адразу здагадалася, хто да яе ломіцца. Вячаслаў меў прывычны выгляд – быў пад моцным градусам і патрабаваў пусціць яго пераначаваць. Таццяна адмовілася і прапанавала яму ісці, адкуль прыйшоў і дзе напіўся. Маці таксама падтрымаў і сын, які выразна даў зразумець бацьку, што бачыць яго не жадае. У выніку ўваходныя дзверы зачыніліся перад носам алкаголіка.
Горкая крыўда, разбаўленая гарэлкай і танным “чарнілам”, патрабавала выйсця і помсты. Мужчына накіраваўся да хлява, дастаў запалкі – і ўжо праз некалькі хвілін па будынку гуляла полымя. Агонь імгненна зачапіўся за сухія дровы і драўляныя канструкцыі пабудовы. Праз некалькі хвілін ноч у двары дома Таццяны ператварылася ў ясны дзень.
Прачнулася жанчына ад патрэсквання, якое раздавалася за акном. Спачатку яна падумала, што гэта дзеці ўзрываюць петарды, але калі паглядзела ў акно, а пасля і выбегла на вуліцу, зразумела – пажар. Выратавальнікі і міліцыя прыехалі хутка. Трэба адзначыць, што ад электраправодкі хлеў загарэцца не мог, бо электрычнасць там была адключана яшчэ 6 гадоў назад. Дзякуючы аператыўнасці выратавальнікаў, пажар быў патушаны хутка і агонь не перакінуўся на іншыя будынкі.
Але гэта была толькі палова справы. Толькі полымя змянілася на попел і дым, а гаспадары крыху супакоіліся, як паступіла новае паведамленне. Каля 05.50 Таццяне на мабільнік патэлефанавала суседка з вёскі Альгіняны і сказала, што ўнутры дома, які застаўся Таццяне ў спадчыну ад бацькоў, бачны агонь. Апошнія сумненні ў тым, што пажары – помста былога мужа, канчаткова зніклі. І пакуль выратавальнікі змагаліся з агнём, за справу ўзяліся супрацоўнікі міліцыі. Агледзеўшы месца здарэння, яны ўстанавілі, што матэрыяльны ўрон жанчыне нанесены немалы. У першым выпадку знішчана частка хлява з курнікам і іншай маёмасцю на агульную суму амаль 2 мільёны рублёў. У другім выпадку ўрон склаў больш за 5,5 мільёна. Згарэлі прадметы інтэр’еру, рэчы, тэхніка. Але галоўнае было не ў гэтым. Агонь мог забраць жыццё людзей – не толькі Таццяны з сынам, але і іх суседзяў. Толькі дзякуючы шчаслівай выпадковасці і прафесіяналізму выратавальнікаў, усё абышлося.
Падпальшчык, якога ў той жа дзень затрымала міліцыя, адмаўляцца ад зробленага не стаў. Па яго словах, ён якраз ішоў у раённае аддзяленне міліцыі здавацца. Падпалы матываваў жаданнем адпомсціць былой жонцы. Тое, што пры гэтым маглі пацярпець іншыя людзі, ды і ён сам, яго наогул не хвалявала.
За наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам, судом Астравецкага раёна Вячаслаў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага ў адносінах да яго будуць дадаткова прыменены прымусовыя меры лячэння ад хранічнага алкагалізму.


С. ШАРШАНЕВІЧ.
А. МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна,
В. ШАФРАН, следчы пракуратуры.

Комментарии
0
Гость
Ужас! От чего люди так меняются? Что ими руководит в таких ситуациях?
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений