Кто украл деньги из ординаторской, а также велосипед, перфоратор и ездил подшофе за рулём в сводках милиции

08:41 / 21.06.2012
УКРАЛІ “КЁЛТ”

Аматары пакатацца на халяву не грэбуюць ніякім відам транспарту. Часам справа даходзіць нават да дзіцячых веласіпедаў.
Дзіцячы велік маркі “Кёлт” быў украдзены вечарам 3 чэрвеня з пад’езда дома па вуліцы Валадарскага. Па гэтай справе ўзбуджана крымінальная справа і вядзецца следства.



ЗАЙШОЎ “У ГОСЦІ”

Яшчэ адзін крадзеж быў здзейснены ў перыяд з 2 па 5 чэрвеня з незамкнёнай летняй кухні, якая знаходзіцца ў двары недабудаванага дома па вуліцы Кальцавой.
Невядомы злодзей, напэўна, вырашыў, што грэх не зайсці ў дзверы без замка, што і зрабіў. А выйшаў няпрошаны госць адтуль не з пустымі рукамі – законны гаспадар пасля выявіў, што прапаў перфаратара “Макіта” і вуглашліфмашынка “Верта”.



ДВОЙЧЫ Ў АДНУ РАКУ

Непрацуючы астраўчанін 1987 года нараджэння, раней судзімы за крадзеж, зноў паквапіўся на чужое, за што і паплаціўся.
Мужчына 14 чэрвеня сярод белага дня пранік у ардынатарскую кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы і ўкраў кашалёк, дзе знаходзіліся грошы і банкаўская картка ўрача. Аднак дзякуючы хуткім і аператыўным дзеянням праваахоўных органаў злодзей быў затрыманы.
Зараз аматару сцягнуць чужое прыйдзецца адказаць за здзейсненае – у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.



ЗНАЙШЛІ І ЗНІШЧЫЛІ

Новыя порцыі самаробнага спіртнога выявілі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
500 літраў брагі, самагонны апарат і 7 літраў самаробнай гарэлкі знаходзіліся ў адрыне на хутары Ізоры, якая належыць жыхару вёскі Падольцы 1956 года нараджэння. У выніку самагон быў канфіскаваны, а брага і апарат знішчаны. У адносінах гаспадара складзены адміністрацыйны пратакол.
А вось у лесе непадалёк ад вёскі Сарочча былі знойдзены “нічыйныя” самагонны апарат і 400 літраў брагі. Асоба ўладальніка ўстанаўліваецца. Апарат і брага знішчаны.



ВЫПІЎ – І ЗА РУЛЬ

Папоўніўся спіс грамадзян, якія селі за руль у нецвярозым стане.
Вечарам 14 чэрвеня на першым кіламетры аўтадарогі Барані – Будраны супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі затрымалі жыхара вёскі Вялікае Сяло, 1966 года нараджэння, які, падвыпіўшы, знаходзіўся за рулём аўтамабіля “Нісан-Альмера”.
У такім жа нецвярозым стане ехаў 17 чэрвеня па вёсцы Ізабеліна і астраўчанін 1989 года нараджэння. Аднак не застаўся незаўважаным і быў затрыманы.


Па матэрыялах органаў унутраных спраў падрыхтавала Марына БАРОК.