Па аператыўных зводках міліцыі: студэнтка ўкрала джынсы, вадзіцель не далічыўся грошай, брага і каноплі знішчаны

14:10 / 19.10.2011
А ДЗЕЦІ ГАЛОДНЫЯ…

Чарговыя неплацельшчыкі, якія шкадуюць сваім дзецям даць грошай на ежу і адзенне, з’явіліся ў раёне.
10 кастрычніка ў Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў узбуджаны крымінальныя справы за ўхіленне ад выплат сродкаў на ўтрыманне дзяцей супраць жанчын 1969 і 1988 года нараджэння з вёсак Падольцы і Падваранцы і аднаго мужчыны 1972 года нараджэння з раённага цэнтра.



ПАЕДЗЕМ НА ДАЧУ

Відаць, нейкі злодзей аказаўся вялікім эстэтам, бо ў вёсцы Субялі з прылягаючых да дачных домікаў тэрыторый ён украў не прадукты харчавання, а прадметы ўпрыгожвання.
У перыяд з 30 верасня па 3 кастрычніка ад дзеянняў злачынцы пацярпелі трое грамадзян, якія маюць дачныя домікі ў Субялях. У агульным невядомы “эстэт” прыхапіў з сабой 2 дэкаратыўныя выявы буслоў, 2 святлонакапляльныя ліхтары, 1 выяву гнома, 5 святлонакапляльных фігур і 1 дэкаратыўную выяву сабакі.
Міліцыяй па гэтай справе ўзбуджана крымінальная справа.



З КІМ П’Ю,  АД ТАГО І ЦЯРПЛЮ…

У народзе кажуць, што некаторыя жанчыны, як сарокі, - вельмі ахвочыя да ўсяго, што блішчыць. А іншыя разумеюць, што грошы – лепш...
Менавіта такой “сарокай” аказалася непрацуючая жыхарка Міхалішак 1986 года нараджэння. Пасля сумеснага распіцця спіртных напояў з аднавяскоўцам, вадзіцелем фірмы “NAY” 1979 года нараджэння, у ноч на 14 кастрычніка яна вырашыла зазірнуць да яго ў кішэню. А раніцай мужчына не далічыўся 500 еўра, 300 літаў і 500 расійскіх рублёў.



ВЫПІЦЬ І ПАКУРЫЦЬ…

Частыя рэйды і праверкі супрацоўнікаў міліцыі даюць свае станоўчыя вынікі ў барацьбе з самагонаварэннем і вырошчваннем забароненай “траўкі”. Але не-не, ды дзесьці на раёне з’яўляецца новая “кропка” ці “плантацыя”.
11 кастрычніка ў лесе каля вёскі Пятрашышкі супрацоўнікі міліцыі знайшлі самагонны апарат і 1100 літраў брагі.
А 13 кастрычніка каля 15.30 на закінутай смеццезвалцы непадалёк ад Альгінян на тэрыторыі, плошчай 0,0004 гектара, былі знойдзены дзікарастучыя каноплі агульнай вагой каля 400 кілаграмаў.
Брага і каноплі знішчаны.



ДЗВЕРЫ НЕ ЎТРЫМАЛІ…

У ноч на 16 кастрычніка ў вёсцы Супраненты ў дом да пенсіянера ўлез злодзей.
Каб ажыццявіць свой злачынны намер, невядомы вырваў прабой дзвярэй і ўлез у хату, адкуль і прыхапіў мабільны тэлефон “Алкатэль” і прадукты харчавання.
Міліцыяй па гэтай справе вядзецца следства.



НАВУЧЫЛАСЯ…

4 кастрычніка ўзбуджана крымінальная справа супраць студэнткі, жыхаркі вёскі Кавалі.
20 жніўня ў 14.10 дзяўчына зайшла ў магазін па вуліцы Карла Маркса, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, каб “падабраць” нешта для сябе. Спадабаліся дзяўчыне джынсы, але ці то грошай у яе не хапала, ці то іх не было ўвогуле, таму яна вырашыла ўкрасці джынсы.
Толькі супрацоўнікі міліцыі хутка знайшлі і прапажу і саму зладзейку.



ЭХ, РАЗ, ЯШЧЭ РАЗ…

Што цягне за руль выпіўшых людзей, адказаць складана. Але ні вялікія штрафы, ні пазбаўленне правоў не спыняе некаторых парушальнікаў – і яны зноў і зноў сядаюць за руль нападпітку.
5 кастрычніка каля 18.00 на 221 кіламетры аўтадарогі Полацк-Глыбокае-мяжа Літвы супрацоўнікі аўтаінспекцыі спынілі аўтамабіль УАЗ, за рулём якога знаходзіўся нецвярозы жыхар горада Гродна.
У гэты ж дзень у парадку паскоранай вытворчасці была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхара вёскі Малі, работніка Астравецкага лясгаса 1968 года нараджэння, які 26 верасня паўторна быў затрыманы на дарозе паблізу ад Астраўца пры кіраванні матаролерам у стане алкагольнага ап’янення.


Антон ЧЫК.