Па аператыўных зводках міліцыі: куды знікла лодка, заправіліся... ды не там, хто сцягнуў банкаўскую картку

08:13 / 06.10.2011
ПАД’ЕЛА ЗА ЧУЖУЮ КАРТКУ

22 верасня супраць жыхаркі райцэнтра 1980 года нараджэння была ўзбуджана крымінальная справа.
Гэта жанчына 20 верасня вырашыла “пагуляць” за кошт супрацоўніцы фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, а менавіта выкарыстала ў сваіх мэтах згубленую той картку, зняла чужыя грошы ў банкамаце і купіла на гэтыя грошы прадукты ў магазіне.



А ДВА КОЛЫ – ЛЕПШ

Восень у гэтым годзе выдалася даволі цёплая і многія жыхары не спяшаюцца перасесці з веласіпедаў у аўтамабілі. Злодзеі таксама не супраць здаровага ладу жыцця і эканоміі паліва – асабліва на дармаўшчынку.
З 12 па 15 верасня зладзюга залез у хлеў пенсіянера ў Варнянах і ўкраў адтуль дарожны веласіпед.
Міліцыяй вядзецца следства.
А 2 кастрычніка супраць непрацуючага мужчыны 1958 года нараджэння была ўзбуджана крымінальная справа за падобную “работу” – ён 30 верасня каля 15.00 паўторна здзейсніў крадзеж дарожнага веласіпеда жыхара Астраўца 1989 года нараджэння.



МЫ НА ЛОДАЧЦЫ КАТАЛІСЯ…

Лодка – рэч добрая і для многіх рыбакоў незаменная. Запатрабавана яна і ў некаторых злачынцаў Астравеччыны.
З 16 па 25 верасня з берага возера Губеза каля вёскі Вараб’і Астравецкага раёна пры невысветленных абставінах знікла пластыкавая лодка жыхара Мінска.
Хто вырашыў “сплыць” на ёй і куды – высвятляе міліцыя.



НЕ “ВЫГНАЎ”…

Не паспеў яшчэ ўзяцца за справу непрацуючы жыхар вёскі Гінкішкі 1975 года нараджэння, як да яго ўжо завіталі супрацоўнікі міліцыі.
22 верасня ў 18.10 участковым інспектарам Астравецкага РАУС у двары дома непрацуючага мужчыны быў знойдзены самагоны апарат і 500 літраў брагі. Мужчына атрымаў за сваю дзейнасць адміністрацыйны пратакол, а брага і апарат былі знішчаны.



НАБІТЫ ПАД ЗАВЯЗКУ

28 жніўня ў 12 гадзін каля вёскі Клюшчаны Астравецкага раёна супрацоўнікі аддзела бяспецы па эканамічных злачынствах сумесна з ваеннаслужачымі ваеннай часці 2044 спынілі аўтамабіль “Вольва V50”, за рулём якога знаходзіўся жыхар Астраўца 1971 года нараджэння.
Пры аглядзе машыны супрацоўнікамі дзяржаўных органаў былі знойдзены і канфіскаваны 2500 пачак цыгарэт “Мінск-кэпітал” і 6500 пачак “Мінск супер слім” агульным коштам 26 мільёнаў 175 тысяч рублёў з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь.



УРОК НЕ ЗАСВОЕНЫ

30 верасня Астравецкім РАУС узбуджана крымінальная справа ў адносінах да раней судзімага жыхара Астраўца 1980 года нараджэння.
Мужчына абвінавачваецца ў тым, што здзейсніў паўторны крадзеж, на гэты раз 760 тысяч рублёў, з сумачкі работніцы СВК імя Гашкевіча.



ЗАПРАВІЛІСЯ, ДЫ НЕ ТЫМ

Некаторыя аўтааматары нашага раёна ў хуткім часе пяройдуць у рады пешаходаў.
20 верасня ў 0.40 на вуліцы Валадарскага жэзл аўтаінспектара спыніў “палёт” п’янага непрацуючага жыхара Астраўца 1973 года нараджэння.
26 верасня ў 17.20 сваю вандроўку за рулём быў вымушаны прыпыніць нецвярозы жыхар вёскі Чэхі 1969 года нараджэння.
У гэты ж дзень у 19.30 быў спынены нецвярозым на матаролеры жыхар вёскі Малі 1988 года нараджэння.
А 23 верасня ў парадку паскоранай вытворчасці ўзбуджана крымінальная справа супраць жыхара вёскі Ізабеліна, які паўторна вырашыў пакатацца “пад шафэ” па сваёй вёсцы 10 верасня каля 22.00.


Антон ЧЫК.