Па чутках і аўтарытэтна: смерць міліцыянера

12:23 / 15.03.2010
У апошнія дні самай абмяркоўваемай падзеяй у Астраўцы і раёне стала трагічная, недарэчная смерць супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі. 4 сакавіка, у Дзень беларускай міліцыі, Валерыя Песляка на ўрачыстым сходзе адзначалі як аднаго з лепшых супрацоўнікаў, а назаўтра раніцай яго знайшлі мёртвым, з нажом у грудзях, ля гаражоў раённага аддзела ўнутраных спраў.
Чуткі з нагоды гэтай смерці ходзяць самыя розныя. І таму за кампетэнтнай інфармацыяй мы звярнуліся да пракурора раёна Аляксандра Іосіфавіча Марцінчыка.

— Аляксандр Іосіфавіч, што гаворыць следства? Якая прычына смерці Валерыя Песляка?
— Следства яшчэ не завершана, і канчатковыя вывады не зроблены. Але адна з асноўных прычын смерці міліцыянера — самазабойства, хоць на першым часе яна здавалася неверагоднай. Але ход следства пераконвае ў тым, што гэта менавіта так.
5 сакавіка Валерыя Песляка падвезла да аддзела ўнутраных спраў раніцай, у 7 гадзін, яго жонка. У той дзень ён павінен быў ехаць у рэйд на машыне аднаго з прадпрыемстваў. Праз пяць хвілін гэтая машына таксама пад’ехала да райаддзела. Вадзіцель яе не ведаў, з кім канкрэтна з супрацоўнікаў ён паедзе ў рэйд, і таму стаяў і чакаў. І пры тым бачыў, што каля гаражоў ходзіць нехта з міліцыянераў: прысядзе, нагнецца, зноў падымецца… Гэты міліцыянер знаходзіўся ў полі зроку вадзіцеля хвілін пятнаццаць. Калі ж знаёмы, які праязджаў каля гаражоў і таксама бачыў Песляка, падказаў вадзіцелю, што аўтаінспектар знаходзіцца каля машын, вадзіцель пайшоў да гаражоў і ўбачыў міліцыянера з нажом у грудзях. Слядоў знаходжання ў гэтым месцы каго-небудзь яшчэ следства не выявіла.
Ёсць яшчэ некалькі момантаў, якія сведчаць, што гэтая смерць – менавіта самазабойства. На целе загінуўшага было некалькі рэзаных ран: дзве ў вобласці шыі, у раёне соннай артэрыі, адна пранікаючая ў брушную поласць – закранута пячонка, і тая, што стала смяротнай – у сэрца. Усе яны зроблены самым вялікім нажом з кухоннага набору сям’і Песлякоў – менавіта ён тырчэў у грудзях міліцыянера і менавіта гэтага нажа пры аглядзе кватэры не аказалася ў наборы. Акрамя таго, адзенне на загінуўшым – світэр, кашуля, майка – было прыўзнята і не мела ніякіх пашкоджанняў. Усе гэтыя абставіны прымушаюць следства схіляцца да версіі, што гэтая смерць – самазабойства. Хоць прычыны такога ўчынку пакуль не высветлены.
— Аляксандр Іосіфавіч, ёсць яшчэ адна тэма, якая актыўна абмяркоўваецца ў раёне і якая таксама звязана з міліцыяй: арышт начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Анатоля Базюка. Як вы можаце пракаменціраваць гэты факт?
— Абласная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкулу 282 частка 4 Крымінальнага кодэкса “Незаконнае паляванне, якое пацягнула за сабой матэрыяльны ўрон у асабліва буйных памерах”. Прычынай стала незаконная здабыча трох дзікоў паляўнічымі Анатолем Базюком, Дзмітрыем Кулінай і Мікалаем Пруцікам. Анатолю Базюку і Мікалаю Пруціку прад’яўлены абвінавачванні і яны ўзяты пад варту. Следства па гэтай справе таксама праводзіць абласная пракуратура.

Гутарыла Ніна РЫБІК.