Волонтёры подвели итоги месячника Красного Креста
14:17 / 24.06.2018
Пра што нагадвалі і да чаго заклікалі юныя добраахвотнікі, расказала намеснік дырэктара Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, актывіст раённага валанцёрскага савета Святлана Куцько.
– Святлана, ваш валанцёрскі атрад «Крылы» працуе з моладдзю. Чаму?
– Па-першае, гэта спецыялізацыя цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а, па-другое, у нашым атрадзе ў асноўным маладыя людзі – дык каму ж, як не нам?!
– На што была скіравана ўвага вашых «анёлаў дабра»?
– На стварэнне пазітыўнага настрою ў пацыентаў дзіцячага аддзялення астравецкай бальніцы, дзіцячага сацыяльнага прытулку, выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання. Мы расказвалі дзецям пра такія сацыяльна небяспечныя з’явы, як алкагалізм, курэнне, наркаманія, інтэрнэт-залежнасць, праводзілі забаўляльна-навучальныя праграмы па правілах дарожнага руху, бяспечных паводзінах у інтэрнэце, папярэджанні траўматызму. Валанцёры арганізавалі дабрачынныя акцыі па збору сродкаў гігіены для дзяцей-інвалідаў, праводзілі творчыя конкурсы... Адным словам, месячнік быў вельмі насычаным.
– Канешне ж, не. Мы выступалі ініцыятарамі – а дапамагалі нам несці ідэі і веды «ў масы» супрацоўнікі РАНС, валанцёрскія атрады гарадскіх і Гудагайскай школ, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Астравецкае аддзяленне Чырвонага Крыжа выдзеліла падарункі для ўдзельнікаў мерапрыемстваў і пераможцаў конкурсаў.
Без падтрымкі ўсіх гэтых людзей немагчыма было б столькі зрабіць!
– Ці ўсё запланаванае ўдалося зрабіць?
– Усё – і нават больш! З дапамогай астраўчан мы сабралі сродкаў гігіены больш чым на 300 рублёў – і аказалі падтрымку 11 дзецям-інвалідам. Да нашай справы за час правядзення месячніка далучылася 18 новых добраахвотнікаў.
А галоўнае дасягненне, і не толькі месячніка, а нашай шматгадовай работы: людзі самі, без запрашэння валанцёраў, імкнуцца дапамагчы тым, каму цяжка.
– Што ж, няхай аднадумцаў у вашых добрых спраў становіцца ўсё больш! Дзякуй за гутарку – і за працу!
Рыта ДРЭМА.
Фота з архіва Астравецкага ЦТДіМ.