Знакомьтесь: тракторист-машинист СПК "Гервяты" Анджей Ясевич!

13:00 / 29.02.2016
гордость района ЯсевичЛюдзі вясковыя, якія ўсё жыццё працуюць на зямлі, вельмі адрозніваюцца ад гараджан не толькі манерай паводзінаў, ледзьве ўлоўнай сарамлівасцю, але і маўклівасцю. Часу на пустыя размовы ў аграрыяў няма, асабліва ў разгар сяўбы ці жніва. А журналісцкія словы “працуе ад світання і да змяркання”, якія, здаецца, набілі аскоміну сваёй шаблоннасцю, усё ж не страцілі праўдзівага сэнсу: людзі вясковыя працуюць на зямлі суткамі…
З такіх працаўнікоў – сумленных, для якіх асноўную ролю іграе канчатковы вынік, а не ўзнагароды – трактарыст-машыніст СВК “Гервяты” Анджэй Мар’янавіч Ясевіч, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

Галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа характарызуе Анджэя Мар’янавіча толькі з лепшага боку: добры працаўнік і чалавек, які гатовы дапамагчы ў любую хвіліну.
Штогод на сваім магутным сябры, трактары “Джон-Дзір”, Анджэй Мар’янавіч заворвае дзясяткі гектараў. Пазалетась араты на вясенне-восеньскіх палявых работах адзін заараў больш за 40 працэнтаў калгаснай раллі.
Вытокі любові Анджэя Мар’янавіча да зямлі і тэхнікі бяруць свой пачатак з дзяцінства. Ён нарадзіўся ў Вільнюсе, але праз некаторы час разам з бацькамі пераехаў на радзіму таты, у вёску Яцыны. Вось тут і праявілася цікавасць хлопчыка да тэхнікі. Ён захоплена паглядаў на трактарыстаў і ўпотайкі марыў стаць механізатарам – спраўна ўпраўляцца з тэхнікай, каб ужо на яго з агеньчыкамі ў вачах паглядалі вясковыя хлапчукі.
Пасля заканчэння 9 класа Чэхскай школы Анджэй паступіў у Камарова, дзе атрымаў спецыяльнасць “Трактарыст-машыніст”.
Дзіцячая мара стала рэчаіснасцю: з дыпломам у руках юнак прыйшоў працаваць у калгас. Але новаспечанага працаўніка чакалі не неабсяжныя калгасныя палі, а армія. На працягу двух гадоў Анджэй аддаваў доўг Радзіме ў Брэсце. Пасля дэмабілізацыі памужнелы і пасталелы юнак вярнуўся працаваць у родны калгас.
…Калі б хто-небудзь сказаў Анджэю, што на Новы год могуць здарацца цуды не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі, ён бы не паверыў. Але нездарма кажуць: ніколі не кажы ніколі. Якраз пад Новы 1998 год Анджэй пазнаёміўся са сваёй другой палавінкай, прыгажуняй Алесяй, якая праз некалькі гадоў пасля знаёмства згадзілася раздзяліць з Анджэем свой лёс.
Зараз у сям’і Ясевіч падрастае дачушка Іаланта, а ў доме, які некалі праўленне калгаса выдзеліла маладой сям’і, валадараць узаемаразуменне, павага і любоў.
Навука аратага вельмі простая: справу, якую робіш, трэба любіць, не скардзіцца на лёс – і працаваць.
– Хочацца, каб усё ў жыцці і надалей складвалася найлепшым чынам, – дзеліцца Анджэй Мар’янавіч, – каб цяжкая вясковая праца цанілася: мы ж прападаем у полі з раніцы і да позняга вечара… Ведаеце, ніколі ў жыцці нават думкі не ўзнікала змяніць месца працы ці сферу дзейнасці. Я не магу ўявіць свайго жыцця без ворыва, сяўбы, вернага сябра “Джон-Дзіра” і неабсяжных калгасных палёў…

----------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.