Павел Гвоздов: "Главное – технику любить надо"

11:00 / 29.10.2015
гордость района Гвоздев“Людзі ад зямлі” вылучаюцца асаблівай энергетыкай: яны працавітыя і, як кажуць на вёсцы, жылістыя – але нешматслоўныя; яны не чакаюць маны нябеснай – а, закасаўшы рукавы, усё робяць самі і спадзяюцца толькі на сябе; яны заўсёды адрозніваюць белае ад чорнага і патрабуюць таго ж ад іншых…
І да такіх людзей, якія любяць зямлю ў літаральным сэнсе гэтага слова, смела можна аднесці намесніка старшыні СВК “Гудагай” па механізацыі Паўла Парфёнавіча Гваздова, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару.

Павел Парфёнавіч, відаць, з тых людзей, якіх называюць “асамі”, прафесіяналамі, аксакаламі, каму якое слова лепш падабаецца. Аднак па прызнанні самога намесніка старшыні, яго дарога ў механізацыю была хутчэй выпадковай, чым заканамернай.
– Нарадзіўся я ў вёсцы Недрашля Міхалішкаўскага сельскага Савета. Бацькі былі звычайнымі людзьмі: тата Парфей Абрамавіч працаваў паляводам, а мама Марыя Яфімаўна пэўны час “прападала” на ферме, пасля – у Вераб’ях на цагляным заводзе, – успамінае Павел Парфёнавіч. – Як хлопчык, які рос і гадаваўся ў вёсачцы, што згубілася сярод лесу, мог “захварэць” на тэхніку, тым больш што ніхто са сваякоў не быў звязаны з механізацыяй? Зараз складана сказаць, што было першапачатковым: я выбіраў прафесію, ці яна – мяне.
Недрашлянская пачатковая школа, Завідзінецкая “васьмігодка”, Камароўскае СПТВ…
–Тры гады вучобы ў Камарове далі мне той багаж ведаў, які я ніколі за плячыма не насіў. Лічу, што сёння такі ўзровень ведаў, які мелі мы пасля заканчэнне гэтай навучальнай установы, зараз можа даць не кожнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, – разважае намеснік старшыні СВК “Гудагай” па механізацыі. – Узровень патрабаванняў да навучэнцаў быў значна вышэйшы, і спецыяльнасць механізатара сярод хлопцаў была вельмі папулярнай.
Да таго, як аддаць доўг Радзіме, Павел паспеў папрацаваць ў калгасе “Зара”, цэнтральная сядзіба якога месцілася ў Завідзінентах, пагэтаму маладога і працавітага хлопца пасля войска тагачасны старшыня Яўген Якаўлевіч Кухарчык адразу ўзяў да сябе.
Спачатку механізатару даверылі трактар Т-74, пасля МТЗ-52… А хлопец стараўся: заворваў, культываваў, сеяў – літаральна суткамі прападаў ў полі. Нездарма старэйшыя людзі кажуць, што каханне не трэба шукаць, яно само чалавека знойдзе. Так сталася і з Гваздовым.
У калгас прыслалі новага агранома – ды не каго-небудзь! – а прыгожую і статную дзяўчыну Людмілу. Страла амура цэліла трапна ў сэрца хлопца з першай спробы.
– Як толькі ўбачыў Люду, адразу для сябе рашыў: трэба жаніцца! Хутка шлюбам і пабраліся, – успамінае Павел Парфёнавіч. – Дзякаваць Богу, і цяпер жывём разам у згодзе і разуменні. Нарадзілі і выгадвалі двух сыноў Аляксандра і Андрэя, дачакаліся ўнукаў Паўліка, Паліну, Лёшу… Бацькам больш нічога не трэба, калі ў дзяцей ўсё добра.
Аднак да таго часу, калі Павел Парфёнавіч стане “галоўным” механізатарам СВК “Гудагай”, яму давядзецца паспрабаваць сябе ў розных галінах сельскай гаспадаркі.
– Калгас ”Зара” ўзначаліў Яўстафій Віктаравіч Шах. Ён прапанаваў мне стаць загадчыкам майстэрняў у Завідзінентах. Я пагадзіўся. А штолета яшчэ сядаў у кабіну камбайна: кожны з нас, механізатараў, добра ведаў, што такое бітва за ўраджай, – расказвае Павел Парфёнавіч. – Акрамя гэтага, завочна скончыў Навагрудскі тэхнікум: механізатарскіх ведаў хапала, а вось агранамічных – не.
Пасля сям’я Гваздовых пераехала ў Варняны ў тыпавое жыллё, пабудаванае ў вядомай сярод мясцовых жыхароў “хіміі”. Старшыня гаспадаркі Уладзіслаў Эдвардавіч Рук ведаў, што Гваздоў з “цягавітых” – значыць, пацягне і свінагадоўчы комплекс.
– Вагаўся пэўны час: згаджацца ці не? – прызнаецца Павел Парфёнавіч. – Цяжка далося рашэнне, усё ж такі жывёлагадоўля – гэта не аграномія і механізацыя, тут свае асаблівасці і нюансы. Аднак пры дапамозе старшыні – Уладзіслаў Эдвардавіч меў заатэхнічную адукацыю – усё атрымалася: пабудавалі новую лінію па вытворчасці камбікорму, свінні пачалі даваць прывагі – а ў гаспадарцы з’явіліся грошы.
Неаднойчы варнянскі свінакомплекс па квартальных вытворчых паказчыках займаў лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў абласным табелі рангу, але і рэспубліканскім.
Пазней Гваздовы змянілі месца працы – але не жыхарства. Павел Парфёнавіч у якасці намесніка старшыні па механізацыі прыйшоў працаваць у СВК “Гудагай”, дзе і па сённяшні дзень шчыруе на гэтай пасадзе. Ён прывык да таго, што, здараецца, трэба адначасова трапіць у некалькі месцаў: на рамонтны завод, у поле, у майстэрні, да пастаўшчыкоў запчастак…
– Калгасы перажылі розныя часы. Магу адназначна сказаць толькі адно: зараз лягчэй працаваць, чым раней, і той чалавек, які не будзе сядзець, склаўшы рукі, заўсёды заробіць: пад ляжачы камень вада не цячэ, – гаворыць начальнік механізацыі. – Да нас прыходзіць працаваць розная моладзь. З тых, хто меў добры задзел, каму любоў да тэхнікі была прывіта з дзяцінства, як правіла, атрымліваюцца добрыя механізатары. Балазе, у СВК “Гудагай” тэхнікі зараз хапае, і ўмовы працы палепшалі ў параўнанні з былымі часамі. Толькі працуй! Галоўнае – тэхніку любіць трэба, тады яна апраўдае ўсе чаканні і ніколі не падвядзе ў полі.

---------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.