Известный белорусский поэт Николай Мятлицкий накануне Дня белорусской письменности дал интервью "Астравецкай праўдзе"

10:00 / 06.09.2015
мятлицкиМікола Мятліцкі – вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Хоць родам Мікалай Міхайлавіч з Гомельшчыны, Астравеччына для яго, па ўласным прызнанні, – другая радзіма. Ён з’яўляецца актыўным чытачом “Астравецкай праўды”, неаднаразова ладзіў сустрэчы з вучнямі школ раёна і мясцовымі паэтамі, апошняя з якіх адбылася напрыканцы ліпеня ў Варнянах.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы папрасілі Міколу Мятліцкага даць эксклюзіўнае інтэрв’ю нашай газеце.

– Мікалай Міхайлавіч, што для вас Астравеччына?
– З Астравеччынай мяне звязаў, можна сказаць, сам лёс.
Першае маё знаёмства з гэтым краем адбылося сорак гадоў назад. Тады я, на той час – студэнт чацвёртага курса філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, што называецца, “паклаў вока” на сваю аднакурсніцу, сімпатычную, мілую, разумную дзяўчыну Ірэну Бутовіч. Паміж намі ўзніклі рамантычныя пачуцці, і з’явілася жаданне пабачыць мясціны, дзе вырасла прэтэндэнтка на ролю другой палавінкі майго сэрца і майго жыцця.
Астравеччына зачаравала сваёй прыгажосцю. І яшчэ больш пераканала ў тым, што выбар мой – правільны: такая прыродная чысціня, глыбіня і краса проста не можа ўзгадаваць дрэннага чалавека.
Так сорак гадоў назад Астра-вецкі край стаў маёй другой радзімай, з якой я моцна знітаваны не толькі цеснай повяззю сямейных стасункаў, але і творча. Тут, у Перавозніках, на правым беразе хуткаплыннай Віліі, у старой цешчынай хаце, зараз ужо адзінай ацалелай з колішняй вёскі, былі напісаны многія мае творы, а кнігі “На беразе маім” і “Жыцця глыбінныя віры” – у большай сваёй частцы. Тут неаднаразова бывалі, знаходзілі адпачынак і творчае натхненне мае сябры-літаратары – незабыўныя Максім Лужанін, Анатоль Вялюгін, мае маладзейшыя калегі па літаратурнаму цэху – Казімір Камейша, Уладзімір Саламаха, Вадзім Спрынчан, Віктар Шніп, Леанід Галубовіч, светлай памяці Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Марук, Ала Канапелька. Многія з іх ладзілі творчыя сустрэчы з вучнямі Быстрыцкай і іншых школ раёна…
А пасля таго, як у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у зоне адчуджэння, за калючым дротам, апынулася мая родная вёска Бабчын, прысыпаная радыяцыйным попелам, астравецкія мясціны набылі для мяне асаблівае значэнне. Яны сталі маёй другой радзімай, дзе можна надыхацца паветрам роднай зямлі, наслухацца шэпту рачной хвалі, адчуць радасць ад таго, што знайшоў крамянага баравіка ці таўстаногага чырвонагаловіка, – якое гэта шчасце, могуць зразумець толькі тыя, хто аднойчы яго страціў…
І цяпер я тут, у Перавозніках, у сваім творчым эдэме, працягваю пісаць вершы, прысвечаныя ў тым ліку і Астравеччыне, яе гісторыі і сучаснасці.
– Зараз вы знаходзіцеся на так званым “заслужаным адпачынку”. Але ці ёсць у пісьменніка адпачынак – час, калі ён не працуе?
– Адпачынак для пісьменніка – гэта яго творчасць, час, калі яму “пішацца”, калі ён выношвае нешта запаветнае, што потым выльецца ў вершаваныя ці празаічныя радкі.
Канешне, зараз, калі я пакінуў крэсла галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, які, лічу, з’яўляецца флагманам нашай айчыннай літаратуры, я магу больш часу аддаваць асабістай творчасці. Удалося завяршыць новую кніжку, якую восенню я прапаную выдавецтву “Мастацкая літаратура”. Некаторыя вершы з гэтай кнігі, думаю, з цікавасцю прачытаюць і астраўчане, бо яны напісаны на творчым матэрыяле, звязаным з гісторыяй гэтага краю.
– Мікалай Міхайлавіч, зараз шмат размоў пра стан сучаснай беларускай літаратуры, выказваюцца нават думкі аб тым, што яна ўвогуле “канула ў лету”. Што вы скажаце з гэтай нагоды?
– Беларуская літаратура заў-сёды вылучалася сярод іншых сваім высокім гуманізмам. Я б сказаў, што яна – літаратура высокай мастацкай праўды. Спаслацца можна і на кнігі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, і на пасляваенную спелую мастацкую прозу, і на творы, прысвечаныя Чарнобылю, – такіх твораў шмат. З апошніх можна прыгадаць хоць бы раман “Ліхалецце” Уладзіміра Гніламёдава, які ў свой час друкаваў часопіс “Полымя”.
Самым вялікім паэтам Еўропы другой паловы дваццатага стагоддзя, творчасць якога пакуль не атрымала вартай ацэнкі, я лічу нашага славутага земляка Максіма Танка – на жаль, ён яшчэ не прачытаны сучаснікамі ў поўным аб’ёме і не ацэнены ва ўсёй сваёй значнасці. Думаю, гэтае адкрыццё яшчэ наперадзе – і не толькі ў беларусаў, але і ва ўсяго свету.
Сённяшняя маладая беларуская літаратура наследуе традыцыі нашай класікі – Купалы, Коласа, іншых таленавітых папярэднікаў. Радуе, што маладыя літаратары не спакусілася таннымі ўмоўнымі каштоўнасцямі, а працягваюць традыцыі гуманістычнай, рэалістычнай літаратуры. Беларускае мастацкае слова, на шчасце, яшчэ не страціла свой колер, водар, смак – а ў многіх літаратурах свету гэтага ўжо не знойдзеш. Гавару аб гэтым з упэўненасцю, таму што шмат перакладаю. Але такой асалоды, як ад беларускага таленавітага верша ці апавядання, не магу атрымаць! У нашай літаратуры – і ў паэзіі, і ў прозе – ёсць таленты, якія здольны праславіць нашу краіну ва ўсім свеце, і на іх – наша асноўная надзея.
А першапрычына гэтага ў тым, што Беларусь – суверэнная краіна са сваёй цікавай і багатай гісторыяй, якая мае свой духоўны пасыл у свеце. У такой краіны проста не можа не быць высокадухоўнай і высокамастацкай літаратуры.
– Краіна знаходзіцца на парозе Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе на Гродзеншчыне, у горадзе Шчучыне, на радзіме Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Ведаю, што вам даводзілася прымаць удзел у многіх падобных святах. Якія з іх найбольш запомніліся і чым?
– Я лічу, што Дзень беларукага пісьменства і друку – адно з самых важных і адметных свят нашай краіны. Для пісьменнікаў гэта, апроч іншага, – своеасаблівыя творчыя агледзіны штогодніх набыткаў.
Свята вандруе па многіх гістарычна значных гарадах і мястэчках нашай Беларусі – падчас падрыхтоўкі да яго райцэнтры прыгажэюць, і людзі, што тут жывуць, таксама духоўна харашэюць. Пісьменнікі прыязджаюць сюды на сваю творчую справаздачу, таму ўдзел у гэтых мерапрыемствах заўсёды хвалюючы.
Найбольш блізкім майму сэрцу быў, вядома ж, Дзень беларускага пісьменства і друку, які праходзіў у 2010 годзе ў Хойніках, на радзіме нашага славутага земляка Івана Паўлавіча Мележа – і на маёй і тваёй, Ніна, радзіме. Гэтае свята дало магчымасць убачыць наша роднае Палессе ў сваёй дужай красе – край, які выстаяў на ўзмежку страшнай чарнобыльскай навалы. Людзі, якія і ў гэтай бядзе не растрацілі свае лепшыя якасці і пачуцці, заслугоўваюць павагі і ўвагі – і гэтае свята стала для іх цудоўным падарункам.
Адметным для мяне стаў і Дзень беларускага пісьменства і друку, які праходзіў у 2009 годзе ў Смаргоні – перш за ўсё тым, што ён быў асветлены неўміручымі радкамі і жыццём, аддадзеным Беларусі, аднаго з пачынальнікаў нашай нацыянальнай літаратуры Францішка Багушэвіча. Не забыць той вераснёўскі надвячорак, калі я разам з супрацоўнікамі Астравецкай і Ашмянскай раённых газет стаяў на яго магіле, схіліўшы галаву ў пашане і малітве. Упэўнены, што яго святыя словы “Не пакідайце ж мовы нашай беларукай, каб не ўмёрлі…” не забудзе ніводзін шчыры патрыёт сваёй Радзімы.
Памятным было свята ў Быхаве, дзе мне давялося выступаць з галоўнай трыбуны. Запомнілася святкаванне Дня пісьменства ў Заслаўі – у нашай гістарычнай калысцы, дзе сама вечнасць знітавана з постаццю легендарнай Рагнеды.
І сёлетняе свята, прысвечанае патрыётцы сваёй Айчыны, незабыўнай Алаізе Пашкевіч, нашай усеагульнай Цётцы, упэўнены, пройдзе на тым жа высокім узроўні. Думаю, будзе пра што пагаварыць і нашым майстрам слова, і запрошаным гасцям.
Дарэчы, мяне цешыць, што на Дзень беларускага пісьменства прыязджае шмат замежных літаратараў, якія імкнуцца зведаць Беларусь шырэй геаграфічна і глыбей гістарычна. Многія з іх затым прысвячаюць нашай Радзіме свае творы – некаторыя з іх мне давялося перакладаць на беларускую мову, і радуе тая захопленасць, з якой паэты і празаікі блізкага і далёкага замежжа адкрываюць для сябе нашу краіну.

Пяць на пяць
– Назавіце пяць лёсавызначальных, на вашу думку, падзей у жыцці Беларусі.
– Першае і галоўнае – гэта набыццё Беларуссю незалежнасці – для кожнага беларуса гэта мае самае галоўнае значэнне.
Другая падзея звязана з першай: у адзін і той жа дзень мы адзначаем Дзень Незалежнасці і Дзень вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі ўсведамляеш, што яшчэ 70 гадоў назад Беларусь ляжала ў руінах, што за гэты невялікі прамежак часу яна паўстала з папялішчаў, і бачыш, якой стала краіна за мінулыя 70 гадоў, то нельга не ганарыцца сваёй Радзімай і сваім народам.
Калі глядзець глыбей у гісторыю, то такой лёсавызначальнай падзеяй можа назваць уваходжанне беларускіх земляў у Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае – менавіта так яно называлася ў тыя часы, і менавіта беларуская мова была дзяржаўнай у гэтай вялікай краіне. А гэта з’яўляецца своеасаблівай гарантыяй, што родная мова будзе развівацца і надалей.
А яшчэ хочацца ўзгадаць, што амаль 500 гадоў назад была надрукавана першая кніжка на беларускай мове – у 2017 годзе бы будзем адзначаць гэтую слаўную дату. У пэўным сэнсе ўсе мы – дзеці Скарыны, бо з яго першадрукамі звязана наша пісьменнасць.
– Якія пяць падзей сталі вызначальнымі ў вашым лёсе?
– Найперш, мусіць, тое, што я, хлапчук з палескай вёскі, стаў студэнтам прэстыжнага на той час філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які заканчвалі многія нашы вядомыя пісьменнікі. Гэта дало магчымасць адразу ж далучыцца да вялікай літаратуры.
Другой такой падзеяй лічу тое, што пасля заканчэння ўніверсітэта мяне запрасілі на працу ў штотыднёвік “Літаратура і мастацтва” – і адразу давялося сур’ёзна заняцца літаратурай.
Прызначэнне на пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” – гэта было і нечакана, і пачэсна, і адказна. Не ў самы лепшы час я прыняў галоўны літаратурны часопіс краіны, але я ўдзячны гэтаму часу і гэтай падзеі: трынаццаць гадоў працы галоўным рэдактарам “Полымя” шмат чаго далі мне як літаратару і чалавеку.
Прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы – таксама значная падзея ў маім жыцці. Хоць паэт піша не дзеля прэмій, а таму што патрабуе душа. Але так здарылася, што мая лёсавая кніга “Бабчын. Кніга Жыцця.”, якая выклікала вялікі рэзананс, была адзначана Дзяржаўнай прэміяй – і такая адзнака гэтай працы для мяне мела вялікае значэнне.
І яшчэ адна з асноўных падзей – выхад у свет кнігі “Пад крыламі дракона. Сто паэтаў Кітая”, перакладчыкам і ўкладальнікам якой я з’яўляўся і за якую быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Праца над гэтай кнігай дазволіла бліжэй пазнаёміцца з паэзіяй Кітая, якая налічвае больш як 25 стагоддзяў: яна вельмі рэалістычная, простая – і геніяльная ў сваёй прастаце. Калі чытаеш, што тысячагоддзі назад людзей хвалявала, па вялікаму рахунку, тое ж, што і сёння: расінка на кветцы лотаса, клопат пра дзяцей, пра хлеб надзённы, пра абарону свайго жытла, – то разумееш, што паэзія – гэта вечнасць.
– Якія людзі аказалі найбольшы ўплыў на ваша жыццё?
– Найперш я б назваў Анатоля Вялюгіна, якога лічу сваім літаратурным настаўнікам.
Да такіх людзей адносіцца і мой незабыўны прафесар Алег Антонавіч Лойка, які кіраваў нашым творчым аб’яднаннем “Узлёт”.
Барыс Іванавіч Сачанка, якому я абавязаны адкрыццём для сябе асобы свайго бабчынскага земляка Часлава Пяткевіча.
І, вядома ж, Іван Пятровіч Шамякін, з якім мне выпала шчасце сябраваць больш за дваццаць гадоў.
А яшчэ – незабыўны Максім Лужанін, з якім мы многа вандравалі пра Беларусі і які дазволіў мне адчуць жывое дыханне гісторыі нашай літаратуры.
– Якія пяць кніг, па вашаму меркаванню, павінен прачытаць кожны беларус?
– Найперш, вядома ж, гэта творы Янкі Купалы – паэма “Курган,” і іншыя паэмы, вершы, драматычныя творы.
Безумоўна ж, у гэтым спісе павінна быць “Новая зямля” Якуба Коласа – гэты твор нездарма называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця.
Яшчэ, лічу, кожны беларус павінен прачытаць “Трывожнае шчасце” Івана Шамякіна, “Людзі на балоце” Івана Мележа, “Знак бяды” Васіля Быкава.
– Якія пяць маладых пісьменнікаў, на вашу думку, падаюць асаблівыя надзеі?
– У прозе я не настолькі кампетэнтны, таму скажу пра паэтаў – гэта мне бліжэй. З маладых найбольш перспектыўнымі мне ўяўляюцца Рагнед Малахоўскі, Алесь Бараноўскі, Мікола Галавач, Янка Лайкоў, Павел Барахвостаў.

---------------------------------
Гутарыла Ніна РЫБІК.