Кто помогает бездомным животным?

15:00 / 19.10.2014
7
Журналісты “Астравецкай праўды” не раз падымалі на старонках газеты праблему бадзяжных жывёл. Такія артыкулы заўсёды выклікалі неадназначныя меркаванні ў нашых чытачоў і наведвальнікаў сайта. Адны сцвярджалі, што бадзяжнымі жывёламі павінны займацца выключна камунальшчыкі, другія адстойвалі права на жыццё братоў нашых меншых.

Аднак ёсць і трэцяя катэгорыя людзей – валанцёры, якія дапамагаюць бяздомным жывёлам. Даведацца аб тым, чым займаюцца гэтыя людзі, высветліць акалічнасці іх дзейнасці, а таксама ўнікнуць у тонкасці праблемы бяздомных жывёл паспрабуем разам з ураджэнкай вёскі Варняны, валанцёрам грамадскага аб’яднання аховы жывёл “Эгіда”, якое дзейнічае ў Мінску, Валерыяй Апановіч.


Хатні заапарк


– Жывёлы ў нашым доме былі заўсёды. Дзесьці ў чацвёртым класе знаёмыя падарылі мне пару хамякоў. Праз некаторы час іх стала дзясятак: у навасёлаў нарадзіліся дзеткі. Падрослыя камячкі я насіла ў школу і раздавала аднакласнікам і знаёмым, – успамінае з усмешкай Лера. – Увогуле, каго ў мяне толькі ні было! Дэкаратыўныя кролікі, марскія свінкі, рыбкі, папугаі – і гэта без уліку катоў і сабак. Зараз тут, у Варнянах, у нас тры сабакі, два кролікі і тры хамякі – аб іх клапоціцца мама. У Віцебску, дзе я вучуся, – два кролікі і тры хамякі. Некалькі месяцаў назад іх было значна больш.

Пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы дзяўчына паступіла… Як вы думаеце, куды? Вы правільна здагадаліся: Лера спыніла свой выбар на ветэрынарнай акадэміі, таму што з самага дзяцінства марыла дапамагаць жывёлам. Пагэтаму заканамерна, што разам са сваёй гаспадыняй у горад пераехалі і некаторыя любімыя гадаванцы.



Валанцёрства праз пошук


У валанцёры Леру прывялі пошукі. Гадаванец дзяўчыны трапіў пад машыну, таму яна шукала сабе новага чатырохлапага сябра з дапамогай усюдыіснага інтэрнэту. У сацыяльных сетках Валерыя пазнаёміліся з адміністратарам партала грамадскага аб’яднання абароны жывёл “Эгіда”. Дзяўчына зарэгістравалася на сайце – гэта і стала кропкай адліку валанцёрскай дзейнасці Валерыі.

– У Астраўцы і ў раёне не так шмат бадзяжных жывёл, як у буйных гарадах, дзе сабак і катоў проста выкідваюць на вуліцу, – у нашых вёсках яшчэ жывуць па дзедаўскіх прынцыпах. У горадзе бяздомныя жывёлы ў пошуках прытулку забіваюцца ў падвалы і калектары, дзе затым выводзяць патомства – дзікае і агрэсіўнае. Мая знаёмая Кацярына, валанцёр дзяржаўнага прытулку для жывёл у Віцебску, займаецца адловам дзікіх катоў, а затым прывозіць мне, каб я іх прыручыла. Некаму ж і гэтым трэба займацца?! Спачатку, канешне, складана, таму што жывёла дзікая. Але ўжо дзесьці праз тыдзень кот не хаваецца па кутах, пачынае спакойна падыходзіць да міскі з ежай і ведае, дзе знаходзіцца яго туалет. Значыць, для яго можна шукаць гаспадара. Я знайшла сем’і для двух дарослых кошак, трох кацянят і аднаго шчанюка.

Пошукам патэнцыйных гаспадароў або людзей, якія могуць на пэўны тэрмін узяць да сябе сабаку ці ката, займаецца куратар. Колькасць падапечных, якімі ён апякуецца, неабмежаваная. Па словах Валерыі, у Віцебску шмат сайтаў, на якіх валанцёры і куратары размяшчаюць аб’явы. У папулярных сацыяльных сетках створаны групы, у якіх па фотаздымку кожны жадаючы можа выбраць сабе чатырохлапага сябра.


Валанцёры і іх падапечныя


Па словах Валерыі, ёсць дзве катэгорыі бяздомных жывёл: тыя, ад каго адмовіліся гаспадары, і дзікія, вулічныя. Па назіраннях дзяўчыны, беспрызорных катоў заўсёды значна больш, чым сабак. Жывёлу, якая трапляе ў прытулак, аглядае ветурач. Ёй робяць патрэбныя прышчэпкі і стэрэлізуюць. Большасць вулічных катоў і сабак маюць захворванні.

Цікаўлюся ў сваёй субяседніцы: ці сустракала яна дрэнных жывёл?

– Такія, вядома, бываюць. Аднак я б не назвала іх дрэннымі – гэта хутчэй праяўленне характару. Пародзістыя каты, напрыклад, спецыяльна могуць шкодзіць. Увогуле каты вельмі адрозніваюцца ад сабак, і мне больш падабаецца працаваць з апошнімі. Ад сабак і ведаеш, чаго чакаць, а каты заўсёды непрадказальныя. Ведаю з уласнага досведу, што дварнякі самыя добрыя, яны вельмі адчуваюць людзей. Дрэннага чалавека або таго, які ненавідзець жывёл, сабака адразу распазнае, – гаворыць дзяўчына. – Увогуле каты і сабакі трапляюць на вуліцу з-за людской безадказнасці. Некаму шкада грошай на стэрылізацыю, іншаму надакучыла “жывая цацка”. Людзі павінны разумець, што жывёла існуе не для іх задавальнення, – мы ў адказе за іх. Нездарма катоў і сабак называюць братамі нашымі меншымі.

На дапамогу вулічным жывёлам прыходзяць валанцёры. Як ні дзіўна, сярод іх у Беларусі шмат замежных грамадзян, якія не толькі дапамагаюць у прытулках, але і аказваюць спонсарскую дапамогу.

– Нядаўна для аднаго сабакі з паралізаванымі лапамі мы ўсе разам збіралі грошы на спецыяльную каляску. Валанцёры імкнуцца захаваць жыццё кожнай жывёліне. Вядома, на гэта патрэбны сродкі, – расказвае Лера. – Чамусьці запомніўся выпадак, калі жанчына з ЗША хацела забраць маленькага сабачку з прытулку. Яна аплаціла ўсе неабходныя працэдуры, аднак да дня вылету патрэбная ветэрынарная даведка не была гатова, і жанчына паляцела адна. Аднак у гэтага сабачкі ўсё ж з’явілася гаспадыня.

– Што аб’ядноўвае валанцёраў, якія дапамагаюць жывёлам?

– Як сказала адна жанчына: “Чалавек ці сныціцца ля бяздомнага сабакі, ці пройдзе міма”. Кожны, хто дапамагае такім жывёлам, некалі спыняўся. Мной рухае не шкадаванне бяздомных жывёл, а жаданне дапамагчы ім. Я хачу, каб яны ўсе былі тоўстыя, пухнатыя і прыгожыя (усміхаецца). Многія знаёмыя адгаворваюць мяне ад такой дзейнасці, кажуць, што ўсім не дапаможаш. Аднак я магу выратаваць аднаго-двух-дзясятак жывёл, і гэта ўжо больш, чым нічога. Для дапамогі бяздомным жывёлам трэба аб’ядноўвацца, праводзіць дабрачынныя акцыі і папулярызаваць валанцёрства.


Ператрымка як падтрымка


Ад людзей, якія дапамагаюць жывёлам, часта можна пачуць слова “ператрымка” – гэта калі чалавек бярэ да сябе на пэўны тэрмін ката або сабаку. Аказваецца, такое часовае ўладкаванне братоў нашых меншых – вельмі эфектыўная дапамога “мяўкаючым” і “гаўкаючым”, асабліва ў горадзе.

– У людзей здараюцца жыццёвыя сітуацыі, калі яны не могуць нейкі час даглядаць свайго хатняга гадаванца. Альтэрнатывай прытулку ў такіх сітуацыях становіцца ператрымка. Яна, дарэчы, можа быць і платнай, аднак у большасці выпадкаў гэта добраахвотная з’ява. З гаспадаром жывёлы трэба абмеркаваць тэрмін, на працягу якога ў вас будзе знаходзіцца кот або сабака. Корм або грошы на яго дае гаспадар жывёлы. У тым выпадку, калі бярэш жывёлу з прытулку, усе нюансы абмяркоўваеш з куратарам ката або сабакі, – расказвае дзяўчына. – У Віцебску я пастаянна бяру на ператрымку катоў, таму што жыву на здымнай кватэры. У Варнянах у нас на ператрымцы зараз знаходзяцца два сабакі. Узяць да сябе на пэўны час жывёліну можа кожны чалавек, а не толькі жыхары гарадоў, у якіх дзейнічаюць такія грамадскія аб’яднанні па ахове жывёл, як “Заашанс” і “Эгіда”.

Для таго, каб узяць на ператрымку жывёлу, аднаго толькі жадання недастаткова. Па-першае, у чалавека павінна быць дастатковая жыллёвая плошча. Па-другое, трэба быць падрыхтаваным да таго, што раз у месяц да вас будуць прыходзіць людзі і правяраць умовы ўтрымання жывёлы.

– Гэта не перастрахоўка: маўляў, дзякуй Богу, што ўвогуле нехта ўзяў да сябе ката ці сабаку. У жыцці здараецца ўсякае. Ведаю выпадак, калі на ператрымцы сабаку білі, пагэтаму валанцёры адразу, калі гэта раскрылася, забралі яго. Не разумею: навошта браць сабаку на ператрымку для таго, каб здзеквацца з яго? – абураецца Валерыя. – Сабаку Мюслі я забрала з “усыпляльніцы”, што знаходзіцца на вуліцы Гурскага ў Мінску. Звычайна туды трапляюць усе адлоўленыя жывёлы. Шчанюкам знаходзяць гаспадароў дастаткова хутка, а вось уладкаваць дарослых жывёл складана. Нават здаровыя сабакі, калі ім не знайсці гаспадара на працягу некалькі дзён, могуць падхапіць інфекцыю.


Адзін на вуліцы не выратавальнік


Як прызнаецца Валерыя, сябры неадназначна адносяцца да яе валанцёрскай дзейнасці. Некаторыя не разумеюць, чаму прыгожая дзяўчына не ходзіць па клубах і дыскатэках, а траціць свой вольны час, выгульваючы чужых сабак і дапамагаючы ў прытулку для жывёл. Іншыя (іх, на жаль, меншасць), наадварот, ухваляюць Лерыну любоў да жывёл, але самі пакуль не імкнуцца папоўніць шэраг валанцёраў. Затое бацькі заўсёды падтрымлівалі дачку ва ўсіх яе пачынаннях.

Да нашай размовы далучаецца мама Валерыі Людміла Міхайлаўна:

– Любоў да жывёл у Леры праявілася ў дзяцінстве. Яшчэ ў пачатковай школе яна цягнула дадому з вуліцы скалечаных бяздомных катоў і сабак, мыла іх і карміла. На час вучобы ў пачатковых классах прыпаў “пік хамякоў” – іх колькасць даходзіла да некалькіх дзясяткаў. Я была ўпэўнена, што гэта скончыцца з Лерыным паступленнем. Аднак яе жаданне дапамагаць бяздомным жывёлам узмацнілася і трансфармавалася ў валанцёрства. Цяпер я разумею, што чалавек або любіць братоў нашых меншых, або не. Лера – з першай катэгорыі. Апекавацца слабымі і бездапаможнымі жывёламі – стыль яе жыцця, у яе характары, напэўна, прыродай закладзена чуллівасць. Я таксама “захварэла” захапленнем дачкі: з задавальненнем даглядаю сабак, якіх яна прывозіць на ператрымку. Пасля работы надоўга не магу нідзе затрымацца: ведаю, што мяне чакаюць Найда і Мюслі, якіх трэба пакарміць і прылашчыць. Вядома, хатнія гадаванцы патрабуюць часу, грашовых укладанняў, але любоў і адданасць, якія яны дораць свайму гаспадару, вартыя таго. Часам я бываю стомленай і без настрою, пагэтаму рэдкія сваркі з нашымі гадаванцамі ўсё ж здараюцца (усміхаецца). Мюслі ў нас – падлетак, яна патрабуе асаблівага падыходу, а Найда – больш спакойны сабака. Без іх я зараз не магу ўявіць свайго жыцця, пагэтаму цалкам падтрымліваю дачку і яе валанцёрскую дзейнасць.

А пакуль Валерыі ўдаецца сумяшчаць валанцёрства з вучобай у Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і Віцебскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. У будучым яна марыць стварыць у Астраўцы прытулак для жывёл, і прафесія дызайнера, якую паралельна з вучобай на ветэрынара атрымлівае дзяўчына, прыйдзецца якраз да месца.


Каментарый спецыяліста



А як у нас?


Зінаіда Мікалаеўна Карасевіч, майстар па добраўпарадкаванні, уборцы і санітарнай ачыстцы горада РУП ЖКГ:

– Астравец – горад невялікі, пагэтаму беспрытульных жывёл у нас не так шмат, як у сталіцы ці абласных цэнтрах. Па графіку адлоў бадзяжных жывёл спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны праводзіць раз у квартал, і для гэтага патрэбна спецыяльная тэхніка, брыгада і сродкі. Згодна з законам, мы не можам адразу пасля адлову ўсыпляць жывёл, пагэтаму зараз функцыя ўсыплення зведзена да нуля. Даводзіцца пісаць гаспадарам, якія не хочуць даглядаць сваіх гадаванцаў, папераджальныя пісьмы, якія, на жаль, не даюць эфекту. Вось калі б чалавек заплаціў штраф або пагасіў затраты па адлову і ўтрыманні жывёлы, тады, думаецца, лепш клапаціўся б аб сваім гадаванцы. Згодна з законам, гаспадары павінны рэгістраваць жывёлу ў ЖКГ, пры гэтым на рукі яны атрымліваюць Правілы ўтрымання жывёл. Пагэтаму хочацца звярнуцца да людзей, якія трымаюць жывёл: рэгіструйце сваіх хатніх гадаванцаў!

P.S. Праблема бяздомных жывёл звычайна падзяляе людзей на тры лагеры: абаронцаў, праціўнікаў і тых, хто вымушаны займацца падтрыманнем парадку на гарадскіх вуліцах. Змяніць шматкроп’е на кропку ў гэтым неадназначным пытанні, напэўна, можна будзе ў 2015 годзе, калі ў Беларусі будзе прыняты закон аб абыходжанні з жывёламі.


Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.