Эдуард Милейша: где родился, там и пригодился

11:00 / 15.04.2014
Сэнс жыцця – у чым ён? Шчасце – дзе яго шукаць? Гэтыя зусім не рытарычныя пытанні рана ці позна задае сабе, напэўна, кожны чалавек. А адказы ў кожнага розныя. І вось ужо нехта ў пагоні за шчасцем набывае чарговую машыну, дом, каштоўнасці, адкрывае яшчэ адзін рахунак у банку… Другі гоніцца за каханнем, пакідаючы за сабой могілкі разбітых сэрцаў, кожны раз пераконваючыся: “не тое” – і, нібы за прывідам, імкнучыся за тым, самым сапраўдным… Трэці імкнецца ўгору па кар’ернай лесвіцы, чацвёрты прагне славы і апладысментаў, пяты “калекцыяніруе” гарады і краіны… Каб на схіле жыцця, падсумоўваючы яго вынікі, зразумець, што за самыя вялікія грошы не купіш здароўе і вечнае жыццё; што з самай высокай пасады некалі давядзецца пайсці, і добра яшчэ, калі на заслужаны адпачынак; што слава – дама пераменлівая, і сёння грэе ў сваіх промнях цябе, а заўтра – іншых, а ў вялікім і багатым доме бывае пуста і холадна, як у магільным склепе…

Так, пытанне: у чым сэнс жыцця? – задае сабе, напэўна, кожны. Але не кожны імкнецца ў пагоню за гэтым міфічным “сэнсам”, прыдумваючы сабе ўсё новыя і новыя яго ўвасабленні. Ёсць тыя – і іх большасць! – хто перакананы, што сэнс жыцця – у самім жыцці. Што, каб быць шчаслівым, трэба проста жыць, стараючыся не змарнаваць гэты найвялікшы дарунак Усявышняга – жыць дастойна, сумленна, па Божых і людскіх законах, разумеючы, што пражыць яшчэ раз кожны мінуўшы дзень, “перапісаць” жыццё “начыста” не атрымаецца.
Канешне, пагаварыць з механізатарам СВК “Гервяты” Эдуардам Мілейшам аб сэнсе жыцця і разуменні ў многім філасофскага пытання шчасця ў кароткі перапынак, калі ён спыніў на ўскрайку поля свой “ДжонДзір”, каб адказаць на пытанні надакучлівых журналістаў, мы не паспелі – ды і было б гэта, напэўна, недарэчна: не той час, не тая абстаноўка. Але, мне здаецца, Эдуард Мар’янавіч менавіта з той пароды людзей, для каго шчасце – не ў завоблачных вышынях, а тут, побач. Яго можна пакратаць рукамі, як гэтую пульхную, набрынялую вільгаццю пасля зімы зямліцу, гатовую прыняць у сваё ўлонне ўкінутае клапатлівай рукой земляроба семя, каб аддаць яму ўсю сваю спрадвечную сілу – і нарадзіць новае жыццё… Сваё шчасце можна абняць вечарам, вярнуўшыся з работы, як верную адданую жонку Вольгу, з ім можна пагаварыць, расказаўшы пра свае клопаты і турботы, і ведаць, што цябе зразумеюць і падтрымаюць. Шчасце можна падхапіць на рукі, калі гарэза Танюшка, малодшая дачушка, выбежыць насустрач татку, ці пачуць яго голас, патэлефанаваўшы старэйшай дачцэ. Шчасце можна піць, смакуючы, упрыкуску з пірагамі, калі ўся іх вялікая і дружная сям’я ў рэдкі для бацькі выхадны збярэцца за сямейным сталом…
Эдуард Мілейша, адзін з лепшых механізатараў СВК “Гервяты”, – жывое ўвасабленне народнай мудрасці: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Ён мясцовы, з Гальчун. Эдзік быў дванаццацігадовым лапчуком, калі памёр бацька, – на руках у маці засталося пяцёра дзяцей. Яму рана давялося пасталець. І сталенне гэтае заключалася не толькі ў тым, што ён раней, чым аднагодкі, навучыўся “па-даросламу” рабіць мужчынскую работу, а і ў тым, каб адказваць за сябе – і за тых, хто побач. Пытання “кім быць?” перад ім не стаяла: трэба было як мага хутчэй набыць прафесію і працаваць, зарабляць грошы. Таму пасля школы Эдуард паступіў у Ашмянскае прафтэхвучылішча – і неўзабаве новаспечаны механізатар самастойна вывеў даверанага яму “сталёвага каня” – вядома ж, з тых, якія ў той час давяралі маладым, – у поле.
Плугі, дыскі, культыватары, сеялкі – мяняліся прычапныя агрэгаты, пасля – і трактары. Нязменным заставалася адно: адносіны Эдуарда Мілейшы да працы. Ну не ўмее ён нічога рабіць дрэнна, абы з рук – не прывучаны з маленства! Гэта хутка зразумелі ў калгасе – і сталі давяраць Эдуарду Мар’янавічу самую новую, высопрадукцыйную тэхніку. Да прыкладу, самы першы пасяўны агрэгат “ДжонДзір”, які атрымалі ў калгасе (а мо і ва ўсім раёне?) і да якога не тое што механізатары – некаторыя інжынеры баяліся падступіцца: хто яго ведае, чым нашпігаваны гэты імпартны “звер” і як з ім абыходзіцца? – аддалі “ўтаймоўваць” менавіта Эдуарду. І ён яго не толькі “прыручыў” – яны шчыра пасябравалі: вялізны, магутны і пры гэтым паслухмяны і на многае здатны пры ўмелым абыходжанні “ДжонДзір” – і яго ўмелы і старанны гаспадар. Больш трох тысяч гектараў калгасных палеткаў засяваюць яны за сезон: спачатку – веснавая сяўба, затым – азімыя. А гэта – каля палавіны пасяўных плошчаў СВК “Гервяты” – уявіце сабе!
Жонку Эдуард не стаў шукаць “за марамі, за гарамі”: Вольга таксама гальчунская дзяўчына, знаёмы былі з дзяцінства. Адразу пасля вяселля жылі маладыя ў Гальчунах, побач з бацькамі. Тут жа, у вёсцы, купілі невялікі дамок – і зрабілі з яго сапраўднае, утульнае, дагледжанае сямейнае гняздзечка. Там і нарадзіліся іх дзве дачушкі, Дзіяна і Эдзіта. Старэйшая – ужо студэнтка, Эдзіта яшчэ ходзіць у школу. А малодшая, Танюшка, “знайшлася” ўжо ў Гервятах – лепшаму механізатару праўленне кааператыва выдзеліла добраўпарадкаваны дом, і сям’я Мілейшаў, спакусіўшыся выгодамі і зручнасцямі – для сябе, а найперш – для дзяцей, адарвалася ад сваіх радзінных каранёў, перамясціўшыся ажно на цэлых два кіламетры!
…Здаецца, нічога асаблівага Эдуард Мілейша не рабіў, каб здабыць прызнанне, пашану, славу: працаваў добрасумленна, як умее – і ўсё. Толькі вось ужо ў другі раз яго партрэт у адпаведнасці з рашэннем раённага выканаўчага камітэта занесены на раённую Дошку гонару. Эдуард Мар’янавіч узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. А ўжо розных там грамат, прэмій і іншых адзнак яго працоўнай славы – не злічыць. Вось і атрымліваецца, што прыходзіць яна, гэтая капрызная слава, не толькі да тых, хто выступае на сцэне ці ходзіць па подыуму.
Хоць, зрэшты, не дзеля славы працуе ад цямна да цямна, у гарачы час, які ў хлебароба, лічы, тры чвэрці года, без святаў і выхадных Эдуард Мар’янавіч Мілейша. Проста яго “простае шчасце людское”, аб якім ён так мала задумваецца і якое дакладна не сувымярае са словамі паэта, складаецца з таго ж, аб чым пісаў Максім Танк: “…з солі, з хлеба сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу, з роднага небасхілу…”
І нельга не пагадзіцца з паэтам: каб з чаго іншага скласці – дык ці было б яно шчасцем?


-------------------
Ніна РЫБІК
.