Представители правоохранительных органов рассказали о своей профессии и не только...
Маладыя і ва ўзросце, вопытныя і пачынаючыя, лейтэнанты і падпалкоўнікі – у пачатку вясны ўсе яны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень міліцыі.
Мы прывыклі бачыць іх у форме пры выкананні службовых абавязкаў. А якія яны ў звычайным жыцці? Аб чым мараць і як спраўляюцца з негатывам? Каб бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі праваахоўных органаў з розных бакоў напярэдадні прафесійнага свята, мы задалі ім аднолькавыя пытанні – аб прафесіі і не толькі…
1. Якім шляхам вы прыйшлі ў міліцыю?
2. Што за час службы запомнілася, здзівіла ці ўразіла больш за ўсё?
3. У міліцыі ўзнагароджваюць за пэўныя заслугі. А каго і за што ўзнагародзілі б вы? І наадварот, за што пакаралі б, нават калі такога артыкула няма ў Крымінальным кодэксе?
4. Як, з чаго пачынаеце і чым заканчваеце свой дзень?
5. Уявіце, што выйгралі мільён долараў. На што вы яго патраціце? Дабрачыннасць выключаецца.
6. Што можа вывесці з сябе? І як вы падымаеце сабе настрой?
Сяргей Мар’янавіч Савіцкі
Стаж работы – 20 гадоў, званне – падпалкоўнік, пасада – начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі.
1. Як і многім маім равеснікам, у дзяцінстве мне вельмі падабалася міліцэйская форма. З гэтага ж узросту і пачаў марыць, што калі-небудзь я буду годна насіць яе і працаваць у міліцыі. Яшчэ больш упэўніўся ў сваім выбары падчас службы ў арміі. Узвод, дзе я служыў, ахоўваў спецыяльныя аб’екты. Вось там, калі стаяў са зброяй падчас каравула, вырашыў, што менавіта гэтым і хачу займацца – ахоўваць, абараняць, засцерагаць. Там і даспела жаданне стаць міліцыянерам. Аднак пасля дэмабілізацыі па сямейных абставінах ажыццяўленне задуманага прыйшлося адлажыць на некалькі гадоў. У аддзел унутраных спраў прыйшоў у 1994 годзе. Прыйшоў і застаўся. Да мяне ніхто з родных у міліцыі не працаваў. А зараз служыць і малодшы брат, і швагер, а ў гэтым годзе і старэйшы сын Мікіта паступіў у Акадэмію МУС. Цэлая сямейная дынастыя атрымліваецца.
2. За столькі гадоў шмат чаго здаралася. Усяго зараз і не ўспомніш. Хаця… Прыходжу аднойчы на работу, мац за кабуру, а там – пісталет. Хоць добра памятаю, што зброю ў той дзень не атрымліваў. Праўда пісталет цацачны аказаўся – дома дзеці гулялі з формай, вось і вырашылі тату на рабоце “падстрахаваць”. А так амаль кожны дзень прыносіць свае сюрпрызы – як прыемныя, так і не вельмі.
3. Перш за ўсё я цаню ў людзях добрасумленнасць і прыстойнасць. Не трэба рабіць неверагодныя ўчынкі – дастаткова заставацца чалавекам. А выклікаюць абурэнне людзі, якія ахвяруюць самым дарагім – сям’ёй, роднымі – дзеля спіртнога, а таксама людзі, якія не жадаюць ісці працаваць і наўмысна апускаюцца на самае дно.
4. Пачынаецца дзень з планавання і пастаноўкі задач, а заканчваецца падвядзеннем вынікаў зробленага.
5. Ой, я ніколі не выйграю мільён долараў. (Смяецца) Паколькі сам – бацька дваіх дзяцей, то большую частку аддаў бы ў дзіцячыя дамы. Нельга пра дабрачыннасць? Тады не ведаю. Кватэра ў мяне ёсць, машына
– таксама... На жыццё паскардзіцца не магу. Хіба на гэтыя грошы пабываў бы ў розных краінах і пабачыў свет. Абавязкова з’ездзіў бы ў Грэцыю. А яшчэ – у Іспанію.
6. Наогул, па натуры я – чалавек спакойны, неканфліктны і ўраўнаважаны. Але вывесці з сябе могуць хлусня і няшчырасць. Ад негатыву пазбаўляюся пазітыўнымі думкамі. У мяне цудоўная сям’я, добрыя дзеці. А што яшчэ трэба!?
Раман Іванавіч Врублеўскі
Стаж работы – 5 гадоў, званне – старшы лейтэнант, пасада – оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку
1. Мяне заўсёды прыцягвала прафесія міліцыянера. Чым? Нават не магу растлумачыць. Праўда, пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Ашмянскі тэхнікум на спецыяльнасць “Эканаміст”. Спрабаваў нават працаваць па прафесіі. Ды хутка зразумеў – не маё! Не люблю кабінетную работу. Таму пасля арміі пайшоў уладкоўвацца на працу ў міліцыю.
2. Самае запамінальнае і цікавае – гэта стасункі з людзьмі. Калі працаваў участковым, сутыкаўся з самымі рознымі грамадзянамі. У крымінальным вышуку таксама ўсяго хапае – і сур’ёзнага, і кур’ёзнага. Чаго менавіта? А вось пра гэта сказаць не магу.
3. Узнагароджваць і прысвойваць званні – не ў маіх паўнамоцтвах. (Усміхаецца) Я проста паважаю звычайных прыстойных людзей, якія не парушаюць закон і не дастаўляюць клопатаў ні сабе, ні нам. Не люблю, калі непаважліва адносяцца да старэйшых людзей. А яшчэ, магчыма, узмацніў бы адказнасць за дрэнныя адносіны грамадзян да супрацоўнікаў міліцыі.
4. Раніца пачынаецца з кубка кавы – і на работу. Заканчваю дзень планаваннем спраў на заўтра.
5. Частку грошай патраціў бы на нерухомасць, а частку – ва ўкладанні.
6. Вывесці з сябе? Гэта залежыць ад розных абставін. Самы найлепшы спосаб пазбавіцца ад негатыву – думаць аб добрым.
Лілія Вацлаваўна Янэцкая
Стаж работы – 24 гады, званне – капітан, пасада – старшы інспектар улікова-рэгістрацыйнай рабочай групы інфармацыйнага забеспячэння
1. У міліцыю пайшла, бо падабалася форма. Вельмі моцна… З дзяцінства… Праўда, шлях у праваахоўныя органы быў не зусім прамым. Прыйшлося папрацаваць у розных месцах. Але ў 1990 годзе нарэшце мара збылася, і я стала працаваць у міліцыі. І да гэтага часу не расчаравалася. Канешне, часам прыходзіцца і цяжкавата – але ж затое цікава! Спецыфіка маёй работы патрабуе пастаянна развівацца, пазнаваць новае і ўдасканальвацца. А мне гэта падабаецца.
2. Ой, ды тут кожны дзень можа нечым запомніцца, бо працуем з людзьмі. А грамадзяне прыходзяць розныя: адзін з просьбай, другі – з прэтэнзіяй, трэці наогул не па адрасе. Разбіраемся, тлумачым, раім. Галоўнае – знайсці правільны падыход да кожнага чалавека.
3. Калі разабрацца, прадстаўнікі многіх прафесій заслугоўваюць падзякі і ўзнагароды. Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, рызыкуючы жыццём, выратоўваюць людзей. Урачы, сапраўдныя, ад Бога, наогул, могуць паставіць на ногі нават цяжка хворага, лічы, вярнуць з таго свету. Псіхолагі лечаць душы людзей, а зрабіць гэта яшчэ больш складана, чым зашыць адкрытую рану. Словам, на мой погляд, шмат людзей заслугоўваюць пашаны. А вялікае абурэнне выклікаюць людзі, якія садзяцца за руль п’янымі – гэта вельмі страшна. Як яны не разумець, што ў такіх выпадках і асабістае жыццё, і жыццё акружаючых людзей знаходзіцца на валаску?! Яшчэ карала бы сямейных скандалістаў – сваімі разборкамі яны траўміруюць псіхіку дзяцей, якім у такіх сітуацыях прыходзіцца цяжэй за ўсіх.
4. Пачынаю дзень па-рознаму. Што тычыцца працы, як гэта ні дзіўна гучыць, пачынаю з “памылак”. Справа ў тым, што ўся інфармацыя, якая паступае да нас, праходзіць праверку па базе “памылак”. Вось з яе прагляду і пачынаю працоўны дзень. А заканчваю, звычайна, аналізам зробленага, а таксама званкамі родным людзям.
5. Без дабрачыннасці… (Задумваецца) Купіла б аўтамабіль і кватэру ў Мінску для дачкі, якая там жыве і працуе. Для сябе? Ну калі б яшчэ грошы засталіся, магчыма, таксама набыла кватэру. І абавязкова падарожнічала б.
6. Вельмі раздражняе, калі дзесяць разоў прашу аб адным і тым жа, а чалавек не рэагуе. Калі дрэнна на душы – з галавой акунаюся ў работу, якую трэба тэрмінова і хутка зрабіць. А магу часам проста сесці і палічыць да дзесяці.
Вольга Сяргееўна Севасцьянава
Стаж работы – 4 месяцы, званне – прапаршчык, пасада – інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі
1. Шчыра кажучы, сама не верыла, што буду працаваць у міліцыі. Хоць заўсёды аб гэтым марыла. (Смяецца) Памятаю, у дзяцінстве ўсім казала, што буду міліцыянерам. А падрасла і вырашыла, што мара так і застанецца марай. У мяне старэйшы брат міліцыянер. І, гледзячы на яго, ведаючы, якую фізічную падрыхтоўку трэба мець, каб працаваць у праваахоўных органах, падумала, што я так не змагу, у мяне нічога не атрымаецца. Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт псіхалогіі. Было цікава. Адвучылася – і даведалася, што ў аддзеле ўнутраных спраў ёсць вакансія. “Была не была”, – вырашыла. Вось так мая мара і ажыццявілася.
Адна з асаблівасцей маёй працы – стасункі з людзьмі, прычым з самымі рознымі. І тут вельмі дапамагаюць псіхалагічныя навыкі. І калі мае просьбы, словы, настаўленні камусьці пойдуць на карысць, дапамогуць, буду вельмі рада. Працую тут нядаўна, таму ўсё мне цікава.
2. Асабліва запомнілася, калі падчас вучобы ў цэнтры павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь нам выдалі міліцэйскую форму. А яшчэ – прысяга! І выпускны! Я доўга не магла паверыць, што сапраўды буду працаваць у міліцыі.
3. Асаблівую павагу ў мяне выклікаюць і, лічу, заслугоўваюць узнагароды шматдзетныя маці, маці-адзіночкі, якія, нягледзячы на розныя цяжкасці, гадуюць дзяцей. А таксама людзі, якія, можа, не асабліва прыметнай, але стараннай і добрасумленнай працай прыносяць карысць акружаючым.
А пакарання заслугоўваюць бацькі, якія кідаюць сваіх дзяцей, людзі, якія крыўдзяць ці дрэнна адносяцца да старых і ветэранаў.
4. Кожны дзень я стараюся пачынаць з пазітыву. Калі не спадзявацца і не верыць у лепшае – вельмі цяжка жыць. Таму і прачынацца, і засынаць стараюся з усмешкай.
5. Дала б грошы на набыццё лекаў хвораму дзіцяці. Без дабрачыннасці, кажаце… Хм… Тады набыла б сабе жыллё, бо жыву пакуль з бацькамі. І, магчыма, купіла б аўтамабіль.
6. Каб вывесці мяне з сябе, трэба вельмі добра пастарацца. Нават у самых вострых і напружаных сітуацыях магу змаўчаць, у думках утаймаваць свае нервы. Калі ўсё ж “завядуся”, найлепшы спосаб расслабіцца – паслухаць добрую музыку, паглядзець пазітыўны фільм. А пасля старанна абдумваю сітуацыю, якая склалася, і раблю пэўныя высновы.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.