Вячеслав Иосифович Адаховский: "В жизни пенсионера много преимуществ"

15:00 / 19.11.2013
Прызнаюся: люблю сустракацца з Вячаславам Іосіфавічам Адахоўскім. Пагаворыш з ім – мудрасці набярэшся. І добрым настроем ён з табой падзеліцца, і аптымізмам сваім неўтаймаваным – здолей толькі ўзяць. І не скажаш, што чалавек знаходзіцца на заслужаным адпачынку, – такой энергіяй не кожны малады можа пахваліцца.

Між тым, Вячаслаў Іосіфавіч, як толькі яму споўнілася 60 гадоў, добраахвотна пакінуў пасаду старшыні калгаса “Радзіма”, якую займаў на працягу 21 года. І дазвольце нагадаць тым, хто не ведаў ці ўжо паспеў забыцца, – вывеў гаспадарку ў лік лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і ў рэспубліцы. За гэтыя гады ў калгасе былі пабудаваны фермы, дарогі, жыллё, жывёлагадоўчы комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы, мясаперапрацоўчы цэх, мукамольная лінія, лепшы на той час Дом культуры і будынак праўлення гаспадаркі – усяго і не злічыш. Раслі надоі, прывагі, ураджайнасць. І адпаведна – дабрабыт калгаснікаў. Людзі шчыра паважалі свайго кіраўніка, ішлі да яго, як да бацькі, – і за парадай, і за падтрымкай, ведаючы, што, хоць “халявы і не будзе”, але дапамогу родная гаспадарка заўсёды акажа.
Здавалася, стварыўшы такі грунтоўны базіс, можна было “паспачываць на лаўрах” гадкоў пяць-дзесяць пасля выхаду на пенсію. А Адахоўскі ледзь не з першага дняпайшоў на “заслужаны адпачынак” – з яго энергіяй і няўрымслівасцю. Чаму?
– Ведаеце, сыходзіць трэба своечасова – і ні ў якім разе не спазніцца, – філасофскі разважае ў адказ на маё недаўменнае пытанне Вячаслаў Іосіфавіч. – Калі, вядома, табе дорага тое, чым ты займаўся, тая памяць, якую ты пасля сябе пакінеш. Я лічу, што пакінуў пасля сябе добрую памяць, і сёння мне не сорамна сустракацца з людзьмі і глядзець ім у вочы. А калі б папрацаваў старшынёй калгаса яшчэ гадоў дзесяць – памяць была б іншай.
– Але чаму? – не магу я зразумець логіку Адахоўскага і тым больш – прыняць яе.
– Таму што ўсё мяняецца – і час, і людзі. Прыйшлі новыя спецыялісты, кіраўнікі са сваім светапоглядам, патрабаваннямі, перакананнямі, якія не заўсёды адпавядалі маім. Трэба было альбо ламаць сябе, альбо плыць супраць цячэння – і тое, і другое мне не падыходзіла. А тут так дарэчы пенсійны ўзрост падаспеў…
– Акрамя таго, – працягвае Вячаслаў Іосіфавіч, – калі б я даўжэй затрымаўся, я б не паспеў падрыхтаваць сабе платформу для жыцця на пенсіі. Я вельмі ўдзячны, што пасля таго, як пакінуў калгас, мне даверылі пасаду старшыні сельсавета: гэта дазволіла перайсці да жыцця на заслужаным адпачынку амаль што бязбольна. За гэтыя чатыры гады я ад калгаса адвык, але да сельсавета так і не прывык – не маё гэта… Яшчэ дзякуй богу, што якраз на гэты час у Гервятах будавалі аграгарадок, і я быў загружаны работай – адносна, вядома, з работай кіраўніка гаспадаркі яе не параўнаць. А дома, калі з’явіўся вольны час, паспеў стварыць пасеку, якая зараз – і мая праца, і мой адпачынак. Калі б кіраваў калгасам да сямідзесяці – ужо б не паспеў.
Вячаславу Іосіфавічу на пенсіі няма калі сумаваць – хоць я ўвогуле не ўпэўнена, што гэты чалавек умее сумаваць. Кожны ранак, прачынаючыся, ён, як і некалі, праводзіць “нарад”, вось толькі заданні зараз дае сам сабе: што трэба зрабіць у першую чаргу, што можа пачакаць, куды схадзіць ці з’ездзіць – і сам жа іх затым выконвае. Часцей за ўсё на гэтым “нарадзе” прысутнічае яшчэ і верная спадарожніца жыцця – жонка Часлава Генрыхаўна, вось толькі пытанне, хто пры гэтым старшыня, а хто брыгадзір, што называецца, спрэчнае.
– І ведаеце, – прызнаецца Вячаслаў Іосіфавіч, – часам дня мне не хапае, каб перарабіць усё, што запланую. Зімой, канешне, вальней, а летам – толькі паспявай паварочвацца. Пасека ў мяне хоць і невялікая, але і немалая, дамкоў 20-25 – і пчолы патрабуюць немалога догляду. Маю невялікую сталярную майстэрню – тое-сёе майструю для пасекі, а то жонка дасць якое даручэнне. На паляванне люблю хадзіць – хлопцы мяне пакуль не выкідваюць са свайго калектыву, запрашаюць. Калі паляванне ўдалае, то і мяса трэба спарадкаваць – я такую адказную справу жонцы не давяраю. І з вудай пасядзець люблю – не таму, што мне той карась патрэбен, часам толькі катам на пачастунак і зловіш – але наколькі сам працэс захоплівае. Так што спраў хапае…
А самае галоўнае, што ўсе гэтыя справы – у радасць і прыносяць Вячаславу Іосіфавічу шчырае задавальненне.
Найбольшае з якіх, вядома ж, – пчалярства.
– Любоў да пчол у мяне, мусіць, на генетычным узроўні, – смяецца Адахоўскі. – І дзед некалі пасеку трымаў,
і бацька. Вось толькі я гэтага раней не разумеў. Памятаю, калі бацька клікаў дапамагчы на пасецы, ох і злаваўся: усе хлопцы на рэчку бягуць, а я з дымаром стаю каля вулляў… А пазней, ужо гады да пенсіі набліжаліся, падарылі мне два вуллі з пчоламі. Займацца імі на той час проста не было калі. І я папрасіў прыгледзець за гэтай “гаспадаркай” Эдуарда Міхайлавіча Пяткевіча – слынны быў пчаляр у Гервятах, светлая яму памяць. А пасля з лёгкай рукі і пры мудрай парадзе Эдуарда Міхайлавіча і сам да гэтай справы прызвычаіўся. І палюбіў яе моцна. Напачатку Пяткевіч мяне вучыў, што ды як. А цяпер, скажу без пахвальбы, я ўжо і сам добры пчаляр – можа, яшчэ не выдатны, але ж нядрэнны, сёе-тое ведаю і разумею. І ўжо да мяне часам звяртаюцца за парадамі. Здаецца, мы з пчоламі знайшлі агульную мову, разумеем адзін аднаго.
І працягвае пасля паўзы:
– Ведаеце: чым больш імі займаюся, тым больш пераконваюся: якая гэта разумная, справядлівая, арганізаваная істота. Чалавеку ў яе можна шмат чаму навучыцца – калі, вядома, захацець вучыцца. Я пчол, напэўна, ніколі не выведу – ва ўсякім выпадку, гэта будзе апошняя жыўнасць, што знікне з майго падвор’я.
Пчалярства ў Вячаслава Іосіфавіча пастаўлена на навукова-арганізацыйны ўзровень. Усё ў яго дакладна фіксуецца: якая сям’я калі раілася, які быў рой, якой вагі, куды яго пасадзілі, колькі мёду з якога вулля ўзялі… А для “перадавікоў пасекі” ёсць нават спецыяльная адзнака: на пчаліным дамку, з якога было атрымана найбольш мёду, прымацоўваецца знак “ударніка пчалінай працы” – серп і молат. На наступны год, калі рэкардысты памяняюцца, ён перакачоўвае на іншы вулей.
Хоць, зрэшты, мёд, як прызнаецца Адахоўскі, – не галоўнае для яго, не самамэта. Неперадавальную радасць і задавальненне прыносяць найперш стасункі з пчоламі. Так-так, менавіта стасункі.
– Чым больш я знаходжуся з імі побач, чым больш пачынаю разумець іх – тым больш пераконваюся, што пчолы – не проста разумныя істоты: яны, як мне здаецца, разумеюць чалавека і нават умеюць чытаць яго думкі, – дзеліцца сваім адкрыццём Вячаслаў Іосіфавіч. – І за добрыя адносіны да сябе яны аддзячаць сторазова. Вось вам просты прыклад. На маёй пасецы ў адной сям’і – так здарылася – загінула матка. Ну, канешне, самае простае выйсце – расфарміраваць сям’ю, падсадзіць у іншы вулей. А я дапамог ім вырасціць новую матку – ёсць для гэтага спецыяльныя тэхналогіі. І што вы думаеце: на наступны год узяў з гэтага вулля столькі мёду, колькі ні разу ні з аднаго не браў – такой была пчаліная падзяка за клопат і дапамогу. А быў і іншы выпадак. Адна сям’я паводзіла сябе вельмі ж несалідна: злыя былі пчолы, мёду мала насілі… Ну і вырашыў я іх выбракаваць: мёд восенню забраць, а іх, што называецца, “пусціць у расход”. Падышоў да вулля, пастаяў – і неяк шкода стала: будуць зімой паміраць з голаду… Пакінуў мёд на кармёжку. І на другое лета сям’ю гэтую нібы памянялі: і не злыя сталі, і мёду шмат нанасілі… Вось так паназіраеш за імі – і падумаеш: хто з нас разумнейшы – пчала ці чалавек?
Першая памочніца Вячаслава Іосіфавіча ў яго пчалярскіх занятках – усё ж без памагатага на пасецы не абысціся – Часлава Генрыхаўна. Яна пагаджаецца з мужам, што пчала – разумная і цікавая істота. Але любіць больш іншую карміліцу сям’і – карову. Гэтая любоў – яшчэ з басаногага дзяцінства, калі маці, якая працавала даяркай, брала дачку з сабой на ферму. А часам здаралася, што матулі трэба было некуды ад’ехаць, і тады Чэся з сястрой даілі ўручную цэлую групу кароў…
І ў самастойным жыцці на падвор’і Адахоўскіх заўсёды была кароўка. Гаспадыня лічыць, што гэта – паўнапраўны член сям’і. Яны, як і ўсе вяскоўцы, сушылі летам сена – хоць найперш, вядома ж, гэтым займалася Часлава Генрыхаўна з дзецьмі – мужу за старшынёўскімі клопатамі часу часта на ставала.
– І дзялку буракоў я брала, як усе, – а дзе ж падзенешся, калі ў вёсцы жывеш? У тыя часы ўвогуле і кіраўнікі, і спецыялісты, і іх сем’і жылі інакш, не так, як сёння…
Быў, праўда, момант, калі Адахоўскія засталіся без каровы: захварэла іх сяброўка – давялося збыць. Думалася, што ўжо назаўсёды: колькі ім дваім трэба таго малака?
– Прайшоў дзень, другі, – расказвае Вячаслаў Іосіфавіч, – Бачу: зусім панікла мая Генрыхаўна: не гаворыць, не смяецца, ходзіць як у ваду апушчаная, плача ціхенька ў куточку. Пайшоў да старшыні – тады яшчэ працаваў Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, – кажу: “Бяда, ратаваць трэба жонку…” Ён зразумеў, дапамог – узялі мы ў калгасе першацёлку. Зноў мая Генрыхаўна ажыла!
Хоць у Чаславы Генрыхаўны таксама хапае сваіх клопатаў і захапленняў. Па-першае, да гэтага часу кіраўніцтва раённай пошты, памятаючы яе шматгадовы вопыт работы на пасадзе загадчыцы Гервяцкага паштовага аддзялення, просіць падмяніць таго ці іншага работніка – і яна ахвотна згаджаецца.
– Калектыў на нашай пошце цудоўны, заўсёды дапамогуць, калі што не атрымліваецца: скажам, праграму новую ўстанавілі, а я яе не ведаю, ці яшчэ што. А мне і радасна: з людзьмі, ды і новае нешта даведаешся…
А ў вольны час Часлава Генрыхаўна любіць вязаць – абвязвае ўсю сям’ю. Схемы і мадэлі бярэ ў спецыяльных часопісах, а апошнім часам – у інтэрнэце: камп’ютар асвоіла дасканала. І мужа падбівае да гэтага, ды той толькі адмахваецца: гэта – не маё, я лепш з пчоламі…
Увогуле, перакананы Вячаслаў Іосіфавіч, у жыцці пенсіянера шмат пераваг. Самая галоўная – унутраная свабода: ты займаешся тым, чым хочаш, чым лічыш патрэбным. Ніхто табе не загадвае, што рабіць, – сам плануеш, ніхто нічога не патрабуе, не крытыкуе, калі што не атрымаецца – акрамя самога сябе, ды яшчэ хіба што жонкі.
– Трэба толькі яшчэ да выхаду на пенсію вырашыць для сябе, чым ты будзеш займацца, – раіць заўтрашнім пенсіянерам Адахоўскі. – Каб гэты момант не застаў цябе знянацку, непадрыхтаваным… І ўвесь час быць пры справе, бо канапа і тэлевізар – галоўныя ворагі пенсіянера.
Дык вось у чым, аказваецца, сакрэт маладога імпэту і неўтаймаванай энергіі Вячаслава Адахоўскага!
Вячаслаў Адахоўскі перакананы: у жыцці пенсіянера шмат пераваг. Самая галоўная – унутраная свабода: ты займаешся тым, чым хочаш, чым лічыш патрэбным. Ніхто табе не загадвае, што рабіць, – сам плануеш, ніхто нічога не патрабуе, не крытыкуе, калі што не атрымаецца.Трэба толькі яшчэ да выхаду на пенсію вырашыць для сябе, чым ты будзеш займацца. Каб гэты момант не застаў цябе знянацку, непадрыхтаваным…


-----------------
Ніна РЫБІК.
Фота з сямейнага архіва В.І. Адахоўскага.