Лесничий Михалишковского лесничества удостоен звания "Человек года Гродненщины - 2012"

16:00 / 12.06.2013
Асіну выбіраюць баязліўцы. Бярозу – сарамлівыя людзі. Перавагу сасне аддаюць хуткія, няўрымслівыя і лёгкія на пад’ём…
Cярод мноства беластволых і рудых, шурпатых, бы спрацаваныя рукі, камлёў, сярод мноства зялёных з пасечанымі і роўнымі далонямі-лістамі цяжка выбраць адно...
Ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва ніводнаму дрэву не аддае перавагу, ён адначасова жыве і дыхае ўсім лесам.
У рэдкія хвіліны, калі тэрміновыя справы не патрабуюць умяшання ляснічага, Яўген Сяргеевіч сядае за руль і аб’язджае “свае ўладанні”. Гаспадарскім вокам прыкмячае, што пасадкі, дзе дрэўцы зведалі дотык зямлі сем гадоў назад, час пераводзіць у пакрытую лесам плошчу. Лес, як і дзіця, гадуюць да сямігадовага ўзросту: абкошваюць траву, выполваюць пустазелле, а пасля “аддаюць у школу”.

Крок першы.

ДАРОГА Ў АСТРАВЕЦ


2003 год у жыцці Яўгена Волкава быў ключавым. Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум застаўся за мяжой юнацтва. Пачыналася самастойнае працоўнае жыццё, і выбар – дзе працаваць? – павіс дамоклавым мячом. У родным Глыбокім Віцебскай вобласці не было вакантных месцаў у лясніцтве. Добра, што бацька падтрымліваў сувязі з земляком, які ўзначальваў Астравецкі лясгас. Рыгор Мечыслававіч Долгі запрасіў юнака да сябе на працу. Новаспечаны спецыяліст, для якога свет заканчваўся Мінскам, выправіўся ў Астравец. Думалася, што часова, а выйшла…
Здымная кватэра, кіламетры дарог да роднай хаты, шмат старэйшыя рабочыя ў падначаленні… Дзякуючы падтрымцы Уладзіслава Віктаравіча Часнойця, тагачаснага ляснічага Міхалішкаўскага лясніцтва, і дапамозе яго памочніка Святланы Уладзіміраўны Гаўрылавай першыя два гады працы на пасадзе майстра лесу пацягнулі за сабой трэці год.



Крок другі.

ПАЧАТАК НОВАГА ЖЫЦЦЯ


Самы складаны перыяд у спецыялістаў лясной гаспадаркі – вясна. Падбор участка, пасадка лесу, супрацьпажарныя мерапрыемствы…
Якраз у маі, калі пачынаецца гарачая пара, Яўгену Сяргеевічу прапанавалі ўзначаліць лясніцтва ў Міхалішках, пакуль выконваючым абавязкі ляснічага. Праз дзевяць месяцаў маладога чала¬века чакаў навагодні падарунак: 26 снежня 2006 года кіраўніцтва лясгаса зацвердзіла Волкава ляснічым.
…Ляснічы – і кіраўнік, і механік, і кадравік, і прараб, і будаўнік. У спадчыну Яўген Сяргеевіч атрымаў адно з самых “узроставых” лясніцтваў. Яшчэ пры Поль¬шчы на хутары Барынава стаяла леснічоўка.
З новай пасадай пачалося і новае жыццё. Цякучка кадраў была да той пары, пакуль ляснічы не сабраў моцную каманду людзей, якія ўмеюць працаваць. І яны імкнуцца не падводзіць свайго кіраўніка. Большасць міхалішкаўскіх леснікоў скончылі Свірскі тэхнікум па спецыяльнасці “ляснік, вальшчык леса 6 разраду”.
Міхалішкаўскае лясніцтва – своеасаблівая “кузня кадраў”: менавіта тут пачыналі свой працоўны шлях ляснічы Гервяцкага лясніцтва Віталь Грамбоўскі, супрацоўніцы Астравецкага лясгаса Наталля Духновіч і Дар’я Смольская…



Крок трэці.

НІ ХВІЛІНЫ НА МЕСЦЫ


З прылівам новых сіл лясніцтва ажыло. Дрэнна працаваць ляснічы не ўмеў, пагэтаму і падначаленыя раўняліся на Яўгена Сяргеевіча. За год уласнымі сіламі адрамантавалі будынак канторы. І ўся бліжэйшая тэрыторыя змянілася: неўзабаве з’явіўся дэндрапарк. І дапамога дызайнераў не спатрэбілася! Альпійскія горкі, выкладзеныя драўлянымі кругляшамі сцежкі, дэкаратыўныя дрэвы, альтанка – усё зроблена сваімі рукамі. Пасля дайшла чарга да складскіх памяшканняў і пункта захоўвання супрацьпажарнага інвентару.
На базе лясніцтва не раз праходзілі рэспубліканскія і абласныя семінары. Нават намеснік міністра лясной гаспадаркі наведваўся да іх.
Мадэрнізацыя закранула не толькі гаспадарчую дзейнасць, але і працоўную: вальшчыкі лесу Міхалішкаўскага лясніцтва першымі ў лясгасе перайшлі на індывідуальны метад работы: працуюць не па двое, а па адным. Нягледзячы на тое, што метад рызыкоўны па тэхніцы бяспекі, ён акупіў сябе: павысілася прадукцыйнасць працы і заработная плата. Адзін вальшчык нарыхтоўвае да 200 кубаметраў драўніны. Выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца.
Калі чарга дайшла да будаўніцтва службовага жылля для маладога ляснічага, то ён спачатку “не пранікся”. Як жа, хутар усё ж! Аднак калі побач з канторай паступова пачаў расці драўляны дом, Яўген Сяргеевіч зразумеў, што пра лепшае месца і марыць не варта.
Калі хочаш убачыць асобу гаспадара – паглядзі, дзе ён жыве.
Ляснічы з Міхалішак добры гаспадар як уласнага дома, так і ляснога багацця.
З усіх бакоў да дома падступае лес: сосны цягнуцца да сонца, а палахлівыя бярозкі быццам хаваюцца за іх плячамі. У некалькіх кроках серабрыцца Вілія… Пагэтаму рыбалка – другое захапленне ляснічага. А першае – паляванне.
Яўгена Сяргеевіча ведаюць не толькі як ляснічага і дэпутата мясцовага Савета. Кожнага чалавека, які прыходзіць на “аўдыенцыю”, ён ўважлівы выслухоўвае і дапамагае разабрацца з праблемай.
На базе Альхоўскай школы каторы год існуе школьнае лясніцтва “Жывіца”. Вучні займаюцца пасадкай лесу, прымаюць удзел у акцыях і грамадскіх мерапрыемствах: “Тыдзень лесу”, творчым конкурсе “Квітней, мой лес”. Зона летняга адпачынку на Альхоўскіх вадасховішчы ўтрымліваецца ў паказальным санітарным стане. Сумеснымі сіламі вучняў і супрацоўнікаў лясніцтва плануецца стварэнне экалагічнай сцяжынкі каля Віліі.
– Некаторыя думаюць, што лес павінен быць такім жа, як і парк. Яны не разумеюць, што, калі вычысціць і прыбраць усё сучча, – не будзе месца для размнажэння некаторых відаў жывёльнага свету. Існуе стандарт FSC, згодна з якім лясгас праходзіць аўдыт. Па гэтым стандарце забараняецца спальваць сучча ў лесе.
Яўген Сяргеевіч можа бясконца расказваць пра сваю працу.



Крок чацвёрты.

СЯМ'Я


Разам з мужам яго ўзлёты і штодзённыя цяжкасці пе¬ражывае любімая жонка Кацярына. Жыццёвая дарога звяла іх, калі малады чалавек прыехаў на Астравеччыну. З таго часу яны не разлучаюцца.
Каця, як ніхто іншы, ведае, што муж канчаткова і без астатку ўлюбёны ў лес. Ды нават і каліва рэўнасці не падточвае маладую жанчыну. Мала таго: Кацярына таксама працуе ў Міхалішкаўскім лясніцтве бухгалтарам. І раўняецца на мужа, які ў 2010 годзе скончыў Бранскую дзяржаўную інжынерна- тэхнічную акадэмію, – павышае кваліфікацыю.
Год таму маладыя згулялі вяселле і пераехалі ў дом, які будаваў Яўген.
– За трыццаць гадоў жыцця я пасадзіў не адно дрэва. І цесная сувязь з прыродай і лесам у мяне ў крыві. Мой дзядуля з Пастаўскага раёна быў лесніком. І разам з ім я праводзіў шмат часу ў лесе.
Мая работа – гэта частка мяне. Не ведаю, напэўна, яна іграе адну з самых важных роляў у жыцці.



Крок пяты.

ПРЫЗНАННЕ


Навіна аб тым, што ён удастоены звання “Чалавек года Гродзеншчыны” агаломшыла Яўгена Сяргеевіча. Тэлефанаванне дырэктара лясгаса, віншаванні… І яшчэ некалькі хвілін міхалішкаўскі ляснічы не мог паверыць сваім вушам, пакуль інтэрнэт не пацвердзіў словы Рыгора Мечыслававіча. Прызнанне знайшло свайго героя…


Месца працы Яўгена Сяргеевіча і яго дом раздзяляюць дзесяць крокаў. А вакол – суцэльны лясны масіў…
– Як не любіць гэту прыгажосць? – здзіўляецца Волкаў. – Тут толькі працаваць і працаваць!
Улюбёны ў прафесію ляснічы дыхае і жыве лесам.

----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.