Вспоминают пережитое и радуются тому, что имеют

10:00 / 18.05.2013
Наступнай гераіняй нашага праекта, прысвеча¬нага жанчынам, што ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці з Астраўца – Лілія Георгіеўна Кіткевіч. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду Лілія Георгіеўна атрымала ў 2007 годзе за выхаванне пяці дзяцей.

На жыццёвым шляху гэтай усмешлівай прыгожай жанчыны, любячай і любімай дачкі, жонкі, маці пяці дзяцей і бабулі васьмі ўнукаў сустракаліся радасць і гора, яе не раз падсцерагалі нежартоўныя выпрабаванні, якія яна не толькі пераадолела, але стала яшчэ больш моцнай, разумеючай і добрай.
Нарадзілася Лілія Георгіеўна ў сям’і Георгія Іосіфавіча і Марыі Адамаўны Кабушэўскіх у вёсцы Леснікі Лідскага раёна. Яе маці падчас Вялікай Айчыннай вайны была сувязной партызанскага атрада імя Варашылава. Пасля цяжкага ранення яна засталася без рукі, але, нягледзячы на гэта, усю работу па гаспадарцы рабіла сама. Умела вязаць і ткаць – і спраўлялася з усім гэтым без асаблівых цяжкасцей. Прынамсі, так усім здавалася.
Лілія са старэйшай сястрой Алінай і малодшым братам Сашам да самастойнасці прывучыліся змалку. А яшчэ на ўсё жыццё збераглі, як найкаштоўнейшы скарб, гатоўнасць адразу ж адгукацца на чужую бяду, успрымаць чужы боль, быць чулымі і добрымі.
Пяць класаў Лілія закончыла ў роднай вёсцы Леснікі, а потым дзяўчынку аформілі ў школу-інтэрнат у Радуні Воранаўскага раёна – да бліжэйшай школы хадзіць было далекавата.


– У гэтым інтэрнаце жылі і вучыліся ў асноўным дзеці, у якіх не было бацькоў. Я іх заўсёды шкадавала – то цукеркай пачастую, то матулінымі прысмакамі, якія прывозіла з дому. Менавіта ў інтэрнаце я зразумела, што часта перажыць нейкую трагедыю могуць дапамагчы ўвага і добрыя словы іншых людзей. Тут у мяне ўзнікла жаданне стаць дзіцячым доктарам. Праўда, збыцца яму было не суджана, – расказвае Лілія Георгіеўна.


Пасля заканчэння школы дзяўчына ўладкавалася на Вільнюскі завод паліўнай апаратуры. Тут яна і сустрэла Вацлава, які жыў у тым жа інтэрнаце. Праўда, тады яна не звяртала на хлопца ніякай увагі. Ён жа ўсяляк стараўся спадабацца дзяўчыне – і ў рэшце рэшт гэта ў яго атрымалася.


– Праўда, калі мы ехалі распісвацца, я прызналася: “Вася, я цябе не кахаю”, а ён адказаў: “Нічога, Лілечка, прывыкнеш”, – усміхаецца Лілія Георгіеўна.


У 25 гадоў у Ліліі Георгіеўны ўжо было трое дзетак – Алег, Ігар, Максім. Менавіта тады ў дом прыйшла бяда. Пра тое, што Вацлаў упаў з рыштаванняў, пашкодзіў пазваночнік і пераламаў абедзве нагі, Ліліі сказалі не адразу – пра маштабы бяды, што здарылася з мужам, яна даведалася толькі ў бальніцы. Сітуацыя была сумная і амаль безнадзейная. Вацлава адправілі ў бальніцу ў Мінск. Лілія засталася з дзецьмі. Яна стала жыць не толькі дзеля дзяцей, але і дзеля мужа.
На дапамогу прыйшла маці, якая забрала ўнукаў да сябе. А вярнулі Лілію да жыцця суседзі. Адна з іх, Ніна Адамаўна Маргуж, літаральна змяніла яе: прымусіла зрабіць прычоску, прыгожа апрануцца – і толькі тады адпусціла ў Мінск. “Трэба перад урачамі і мужам з’явіцца ў добрым выглядзе,” – сказала тады Ніна Адамаўна. І Ліля, быццам школьніца, паслухалася мудрую настаўніцу. З таго часу, што б у жыцці ні здаралася, яна заўсёды старалася выглядаць добра.
А тады ў кожную вольную хвіліну Ліля ехала ў Мінск праведаць мужа. З усмешкай і шчаслівым выглядам, з вялікім букетам свежых кветак, якія купляла ў падземным пераходзе, яна заходзіла ў палату, дзе ляжалі такія ж пакалечаныя людзі, – і сваім выглядам, добрым словам, душэўнай цеплынёй усяляла ім надзею.
Шэсць месяцаў цягнуліся, нібы шэсць гадоў. Увесь гэты час яна жыла на тры дамы: бацькоўскі, у якім часова жылі сыны, кватэра ў Астраўцы і бальнічная палата ў Мінску. Вацлаў, наколькі мог, таксама стараўся берагчы Лілію – каб яна не хвалявалася, утойваў дату чарговай аперацыі, а пасля прасіў, каб адразу ж адвезлі яго ў палату: раптам прыедзе Лілечка, як ён растлумачыць сваю адсутнасць?
…Жыццё наладжвалася. Вацлаў паціху стаў станавіцца на ногі. У новым доме – тым самым, які будаваў Вацлаў, – шматдзетнай сям’і далі кватэру. Родныя дапамаглі зрабіць у ёй рамонт... І падарунак лёсу – праз два гады пасля няшчаснага выпадку ў сям’і нарадзілася доўгачаканая дачушка Злата.


– Гэта была такая радасць, што апісаць яе словамі амаль немагчыма. Вацлаў тады прывёз з Вільнюса пятнаццаць ружаў… Злата вельмі падобна да Вацлава, і яны разумеюць адзін аднаго нават з погляду. Яна – наша пястушка. Калі падрасталі хлопчыкі, я выхоўвала іх, можна сказаць, жорстка – у доме павінна быць цішыня, адбой – у 9 гадзін, школа-дом – і ніякіх гуляў. Са Златай усё было па-іншаму… Потым у нас нарадзіўся Цімафей – дзіця перабудовы. Час, калі ўсё было па талонах, калі набыць тавар можна было, толькі адстаяўшы не адну гадзіну ў чарзе… Хаця нельга сказаць, што нехта з нашых дзяцей быў чымсьці абдзелены. У іх былі і цацкі, і добрае адзенне, мы вазілі дзяцей на каруселі, у цырк, на канцэрты…


Сёння ва ўсіх дзяцей Ліліі Георгіеўны і Вацлава Баляслававіча ўжо свае сем’і. І дома яны збіраюцца не так часта, як хацелася б ім самім і іх бацькам. Але кватэра не пустуе – малодшыя, Злата і Цімафей, са сваімі сем’ямі жывуць разам з бацькамі. Таму Ліліі Георгіеўне і Вацлаву Баляслававічу сумаваць не даводзіцца.
Лілія Георгіеўна, якая амаль ўсё сваё жыццё адпрацавала ў раённым аддзеле паштовай сувязі, сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку. І лічыць, што з выхадам на пенсію клопатаў у яе толькі прыбавілася. Але тым не менш з’явіўся і вольны час, а разам з ім – і новыя захапленні. Лета Лілія Геогіеўна з мужам праводзяць у бацькоўскім доме. Грыбы, ягады, хатнія нарыхтоўкі – добры сродак папаўнення бюджэта сям’і. А яшчэ шматдзетная мама актыўна пакарае прасторы інтэрнэту – Лілія Георгіеўна зарэгістравалася ў сацыяльных сетках і актыўна шукае сваіх аднакласнікаў і калег па былым месцы працы. А ў вольную хвілінку чытае кнігі. Гэта любоў да кнігі – з ранняга дзяцінства. Маці, якая працавала ў бібліятэцы, не раз брала з сабой на работу дачку. І сёння кватэра Кіткевічаў напоўнена самымі рознымі кнігамі, якія ўжо па спадчыне паціху пераходзяць унукам – малодшыя Паліна і Варвара, нягледзячы на яшчэ зусім невялікі ўзрост, даслоўна пераказваюць “Доктара Айбаліта”.
І ўсё часцей Лілія Георгіеўна і Вацлаў Баляслававіч успамінаюць перажытае і радуюцца таму, што сёння маюць.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіву Л.Г. Кіткевіч.