Она возвращала к жизни чьих-то сыновей, братьев и мужей

10:00 / 17.05.2013
Кожны медыцынскі работнік, неістотна – урач ці медыцынская сястра – калі ўпершыню ў жыцці апранае белы халат, дае сабе клятву: “Выратую!”

Аляксандра Яфімаўна Ліпская на працягу свайго жыцця ратавала людзей…
Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча васямнаццацігадовая дзяўчына трапіла на вайну. У партызанскім шпіталі працавала, не шкадуючы сябе: бінтавала, спыняла кроў. Нават стомленасць, бамбёжкі, кулямётныя стрэлы не спынялі маладую сястрычку. Яна вяртала да жыцця чыіхсьці сыноў, братоў і мужоў…
Калі валілася з ног – на некалькі гадзін клалася ў зацішным куточку адпачыць. Днём, калі бомбы ўзрываліся, здавалася, зусім побач са шпіталем, яна разам з астатнімі работнікамі вывозіла хворых у лес…
Пасля вяртання краіны да мірнага жыцця Аляксандра Яфімаўна даведалася, што ў Астраўцы арганізоўваюць бальніцу. І басанож прыйшла сюды працаваць – абутку ў яе не было. І на працягу доўгіх гадоў не пакідала бальнічных сцен.
Напярэдадні 9 Мая Заслужанага работніка аховы здароў’я і партызанскую медсястру прыйшлі павіншаваць старшыня прафкама Астравецкай ЦРБ Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства “Чырвоны Крыж” Вольга Іосіфаўна Руднік. Цёплыя словы і грашовая дапамога парадавалі Аляксандру Яфімаўну.
Нягледзячы на “дзве васьмёркі” ўзросту, жанчына не страціла сваёй дабрыні і шчырасці. Вайна, чалавечы боль, з якім судакраналася на працы медсястра, не змаглі зменшыць яе жыццялюбства.
Аляксандра Яфімаўна Ліпская застаецца прыкладам для кожнага медыцынскага работніка і ўвогуле – кожнага, хто ходзіць пад блакітным небам.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ,  фота аўтара.