"Летом у нас тут настоящий рай"

14:00 / 21.04.2013
Задача была канкрэтнай: расказаць пра механізатара з саўгаса “Падольскі” Віктара Ігнатавіча Мундуця, партрэт якога, згодна з рашэннем райвыканкама, занесены на раённую Дошку гонару. Шляхі яе вырашэння – стандартнымі: з’ездзіць у саўгас, сустрэцца з Віктарам, распытацца пра працоўную дзейнасць…

На Рытаньскім мехдвары мяне перанакіравалі на малочна-таварны комплекс. Маўляў, Мундуць “прапісаны” там – на “Амкадоры” загружае кармы. Але радасць ад таго, што свайго героя не прыйдзецца доўга шукаць, была заўчаснай. “Узяў на сёння адгул, – адказаў маладзенькі трактарыст, які ў гэты дзень замяшчаў Віктара на пагрузцы сенажу. – Пад’едзьце ў Нікрашуны – ён павінен быць дома”…
…Бываюць такія красамоўныя сядзібы, нават беглага позірку на якія дастаткова, каб усвядоміць: тут жывуць шчаслівыя людзі. Ну не стане незадаволены жыццём, злы або несумленны чалавек маляваць лебедзяў на франтоне свайго дома ды грыбочкі на калодзежы. І не пацягне з лесу карчажыну, каб зрабіць з яе казачнага героя ці фантастычную падпорку для кветак. Ды і кветак у злога столькі не будзе – не вырастуць без любові, не зацвітуць.
Дом Ніны Рыгораўны і Віктара Ігнатавіча Мундуцёў літаральна патанае ў кветках – тут і нейкіх абсалютна немагчымых памераў агава, і бругмантыя – дрэва дрэвам, і алеандр, і мірт, і “елачка” – да столі, і ўсіх існуючых адценняў пеларгоніі, бегоніі, зігакактусы… А яшчэ – манстэра, “грашовае” дрэва, фіялкі, “індыйскі вус” і іншыя, мне невядомыя. І вялізны кош цыбулек гладыёлусаў. І стос скрынак з клубнямі вяргіняў. І…


– Мне заўсёды падабаліся кветкі, – прызнаецца Ніна Рыгораўна. – Але ўсур’ёз у нашай вёсцы імі займалася толькі адна бабулька. У яе палісадніку было шмат цюльпанаў і вяргінь, але любавацца кветкамі можна было толькі з-за агароджы, А ўжо пра тое, каб жанчына падзялілася з кім-небудзь клубнем або насеннем, не варта было і спадзявацца. Першы насенны матэрыял я набыла ў Астраўцы. Пасадзіла і ледзь не кожную гадзіну бегала ў кветнік – а раптам ужо прараслі?! Потым быў другі, трэці… Людзі, якія ўпершыню трапляюць у наш двор, звычайна задаюць адно і тое ж пытанне: “Навошта вам усё гэта? Усё роўна ў вашай глухамані ніхто не ацэніць!”. “Ацэніць, – кажу. – Прыгажосць аднолькава патрэбна і ў маленькай вёсачцы, і ў вялікім горадзе. Хаця ўсё гэта робім не дзеля ацэнкі старонніх – мы проста гэта любім. Мой галоўны памочнік у кветкаводстве – сын. Дапамагаў бы і муж, але Віця не мае часу – кожны дзень з шасці гадзін раніцы ён на ферме. Хаця кветкі муж заўважае і вельмі любіць нюхаць – мы з сынам нават называем яго за гэта “чмялём”.


Кветкі для Ніны Рыгораўны – не проста расліны, з маленькіх гадоў яна расказвала ім свае крыўды, дзялілася скупымі радасцямі. Дзяўчынцы было паўтара годзіка, калі яе бацькі вырашылі перабрацца на Поўнач. Старэйшых дзяцей узялі з сабой, а яе, малодшую, аддалі бабулі ў Нікрашуны. Думалі – на год-другі, аказалася – назаўсёды. Калі надышоў час ісці ў школу, маці прыехала за ёй, але Ніначка, ухапіўшыся за падол бабулінай спадніцы, галасіла так, што чуллівая бабуля не аддала – няхай застаецца. Нібы прадчувала яе старэнькае сэрца, што не паспее дзяўчынка прывыкнуць да маці.
Праз нейкі час маці Ніны, пераходзячы праз зімовую рэчку, правалілася і пайшла пад лёд. Маладым памёр і бацька. “Сіротка! – уздыхалі нікрашунскія суседкі. – З маленства Бог долі не даў…”
З маленства, можа, і не дадаў Усявышні – затое потым расшчодрыўся. Гэта калі Ніначка выйшла замуж за Віктара Мундуця. Разам яны ўжо больш за 30 гадоў. Нарадзілі сына Вадзіма і дачку Наталлю. А потым праз 10 гадоў, калі ўжо і не спадзяваліся, знайшоўся ў сям’і яшчэ адзін сынок – Лёшка.
Зараз Наташа жыве ў Смаргоні, медсястра па першай адукацыі, менеджар па турызме і адпачынку – па другой. Вадзім, хаця і закончыў Полацкі гандлёвы каледж, стаў, як і бацька, механізатарам. Саўгас выдзеліў яму “прэзідэнцкі” дом, у якім ён і жыве разам з маладой жонкай. Дарэчы, як высветлілася, менавіта Вадзім падмяняў бацьку на пагрузцы кармоў у той дзень, толькі чамусьці не прызнаўся.
А Лёша – пакуль з бацькамі.
У гаспадарскіх пабудовах Мундуцёў цесна ад жыўнасці: дзве каровы, пяць свіней, куры, сабака і два каты. І тут галоўны памагаты матулі – Аляксей.


– Віця круглы год заняты суткі навылёт. Кожную раніцу ён устае ў 5.15, – расказвае Ніна Рыгораўна. – З такім разлікам, каб у шэсць гадзін ужо быць на комплексе. Жывёла ж не будзе чакаць, пакуль ён выспіцца. Дадому вяртаецца каля васьмі вечара – які з яго памочнік ў хаце?! Тым больш, што працуе без выхадных. Стамляецца моцна – я ж бачу. Сёння вось нарэшце рашыўся ўзяць адгул – дамовіўся з сынам аб падмене… Дзе ён зараз? У лес паехаў. “Жэрдачкаў, – сказаў, – трэба пашукаць, каб было чым граблі асадзіць ці лапату…” Для нас абодвух лес –лепшае месца адпачынку. Дарэчы, мае любімыя кветкі –лясныя. Віця ведае гэта. І кожны год у чэрвені, у дзень майго нараджэння, на досвітку ідзе ў лес, каб нарваць для мяне букет лясных рамонкаў…


За цікавай размовай не заўважаеш, як бяжыць час – прамільгнула адна гадзіна, распачалася другая, а Віктар Ігнатавіч усё не вяртаўся.


– Не бяда, – махнула рукой Ніна Рыгораўна. – Я пра Віцеву працу ведаю не менш, чым ён сам. Віктар – з Ліцвян. У школе мы з ім у адзін клас хадзілі. Не скажу, што моцна сябравалі, калі не лічыць, канешне, што перыядычна я шпурляла ў яго якім-небудзь падручнікам. (Смяецца). З дзяцінства ён быў сур’ёзным і спакойным хлопцам. Правы механізатара атрымаў у школе. Калі прыйшоў час аддаваць доўг Радзіме, служыў у Слоніме, быў механікам у танкавай часці. Вярнуўся ў гаспадарку ўжо вопытным спецыялістам. І так неяк атрымлівалася з самага пачатку, што дырэкцыя саўгаса заўсёды выдзяляла Віктару новую тэхніку. І на Т-150 ён працаваў, і на МТЗ, і на “Кіраўцы”. Дарэчы, менавіта на К-700 ён стаў лепшым аратым раёна. Гэта здарылася ў 1988 годзе. За ворыва ён быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. І “Амкадор” яму далі новенькі, а праз чатыры гады – яшчэ адзін. Віктар даглядае саўгасную тэхніку – як сваю асабістую. Калі трэба падрамантаваць, не глядзіць, што працоўны дзень скончыўся, – рамантуе да цямна, каб заўтра з-за яго не было ніякай замінкі. І сына так прывучае. “Трактар – твой кармілец, – кажа ён Вадзіму. – Не будзеш яго шанаваць, і ён табе тым жа аддзячыць”. Сын стараецца, цягнецца за бацькам. І гэта Віктару вельмі падабаецца, хоць ён і не падае выгляду. Толькі мяне не падманеш – за трыццаць гадоў сумеснага жыцця я звычкі Віктара ведаю лепш, чым свае… А што тычыцца раённай Дошкі гонару, то ён трапіў туды ўжо ў другі раз.


Мы ўжо развітваліся з гаспадыняй, калі нарэшце вярнуўся з лесу Віктар Ігнатавіч. Павітаўся. Даведаўся, хто завітаў і з якой нагоды. Замахаў рукамі: маўляў, знайшлі героя! Працую, як усе. Няма чым хваліцца. А на мае кампліменты ў адрас дагледжанасці сядзібы адказаў так:


– Вы летам да нас прыязджайце. Вось тады ўбачыце… Летам у нас тут сапраўдны рай. Таму, напэўна, мне так прыемна вяртацца дадому пасля працоўнага дня. Ці шчаслівы я чалавек? Канешне, шчаслівы! З самага пачатку мне моцна пашчасціла не памыліцца ў выбары сваёй палоўкі. А калі за плячыма ў чалавека надзейна, тады і перадавіком стаць зусім нескладана.


--------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.