Школа и дети - её призвание

14:30 / 04.04.2013
1
З Людмілай Аляксандраўнай Гродзь я знаёма даўно. Праўда, «знаёма» – гучна сказана. Я ведала яе, як настаўніцу, для якой на першым плане заўсёды былі вучні – у іх дабрыню, шчырасць і прыстойнасць настаўніца верыла заўсёды. Верыць і цяпер – і таму кожную раніцу прачынаецца менавіта з думкамі пра дзяцей.

35 гадоў прысвяціла Людміла Аляксандраўна школе. Пра прафесію настаўніка – зрэшты, як і большасць сапраўдных настаўнікаў – яна марыла з дзяцінства.


– Шанцавала мне на добрых настаўнікаў. З пачатковых класаў я прыглядвалася да сваёй настаўніцы Антаніны Ігнатаўны: яна была такой добрай, адукаванай, прыгожай… Нам, тагачасным школьніцам, так хацелася быць падобнымі да яе! А потым я перайшла вучыцца ў Гірскую школу, дзе маім класным кіраўніком стала Людміла Барысаўна Клімчэня. Яна і яе муж, выкладчык гісторыі Аляксандр Яўгенавіч – цудоўныя людзі, таленавітыя настаўнікі, у якіх усе мы вучыліся спагадзе, дабрыні, разуменню. У Гервяцкай школе адбылася сустрэча з яшчэ некалькімі творчымі настаўнікамі – Эдуардам Міхайлавічам Пяткевічам, Іванам Іванавічам Індушкам, Людмілай Андрэеўнай Галагаевай. А потым – з Вандай Міхайлаўнай Вайшнаровіч, Расціславам Арсенцьевічам Гертам і многімі-многімі іншымі – усе яны дапамаглі ў станаўленні мяне, як педагога, – з удзячнасцю ўзгадвае сваіх настаўнікаў Людміла Аляксандраўна.


З дзяцінства яна жыла разуменнем таго, што школа і дзеці – гэта яе прызванне, і таму без доўгіх разваг падала дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт.
З таго часу прайшло шмат гадоў. Людміла Аляксандраўна працавала загадчыцай дзіцячага садка, выкладала гісторыю і геаграфію ў Варонскай школе, загадвала школьным гісторыка-краязнаўчым музейным пакоем – і ўвесь гэты час вучыла добраму, разумнаму, вечнаму школьнікаў, якія цяпер успамінаюць сваю настаўніцу з удзячнасцю.
Падчас адной з нашых сустрэч, якая адбылася некалькі гадоў назад, настаўніца расказвала, што марыць пабачыць сваю любімую Варонскую школу, якой аддала шмат гадоў жыцця, у абноўленым выглядзе. Так і сталася – якраз да свайго 80-годдзя, якое Варонская школа адзначала ў мінулым годзе, яна паўстала перад сваімі маленькімі жыхарамі абноўленай, утульнай, прыгожай і сучаснай. І няхай у марах школа бачылася Людміле Аляксандраўне трохі ў іншым выглядзе – яна шчаслівая ад таго, што гэта ўсё ж атрымалася.
А сёння Людміла Аляксандраўна жыве новым жыццём у новай школе – яна настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ў Варнянскім НПК. Летам упершыню пераступіла парог гэтай школы ў якасці настаўніцы, і за невялікі прамежак часу змагла заваяваць дзіцячыя сэрцы і атрымаць разам з імі ўжо не адну перамогу ў шматлікіх школьных конкурсах.


– Да таго, як прыйсці на працу ў Варнянскую школу ў якасці настаўніцы, я не раз бывала тут на школьных метадычных аб’яднаннях, сустракалася з дырэктарам Надзеяй Андрэеўнай Субач – мудрай, таленавітай жанчынай, таму пераходзіла сюды без трывогі і перажыванняў. Як і ў Варонскай школе, у мяне ёсць клас. Я – класны кіраўнік 8 класа. Цудоўныя, добрыя, дапытлівыя і старанныя дзеткі, цікавыя, клапатлівыя бацькі. Тут вучацца і мае выпускнікі з Варонскай школы – сёлета яны якраз заканчваюць 11 клас і таксама з’яўляюцца для мяне добрай падтрымкай, – гаворыць настаўніца.


Людміла Аляксандраўна і ў Варнянах знайшла сябе – занялася музейнай справай. Не забыла і пра лялечны тэатр, з якім яе звязваюць 20 гадоў школьнага жыцця. Як і раней, усе лялькі для сваіх прадстаўленняў настаўніца шые сама – часам дачакацца не можа, калі ў яе з’явіцца вольная хвілінка, каб заняцца любімай справай. Маці Людмілы Аляксандраўны з дзяцінства акружала сваіх дачок прыгажосцю і вучыла працаваць не толькі на карысць сябе, але, у першую чаргу, – для людзей. І ў любой сітуацыі быць адказнай за сябе і тыя крокі, якія зрабіла ў жыцці. Тыя матуліны ўрокі і сёння заўсёды ў памяці Людмілы Аляксандраўны.
Сваю прафесію Людміла Аляксандраўна лічыць найлепшай на зямлі. Нават выхоўваючы сваіх дзяцей – сыноў Сашу і Андрэя – яна ў першую чаргу была настаўніцай, і толькі потым – мамай. І сёння з вышыні пражытых гадоў Людміла Аляксандраўна не можа выбраць, якая з жаночых іпастасей – настаўніца, маці, жонка, дачка – ёй бліжэй.


– Я ніколі не выбірала, ды і цяпер не магу выбраць, што мне бліжэй. Я і жонка, і маці, і бабуля трох унукаў – Міланы, Юноны і Арсенія, і настаўніца. І, канешне ж, жанчына. Як і кожная з нас, заўсёды стараюся трымаць сябе ў форме, прыгожа апранацца – і ў той жа час не забываць пра тых, хто побач. Гэта закладзена ў маю душу мамай з дзяцінства.


А дома, як і ў любой жанчыны, яе думкі заняты роднымі і блізкімі. Людміла Аляксандраўна ніколі не наракае на лёс, нягледзячы на тое, што ёй давялося перажыць шмат бед, сустракацца з непрыемнасцямі. Бачна, што яна – шчаслівая жанчына, жонка, маці, бабуля. Яе заўсёды падтрымліваў любімы муж Эдвард Рамуальдавіч. Яна шчаслівая яшчэ і таму, што разам змаглі нарадзіць і выхаваць двух сыноў. Старэйшы, Саша, як і маці, закончыў гістарычны факультэт. І хоць цяпер не працуе настаўнікам, настаўніцкія ўрокі далі яму многае. Саша ўжо падарыў бабулі і дзядулю трох унукаў. З гонарам гаворыць Людміла Аляксандраўна і пра малодшага Андрэя – будучага ваеннага ўрача, які вучыцца на 5 курсе медыцынскага ўніверсітэта. З любоўю ўспамінае ўсіх сваіх вучняў – кожны з іх пакінуў у яе памяці след і для кожнага ў яе ёсць цёплыя словы.
У мінулым годзе партрэт і імя гэтай цудоўнай, прыгожай жанчыны, творчай, таленавітай настаўніцы, клапатлівай дачкі, жонкі і маці рашэннем Астравецкага раённага выканаўчага камітэта быў занесены на раённую Дошку гонару. І гэта цалкам справядліва і заслужана!


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.