"Главное в боксе - не сила и мощь удара..."

15:00 / 02.04.2013
Рынг стаў яго любімай справай, юныя баксёры – своеасаблівай вялікай сям’ёй. Шчырая ўсмешка, тонкае і добрае пачуццё гумару, неўміручы аптымізм… Менавіта такім бачаць і ведаюць трэнера па боксе Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксея Зянонавіча Маргужа большасць людзей. Такім ведаю яго і я…
Партрэт Аляксея Зянонавіча занесены на раённую Дошку гонару. І сёння мы раскажам пра яго больш падрабязна.

У дзяцінстве Аляксей марыў зусім не пра рынг і не пра баксёрскія паядынкі. Сінія нябесныя далягляды і прафесія лётчыка – вось што прыцягвала і захапляла юнака. З цягам часу жаданне было ўжо не проста марай, а мэтай. Засталося дачакацца аб’явы аб наборы і правілах прыёму на вучобу ў авіяцыю. Толькі яе ўсё не было і не было. А час ішоў…


– Шчыра кажучы, вучоба ў школе давалася мне лёгка, – расказвае Аляксей Зянонавіч. – Напэўна, пры жаданні мог бы быць выдатнікам – але я шчаслівы, што не быў ім. Чаму? А навошта? Мяне ўпаўне задавальняў статус “харашыста”. У секцыю па боксе я ўпершыню прыйшоў у 8 класе. Іван Феліксавіч Базюк, мой першы трэнер, неяк запрасіў – і я згадзіўся. Вядома, тады не вельмі разумеў, чаму і для чаго сюды прыйшоў. Так, для цікавасці. Гэта пазней прыйшло ўсведамленне, што бокс – гэта цікава. Цікава зноў і зноў упэўніваць сябе ў тым, што ты – не баязлівец, хоць баязліўцам я ніколі не быў. Цікава даведацца, на што ты здатны і ці зможаш у некаторых сітуацыях перасіліць сябе і свае слабасці? У боксе ты не прайграў, як, напрыклад, у лёгкай атлетыцы ці футболе – цябе пабілі. Няўжо я хачу, каб мяне пабілі? Многія лічаць, што бокс – звычайная бойка. Гэта не так! Гэта вельмі тонкая грань, цэлая філасофія. Галоўнае ў боксе – не сіла ці моц удару, як думаюць многія, а мысленне, думка, розум. Гэта складана растлумачыць – гэта трэба ведаць і адчуваць.


Першы бой, першая перамога, шматлікія турніры, першынствы, чэмпіянаты… Бокс усё больш захопліваў юнака ў свой палон. Але ад жадання пайсці ў авіяцыю ён таксама не адмовіўся. Толькі вось з паступленнем было незразумела. І маці, якой не вельмі падабаліся яго заняткі боксам, але якая разумела, што на рынгу сын будзе бліжэй, чым у нябесных прасторах, параіла Аляксею: чаму б табе не выбраць прафесію, звязаную са спортам? Такое рашэнне адобрыў і трэнер. Ды юнаку і самому вельмі падабаўся бокс. І пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы ён паехаў паступаць у прэстыжны на той час Беларускі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытут фізічнай культуры і спорту на факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў.


– Я тады абсалютна не разумеў, куды прыехаў паступаць. На факультэт адбіраліся шэсць чалавек, а прыехала спрабаваць свае сілы каля 50 рабят з усяго былога Саюза. Спачатку здавалі фізічную падрыхтоўку, а пасля нас паклікалі на рынг. І пачалося… Баксіраваць то правай, то левай, то ў пары, то па аднаму… Так нас “круцілі” каля пяці гадзін без перадыху. Гэта быў сур’ёзны адбор. На наступны дзень я прыйшоў з “ліхтарамі” пад вачыма, з разбітай губой – і ўбачыў сябе ў спісе тых, хто прайшоў далей. Пасля мы здавалі агульнаадукацыйныя прадметы: сачыненне, біялогію, хімію. Словам, не ведаю, як, але я аказаўся ў шасцёрцы паступіўшых. Пасля нас, новаспечаных студэнтаў, паслалі “на бульбу” ў адстаючы і ледзь існуючы, але з арыгінальнай назвай калгас “Авангард”. Памятаю: там за сельгасработы зарабіў свае першыя 53 капейкі. Крыху далажыў – і хапіла на білет да Гудагая. Інтэрнат адразу не далі, знялі кватэру, я атрымаў неабходныя падручнікі і ўжо адчуваў сябе шчаслівым студэнтам… Аднак тут прыйшла павестка ў армію. І я абуў “боты”.


Аляксей трапіў у танкісты. Вельмі хутка ў войску даведаліся, што ён займаецца боксам. Такім чынам, рынг не адпусціў юнака нават тут. Першынство дывізіі, палка, арміі… Са Слоніма, дзе ён служыў, ваеннаслужачага Маргужа дпраўляюць у спортроту ў Гродна. Там ён выступаў на першынстве ваеннай акругі і на іншых турнірах. Як правіла, усе гэтыя спаборніцтвы Аляксей выйграваў. Праз некаторы час ён вярнуўся зноў у Слонім, а пасля хлопца накіроўваюць для далейшай службы ў спортроту ва Уручча. Тут ён выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту СССР па боксе. Вось так, чаргуючы службу на палігонах з выступленнямі на рынгу, Аляксей адслужыў два гады і вярнуўся дадому. Хутка ўчарашні вайсковец зноў стаў студэнтам. Падчас вучобы ён паспяхова выступаў на першынствах і чэмпіянатах.
Добры студэнт, добры спартсмен... Ён мог працягваць спартыўную кар’еру на рынгу, мог вучыць дзяцей боксу ў вялікіх гарадах. Аднак, калі ў канцы вучобы ў Аляксея спыталі, куды ён жадае ісці працаваць, асабліва не задумваючыся, ён адказаў: “У Астравец!” У Астравец, дзе на той час бокса не было. А без рынгу Аляксей ужо проста не мог жыць.


– З чаго ўсё пачыналася? Доўга расказваць… У 1990 годзе Уладзімір Платонавіч Буракоў, які быў дырэктарам СШ №1, запрасіў мяне выкладаць фізкультуру. Я згадзіўся, а праз некаторы час праўдамі і няпраўдамі пачаў весці так званы гурток па боксе. Займацца нам не было дзе. Нярэдка прыходзілася трэніравацца проста ў фае. Ніхто не верыў, што ў Астраўцы будзе бокс, ніхто не ўспрымаў нашы заняткі ўсур’ёз. І, як парадокс, дзяцей, жадаючых займацца боксам, было вельмі шмат. Канешне, пасля некалькіх заняткаў частка адсейвалася – але ж палова заставалася. А трэніравацца не было дзе. Навошта мне ўсё гэта было патрэбна? Не буду хлусіць – часам я сам задаваў сабе гэтае пытанне. Цяжка нечага дасягаць, калі не адчуваеш падтрымкі, стукацца ў наглуха зачыненыя дзверы, дакрычацца да глухіх і сляпых… Але... Калі бачыш вочы хлопчыка, якому ты ж і падарыў надзею, веру, якому падабаецца і хочацца займацца боксам, які пакуль на ўзроўні падсвядомасці, але ўжо разумее і адчувае, што бокс – гэта не проста “махаць кулакамі”, а нешта большае… У вачах гэтага хлопчыка я бачыў сябе…


Нягледзячы на ўсеагульны недавер і скептыцызм, Аляксей Зянонавіч працягваў трэніраваць дзяцей. Але вучыў іх не толькі, як правільна наносіць удар левай ці ўхіляцца і папярэджваць удар саперніка правай. Праз заняткі боксам незаўважна для саміх вучняў ён вучыў іх правілам жыцця: паважаць саперніка, заступацца за слабейшых, пераступаць праз “не хачу”, перамагаць сябе… Хоць афіцыйна бокса ў Астраўцы не было, але юныя баксёры Астравеччыны паступова пачалі выступаць на розных турнірах і займаць прызавыя і пераможныя месцы. Такі факт не мог застацца незаўважаным, і неўзабаве ў 1998 годзе – праз восем гадоў пасля пачатку работы! – у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, акрамя лёгкай атлетыкі, з’явілася секцыя па боксе.
Аднак шматлікія праблемы не зніклі. Толькі нядаўна ў ДзЮСШ з’явілася новая спартыўная зала, дзе займаюцца ўсе выхаванцы школы, у тым ліку і баксёры. А вось асобнага, спецыяльнага памяшкання, дзе можна, як і належыць, нармальна і прафесійна займацца боксам, у нашых баксёраў усё яшчэ няма. Ды толькі, насуперак усім цяжкасцям і перашкодам, як бы насміхаючыся над імі, на шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах па боксе ў ліку пераможцаў і прызёраў часта гучаць прозвішчы менавіта астравецкіх спартсменаў. Выхаванцы Аляксея Зянонавіча пакараюць ўсё новыя вяршыні і выконваюць новыя нарматывы: кандыдат у майстры спорту, майстар спорту, майстар спорту міжнароднага класа… І хоцьмногія з іх даўно пакінулі Астравецкую ДзЮСШ, пачалі дарослае самастойнае жыццё, вучацца і жывуць у іншых гарадах, свайго першага трэнера не забываюць.


– Канешне, мы падтрымліваем сувязі! Я сачу за лёсам кожнага са сваіх выханцаў. Яны пайшлі з ДзЮСШ – але ж не пайшлі ад мяне! Сазвоньваемся, спісваемся, бачымся… У нас нават свой, астравецкі, дзень баксёра ёсць – першая суббота ліпеня. Збіраемся, выязджаем на прыроду – ёсць адно пастаяннае месца, наладжваем розныя гульні, спаборніцтвы, іграем на гітары, спяваем… Словам, адпачываем. Людзей збіраецца нямала. У апошні час імкнуцца да нас прыехаць калегі з іншых гарадоў. Калі ласка, мы заўсёды рады гасцям.


Бокс стаў працай і захапленнем не толькі Аляксея Зянонавіча, але і своеасаблівай сямейнай традыцыяй. Абодва яго сыны таксама займаюцца боксам: старэйшы Яўген паступіў у Інстытут фізічнай культуры – праўда, зараз ён служыць у арміі і, думаецца, там яму таксама спатрэбяцца навыкі боксу і добрая фізічная падрыхтоўка. Пра поспехі на рынгу, захапленні і планы на будучыню малодшага Марка наша газета не так даўно расказвала.


– Мая сям’я – гэта маё ўсё. Апора, падтрымка, дапамога… За гэта, вядома ж, ім вялікі дзякуй. Яны дапамаглі многае перажыць – гэтаксама, як і мае сябры і выхаванцы. А яшчэ я ўдзячны боксу, занятак ім – добрая школа жыцця. Дзякуючы яму я навучыўся перацярпець, перапсіхаваць, пераступіць і, хай і сціснуўшы зубы, але з усмешкай сустракаць выпрабаванні і цяжкасці жыцця.


У працоўным пакоі-кабінеце Аляксея Зянонавіча ў спартыўнай школе на паліцы знаходзяцца некалькі партрэтаў Уладзіміра Высоцкага, сяброўская фатаграфія Віталія Бандарэнкі і Сяргея Лобана, а таксама – стэнд з фотаздымкамі былых выхаванцаў. А яшчэ пад рукой заўсёды – сяброўка-гітара. Яна – верная спадарожніца яго думак і настрою, яе струны плачуць ці радуюцца разам з яго душой, яе мелодыі і песні – адлюстраванне яго жыцця…
Яшчэ Аляксей Зянонавіч вельмі любіць чытаць. Бывае, запоем паглынае кніжкі – самыя розныя: ад фантастыкі да дактрын і гістарычнай літаратуры, ад Бялова да Чэхава і Булгакава. А “Пятра І” Аляксея Талстога, як прызнаецца мужчына, ён перачытваў раз пяць-шэсць – і кожны раз адкрываў нешта новае.


– Змяніць прафесію? Пайсці на больш прэстыжную і высокааплачваемую? І здрадзіць боксу, здрадзіць самому сабе? Ды што ж я за чалавек такі, які будзе бегаць туды-сюды і не ведаць, што яму трэба і чаго ён варты? Я гэтага не хачу. Я займаюся тым, што мне пасапраўднаму цікава і блізка. Я, напэўна, і памру тут, у спартзале, каля баксёрскай грушы. (Усміхаецца). І я да гэтага абсалютна гатовы.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота А. ЮШЧУКА.