Жизнь без прикрас

07:00 / 17.10.2012
1

З Тарэсай Іванаўнай Багдановіч, 79-гадовай жыхаркай вёскі Кяждуны, мы пазнаёміліся – зусім выпадкова – на фэсце ў мястэчку Гудагай. Наша кароткая размова “зачапіла” – яе захацелася прадоўжыць. І мы спаткаліся…
Расповед жанчыны мне не хочацца “прыхарошваць” – няхай на газетнай старонцы ён застанецца такім, якім я яго пачула...


– Гора на свеце шмат. І ў кожнага чалавека яно сваё. Але няма большага, чым пахаваць уласнае дзіця. Асабліва для маці. Гэта як пахаваць саму сябе. Толькі куды больш балюча. І на імгненне не задумалася б, калі б можна было памяняцца месцамі…
Гэта ж тваё дзіця, твая крывінка. Вынашаная, выняньчаная. Першая ўсмешка і першы зубік – беленькі, як пялёстак рамонка… Першае слова (ну, канешне ж, “мама”!!!). І першы крок… Дачушка ўхапілася тады за мой вялікі палец – не адарваць. Столькі даверу было ў гэтым трыманні – мама моцная, мама адвядзе ўсё страшнае і балючае, трымаючыся за мамін палец, я не баюся нічога-нічога...
Каб жа можна было падаслаць уласныя рукі… Каб жа можна было адвесці імі бяду… Ах, рукі-рукі, толькі і можаце, што выціраць слёзы ды хапацца за супакойваючыя таблеткі…
Напэўна, у жыцці ёсць нейкая справядлівасць – як жа без яе?! Але калі паспрабаваць вось так, нібы жаратак з затухаючай печы, выграбсці з пражытага шчаслівыя дні – колькі чырвоных вугельчыкоў знойдзецца сярод чорных? Добра, калі наогул знойдуцца…
…Нарадзілася я і ўсё жыццё пражыла ў Кяждунах. Спачатку жылі на хутары. Тата, мама і мы васьмёра (дзявятая памерла маленькай). Я апошняя, восьмая. Пястуха? Пабойцеся бога! – не было калі даўней песціцца. Навучыўся ад падлогі дупу адрываць – марш да работы! А ў нас яшчэ і тата быў моцна хворы. Так што рана-раненька мне прыйшлося навучыцца і касіць, і цэпам махаць...
А якая халадэча зімой была ў хаце! Тады ж двайных вокнаў людзі не ведалі – адзінае шкло так марозам закідае, што і свету Божага не відаць. А замест падлогі – зямля. Во калі дзяцей загартоўваць не трэ было – нараджаліся загартаванымі…
Бяда яшчэ, што на нашым хутары не было вады – колькі ні спрабавалі студню капаць, да вады не даходзілі. Так што кожны дзень даводзілася настаўляць на воз шарэнгу бочак і бочачак і ехаць у вёску па ваду. Гэты абавязак быў нашым з сястрой. Паналіваем поўныя кадушкі, а конь на зваротнай дарозе возьме і разнясе. Збіраем тады свае бочкі па пагорках і зноў вяртаемся да студні…
А ў школу я не хадзіла. У Кяждунах не было – толькі ў мястэчку. Там настаўнічалі касцельныя законніцы. Схадзіла пару разоў – “кандалы” драўляныя на камяністай дарозе збіла. Тата паглядзеў і сказаў: “Абыдзешся і без школы”. Але чытаць я ўмею – навучылася ад мамы. Мама па вечарах чытала Літанію да Маці Божай, а я праз яе плячо заглядвала ў “ксёнжачку” – вось так і навучылася. Але чытанне – гэта занятак зімовы, калі работы няма, а пакуль снег не ляжа, і плечы разраўняць не было калі. І сваю работу рабіць, і ў найміткі наняцца – вунь у тую, за гарой, вёску хадзіла жаць. За дзень плацілі паўпуда жыта. Смаркачка яшчэ была, а ад дарослых жанчын старалася не адстаць. Рукі да крыві сярпом сцёрла, дык абкруціла іх макрыцай, каб менш балелі, і далей. Затое ў канцы прынесла дадому без малога два мяшкі збожжа – не жартачкі…
…Аднойчы сярод ночы тату стала дрэнна. “Тэрэнька, – затармасіла мяне мама, – бацьку зусім скруціла. Ляці ў мястэчка да доктара Шабекі – няхай дасць горкай солі”. Пакуль я апранулася, тата пасунуўся па стале і памёр…
І стаў у нашай хаце гаспадарыць швагер. Цяжкі быў чалавек – што ні зраблю, усё не так. Ніяк не патрафлю. Сястра Адэля, ягоная жонка, была не памочніца. Шасцёра дзяцей прывяла – то носіць, то родзіць. А на мне і дровы, і сена, і бульбу капаць, і збожжа жаць… І ўсё не так раблю. Злажыла неяк воз сена ў калгасе, дык Саковіч нахваліцца не мог: “Як пушачка ад запалак”, – казаў. А швагру ніяк патрафіць не магла. Вядома, чужы чалавек.
Раней Кяждуны былі вялікай вёскай. Моладзі поўна. Па вечарах збіраліся ў адной хаце. Дзяўчаты прынясуць, бывала, каўбаскі, а хлопцы – бутэлечку. Пусцяць бутэльку па крузе – адну на дваццаць чалавек… І ўсім весела… Такія людзі раней былі.
Цяперашнія – зусім іншыя. Дзе ж падобна, каб у 12 гадоў ужо дзіця мела! Каб школьнік алкаголікам быў! А наркаманы… Раней у кожным двары каноплі ды мак раслі, і наркаманаў не было. А цяпер… Стану тэлевізар глядзець – разнервуюся. А пра аварыі наогул не гляджу. Не магу. Дачушка мая мне пачынае мроіцца. Як яна, гаротніца, пакутавала на той віленскай дарозе…
…З мужам, Віктарам Антонавічам, мы сябравалі два гады. Потым на тры гады яго забралі ў войска. Перапісваліся, як маглі. Я – слабы грамацей, а ён – яшчэ слабейшы. Наймаў там нейкага хлопца за папяросы – той і дасылаў мне Віцькавы “гарачыя прывітанні з самай глыбіні сэрца”. Аднойчы ў нашу хату завітаў сябрук Віці з арміі – той прыходзіў дадому ў водпуск, і Віця прыслаў яго да мяне – пазнаёміцца.
Вярнуўся з арміі – яшчэ год сябравалі, а потым у 1955-ым вырашылі пабрацца. Сукню і вэлюм я тады пазычыла ў Вэрці Кузьміцкай, знаёмай з Астраўца. Туфлі мела свае. Не старыя – два гады ў іх хадзіла да касцёла. Гэта значыць – па касцёле. Бо да касцёла мы ішлі басанож – абуваліся, лічы, перад брамай. Так што туфлі выглядалі яшчэ нядрэнна. Дзіркі, праўда, счарнелі. Дык развяла парашку і натыцкала ў гэтыя дзіркі – сталі мае туфлі, як новыя.
Віця тады працаваў на станцыі – грузіў у вагоны камяні. Адны людзі збіралі іх па палях, а другія загружалі – камяні везлі ў Мінск, які аднаўляўся пасля вайны.
Шлюб мы бралі ў Астраўцы. Віця дамовіўся наконт машыны, якая падвозіла камяні. Мы з ім селі ў кабіну, госці – у кузаў і паехалі ў касцёл. Вясельны стол? Нармальны атрымаўся: і варанае мяса было, і агуркі, і капуста, і пірагі, і квашаніна…
Каб так кожны дзень есці! Працавалі цяжка: па тры гектары лёну ўручную зрывалі, па паўтара гектара жыта жалі. І ўсё за капейкі. Робіш-робіш, як вол, а потым зарплату за год за плячыма прынясеш. Трымаліся толькі на сваім: яечак збярэш, масла кавалачак саб’еш – і ў Астравец на рынак. Вялікі быў у Астраўцы па панядзелках, а маленькі – штодня. За выручаныя грошы куплялі запалкі, соль, хлеб…
Жыць мы пачалі ў хаце мужавых бацькоў. Яны самі сядзелі ў швагравай, а нам аддалі старую, лядашчую. Але мы і гэтай былі радыя. Муж, бывала, прывязе са станцыі белую булачку, а я запару кміну – так і павячэраем.
У 1957 годзе я нарадзіла Альбінку. У бальніцы ў Каменцы. Прымаў роды нейкі чорны доктар. Не Апалінскі, не. А другую дачушку Галінку нарадзіла ўжо ў Астравецкай бальніцы. І былі гэта першыя роды ў новай бальніцы. У ёй яшчэ нават нічога не было расстаўлена – дактары ляталі з кута ў кут, каб знайсці патрэбны інструмент. Казалі, што ў газеце трэба адзначыць першыя роды. Можа, каб якая начальніца нараджала, дык і адзначылі б, а што я – простая калгасніца…
Стасечку я мела на Усе Святыя. Муж ужо пачаў бурчэць, што адны дзяўчаты – хацеў сына. А сына Бог не даваў. 18 серпня (не разбіраюся ў рускіх месяцах) нарадзілася Таня, а 12 марца – Ірынка…
Ірыначка, Ірынка, дачушка мая гаротная. Чаму ж твае ножанькі не абышлі тую няшчасную дарожку?! Чаму ж анёл-струж цябе пакінуў у адзіноце ў ліхую хвіліну?! А каб ты ў горад не выязджаўшы, а можа, жыла б і сёння… І сёння твае ножкі тупацелі б па кяждунскіх сцежках. А так ляжыш у сырой зямельцы, а дзеткі твае сіроткамі павырасталі…
Кажуць, час лечыць. Няпраўда. Не прытупляецца боль. Гады ідуць, а баліць па-ранейшаму. І спаць не магу без таблетак. Дакторка Рудая прыпісала мне нейкія дарагія – вып’ю адну, прысну на пару гадзін, а потым зноў і зноў перамолваю ўсё ў галаве. Я ўжо думаю: ну калі такі лёс загінуць, дык няхай было б, як ва ўсіх: бум – і няма. А гэта ж… У ворак маю дзетаньку збіралі. Па частачках – з усёй вуліцы…
…А Танечка нарадзілася з вывіхам ножкі. Я, дурная баба, не разумела нічога – спавівала, як мае быць. А калі ўстала мая дачушка на ногі, гляджу: нешта не тое. Я – да дактароў. Прыроджаны вывіх, трэба везці ў Мінск у бальніцу. А за якія грошы – жылі ж бедна, як касцельныя мышы. Шчасце, што Віцеў брат жыў у Мінску і ўзяўся дапамагчы.
Мінскія дактары сказалі: “Ваша дачка ляжаць будзе доўга”. Занесла малую ў палату, паклала на ложак, а сама праз слёзы нічога не бачу. “Не плач, мама”, – кажа мне дачушка. Тры гадкі ёй толькі было, а ўсё разумела, як старэнькая…
Найгорш, што мяне да яе не пускалі – казалі, каб не расстройваць, каб не плакала. Раз на два тыдні прыеду, прывязу цукерак, варэння – ну, што мела, тое і вязла… Перадачу забяруць, а мне на дзверы пакажуць. Шэсць месяцаў не пускалі – сэрца маё зусім зайшлося.
Пашыла я сабе тады белы халат, падабрала касынку і паехала ў бальніцу. Нічога нікому не кажучы, паднялася на шосты паверх і зайшла ў палату…
Палата вялікая – на 10 ложкаў. Усе тварыкі аднолькава белыя, углядаюся – не магу пазнаць сваю дачушку. “Хто з вас, – пытаюся, – Багдановіч Таня?”. “Мамка, – адказвае, – гэта я”. А маё ж ты дзіцятка залатое…
Гэта я плакала, а яна – не. Пакуль цукерачкі раскруціла, стамілася і заснула. Пацалавала яе сонную і пайшла з палаты.
Год мая Таня праляжала ў Мінску, а потым доктар прыслаў пісьмо, што яе трэба перавезці ў Ваўкавыск у санаторый.
Дай Бог здароўя тагачаснаму старшыні нашага калгаса Адахоўскаму, выдзяліў мне калгасны “бобік” – і я дачушку завезла ў санаторый. Там ужо было добра – да Тані мяне пускалі свабодна. Дабірацца толькі было складана: ехала да Шчучына, а там перасажвалася на іншы аўтобус. Лічы, цэлыя суткі, не еўшы, не спаўшы...
Добрыя людзі працавалі ў тым санаторыі, дазвалялі мне Таню ў калясцы на двор выцягваць. Яшчэ і да стала паклічуць: “Маці, паешце – відаць, што макавай расы ў роце не трымалі…”
Дадому вярталася апоўначы. Іду пешшу па бязлюднай дарозе, а ў галаве Таніна пытанне круціцца: “Мамка, а дзе ваўкі ноччу спаць кладуцца?” А на раніцы – на ферму. Я ж ужо даяркай была. Адразу 12 кароў даіла ўручную, а потым 18 далі. Цяжка, канешне, – рукі выварочваліся з суставаў па начах. Але ж і зарабляць стала добра. А колькі граматаў мела, а колькі каштоўных падарункаў! І на Дошцы гонару неаднойчы вісела.
На ферму я ўладкавалася яшчэ пры Смаляку – талковы быў старшыня і чалавек дабрэнны. Аднойчы мы з ім у бальніцы адначасова ляжалі – ён страўнікам пакутваў, а я з дачушкай ляжала. Дык не глядзеў, што я простая калгасніца, а ён начальнік – прыйдзе ў палату, сядзе на ложак – нагаворымся, нібы з родным якім. Чалавечны быў чалавек.
А Ордэн “Знак Пашаны” мне далі пры Адахоўскім. Ордэн “Маці-гераіня”? Я не памятаю, можа, калі і давалі. А можа, і не. Не гналася я за гэтымі ордэнамі, таму і не памятаю. Вось пісьмо нядаўна прыслаў сам Лукашэнка… Вось гэтае… Што я маці пяцёх дзяцей, і што мне за гэта “дзякуй”. Ад самога Прэзідэнта! Вось і подпіс ягоны.
Люблю я Лукашэнку. Жыць пры ім лягчэй стала. Адно бяда: дзеці прыехаць з Літвы не могуць. Па 4-5 гадзін стаяць у чарзе на граніцы. Пераедуць – звоняць: мамка, што купіць? Смятаны, кажу, радзівілаўскага хлеба, тваражку… Усё і купяць – з пустымі рукамі не прыязджаюць. Калі б не межы, яны б і часцей прыязджалі, нам са старым больш бы дапамаглі. Хоць і так дапамагаюць, няма чаго богу грашыць…
Былі маладзейшыя мы з бацькам, таксама стараліся ім дапамагчы. Пяць вяселляў справілі – капейчыны ні ў каго не пазычылі! А колькі – не хочацца і ўспамінаць – грошыкаў ляснула на ашчаднай кніжцы!.. Шчасце яшчэ, што амаль перад самым гэтым “ляскам” тысячу рублёў я зняла і падзяліла паміж унукамі – хоць нешта яны сабе купілі.
Цяпер дзецям добра жывецца, што там казаць. Апранаюцца – як паны, а да яды дык угаворваць трэба. Гэта каб нас хто калісьці ўгаворваў! Часта і густа паўгалодныя з-за стала ўставалі…
І ў школу, бач ты, спецыяльны аўтобус па вёсках збірае дзяцей. Нашы пяшком хадзілі. Вытапчуць сцежку праз поле і ходзяць, як гускі, адзін за адным. Усе, нават наша Танечка з хворай ножкай. Зімой, каб не збіцца са сцежкі, пазначалі яе галінкамі. Я сама аднойчы вярталася з Астраўца ў завіруху – вецер павырываў зазнакі, і я збілася са сцежкі, правалілася ў глыбокі снег. Думала, не выберуся, так і памру ў гэтым снежным месіве, але вось не лёс – выбралася неяк, выжыла…
Лепш бы я тады загінула, а мая Ірынка жыць засталася…
…У той дзень мы з бацькам вярнуліся з касцёла. Зяць выйшаў насустрач. Гляджу – нешта ён без настрою. “Ці мала што…” – думаю сабе. Потым заўважаю: не распрагае чамусьці коніка. Чаму? “Паеду, – кажа, – па Юльку”. Па якую, думаю, Юльку, калі яго дачка-студэнтка ў Гродне? Пайшла ў хату, перапранулася з касцельнага ў звычайнае. Дастала з печы абед. Стары нешта ніяк не ідзе да стала. Я ўжо злавацца пачала… Потым гляджу праз акно, а мой бацечка ідзе і плача. Так мяне і працяло, нібы маланкай.
– Што? – ляту яму насустрач. – Што такое здарылася, што ты плачаш?
– З Ірынкай нашай бяда, – кажа.
...У суботу вечарам яна вярталася з Гаруная. Аўтобус ужо стаяў на прыпынку, і Ірынка пабегла, каб не спазніцца, бо інакш давялося б доўга чакаць наступнага. Праязджаючая машына зачапіла яе за куртку і выцягнула на сярэдзіну вуліцы. А машыны, якія ішлі ўслед за гэтай, не маглі адразу спыніцца і адна за другой пераязджалі праз нашу дачушку. Разарвалі яе на кавалкі, утапталі ў асфальт так, што цела давялося збіраць па частках – там ручка, тут ножка…
…Труна стаяла ў спецыяльным доме ў Вільні. Адразу ў сенях вешаецца партрэт, каб людзі ведалі, каго тут хаваюць. А ўнутры пакоя – труна, кветкі, крэслы, каб радня мела дзе размясціцца.
Не магла я сядзець. Толькі прысяду, як мяне нейкая сіла падымае. Падыду бліжэй да труны – Божачка, родненькі! Няўжо гэта мая Ірынка там ляжыць? Ну не можа такога быць! Гэта я сон дурны сню. Вось зараз прачнуся… Толькі ж тыдзень таму яна мне бульбачку памагала капаць. “Мамка, – казала, – цяпер вось візу маю, буду часта-часценька да вас прыязджаць. Глядзіце, каб без мяне нічога цяжкага не рабілі. Вы ўжо сваё адпрацавалі”…
А маё ж ты дзіцятка! А мая ж ты кветачка, а я ж камяні дзень і ноч варочаць буду, толькі ты ўстань і скажы, што гэта няпраўда. Што жывенькая, што толькі прылягла адпачыць…
Ненавіжу я пах магазінных гваздзікоў – для мяне яны пахнуць смерцю. І не той звычайнай, калі пажылы чалавек памірае ад старасці, а іншай – калі смерць разрывае на часткі маладога, поўнага жадання жыць…
Цэлую зіму я не магла ўстаць з ложка. Не таму, што мяне паралізавала – проста не было сіл падняцца. Не спала, не ела – жыла паміж двума светамі, гэтым і тым, у якім цяпер мая Ірынка. Мяне і ўгаворвалі, і лаяліся, а я нібы не чула. Потым Ірынка прыснілася і сказала: “Мамка, не трэба так – мне вельмі цяжка”. І я паднялася. Хаджу, раблю, што магу. Радуюся, калі прыязджаюць мае дзеткі і ўнукі. Сусед, дай яму Бог здароўя, кожную нядзельку едзе на сваёй машыне да касцёліка, і мяне бярэ. Я малюся за многае: каб мае дзеткі і ўнукі былі здаровымі і шчаслівымі; каб Бог дараваў мне мае грахі і памылкі, каб Матка Боская Гудагайская мела ўсіх нас у апецы, каб мая Ірынка зазнала святло Божай радасці… І каб дзеці, не толькі мае – усіх мацярок на свеце – не паміралі раней за сваіх бацькоў.


-------------------------------------
Запісала Ганна ЧАКУР.