Молодой участковый из Ворнян

06:00 / 24.08.2012

Нягледзячы на малады ўзрост, ён паспеў заслужыць аўтарытэт і павагу ў людзей, нашмат старэйшых за яго. Ён нават сярод ночы гатоў выслухаць і прыімчацца на дапамогу. Бо на сваім участку ён адказвае за спакой і бяспеку грамадзян.
Ён – участковы інспектар Варнянскага сельсавета Дзяніс Іканопала.


– Давайце для пачатку пазнаёмімся: раскажыце крыху пра сябе – дзе нарадзіліся, вучыліся?..
– У маёй біяграфіі нічога асаблівага няма. Нарадзіўся ў Астраўцы, вырас таксама тут. Скончыў сярэднюю школу №1. Пасля паступіў у Ашмянскі каледж, атрымаў дыплом юрыста. Пасля некаторы час працаваў па спецыяльнасці ў Доме быту. Ну, а затым паклікаў абавязак – аддаваў доўг Радзіме.
– І як з юрыста перакваліфікаваліся ў міліцыянера?
– Ды, шчыра кажучы, я і не збіраўся працаваць юрыстам. З самага дзяцінства вырашыў стаць міліцыянерам. Чаму? Усё вельмі проста – пайшоў па слядах бацькі: ён служыў у праваахоўных органах і таксама пачынаў сваю дзейнасць з участковага. Таму на юрыдычны факультэт я паступаў свядома, каб пасля пайсці працаваць у міліцыю. Дарэчы, служыў ва ўнутраных войсках у Мінску – паўтара года патруляваў вуліцы горада. Такім чынам, практыка добрая была. Вярнуўся дадому – прыйшоў у аддзел унутраных спраў. Мяне спачатку паслалі на курсы ў Акадэмію МУС. Зараз там вучуся на завочным аддзяленні.
– Хто паўплываў на ваш выбар?
– Ды ніхто. Я сам так вырашыў. Чаму? Гэта складанае пытанне, дакладнага адказу я сам не ведаю. Я з самага дзяцінства ведаў, што стану міліцыянерам. Праўда, бацька спрабаваў расказаць і паказаць, што служба ў праваахоўных органах – гэта не жарты, а вельмі сур’ёзная і адказная справа. Не, ён не адгаворваў, проста хацеў, каб я правільна ўсё ўзважыў і пасля не пашкадаваў.
– Быць участковым інспектарам – задача не з лёгкіх. Які прынцып работы з грамадзянамі выкарыстоўваеце?
– Сапраўды, участковы – шматгранны спецыяліст, бо ўключае ў сябе некалькі прафесій. Прыходзіцца быць і псіхолагам, і педагогам, і юрыстам, і псіхатэрапеўтам. Аднак я прытрымліваюся прынцыпу, што па аднаму толькі супрацоўніку ў форме ў людзей можа скласціся меркаванне аб міліцыі наогул. Таму з людзьмі найперш трэба быць ветлівым і ўважлівым. Канешне, грамадзяне бываюць розныя – добрасумленныя і не вельмі. І ў адносінах да некаторых прыходзіцца выкарыстоўваць іншую методыку. Аднак я не прыхільнік высвятлення адносін з дапамогай крыку і лаянкі і стараюся іх не прымяняць. Участковы павінен ахоўваць парадак і спакой грамадзян, а не ўчыняць нейкія разборкі. Да кожнага чалавека ў мяне ёсць свой своеасаблівы падыход.
– Ці памятаеце “баявое хрышчэнне”?
– Быць участковым – ужо само па сабе сваё “баявое хрышчэнне”. (Усміхаецца) Ды розных выпадкаў кожны дзень хапае. Куды больш важна чагосьці дасягнуць у сваёй дзейнасці, бачыць вынік сваёй работы. Напрыклад, жыве сям’я, дзе хтосьці з бацькоў п’е. Расказваць усе падрабязнасці такога жыцця, думаю, не трэба. Пастаянныя скандалы, лаянкі, часам – бойкі… Атмасфера жахлівая. Крайняя мера – накіроўваем такога алкаголіка на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. І вось калі чалавек для сябе штосьці ўсвядоміў, калі ён закадзіраваўся і кінуў піць, калі ў сям’ю вярнуўся муж, бацька, сын – гэта найлепшы доказ таго, што наша работа – не марная.
– Нядаўна вы ажаніліся. Як адносіцца жонка да таго, што муж часам можа і сярод ночы паехаць на работу?
– Нармальна. Яна прывыкла да маёй работы яшчэ за той час, калі мы сустракаліся. Майя – так завуць жонку – падтрымлівае мяне і разумее, за што я вельмі ёй удзячны. Яна працуе бухгалтарам у СВК “Варняны”. Дарэчы, нядаўна сельгаскааператыў выдзеліў нам дом. А для маладой сям’і жыллё – вельмі важна. Дом – гэта вялікі крок, пачатак, з якога будуецца сумеснае жыццё. Таму хочацца падзякаваць старшыні СВК А.Ч. Вярбовічу і кіраўніцтву РАУС за такі падарунак. Мне зараз таксама прасцей стала працаваць – заўсёды на месцы, нават калі і ноччу хтосьці патэлефануе на мабільнік, хутчэй дабяруся да месца здарэння і дапамагу разабрацца, што да чаго. Дарэчы, гэта вельмі добра, што грамадзяне ведаюць нумар мабільнага тэлефона і тэлефануюць – значыць, яны давяраюць свайму ўчастковаму.
– Чаго хочаце дасягнуць у жыцці?
– Далёка загадваць не буду. А пакуль – заслужыць павагу ў жыхароў Варнянскага сельсавета і годна выконваць свае абавязкі.
– Як вы лічыце, што трэба для шчасця?
– Разуменне, павага адзін да аднаго, падтрымка і ўзаемадапамога.



-----------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ,

фота аўтара.