Генавэфа Андрэеўна Бурштыновіч: пра час, пра сябе, пра касцёл і веру

14:31 / 10.04.2012

Генавэфа Андрэеўна Бурштыновіч нарадзілася 14 красавіка 1924 года ў Дайлідках у сям’і Андрэя Бурштыновіча і Юзэфы з Ігнатовічаў. Яе бацькі былі малазямельнымі – мелі 2,5 гектара сваёй зямлі і яшчэ 2 гектары бралі ў апрацоўку ў сваяка. Андрэй і Юзэфа выгадавалі траіх дзяцей. Генавэфа была старэйшай з іх – за брата на сем гадоў, а за сястру – на 15. У 1941 годзе маці Генавэфы моцна захварэла і да самай сваёй смерці на працягу дваццаці гадоў яна амаль не падымалася з ложка – сямнаццацігадовая дзяўчына вымушана была стаць гаспадыняй. Замуж яна не выйшла – прысвяціла сваё жыццё спачатку малодшым брату і сястры, а калі яны завялі кожны сваю сям’ю, дапамагала ім “стаць на ногі”.
Сёння прапаноўваем нашым чытачам маналог Генавэфы Андрэеўны – пра час, пра сябе, пра касцёл і веру.


Усё жыццё – пры касцёле. Пакуль дазвалялі сілы, уборку, парадак і афармленне ўнутранага ўбранства Дайлідскага касцёла Генавэфа Андрэеўна лічыла сваім непасрэдным абавязкам. Жыве сціпла і ашчадна – сэканомленыя грошы ахвяруе на храм. За свае сродкі яна набыла скульптурную фігуру Маці Божай, якая была ўстаноўлена непадалёк ад увахода ў храм.
–Жыццё-быццё… Расказаць – таўшчэнная кніга атрымаецца, поўная гора ды слёз. Маё гора – ад рана да вячора. Ні дзяцінства, ні дзявоцтва – праца ды праца. Маленькую на ложак пасадзяць, сталом падапруць, каб не злезла, на падваконне якой-небудзь ежы пакладуць, а самі – на цэлы дзень у поле. Не паспеюць тата з мамай ад хаты адысці, як стрыечны брат шыбу аконную з вуліцы выбярэ і мае абаранкі скрадзе – сяджу да вечара галодная…
У сем гадоў ужо сама нянькай была. Кош травы налуплю, вяроўкай да сябе прычаплю, а брата – на плечы. Брата нясу, а кош з травой ззаду цягнецца…
У дзевяць гадоў ужо баранавала. Тата сее, а я спачатку палоску перад ім пабараную, а потым пасля яго – насенне закрыю. З-пад каня ледзь відалася, а працавала, як дзік.
У дванаццаць гадоў хлеб пачала пячы. Маму тады ныркі схапілі – апухла, як бомба. Яе каб у бальніцу пакласці, але за польскім часам за кожны дзень у шпіталі трэба было плаціць па два злотыя – адкуль у нас такія грошы?! Убачыла неяк нашу маму дайлідская пані Лашкевічава. Развохкалася. Паклікала да сябе ў двор, паказала, якую траву трэба запарыць, расказала, што есці можна, а што – не. Стала мама лячыцца па-панінаму, і пухліна сышла. Толькі я нядоўга парадавалася. Той самай зімой паехала яна ў адведкі да радні ў Якентаны разам са сваякамі з нашай вёскі. А снегу тады выпала – вышэй плоту. Недзе ля Баяроў дарогу так задула, што мужчыны вымушаны былі ўзяць кабылу пад аглоблі, а жанчыны – ісці пешшу. І ў гэтай гурбе мама страціла свае галёшы. Гэта сёння здаецца: толькі тае і бяды, а ў саракавым годзе – ого, галёшы! Голымі рукамі перакапала мама ўсю гурбу і моцна абмарозілася – рукі пакрыліся ранамі, страшэнна балелі і ніяк не гаіліся. Спачатку абкладвалі раны сланінай, потым прывезлі нейкую мазь з Вільні. Неяк урэшце загаілі, але працаваць мама не магла.
А ў 41-ым прыйшлі немцы.
…Мама гнала праз вёску кароў з пашы і спынілася ля вясковых жанчын. Кабеты плакалі – у суседніх Солах немцы павесілі чалавека, а ў яго – сем малых дзяцей. Нехта з жанчын бачыў, як старэйшы хлопчык бег следам, калі бацьку забіралі, як галасіў, як прасіўся ў немцаў, каб татку адпусцілі… Мама прыняла гэтую гісторыю вельмі блізка да сэрца. Да нас у двор прыбеглі жанчыны: забірайце маці – у яе адняліся ногі. Спачатку яна яшчэ крыху хадзіла, хоць праз хату магла перайсці, а потым – і зусім злягла. Вось тады я ўжо сапраўды стала гаспадыняй – і ля печы, і ля карыта, і ў хляве, і ў полі. І маленькая сястрычка на руках…
Але я баявой нарадзілася, двухжыльнай. Спраўлялася ўсюды. Ды і маладой была, моцнай. Хлопцы? Канешне, былі – віліся вакол мяне, як камары. Толькі я не мела прывычкі ўлюбляцца. Хадзіў да нас малады Собалеў – добры хлопец, працавіты. Тату шмат у чым дапамагаў. І мне падабаўся. Але ён быў праваслаўным. Памятаю размову маёй мамы з ягоным бацькам… “Вы, пан Собаль, не захочаце, каб ваш сын перайшоў на нашу веру – і мы не хочам, каб Геня ад касцёла адышла.” Паўздыхалі яны, паківалі галовамі…
А ён усё роўна прыходзіў. І ў той дзень, як да мяне сваты з Гіраў прыйшлі, таксама быў. І з хаты не выйшаў – сеў разам з усімі за стол і сядзеў моўчкі. Толькі на мяне ўсё паглядваў…
Згаварыліся тады аб вяселлі. Пачалі рыхтавацца. Я ўжо матэрыял на сукню ў Якентаны да швачкі занесла. А потым села і раздумалася…
Сустрэлася праз дзень са сваім жаніхом і так проста яму і кажу: “Старана ваша гіргунская – збяруцца бабы і будуць лэхаць па-свойму, а мне застанецца толькі слязьмі залівацца… Прабач, перадумала – не пайду за цябе”. Паспрабаваў ён мяне ўгаварыць, але я стаяла на сваім. “Усё ясна, – сказаў тады. – Маеш свайго хлопца, вось і шукаеш прычыну…”
Потым да мяне яшчэ Савіцкі сватаўся. І з Козічаў адзін таксама. Не пайшла. Чужыя яны былі, хоць і адной веры…
Ды і час такі для жыцця выпаў – не дай ты Божачка! То палякі, то рускія, то немцы… Ноччу партызаны стукаюцца ў акно: гаспадар, запрагай кабылу, вязі нас у лес. Днём немцы загадваюць дровы на станцыю вазіць. Кабыла – пад мылам…
Скончылася вайна – пачалася калектывізацыя. А людзі яе моцна баяліся. Нямала жабракоў тады хадзіла па хатах – з Украіны, з Расіі. Яны расказвалі пра страшныя парадкі і галадуху ў саветах. Але кропля камень дзяўбе – спрачаліся-спрачаліся нашы дайлідскія мужыкі на чарговым сходзе да дванаццаці гадзін ночы і нарэшце напісалі заявы.
А назаўтра раніцай тата разбудзіў брата: “Запрагай, Владзюк, жарэбчыка – прывязем напаследак пару вазоў дроў. Забяруць заўтра каня – хадзі тады за новым начальствам, зняўшы шапку…” Адзін воз яны прывезлі, другі. А трэці ў нашым двары ўжо камісія з пратаколам сустракала: “За самавольную парубку, за выкарыстанне калгаснага каня…”
– Са свайго ж лесу важу дрэва, – даказваў тата. – І жарэбчык пакуль неабагульнены, мой...
Толькі яго ніхто не слухаў: напісаў заяву – значыць, член калгаса…
Так яны тату давялі, што пад вечар стала яму дрэнна. Кінулася я да плябаніі – там рускія салдаты стаялі, і ў іх была свая дакторка… Але дакторка ўжо спатрэбілася толькі маме, каб даць супакойваючыя ўколы – тата памёр ад разрыву сэрца раней, чым прыйшла дапамога.
І з якіх, скажыце, грошай было мне ладзіць пахаванне? Добра, падказалі татавы браты: “Дзіця, у цябе ёсць шанс прадаць жарэбчыка”. Яны цішком забралі нашага коніка ў Смаргонь, а я ззаду паехала на поездзе. Прадала жарэбчыка, пахавала тату…
Праз які час прыходжу ў калгас – не прымаюць! “Або жарэбчыка аддавай, або выручаныя за яго грошы,” – крычыць на мяне старшыня Бекіш. І як я ні тлумачу – не слухае, раве. Добра, што якраз быў у нашай “Іскры” ў той дзень нейкі тоўсты дзядзька з Астраўца. “Колькі, – пытаецца ён у мяне, – твая сям’я мела зямлі?” “Два гектары, – адказваю. – Аддаём зямлю. І кабылку. А жарэбчыка прадала, каб пахаваць тату.” “Падпісвай дзяўчыне заяву – не кабенься,” – загадаў таўстун Бекішу. Той моўчкі падпісаў.
І стала я калгасніцай. На паляводстве рабіла, звеннявой на лёне была, торф паліла, учотчыцай працавала.
Учотчыцай мяне паставілі таму, што я рускую грамату ведала. У школу я хадзіла польскую, але ў саракавым годзе ў раскулачаным маёнтку Лашкевічаў стаяў полк рускіх салдат – іх рыхтавалі на фінскую вайну. Зіма ў той год была такой суровай, што вада ў вясковых студнях павымерзла – засталася толькі ў пары калодзежах. Ля нашага салдаты паілі сваіх коней. Вось я аднойчы і папрасіла рускага афіцэра напісаць мне рускую азбуку. Ён напісаў. Я збоку даставіла польскія літары і так, параўноўваючы, вывучыла рускую мову. Блыталася, праўда, з мяккім знакам, а куды ўпіхнуць цвёрды, дык і сёння не ведаю…
А потым мяне абралі дэпутатам. Я не хацела. Ніхто гэтага не хацеў – баяліся, таму што навокал было шмат розных бандытаў, якія забівалі актывістаў. На сходзе землякі так і сказалі: “Кожны з нас мае сям’ю, калі што, дык Вінцулі Карвэцкія пачысцяць усіх. А ты – не замужам…” Прыбегла я тады дамдому, галосячы. Кожны вечар чакала, што вось зараз загрукочуць у дзверы…
І з раёна начальства ў нас, бывала, начавала. Бабку саломы раскруцяць на падлогу – і кладуцца. А на вокнах – карабіны і нават кулямёт устанаўлівалі. Раніцай гляну – шмат слядоў пад вокнамі натаптана, але зброя, відаць, адбівала ахвоту нападаць…
Бандытаў было шмат, але самымі небяспечнымі для новай улады ў нашай старане лічыліся браты Карвэцкія – Вінцуль і Амброжы. Былі такія ў Баярах. Маладыя. Абодва халасцякі. Зладзілі яны на балоце сабе бункер, мелі там і нямецкую, і рускую форму, усялякіх дакументаў і пячатак, і зброі шмат – у пачатку вайны эшалон на станцыі Ашмяны пад адхон пайшоў, дык людзі прадукты адтуль цягалі, а Вінцулі (людзі называлі іх так) – зброю. Дзейнічалі яны па-рознаму: то таркай сраку старшыні надзяруць, то забяруць грошы ў фінінспектара, даўшы ўзамен яму распіску аб канфіскацыі, то хату калгаснаму брыгадзіру спаляць. Але найбольш яны нападалі на рускіх салдат…
Старшынёй сельсавета ў нас быў Іван Ушакевіч. Малады. Халасцяк яшчэ. З Падпруддзя, ці, калі па-нашаму – з Вапельні. Мы з ім неаднойчы лес на станцыі Ашмяна прымалі – бацька Івана быў начальнікам станцыі.
Памятаю, аднойчы Ушакевіч папрасіўся да нас на начлег. Маўляў, дождж надыходзіць – баюся прамокнуць. Ніякага дажджу і блізка не было, але пачынала шарэць, і ён, напэўна, баяўся сустрэцца з бандытамі. У той вечар ён завёў з мамай шчырую размову:
– Зняў я, цётка, мадалік (медальён – Г.Ч.) з грудзей і паклаў яго на комін – ляжы, Божанька, сабе, а я пайду сваёй дарогай. Наган во мне далі сапраўдны – усё ж такі я пры пасадзе.
– Глядзі, дзетка, сам, як табе лепей, – адказала яму мама. – Але калі Божанька ад цябе адвернецца, то і наган не дапаможа…
…Зімой гэта здарылася. У лютым 1950 года. У Даўшышках адбываўся калгасны сход. Старшынставаў на ім сакратар райкама Калгушкін. Я сама не прысутнічала, але мне расказваў мой стрыечны брат, які толькі што вярнуўся з арміі і ўладкаваўся агентам па мясу.
У самы разгар сходу ў хату ўляцелі бандыты. Пачалі страляць. Паранілі Манюся Страцэўскага, калгаснага сакратара, і забілі Ушакевіча. А Калгушкін быў вопытным у такіх справах – ён адразу ўпаў на падлогу. Калі адзін з бандытаў нахіліўся над ім праверыць, ці жывы, сакратар выстраліў у яго. Вядома ж, Калгушкіна застрэлілі тут жа. Хацелі дабіць і Страцэўскага, але людзі сталі прасіць, і яны адступіліся. Знялі з майго стрыечнага брата салдацкі шынэль, са старога Волгава – паліто. Закруцілі ва ўсё гэта свайго забітага таварыша, паклалі на воз і паехалі.
Салдаты прыбылі з раёна вельмі хутка. Ліхтарыкамі яны асвятлялі пакінуты бандытамі на дарозе след, спрабавалі ісці па кроплях крыві, якія прасочваліся і скрозь шынэль, і скрозь салому на возе, але падаў снег, і неўзабаве след замяло…
Параненага Манюся Страцэўскага павезлі да доктара – а ім была жонка Калгушкіна. Калі яна даведалася, што здарылася, стала галасіць: “Майго мужа забілі, а я буду нейкага бандыта ратаваць!” Ёй растлумачылі, што гэта не бандыт, а пацярпеўшы, і яна дапамагла Манюсю. Куля ў яго выйшла навылёт, і гэта аблегчыла задачу. Хоць рукой Страцэўскі так і не змог валодаць. Працаваў учотчыкам потым у калгасе…
Праз нейкі час да нас у хату завіталі энкэвадысты. Прапанавалі мне нібы незнарок запрасіць да сябе ў госці Вінцулёў Карвэцкіх. Гэта ж трэба было дадумаца! Не знай-не ведай гэтых людзей, пайду па балоце шукаць іх бункер, каб запрасіць у госці! Ці ж яны дурні? Адмовілася наадрэз.
Крыху пазней нейкім чынам энкавэдысты выйшлі на стрыечнага брата Карвэцкіх з Субялёў, які ў многіх справах удзельнічаў разам з імі. Ён і застрэліў Амброжага і Вінцуля проста ў іх бункеры. За гэта яго не арыштавалі, і ён выехаў у Вільню.
Толькі Калгушкіна і Ушакевіча забілі зусім не Карвэцкія – людзі на сходзе бачылі гэта дакладна. Там зусім іншыя бандыты былі. Казалі – з Валайкун. Што з імі стала, я не ведаю – дажылі, думаю да старасці…
І я вось дажываю. Жартачкі вам – 88 гадоў. Работніца з мяне ўжо ніякая – даўно нічога не трымаю: ні кароўкі, ні курачкі. Ногі адмаўляюцца ісці – са сваёй старой хаты ўжо да касцёла не дабрыла б. Дык свет не без добрых людзей – дазволілі перасяліцца ў гэты вось дом – якраз насупраць касцёла. Шкада, што дапамагчы не маю сіл, а так часам хочацца ўзяцца за работу… З малых гадоў жа пры касцёле.
Я памятаю, як ён пачынаў будавацца. Ды што там! Мне было тры з паловай гады, калі біскуп прыязджаў высвянчаць месца пад будаўніцтва касцёла, а я ўжо разам з іншымі дзецьмі пасыпала кветкамі дарогу перад ім. Не памятаю, чэсна скажу, ні тых кветак, ні цукерак, якімі нас аддзячыў біскуп, затое выдатна памятаю, як ён пасадзіў мяне да сябе на калені і давёз да дарогі. На машыне! На сапраўднай! У той час машына была ў біскупа і ў ваяводы – больш ні ў каго.
Дрэва на будаўніцтва мужчыны вазілі на вазах ажно з Даржоў, што за Іўем. Мой тата таксама ездзіў.
Касцёл нарэшце пабудавалі. Больш нам не трэба было кленчыць па чужых храмах – у сваім можна было і пахрысціца, і шлюб узяць, і астатняе Намашчэнне атрымаць… Думалася, так будзе вечна. Але давялося нашаму касцёліку быць і складам збожжа, і падсобным цэхам. Некаторыя да гэтага хутка прывыклі, але ў большасці сэрца балела. Асабліва калі магілы паноў Лашкевічаў ля касцёла разбурылі, і сабакі сталі цягаць па вуліцы чэрап старога пана… Лашкевічы ж нічога дрэннага людзям не зрабілі. І на будаўніцтва касцёла фундавалі больш, чым усе астатнія парафіяне, разам узятыя…






А потым цуд здарыўся – у 1989 касцёл нам аддалі. Зганьбаваным, вядома, але ганьбу мы ўсёй парафіяй і адмылі, і адмалілі.
Колькі давялося пахадзіць па высокіх кабінетах, пакуль усё вярнулася на кругі свае! У мяне такі характар, што змаўчаць не ўмею – праўду скажу ў вочы хоць ксяндзу, хоць начальніку. І выганялі, і дабром прасілі адступіцца, але я не здавалася.
Пакуль касцёла не было, на малітву людзі збіраліся ў маёй хаце – арганізавалі колка жывага ружанца, заляторкай якога стала я. За гэта маё прозвішча вісела ў канторы на сцяне ў адным спісе з калгаснымі п’яніцамі – “Яны ганьбяць наш калектыў”. І ў партком выклікалі колькі разоў: “Бурштыновіч, калі ў вашай хаце закончацца гэтыя сходкі?.. Нельга іх праводзіць.”
– Нельга, – кажу, – хіба што на неба залезці, і то некаторыя спрабуюць. А маліцца ва ўласнай хаце ніхто мне не забароніць. Я ж і за вас малюся.
Касцёл нам вярнулі. Трэба было вяртаць і ягонае начынне. Тарча, я ведала, знаходзілася ў Астравецкім касцёле. “Хто табе яе верне – столькі гадоў прайшло”, – махалі рукамі бабы. Вернуць – куды падзенуцца! Паехала да ксяндза Алёйзы – аддаў з першага разу. Адзін абраз у Сольскім касцёле, другі – у хаце Вянгроўскай… Вось так па крупках сабралі, што змаглі, астатняе – дакупілі. Кармяліты намі тады кіравалі – ксяндзы Казімір і Бярнард. Шмат яны зрабілі добрага для нашай парафіі. Як жа хацелася рабіць!
Памятаю, арганізавала кабетаў на ўборку касцёла. Перад самай Вербнай. Сама пабегла ў школу па гарачую ваду. Наліла, дурніца, у поліэтыленавыя вёдры, яны не вытрымалі – расплавіліся, і кіпень хлынуў мне на ногі. Панчохі зняла разам са скурай. А ў бальніцу ехаць не выпадае – на каго ж у такі адказны час пакіну касцёл? Так цэлы тыдзень і хадзіла: ногі цякуць, хадзіць слізка, дык вытру падэшвы насаткай – і далей: то ў лес па зеляніну, то вянкі віць, то букеты расстаўляць.
У бальніцу звярнулася толькі пасля таго, як ногі сталі чарнець. А там, пакуль лячылі ногі, знайшлі ў мяне злаякасную пухліну. Перавялі ў Гродна, зрабілі аперацыю. Вярнулася – зноў да працы. Праз дзесяць гадоў – зноў на аперацыю, праз два – яшчэ на адну. І ўсё роўна Бог даваў сілы працаваць, а гэта для чалавека – самае найгалоўнейшае ў ягоным жыцці…
Цяпер у нашай парафіі ёсць свой пробашч, і справы пайшлі яшчэ шпарчэй. У храме стала – як у Божым вушку. На жаль, я не магу гэта бачыць – вочы мне зацемніла катаракта. Дванаццаць гадоў таму ксёндз прапаноўваў зрабіць аперацыю па яе выдаленні. “Навошта? – думалася тады. – Думкі – за гарамі, а смерць – за плячамі. Колькі мне засталося?!” Толькі паміраць збірайся, а жыта сей – цяпер як знайшла б. Але я і без зроку бачу, як у нашым касцёле светла і прыгожа. Як радасна гараць знічкі. Асабліва ў такое свята, як Вельканац. У самае галоўнае свята кожнага хрысціяніна.
Канешне, адной мне няпроста, і раённая сацыяльная служба некалькі гадоў таму прапаноўвала мне перасяліцца ў Міхалішкаўскі прытулак для адзінокіх састарэлых. Але я адмовілася. І да сястры мне не хочацца, хоць яна таксама кліча. Пакуль магу, буду пры сваім касцёліку, а там Бог – бацька. Ды і не адзінокая я зусім – вакол мяне столькі добрых людзей. У мяне нават унучок ёсць! Ксёндз Павел Паўлюкевіч. Ён рана застаўся сіратой, гадаваўся ў бабулі з дзядулем, і калі вырашыў паступаць у семінарыю, дапамагаць яму не было каму. Вось я і дапамагала – з палучкі пасылала яму грошы. І на высвянчэнне, і на прэміцыйную імшу… На прэміцыі Паўлік так і прадставіў мяне: мая бабуля!
Не, і зусім я не адзінокая – са мною Бог і людзі...

Запісала Ганна ЧАКУР.