І мара стала явай...

16:32 / 21.01.2011

Пераважная большасць дзяўчынак марыць стаць настаўніцамі або дакторкамі. А хлопцы мрояць гераічнымі прафесіямі марака дальняга плавання, касманаўта або афіцэра. Зрэшты, не толькі мрояць…


Да прыкладу, хлопчык з Варнян Жэня Мілош, гледзячы на свайго суседа, яшчэ ў першым класе вырашыў стаць  выратавальнікам і, не адкладваючы справу на потым, пасля заканчэння шостага класа паступіў у ліцэй МНС, што дзейнічае пры Гомельскім інжынерным інстытуце.
–Распарадак дня ў нашым ліцэі максімальна набліжаны да распарадку ў ваенных вучэльнях, – расказвае Жэня. – Пад’ём–пастраенне–снеданне–школа–абед–самападрыхтоўка… І так да агульнага адбою. Праўда, жывём мы не ў казармах, а ва ўтульных пакоях гасцінічнага тыпу – па 3-4 чалавекі. Прычым у кожнага курса – свой корпус. Замест цывільнай вопраткі на нас – форма, на пагонах якой ззяе золатам літара “л”. Дарэчы, кожнаму з ліцэістаў выдаюцца тры віды абмундзіравання – на ўсе выпадкі жыцця: для працы, для вучобы, для ўрачыстасцей. Канешне, самая прыгожая – парадна- выхадная. Хаця мне падабаюцца ўсе. Ды што там! У ліцэі мне падабаецца ўсё.
Жэня таксама прыйшоўся даспадобы ліцэю. І не толькі тым, што вучыцца на “выдатна”, але і сваім сур’ёзным стаўленнем да абавязкаў ліцэіста, а таксама высокай дысцыплінаванасцю і энтузіязмам, з якім ён выконвае ўсе свае абавязкі. Нездарма ж менавіта яго прызначылі камандзірам узвода. А яшчэ наш Жэня трапіў у тройку самых лепшых навучэнцаў, якім выпаў гонар прадстаўляць Гомельскі ліцэй МНС на прэзідэнцкай ёлцы ў сталіцы рэспублікі.
Ну, а на канікулы будучы выратавальнік прыязджае дамоў у Варняны. Здымае сваю форму, акуратна вешае яе на плечыкі, хавае ў шафу – і становіцца звычайным трынаццацігадовым хлопчыкам, які любіць раніцай паспаць даўжэй, з задавальненнем гуляе ў снежкі з аднагодкамі,  і з радасцю дапамагае ў гаспадарчых справах свайму дзядулю Славе.


НА ЗДЫМКУ: навучэнец ліцэя МНС пры Гомельскім інжынерным інстытуце Жэня Мілош са сваім дзядулем Славуем Эдвардавічам і малодшым братам Маркам.


Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.