Заслужаны лесавод Мікалай Пятровіч Кажамякін адзначыў сваё 85-годдзе

14:33 / 11.01.2011

Жыццё Мікалая Пятровіча Кажамякіна нават самы вялікі аптыміст не назаве лёгкім. Жахлівыя гады Вялікай Айчыннай вайны, якую ён прайшоў з тысячамі іншых франтавікоў, і нямногія з іх вярнуліся дадому жывымі. За свае ратныя позвігі Мікалай Пятровіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Cлавы і шматлікімі іншымі ўзнагародамі. Пасляваенны галодны час аднаўлення краіны, цяжкая і добрасумленная шматгадовая праца...


Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Мікалай Пятровіч упэўнена крочыў па калдобістым  жыццёвым шляху і прытрымліваўся галоўнага свайго дэвізу: ніколі, нікому, нізавошта не здавацца!
Трыццаць два гады адпрацаваў Мікалай Пятровіч у Астравецкім лясгасе. За руплівую і старанную працу ён атрымаў званне “Заслужаны лесавод БССР” і іншыя шматлікія ўзнагароды. Яго рукамі пасаджаны не адзін гектар лесу, які зараз вырас і радуе вока астраўчан. А якая ўзнагарода можа быць лепшай, чым пашана і ўдзячнасць людзей?
Чацвёртага студзеня Мікалай Пятровіч Кажамякін адзначаў свой юбілей – 85-годдзе. У гэты дзень урачыста павіншаваць былога настаўніка, таварыша і калегу прыехалі старшыня раённага савета ветэранаў Р.А. Герт, намеснік дырэктара ДЛГУ П.З. Крупеньчык, старшыня і казначэй прафсаюза І.С. Пашкоўскі і Л.Л. Савіч.
Са святам вас, паважаны Мікалай Пятровіч! Здароўя і доўгіх гадоў жыцця!


Марына МАЦКЕВІЧ.