Адам Мальдзіс святкуе юбілей. Далучаемся да віншаванняў!
Было: уведаў я пра стваральную чыннасць Маціцы Галіцка-Рускай, Серба-лужыцкай, Славацкай, Чэшскай , Харвацкай – іншых культурна-асветных інстытутаў у гісторыі славянскага народазнаўства.
Адам Іосіфавіч Мальдзіс быў заснавальнікам у 1991 г. і першым дырэктарам “Маціцы Беларускай” – Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны, дзе і я стараўся пазначаць у дыфузіі культур іскрынкі беларуска-латышскага спараднення.
І вершы, прысвечаныя Творцу Адаму Мальдзісу, пачалі ў мяне ў тыя часы дапаўняць ранейшы наробак. Шматзначнае слова “маціца” ёсць і ў нашай мове: гэта адна з бэлек, на якой трымаецца ў хаце столь. Цудоўны вобраз, які мацуе радкі гэтага верша, распачатага яшчэ ў 1997 годзе, а сёння, дапрацаваны ў натхненні, адрасуецца ўжо 85-гадоваму Юбіляру з патаемнай зямлі Гудаў:
МАЦІЦА МАЛЬДЗІСА
Даўно ў Святліцы Мальдзіса
забранзавелі маціцы:
яны ўтрымалі столь!
Бо сам Адам нібы Атлант !
Жыццеўзнясенняў ён гарант,
дыфузіі кароль.
Дапамагаў і бэлечкам
даць волю нашым цемечкам :
сябры - на вышыні.
Адам з Еўропаў гутарыў
пра выверты “гайні”:
-- Не быць Айчыне хутарам!
х х х
І не асесць на пні…
Бо назбіраў пад маціцу
Скарына разам з Мальдзісам
планеты карані.
Так, Доля -- наша прасніца!
Дом Беларусі ладзіцца.
у сценах дабрыні.
х х х
Каб летуцелі дні,--
ты ў бронзаваую маціцу
звані, Адам, звані!
І ўсё ж хочацца ўскалыхнуць сваё натхненне на мерыдыянах і паралелях – своеасаблівых арэлях Адама Мальдзіса, каб узгадаць некаторыя падзеі нашага агульнага летазлічэння.
1980 – 1981
Галоўная рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм Рэспубліканскага тэлебачання правяла два выпускі перадачы “Спадчына”. У 1980 г. Адам Мальдзіс распавядаў тэлегледачам пра Полацак і пра народжанага ў гэтым старажытным горадзе Францішку Скарыну. Прывёў новыя доказы дзейнасці і такім асветнікаў, як Каятан Марашэўскі, Ян Баршчэўскі.
Мы пабывалі і ў Валынцах Верхнядзвінскага раёна, на радзіме першай беларускай “Камедыі”. Адам Іосіфавіч раскрыў дзейнасць Міхала Цяцерскага, які зрабіў пераробку мальераўскай п”есы “Доктар па прымусу”. А хвалі возера Нешчарда выкалыхвалі нам воблікі Яна Баршчэўскага.
Запіс новай тэлеперадачы “Спадчына” праходзіў 7-8 снежня 1981 г. у Вільнюсе-Вільні. Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Адам Мальдзі зноў быў аўтарам і вядучым . А дапамагалі нам Янка Багдановіч, Альбінас Жукаўскас, Костас Корсакас, Альма Лапінскене.
1984
30-гадовы юбілей шлюбу Адама Іосіфавіча з Марыяй Каролеўнай госці адзначалі ў іх кватэры, а фатаграфавацца выйшлі на дзялянку перад домам. У прытульнай сябрыне аказаліся разам з сямейнікамі Генадзь Кісялёў з Янінай Міхайлаўнай, Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч з Аляўцінай Цімафееўнай, Рагойша Вячаслаў, Таццяна Кабржыцкая з сынамі Севам і Максімам, каля іх глядзела ў фотааб”ектыў мужа Людміла Панізьнік.
1985
У 1981 г. я пазнаёміўся ўпершыню з творамі Язэпа Дылы, сабранымі пад адной вокладкай Адамам Мальдзісам. А ў 1984 г. выйшла яго кніга “Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў”. Падумалася: а мы, людзі новага часу, ці з”яўляемся спадчыннікамі К Каліноўскага, У. Серакоўскага – герояў гэтай аповесці і многіх іншых кніг Адама Іосіфавіча…
Верш “Спадчыннікі” быў надрукаваны ў “ЛіМе” у 1985 г.
СПАДЧЫННІКІ
Адаму Мальдзісу
Будучыня, моцны твой падмурак!
Для усіх – зямлян і землякоў --
вырасталі помнікі культуры,
памяць нерастрачаных вякоў.
Мы – ахова памяці і працы.
Спадчыну – на крошку!—не паруш.
Трэба не крыжамі выстаўляцца,--
помніць пра распяцці добрых душ.
Бо цаглінка кожная у замку --
нашых продкаў скамянелы крык.
Толькі праца – вечная! І заўтра
хай мацуе праца мацярык.
На дарозе творчага сталення
нам любоў за вернага ганца.
У тваіх, Айчына, пакаленняў
столькі працы – не відаць канца!
1987
На той час маімі “універсітэтскімі” падручнікамі былі кнігі “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, “Таямніцы старажытных сховішчаў”, “Астравеччына, край дарагі…”, “З літаратурназнаўчых вандраванняў”…
А як некрыкліва адзаначыць 55-годдзе ад нараджэння шаноўнага Творцы, пачатак яго афіцыйнай навуковай дзейнасці ў 1962 г.,уступленне ў Саюз беларускіх пісьменнікаў у 1967 г.,уганараванне доктара філалагічных навук у 1987 г. ?
Верш “Страты” з эпіграфам А. Мальдзіса быў змешчаны ў “Дні паэзіі” за 1988 год.
СТРАТЫ
Гістарычны лёс беларускага народа
склаўся так, што яго матэрыяльныя
і духоўныя каштоўнасці разышліся,
расплыліся літаральна па ўсім свеце.
Адам Мальдзіс
Не хочацца бяссоніцай параніцца.
І ўсё ж паўночы сну пайшло у спраты.
Высвечваюцца светлазорнай раніцай
усе мае разбуджаныя страты.
Яны – як дзіркі рваныя у полагу.
Яны – як прорвы чорныя ў стагоддзях.
Любая страта не знікае сполахам --
нястачаю нашчадкам пераходзіць.
Ці вернецца нектар у соты родныя?
Запоўняцца набыткамі прагалы?
А нехта ж верыць: мы былі бясплодныя.
Дакуль жа век мой будзе абалганы?
Абкрадзеныя продкі, вы пакрыўджаны.
Мы ж, спадчыннікі, самі вінаваты.
Шыкоўненька пад новенькімі крыламі
растуць сыны руінаў – бюракраты.
Яшчэ не хутка іх улада ляснецца,
хоць рычагі у іх пахаладзелі…
А Беларусь была і ёсць уласніцай
любой сваёй няспраўджанай надзеі.
І заўтра хтось яшчэ адзін абудзіцца,
забыўлівасці выламае краты.
Святла – у спраты! Ажывайце, страты,--
і ўсё, у што паверылі мы,--збудзецца!
1989
“Пра ўсё сказаць прыйшла пара”. Гэта не мне быў наказ з Нябёсаў. Хаця…А па праўдзе –23-24 красавіка 1989 г. Варнянскі сельскі клуб на Астравеччыне – на вялікай, а не “малой” радзімы Мальдзіса, як звыкліся некаторыя аўтары пісаць пра родны мацярык, праходзіла Свята паэзіі. Усе, хто хацеў і мог, выказаліся прозаю і вершамі. А вось наступны хваласпеў, які я хачу паказаць, першымі радкамі праклюнуў паперу пад дзюбамі буслоў у Палушах. У “маёнтку дзеда Караля” – а папраўдзе – бацькі Марылі Каролеўны, жонкі Адама Іосіфавіча, і машыне месца знайшлося, і я ўтульна пераначаваў сярод рарытэтаў “кулацкага” а па праўдзе -- барозна-папарнага жыцця. Нарэшце вынырнуў ужо з майго архіва тоў здзіў:
ПА ВУШЫ Ў ПАЛУШАХ
Хата дзеда Караля
так падобна да вулля:
пчолачка з каронаю --
Марыя Каролеўна!
І не труцень сам Адам.
Не фазэнда тут, а храм!
Вунь на крону – неба столь--
бусел ускараскаўся.
Хай жа будуць краскамі
і – у золь
з бабкаю Параскаю
дзед Кароль!
1994
Пра бабку Параску, якая жыла на Шляху з Грэкаў у Варагі, я яшчэ раскажу. А зараз стукаецца ў шыбіну памяці сам Аўтограф Адама Восіпавіча з кнігі “І ажываюць спадчыны старонкі”, якая пабачыла свет у 1994 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Дарчы надпіс, калі прачытаць услух, гучыць так: “Дарагім Панізьнікам – аўтар, госць колішні хаткі бабкі Параскі ў яе 15-годдзе. А. Мальдзіс”.
“Гістарычная” дакладнасць тут неверагодная. Гэта ў 1979 г. была набыта ў Цінкаўцах хаціна ад сына Белавус Параскі родам з-пад Дзісны. Праз год я пачаў збіраць “эхспанаты” для будучага музея.
2007
Пад Бігосавам, амаль на беразе Дзвіны ў Верхнядзвінскім раёне, з 1980-га да нядаўняга часу існаваў заснаваны мною Музей на Шляху з Грэкаў у Варагі “Хата бабкі Параскі”. Аднаго разу Адам Іосіфавіч там быў у наначках пасля наведання вёскі Валынцы.. Хацелася яму яшчэ раз узгадаць мясціны, дзе існавала Забельская калегія.
Ступілі, успамінаю, на бугры даўніх пахаванняў тутэйшых знакамітасцяў. Муры-скляпенні раскурочаныя… Побач аднаго дашчэнту разграбленага склепа на кій быў уздзеты чэрап продка… На радзіме “Камедыі” мы здрыгануліся ад праяваў “выхаваных”атэістаў-варвараў.
Але якая радасць апанавала мяне ад наведання ўжо згаданай хаты дзеда Караля ў Палушах. Яшчэ раз нагадаў пра яе Адаме ў новым падарунку—у кнізе з выдавецтва “Лімарыус”. Чытаю: “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса”. А дарчы надпіс такі:”Дарагому Сяргею Панізьніку, уладальніку гістарычнай “Хаты бабкі Параскі”—ад нібыта гаспадара хаты дзеда Караля. А. Мальдзіс. 4.12.2007”.
Усе гэтыя дарчыя надпісы можна знайсці на 50-й старонцы ў кнізе-альбоме “Аўтографы з кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960—2011).
2009
З выдавецтва “Кнігазбор” у 2009 г. мы атрымалі таміны ў 452 старонкі пад назвай “Тысяча гадоў добраму суседству. Беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыццё”. Складальнікам быў я, а галоўным рэдактарам А. Мальдзіс. Ён жа ініцыятар і апякун-арганізатар. Бо выданне было здзейснена пры дапамозе Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і грамадскай арганізацыі “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, самым актыўным сябрам якой была навуковец і перакладчыца Альма Лапінскене з Вільнюса.
1000-годдзе першай згадкі пра найменне “Літва” мы адзначылі вельмі ўзнёсла. З гумарам быў названы наступы мой верш:
МІЛЕНЕ-УМНАМУ АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
Хто Альмачку здаўна вітаў?
Dabar as viska supratau !
Літоўска-беларускі КОЛАС
узвысіў Ты за небакрай.
Лапінскене, а з ёй Багдонас
падвышаны займеюць тонус:
--Gerai,--прамовяць. –Neblogai!
Тысячагодні юбілей
падоўжыцца і надалей.
Сумесны будзем весці рэй!
І пра Расолы, Гудагай
пасунешся, Адам, у Рай,--
добрасуседства азываць,
сваё Стокніжжа выдаваць.
------------------------------------------------------------------------
Dabar as viska supratau! (літ.)—Цяпер я ўсё зразумеў!
Gerai (літ.)--Добра . Neblogai (літ.)—Няблага!
Рай – вёска у Гродненскай вобл.
2012
Юбілейны год Адама Мальдзіса . Розніца між вёснамі-летамі ў нас – роўна 10. Таму загадзя пачаў складваць Адаму Іосіфавічу верш-прысвячэнне.
НА ДАМАЛОТКІ
Зноў праз весніцы ад Жыценя
атрымаеш бохан.
Будзем жыць як набяжыць, ці не?
Не! Будзем слухаць Бога.
Нам з табой, Адам, пры Балтыцы
гудзьбаваць прасторы.
Юбілеі – каб упарціцца,
лушчыць недаборы.
І здабытак браць не ў рэзьгіні--
для Праабражэння.
Юбілеі – гэта хрэсьбіны
новага служэння.
Будзем заўтра з дамалоткамі
ты і я за туза,--
з мроямі салодкімі,
думамі-малодкамі
дні за лейцы тузаць.
--------------------------------------------------------
6 жніўня адзначаюць свята Праабражэння Ісуса
паводле каталіцкага календара.
2016
Адам Іосіфавіч 17 красавіка 2016 г. паведаміў: “Збіраюся на Астравеччыну. Буду ў Астраўцы, Рымдзюнах і Малях…”
Пра ўзвядзенне Астравецкай атамнай электрастанцыі шораху на ўсіх суседніх землях многа. Я асцерагаўся трывожыць нашага Адомаса-Антраса-Гудаса (дарэчы: гуды ў разуменні балтаў – майстры, умельцы), але ўрэшце-рэшт асмеліўся на такое пяцірадкоўе:
Прашу Нябёсы ў сіні, зеллі,--
Каб людзі Т А М не ачарсцвелі,
І каб Адамавы Рымдзюны,
Як той Чарнобыль, не аселі
На гнеўных ізатопаў дзюны.
Заканчэнне 2016 года запомнілася такімі мальдзісаўскімі радкамі: “Віншую з 500-годдзем беларускага і тым самым усходнеславянскага кнігадрукавання і 800-годдзем успамінання нашага этнічнага наймення ў пісьмовай (лацінамоўнай) крыніцы –Albarussia! 31.12.2016 г.”
Нашы суседзі адшуканы тапнім “Літва” выкарысталі на 1000 працэнтаў. Мне ж падзякаваць за паведамленне давялося вось толькі так:
Наша Альба!
Знікне жальба,--
мы ад вусця
хваляў-гусьцяў
паплывём не ўскось, а прама,
Дзякуй ветразю Адама!
Заўтра Мальдзіса стырно
паяднае Высь і Дно.
Плынь не будзе заскарузлай,
бо з крыніцы беларускай.
Колькі ж год ёй? Восемсот!
Мацярык – у разварот!
2017
Чым надзелена мудрасць? З прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Прыпавесці Саламона” (Прага, 1517) можна вычытаць:”У ёй сапраўды ёсць дух – разумны, разважлівы, сціплы, даступны, рухомы, несапсаваны, сапраўдны, салодкі, чысты, сталы, добры! І ўсімі астатнімі цнотамі мудрасць надзелена”
Пакуль разбіраўся з цытатаю вынослівага Палачаніна, раптам з абажура, бо няма маціцы пад столю, скаціўся лісток календара ад 7 жніўня 2002 года. У тэксце на ім Алена Васілевіч узгадала лонданскае віншаванне ад Адама Мальдзіса ў 1982 г., пералічыла (амал ь лірычна) усе адметнасці-выдатнасці-дасведчанасці доктара, прафесара, лаўрэата, медаліста з узнёслымі крыламі…
І прызналася на заканчэнне:”Яго вуснае Слова можна слухаць, не стамляючыся, бясконца! Златавуст! Аратар – без позы! Цыцэрон!”
І вось хачу пачаць самы свежы верш-прысвячэнне “Скарынаўская вязь”, эпіграфам да якога ахвоцяцца радкі і з прадмовы Францішка Скарыны, і з каляндарнага выспаведвання Алены Васілевіч.
СКАРЫНАЎСКАЯ ВЯЗЬ
І мовіць Ганна Запартыка:
--Зацыраваў Адам свой схрон.
Ён Таямніцаў уладыка:
тарчыць з архіваў Цыцэрон.
Ля слоў Алены Васілевіч
у поўнай згодзе словы Ганны:
--Аратар? Саламон? Ён – веліч
і Златавуст неабалганы!
На цаліку вякоў – Араты.
Узяць яго “снапы” ў музей?
Хай Словам скіне крагі з варты
і Клічам зрушыць Калізей!
Так, гладыятарам Адась
сваіх Расолаў не адасць.
Гучаць “—Sto lat!” яму парады.
Ён мемуарна верне страты.
Між чытачоў не будзе звады::
Скарынаўская
у Адама
вязь!
З паклонам – Сяргей Панізьнік.
Зак. 30.07.2017