Доска почёта: участковый Александр Лукша из Гервят

08:20 / 30.01.2013

У пачатку 90-х двое сяброў-вайскоўцаў вырашылі пасля арміі падацца ў міліцыянеры. Чаму? Напэўна, яны тады і самі не ведалі дакладны адказ на гэтае пытанне. Толькі менавіта гэты момант стаў вырашальным для ўчастковага інспектара Гервяцкага сельсавета Аляксандра Іванавіча Лукшы, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.


Хаця спачатку, як зараз з усмешкай прызнаецца, Аляксандр Іванавіч і ўявіць сабе не мог, што некалі будзе ўчастковым. Бацькі працавалі ў калгасе, і пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы юнак таксама надумаў звязаць будучыню з сельскай гаспадаркай і нават паступіў у Гродзенскі аграрны інстытут на завочнае аддзяленне агранамічнага факультэта. Толькі павучыўся нядоўга… Яшчэ не скончыўшы першы курс, юнак пайшоў у армію. Служыць выпала ў Валожыне ў войсках сувязі. Там ён пазнаёміўся з хлопцам, які, дарэчы, таксама адправіўся ў армію з інстытута. Яны пасябравалі, і ў мітусні штодзённай службы часам задумваліся, чым будуць займацца, калі вернуцца дадому? Аднойчы “калектыўны розум” і вырашыў – а чаму б не паспрабаваць пайсці ў міліцыю?
– Гэта быў 94-ы год. Тады было такое адчуванне, што ў Астраўцы існуюць чатыры прафесіі: пагранічнікі, выратавальнікі, міліцыянеры, мытнікі, – успамінае Аляксандр Іванавіч. – Ну вось я і выбраў міліцыю. Сябру, з якім служыў, пашанцавала больш – ён амаль адразу пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ў Мінску, а я падаў дакументы ў 94-м, а пачаў працаваць у 95-м. З чаго пачынаў? (Усміхаецца) Ой, ды за гэты час паспеў перабраць амаль усе сяржанцкія пасады. Спачатку служыў у патрульна-паставой службе, затым – у ізалятары часовага ўтрымання, памочнікам у “дзяжурцы”, у групе тылавога забеспячэння, інспектарам дарожна-патрульнай службы… Вось так да малодшага ўчастковага інспектара і даслужыўся.
За гэты час атрымаў адукацыю юрыста. Ну а ў 2004 годзе адправілі мяне ў Гервяцкі сельсавет участковым. Вось і ўвесь мой службовы спіс.

Зараз на ўчастку Аляксандра Іванавіча – больш за 40 населеных пунктаў і каля 1900 жыхароў. Многа гэта ці не – адказаць цяжка. Але Гервяцкі сельсавет вызначаецца адной асаблівасцю – тут пражываюць людзі розных нацыянальнасцей.
– Ці цяжка? Ды любая праца патрабуе старання і намаганняў. Сапраўды, тут пражываюць грамадзяне розных нацыянальнасцей, але ўсе яны – звычайныя людзі. У сваёй рабоце я прытрымліваюся правіла, што перш за ўсё трэба чалавека выслухаць і пагаварыць. Няважна – з бядой ён прыйшоў ці са скаргай, у якасці сведкі ці падазраваемага. Трэба быць не толькі ўчастковым, але і псіхолагам, які можа дапамагчы і параіць. Вось мне часам кажуць: “маўляў, чаго ты “цацкаешся” з ім, уляпі кругленькі штраф, будзе ведаць!” Пакараць – справа няхітрая, але не варта забываць, што гэтыя самыя грошы прыйдзецца аддаваць нявінным людзям – жонцы ці блізкім парушальніка. І чаго дасягнём у выніку? А можна ж пагутарыць з ім, прывесці аргументы, паўплываць маральна. Глядзіш, і падзейнічае сіла слова.
Канешне, было і цяжкавата. Спачатку не было службовага аўтамабіля і прыходзілася ахвяраваць сямейным бюджэтам. Зараз у мяне ёсць транспарт, мы супрацоўнічаем з СВК “Гервяты”, які дапамагае. Зараз маладыя супрацоўнікі часам скардзяцца – маўляў, цяжка быць участковым і з усім спраўляцца. І гэта пры тым, што службовым транспартам забяспечаны. А калі ўжо ўзнікаюць праблемы з палівам, то ўсё – ні на які выклік я не паеду, няма на чым. А раптам там чалавека забіваюць? Перш, чым ісці ў міліцыю, трэба добра абдумаць сваё рашэнне, каб пасля не звальняцца праз паўтара года і не скардзіцца на цяжкасці, а, нягледзячы ні на якія абставіны, выконваць свае абавязкі.

Шэсць гадоў назад да сям’і Лукша, якая пражывала ў інтэрнаце, дайшла чарга на будаўніцтва кааператыўнай кватэры. І амаль адначасова ім прапанавалі дом у Гервятах. Ваганняў амаль не было. Хутка сям’я пераехала ў Гервяты. Бо Аляксандр Іванавіч упэўнены – участковы павінен жыць на сваім участку.
– А як жа інакш? Так лягчэй – усё на віду, людзі цябе ведаюць, ты – іх. Ды і з насельніцтвам прасцей кантакты наладжваць. А гэта вельмі важна. Едзеш, напрыклад, і бачыш: чалавек ідзе, дык чаму не падвезці да таго ж магазіна ці куды трэба? А за гэты час пагаворыш, выслухаеш чалавека, глядзіш, можа і цікавае нешта даведаешся. Не мною даказана, што палову злачынстваў расследуецца з дапамогай людзей, якія нешта бачылі ці ведалі.
А вось пра сваё баявое “хрышчэнне” ўчастковы інспектар расказвае з усмешкай, хоць не вельмі ахвотна.
– Даўно гэта было, ці варта ўспамінаць? Так атрымалася, што я ўдзельнічаў у затрыманні зладзеяў, якія ўкралі аўтамабіль, разам з уладальнікам гэтага аўто. Ой, чаго толькі тады не было: і на таран мы ішлі, як у замежным баявіку, і, даганяючы злодзея, заехалі ў чужы двор гаспадар якога сам прыняў нас за злодзеяў. Зараз смешна ўспамінаць, а тады… Не, страшна не было, пра гэта нават і не думаў, азарт быў – трэба ж дагнаць. І дагналі!
А ў вольны час Аляксандр Іванавіч любіць парыбачыць. Надзейную кампанію ў гэтым яму складае сын-сямікласнік.
Удваіх устаюць яны ў чатыры гадзіны раніцы і ціхенька, каб не разбудзіць жонку і дачку (эх, жанчынам гэтага не зразумець), адпраўляюцца на “паляванне” з вудачкай. Рыбачаць звычайна на мясцовым вадаёме, часам выязджаюць у Малі ці Варняны. У асноўным ловяць рыбу на вудачку. Толькі адносна нядаўна Аляксандр Іванавіч стаў выкарыстоўваць і спінінг. З лёгкім шкадаваннем адзначае, што пакуль рыбачаць яны без лодкі. Аднак штосьці падказвае, што гэтае “пакуль” – часовае.
Вось такі ён, участковы Гервяцкага сельсавета Аляксандр Іванавіч Лукша, уладальнік ганаровых медалёў “90 гадоў міліцыі Беларусі” і “За адзнаку” – на рабоце і ў звычайным жыцці.


--------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара