Гонар раёна: вадзіцель ПМС Іосіф Вянгроўскі

08:45 / 05.09.2011

Ці ведаў у дзяцінстве Іосіф Вянгроўскі, што такое меліярацыя, арашэнне, перасовачная механізаваная калона, АЗС? Ці думаў, што гэтыя словы, паняцці, назвы будуць суправаджаць яго кожны дзень і стануць часткай жыцця? Наўрад, бо рос ён звычайным хлапчуком, хадзіў у школу, дапамагаў бацькам па гаспадарцы і да позняга вечара прападаў з сябрамі, гуляючы ў футбол…


А вось футбол хлопчыку падабаўся заўсёды. Часцяком Іосіф, кладучыся спаць, заплюшчваў вочы і ўяўляў сябе вялікім футбалістам – вось ён бяжыць па полі вядомага стадыёна і забівае гол сапернікам, трыбуны радуюцца, яго каманда выйграе – і ўяўленне несла хлопчыка ўсё далей, закалыхваючы на пяшчотных хвалях і ператвараючы дзіцячыя мары ў прыемны каляровы сон. Аднак кім толькі не мараць стаць у такім узросце? Касманаўтам або проста лётчыкам, выратавальнікам… Калі ж дзіцячыя мроі саступілі месца рэальным пажаданням, Іосіф выбраў шлях памерам у бясконцую дарогу, надзейны руль у руках і гул матора, сугучны з біццём уласнага сэрца. Ён стаў вадзіцелем.
–Пасля школы мяне адразу забралі ў армію, – успамінае свой шлях у меліярацыю Іосіф Вянгроўскі. – Служыць давялося ў польскім горадзе Шчэцын у паўночнай групе інжынерных войск. Выканаўшы святы абавязак перад Радзімай, вярнуўся ў родныя Дравянікі. Трэба было на працу неяк уладкоўвацца. Тут мне аднавясковец Уладзімір Міхалоўскі, які працаваў у ПМК-59 – так тады называлася цяперашняе прадпрыемства меліярацыйных сістэм – і параіў уладкавацца да іх на працу. Я вырашыў паспрабаваць, вось так і стаў вадзіцелем гэтага прадпрыемства.
Прыйшоўшы сюды аднойчы, Іосіф Іосіфавіч Вянгроўскі, напэўна, і не падазраваў, што застанецца назаўсёды. Проста не ў характары мужчыны было спыняцца на паўдарозе, пакідаць пачатую справу ці ўцякаць з карабля, які пачынае тануць. За столькі гадоў ён змяніў некалькі машын, але і сёння памятае марку кожнай, колькі гадоў адслужыла і аб’екты, на якіх працавалі разам.
–Спачатку далі мне ГАЗ-51 – такіх цяпер, напэўна, і няма нідзе. Два гады на ім ездзіў. У асноўным вазіў запчасткі на розныя аб’екты. А ў 1978 годзе, як зараз памятаю, тагачасны загадчык гаража Віктар Невяроўскі прапанаваў новую аўтамашыну – ГАЗ-52, якая лічылася спецтранспартам і выконвала тэхнічнае абслугоўванне. І вось з 1978 да 1992 года я працаваў на такой машыне, дакладней, за гэты час нават дзве з’ездзіў. Што рабіў? Выязджалі на пэўны аб’ект і ў палявых умовах праводзілі тэхнічнае абслугоўванне тэхнікі – змазвалі, што трэба, падкручвалі, зноў змазвалі. Для гэтага са мной майстар ездзіў. Але дзе ж ён усюды адзін паспее? Таму амаль заўсёды і я дапамагаў. Выпэцкаеш, бывала, рукі па локці ў мазут, а пасля адмываеш – ну куды палезеш з бруднымі за руль. Так і працавалі.
Наступным “баявым сябрам” Іосіфа Іосіфавіча стаў самазвал ЗІЛ. Некалькі змяніліся і абавязкі. Не, ён па-ранейшаму “круціў баранку” і “намотваў” усё новыя кіламетры, але на гэты раз у тандэме чалавека і машыны з’явіліся новыя дарогі. Вось трэба меліяратарам неяк дабрацца да аб’екта, а ніякага шляху няма. Выйсце адно: самім пабудаваць дарогу. І пачынаюць вазіць гравій, укладваць яго, раўняць… Альгіняны – Мацкі, аўтадарога “Дружба”, што ў Ашмянскім раёне, і шмат іншых – плён працы і Іосіфа Іосіфавіча таксама. Колькі рэйсаў ён зрабіў сюды, памятае, хіба, толькі сама дарога. Так працягвалася гады два. А тым часам лёс ужо падрыхтаваў мужчыне новыя абавязкі, а значыць і новую машыну.
–З 1994 года я зноў перасеў на спецмашыну – шанцуе мне з імі, – усміхаецца Іосіф Іосіфавіч. – На гэты раз далі бензавоз, на якім я дастаўляў паліва. Гэта зараз Смаргонская нафтабаза, лічы, побач знаходзіцца. А ў 90-я гады з розных мясцін прыходзілася гаручае вазіць: з Пастаў, Ражанкі, Наваельні, Маладзечна – і гэта далёка не ўвесь пералік маіх пастаянных пунктаў прызначэння. Акрамя гэтага, часам прыходзілася і на палі свайго раёна гаручае падвозіць. Зараз, праўда, такое амаль не здараецца, затое мы аказваем паслугі іншым арганізацыям – дастаўляем, калі трэба, паліва. Работы хапае заўсёды.
Зараз Іосіфа Вянгроўскага на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм наогул можна лічыць галоўным забеспячэнцам па гаручым. Мала таго, што ён прывозіць паліва з нафтабазы, дык яшчэ на працягу пяці гадоў працуе аператарам АЗС ці, як усе па-простаму называюць, запраўшчыкам. Той, хто хоць прыблізна знаёмы з гэтым заняткам, ведае, што простым яго не назавеш. Пакуль вадзіцель яшчэ снедае дома, запраўшчык павінен ужо быць на месцы, каб усё праверыць і падрыхтаваць. Але Іосіф Іосіфавіч усё паспявае і на работу не наракае. Бо галоўным для сябе лічыць – добрасумленна адносіцца да сваёй працы і нікога не падводзіць.
У гэтым годзе Іосіфу Іосіфавічу Вянгроўскаму было прысвоена званне “Ганаровы меліяратар”, яго фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару. У працоўнай кніжцы мужчыны толькі адзін запіс, і на працягу вось ужо трыццаці пяці гадоў ён сумленна выконвае свае абавязкі. А гэта азначае: чалавек на сваім месцы.
–Ды проста не ў маім характары нешта мяняць, кідацца ў розныя бакі, шукаючы, дзе лепш. Таму ніколі і не збіраўся кідаць сваю працу, нават калі ў прадпрыемства былі цяжкія часы. Мне падабаецца быць вадзіцелем – напэўна, гэта прызванне, наканаванае зверху. А яшчэ вельмі пашанцавала, што мяне заўсёды разумелі і падтрымлівалі мае родныя – ніколі не адпраўляўся ў чарговы рэйс без абеду, прыгатаванага клапатлівымі і пяшчотнымі рукамі жонкі Рэгіны Эдмундаўны, яна заўсёды сустракае мяне з работы. Таксама многаму навучыў цесць – Эдмунд Адамавіч Ракоўскі, некалі ўдастоены права быць дэлегатам 26 з’езду КПСС. Ён быў для мяне прыкладам, на які варта раўняцца. Ды і сваім бацькам удзячны за ўсё, чаму навучылі і што далі. Таму і не разумею: калі ў жыцці ўсё нармальна, навошта шукаць нечага лепшага?


Марына МАЦКЕВІЧ.