У гасцёўні "Астравецкай праўды" ўрачы Ганна і Аляксандр Філістовічы

13:58 / 21.06.2011
2

Задума пазнаёміцца бліжэй з загадчыкам хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандрам Сяргеевічам Філістовічам і пазнаёміць з ім нашых чытачоў узнікла пасля размовы ў кабінеце старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі. Мы праводзілі “Прамую лінію” з чытачамі “Астравецкай праўды”, і ў перапынку паміж званкамі ў кабінет зайшлі галоўны ўрач ЦРБ В. І. Тачоны і начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя А.А. Стрыжак. Першае, пра што завёў размову Андрэй Аляксеевіч, была ўнікальная аперацыя, якую напярэдадні правялі нашы хірургі:
—Вашы ўрачы такія малайцы – зрабілі аперацыю на адкрытым сэрцы! Не пабаяліся адказнасці – і выратавалі жыццё маладога чалавека. Абласны сасудзісты хірург, які прыехаў потым, толькі рукамі развёў: усё зроблена бездакорна!
А калі я падзялілася з Валянцінам Ігнатавічам Тачоным сваімі планамі напісаць пра Аляксандра Сяргеевіча Філістовіча, той унёс у іх карэктывы:
—А вы раскажыце пра  абодвух урачоў Філістовічаў. Ганна Іосіфаўна — таксама ўрач ад Бога. Пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце, калі атрымаў траўму вока. Калі прафесар у Мінску ў спецыялізаванай клініцы прызначыла мне пасля доўгага абследавання складанае лячэнне, я адказаў, што ўжо атрымліваю яго па рэкамендацыі нашага раённага акуліста. Яна перш здзівілася, а калі даведалася, пра каго ідзе размова, усміхнулася: аказваецца, прафесар добра ведае нашу Ганну Іосіфаўну як цудоўнага спецыяліста.
Ну што ж – значыць, нам туды дарога… У сэнсе – да сямейнай пары ўрачоў Філістовічаў.
Сустрэча была прызначана напрыканцы працоўнага дня – меркавалася, што да таго часу напружанне спадзе, і мы зможам спакойна пагутарыць. Ды дзе там! Ганну Іосіфаўну раз-пораз выклікалі то ў аддзяленні, то ў прыёмны пакой, у калідоры пад кабінетам чакалі сваёй чаргі пацыенты… У хірургічнае аддзяленне паступала пажылая жанчына з кровацячэннем… І ўсё ж размова, хоць і з перапынкамі на неадкладныя справы, адбылася.


— Чамусьці сямейнасць, падобная вашай, сярод медыкаў сустракаецца нашмат часцей, чым у іншых прафесіях. Як вы думаеце, чаму? Ці толькі  доўгае сумеснае навучанне ў медыцынскім універсітэце віной таму? Як, зрэшты, узнікла ваша сямейна-медыцынская “ячэйка грамадства”?
Аляксандр Сяргеевіч:
— Ну, у нас вучоба ўвогуле ні пры чым: мы вучыліся ў розных універсітэтах: я – у Гродзенскім, Аня – у Мінскім. Пазнаёміліся ўжо тут, у Астраўцы, калі прыехалі  працаваць па размеркаванні. Прычым я раней, яшчэ два гады “чакаў” яе…
А ўвогуле гэта вельмі добра, калі твая палавінка разумее цябе з паўслова. І не трэба, перш чым расказаць пра тое, што здарылася на рабоце, спачатку тлумачыць спецыяльныя тэрміны і г.д. Калі жонка – калега, то яна і параіць можа, і падказаць, і проста зразумець.
Ганна Іосіфаўна:
— Я, калі яшчэ вучылася ва ўніверсітэце, марыла, каб муж мой таксама быў урачом. Для сям’і, узаемаразумення гэта вельмі добра: можна і выслухаць, і параіць, калі ёсць што, ці проста памаўчаць ці даць выспацца…
А ўвогуле Сашу мне напрарочылі. Калі я атрымала размеркаванне і праходзіла інтэрнатуру ў Гродне, прыехала з Астраўца мая старэйшая калега і давай расказваць: “Ой, Аня, там у бальніцы такі цудоўны малады хірург працуе. Між іншым, нежанаты, так што май на ўвазе…” Хоць, зрэшты, на першым часе мы не асабліва заўважалі адзін аднаго: у яго свае абавязкі, у мяне – свае. “Пазнаёміліся”, калі можна так сказаць, на навагодняй карпаратыўнай вечарынцы. Сталі сустракацца – і неўзабаве пажаніліся.
А ўвогуле марам уласціва збывацца. Некалі я марыла паступіць у медуніверсітэт, каб стаць урачом і дапамагаць людзям – так і сталася. Марыла пра мужа-доктара, пра тое, што ў нас будзе двое дзетак – сын і дачка… Насця ўжо закончыла два класы, а Дзіма сёлета пойдзе ў першы.
— А пра тое, каб дзеці таксама сталі ўрачамі, прадоўжылі сямейную справу, не марыце?
Аляксандр Сяргеевіч:
— Гэта ўжо ім вырашаць, калі прыйдзе час. Калі, скажам, у іх будзе схільнасць да матэматыкі ці да творчасці, то не станем жа мы прымушаць іх зубрыць хімію ды біялогію.
Ганна Іосіфаўна:
— Калі меркаваць па іх сённяшніх марах, то яны хутчэй будуць заснавальнікамі дынастыі цыркачоў: Насця марыць стаць дрэсіроўшчыцай тыграў, а Дзіма – фокуснікам.
— З гісторыяй вашай сям’і мы разабраліся. А як у кожнага з вас узнікла ідэя стаць урачом? І чаму менавіта гэтая спецыялізацыя? Таксама, напэўна, сямейная дынастыя, як гэта часта бывае ў медыкаў?
Ганна Іосіфаўна:
— Ну, у мяне пра дынастыю гаварыць складана. Праўда, мама працавала медсястрой. А калі  прыйшла пара  выбіраць прафесію і я стала перабіраць магчымыя варыянты і ацэньваць свае жаданні, то зразумела, што найбольш хачу дапамагаць людзям. І вырашыла, што найбольш магчымасцей для гэтага ў медыка. А тут яшчэ сяброўка сабралася паступаць у Мінскі  медыцынскі ўніверсітэт… Не рыхтуючыся, без усялякіх рэпетытараў, падала “за кампанію” дакументы і я. Самае дзіўнае, што паступіла!
І акулістам стала дастаткова выпадкова. На размеркаванні ў нас прысутнічаў міністр аховы здароўя. Спытаў у мяне: “А не хацелася б папрацаваць акулістам у Гродзенскай вобласці?” Чаму б і не – я сама з Ліды! Ужо ў Гродна, калі прыехала праходзіць інтэрнатуру, даведалася, што Гродзенская вобласць у маім канкрэтным выпадку азначае Астравец. На карце знайшлі, дзе ён знаходзіцца, даведаліся, што аўтобус ходзіць раз на дзень…
Аляксандр Сяргеевіч:
— Сапраўды, у медыцынскі мне настойліва рэкамендавала паступаць мама. Яна таксама ў свой час закончыла Львоўскі медыцынскі. І  хоць у медыцыне не працавала, займалася выкладчыцкай дзейнасцю ў Гродзенскім медуніверсітэце, напэўна, хацела, каб мы з братам – ён, дарэчы, таксама стаў хірургам, працуе ў абласной паліклініцы – прадоўжылі яе справу. Па праўдзе кажучы, спачатку мяне гэта перспектыва не вельмі натхняла. А пасля, бліжэй да заканчэння школы, маміны аргументы падаліся пераканаўчымі. Паступіў у медыцынскі і закончыў яго з “чырвоным” дыпломам. Цяпер ужо разумею, што ў выбары прафесіі не памыліўся. Лішні раз пераканаўся ў гэтым, калі вучыўся ў клінічнай ардынатуры, якую закончыў у 2005 годзе.
А чаму менавіта хірургія? Недзе да сярэдзіны вучобы на лячэбным факультэце, калі ўжо стала праясняцца, што ёсць што, зразумеў, што тэрапеўтычныя спецыяльнасці мне не вельмі падабаюцца. Тэрапеўты маюць справу, як правіла, з хранічнымі хворымі, якіх вылечыць вельмі цяжка, калі не сказаць — немагчыма: іх лечаць, наступае перыяд рэмісіі, пацыента выпісваюць – а праз нейкі час  ён зноў вяртаецца, і з тымі ж праблемамі, і трэба зноў займацца тым жа… А хірургія – больш радыкальны і эфектыўны, як я лічу, напрамак медыцыны: тут можна пазбавіцца ад хваробы раз і назаўсёды.
Дарэчы, я б параіў людзям не баяцца хірургаў і не адцягваць зварот да ўрача да самага крайняга выпадку. Бо часта ж кажуць: што заўгодна, толькі не пад нож! А між тым, часта менавіта “нож”, дакладней, скальпель, можа аказаць чалавеку адзіна магчымую па-сапраўднаму дзейсную дапамогу. У нас сёння працуюць прафесіяналы высокага ўзроўню, у тым ліку і маладыя, з самымі свежымі ведамі, і любую аперацыю могуць зрабіць вельмі эфектыўна – калі, вядома, звярнуцца да ўрача своечасова.  Але людзі чамусьці ўсё адцягваюць да апошняга, з той жа банальнай грыжай ходзяць, пакуль яна не ўшчыміцца і кішэчнік не амярцвее. А пасля ўжо і аперацыя не дае належнага эфекту, чалавек можа застацца інвалідам. Дык навошта даводзіць да гэтага?
Увогуле патрэбна нарэшце зразумець, што чалавек сам у адказе за сваё здароўе. Не доктар, не вясковы фельчар – яны могуць толькі дапамагчы, а ён сам. Што трэба своечасова абследавацца і звяртацца да ўрача, калі ўзнікаюць нейкія недамаганні. Бо медыкі – не Богі, і могуць зрабіць толькі тое, што могуць.
А калі вярнуцца да хірургіі, то, вядома, гэта вельмі адказная прафесія, у пэўнай ступені рызыкоўная – але калі ты бярэш на сябе такую адказнасць, і ідзеш на рызыку, і ў выніку чалавек не проста вяртаецца да жыцця, а выходзіць з бальніцы здаровым, – адчуваеш ні з чым непараўнальнае задавальненне.
— Напэўна, такое вы адчувалі, калі з бальніцы выпісваўся малады чалавек, якому  зрабілі аперацыю на адкрытым сэрцы. Як увогуле рашыліся на такі крок? Вопыту ж адпаведнага, трэба думаць, не было, адказнасць вялікая, рызыка… Ці страшна гэта – трымаць сэрца на далоні?
Аляксандр Сяргеевіч:
— Страх таксама розны бывае. Калі ён паралізуе волю і думкі – такога ў медыкаў быць не можа, бо ад тваіх дзеянняў, рашэння залежыць жыццё чалавека.
Страшна бывае, калі не можаш паставіць дыягназ, ад якога залежыць правільна падабранае лячэнне. Чалавек пакутуе, яму дрэнна – а ты не разумееш, з-за чаго. А калі зразумела, што і чаму адбываецца, ведаеш, што і як трэба рабіць, нават тэарэтычна – усё астатняе залежыць толькі ад цябе. Вопыт – з ім жа не нараджаюцца, ён прыходзіць.
Прыкладна так было і з аперацыяй, пра якую вы ўзгадалі. Так, сапраўды, у маёй, ды і не толькі ў маёй, практыцы гэта быў першы падобны выпадак. Маладога чалавека даставілі ў бальніцу з нажавым раненнем у левую частку грудной клеткі, і сімптомы паказвалі, што закранута сэрца. У раённых бальніцах такіх аперацый не робяць, тут патрэбен сасудзісты хірург. Выклікалі спецыяліста з Гродна. Але самі разумееце – шлях няблізкі. Параненаму станавілася горш, і стала зразумела, што да яго прыезду ён проста не дажыве. А хлопец 1987 года нараджэння… Трэба было прымаць рашэнне. Адказнасць, канешне, вялікая, але выбару ў нас не было: на кону – жыццё чалавека. Вырашылі аперыраваць. Я праводзіў аперацыю, Аляксандр Ільіч Павалоцкі і наш малады хірург Андрэй Паўлюкевіч мне асістыравалі. Вельмі  прафесійна спрацавалі анестэзіёлагі Іосіф Янавіч Шляхтун і Тадэвуш Баляслававіч Зубель – ім даводзілася даваць наркоз толькі на адным лёгкім. Ды і ўвогуле ўся аперацыйная брыгада была на вышыні. Сасудзісты хірург, які прыехаў пазней, пацвердзіў, што мы ўсё зрабілі правільна. Калі б замарудзілі хоць на паўгадзіны, было б позна. А так хлопец сваім ходам, на аўтобусе і цягніках, паехаў пасля выпіскі дахаты ў Мінскую вобласць.
— Ганна Іосіфаўна, вашаму мужу даводзілася трымаць сэрца на далоні. А вам – вока? І ўвогуле – што вам дастаўляе найбольшую радасць?
Ганна Іосіфаўна:
— Наконт “вока на далоні” – на шчасце, Бог мілаваў.
А ўвогуле мая прафесія мне падабаецца за тое, што ў нас, у адрозненне ад той жа хірургіі ці тэрапіі, усё можна ўбачыць – і звонку, і знутры, ёсць для гэтага спецыяльнае абсталяванне. І гэта нашмат аблягчае пастаноўку дыягназу, а затым – і лячэнне.
А найбольш прыемна, хоць гэта і самае складанае, працаваць з маленькімі дзецьмі. Калі трэба ўгаварыць малыша не баяцца, назваць малюнак, паказаць вочкі… Некалі я лічыла, што зусім не ўмею абыходзіцца з дзецьмі, а цяпер найбольшае задавальненне – калі маленькі чалавечак пачынае ўсміхацца і адкрываецца табе.
А ўвогуле самае радаснае – калі ўдаецца дапамагчы чалавеку, у гэтым увесь сэнс прафесіі медыка. Калі ён прыходзіць са сваёй бядой, часам – у адчаі, і ўдаецца падабраць лячэнне, якое дае эфект, і пацыент пакідае кабінет задаволены – тады і ў самой на сэрцы – радасць.
— А што засмучае?
Ганна Іосіфаўна:
— Мяне найбольш крыўдзіць, калі чалавек адчыняе дзверы кабінета са словамі: “Мне толькі падпісаць”. Няўжо людзі не разумеюць, што праверка вастрыні зроку – гэта першы і не самы галоўны крок іх лячэння? І што для таго, каб “толькі падпісаць”, не трэба сем гадоў вучыцца ва ўніверсітэце? Часам хочацца такім сказаць: калі вы ўсё ведаеце, то падпішыце самі…
Не можа не турбаваць, што ў апошні час хворых да нас звяртаецца больш. З рознымі паталогіямі, і пагаршэнне вастрыні зроку – не адзіная і не самая небяспечная:  пабольшала запаленчых працэсаў, алергій, траўм. Нават цяжка растлумачыць, чаму. Але паток пацыентаў пад дзвярыма не змяншаецца, як бы мы ні стараліся працаваць…
Аляксандр Сяргеевіч:
— У верасні мінулага года мяне прызначылі загадчыкам хірургічнага аддзялення. Узнікла шмат абавязкаў, якія не звязаны непасрэдна з лячэннем хворых, работай з людзьмі – адміністрацыйная работа, справаздачнасць, арганізацыя дзейнасці аддзялення. Шчыра скажу: гэтая частка работы не вельмі па душы. Яна адбірае шмат часу, які можна было б прысвяціць сапраўднай справе, людзям. Але, калі даў згоду выконваць нейкія абавязкі – трэба рабіць справу добра. Таму і стараюся ўсё паспяваць. Хоць усё роўна лічыў і лічу, што жыццё і здароўе чалавека – галоўнае, а паперкі, справаздачы — яны і пачакаць могуць.
— Вы родам адзін з Гродна, другая – з Ліды. Не ўзнікала жадання пакінуць наш ціхі правінцыяльны гарадок і вярнуцца “да цывілізацыі”, на радзіму? Добрыя ж урачы ўсюды патрэбны. Ці стаў за гэты дзясятак гадоў Астравец родным?
Аляксандр Сяргеевіч:
— Калі мяне размеркавалі ў Астравец і я яшчэ не меў зялёнага паняцця, што гэта і дзе, нехта са старэйшых супакоіў: “Астравец? Едзь, не хвалюйся — там людзі добрыя”. І за тыя дванаццаць гадоў, што я тут працую, я неаднойчы пераконваўся, што гэта сапраўды так.
Першае і галоўнае станоўчае ўражанне – стасункі з галоўным урачом Валянцінам Ігнатавічам Тачоным, адносіны кіраўніка да свайго калектыву. Ён з кожным – і з урачом, і санітарачкай – можа пагаварыць паважліва, заўсёды падтрымае чалавека.
Мне з першага дня выдзелілі пакой у інтэрнаце. Гэта была такая эйфарыя: я да таго ўвесь час жыў з бацькамі, заўсёды быў пад апекай, а тут – поўная свабода! Потым, калі ўзнікла сям’я, у адрэстаўрыраваным доме медыкаў нам выдзелілі кватэру, хай сабе двухпакаёвую, але ж сваё жыллё – гэта магутны якар, які трывала трымае на месцы. Калі б і ў нашых маладых і перспектыўных хірургаў, якія нядаўна прыехалі да нас па размеркаванні – Андрэя Паўлюкевіча, Аляксандра Касілы – з’явіўся такі якар – было б проста цудоўна. Бо прыемна працаваць, калі побач калегі-прафесіяналы, якія маюць свежыя веды, набіраюцца вопыту – і ўсведамляць, што яны нікуды з гэтымі ведамі і вопытам не з’едуць, і не давядзецца заўтра ізноў “сустракаць, вучыць – і зноў развітвацца”.
Ганна Іосіфаўна:
— Шчыра кажучы, калі першы раз прыехала ў Астравец, уражанні былі не самыя радасныя: маленькі правінцыйны гарадок, на вуліцах куры, каровы… Але мне, лічу, пашанцавала з калектывам. Ванда Міхайлаўна Аўлас, якая тады яшчэ працавала акулістам, вельмі шмат дапамагала, тлумачыла, што і як – без яе падтрымкі  давялося б туга. Медсястра, што працуе са мной, Галіна Мечыславаўна Драбышэўская, добры прафесіянал і цудоўнай душы чалавек, яе падтрымка на першым часе, ды і сёння таксама, — проста неацэнная. Так што вельмі хутка бальніца стала родным домам.
А цяпер… І Астравец пераўтварыўся, стаў прыгожым і сучасным, і пры тым – ціхім і ўтульным гарадком. І бальніца змянілася непазнавальна, умовы для працы цудоўныя. Кватэра ёсць, работа — побач, лес – рукой падаць, з’ездзіць на адпачынак да вады – ніякіх праблем… Ну навошта нешта шукаць, калі і так усё добра? Канешне, хацелася б, каб бацькі былі бліжэй. Але з іншага боку – самастойнасць яшчэ нікому не пашкодзіла. Да таго ж у нас заўсёды ёсць да каго ехаць у госці. Так што ўсё ў нас цудоўна!


Гутарыла Ніна РЫБІК.