Гасцёўня "Астравецкай праўды". Павел Букель: "Маё хобі – работа"

13:19 / 27.05.2011

Энергічнага, няўрымслівага і пазітыўнага Паўла Букеля ведаюць калі не ўсе ў Астраўцы, то большасць людзей – дакладна. Адны – як аўтара і выканаўцу прыгожых песень, уладальніка непаўторнага голасу, пераможцу розных конкурсаў. Другія – як таленавітага шоумена, знаходлівага вядучага, вопытнага культарганізатара. Трэція – вясёлага і надзейнага сябра. Чацвёртыя…
Мы ж вырашылі ўсё гэта аб’яднаць і распытаць пра ўсе сферы дзейнасці, мары і планы непасрэдна ў Паўла.


–Паша, у якіх толькі ролях табе не даводзілася выступаць! Работнік культуры, супрацоўнік цэнтра пазашкольнай работы, гумарыст і кіраўнік розных забаўляльных гурткоў, канферансье мерапрыемстваў і дыскатэк, валанцёр Чырвонага Крыжа… І гэта яшчэ няпоўны спіс тваёй дзейнасці. Акрамя гэтага, ты індывідуальны прадпрымальнік – арганізоўваеш карпаратывы і іншыя забаўляльныя вечарыны. Як усё паспяваеш?
–Тое, што мяняю сферу дзейнасці, яшчэ не значыць, што я – дрэнны работнік. (Смяецца).
Сапраўды, спачатку я крыху працаваў у аддзеле культуры, аднак хутка зразумеў, што там не задавальняе графік. Зараз займаюся тым, што арганізую вольны час дзяцей у ЦПР, спрабую працаваць з імі ў самых розных накірунках. Напрыклад, пастаянна праводзім інтэлектуальна-псіхалагічную гульню “Мафія”, паціху “раскручваем” тэатр гумару, арганізуем канцэрты і дыскатэкі. Як усё паспяваю? Магчыма, на штосьці, што хацелася б зрабіць, часу і не хапае. Наогул, я – свабодалюбівы чалавек і спрабую рабіць у жыцці тое, што мне падабаецца. Па сваёй сутнасці – сава, спакойна магу працаваць за камп’ютарам да трох-чатырох гадзін ночы, але раніцай люблю паспаць. Аднак калі сапраўды “гару” якой-небудзь справай, хапае літаральна некалькі гадзін сну – і я зноў гатовы “да бою”.
–Ведаю, што ў тваім жыцці быў “гродзенскі перыяд”. Раскажы больш падрабязна пра яго.
–Усё пачалося з арміі. Пасля года службы мне прапанавалі стаць кіраўніком ваенна-інструментальнага ансамбля пад назвай “Захад”. Я быў яго кіраўніком на працягу чатырох гадоў. За гэты час мы пабывалі ў самых розных гарадах і краінах. Выступалі ў Маскве на фестывалі “Віват, Перамога”, дзе занялі першае месца. Таксама ўдала выступілі на “Славянскім базары” на фестывалі “Афганістан у душы маёй”, былі неаднаразовымі лаўрэатамі ваеннага фестывалю “Зорка”, які праходзіць у Мінску. Ды шмат дзе – гэта заўсёды застанецца ў маёй памяці. Таксама працаваў у Гродна ў самых розных сферах арганізацыі святаў. У мяне нават была невялікая дзіцячая музычная студыя “Гранд” у СШ №26 горада Гродна. Аднак у пэўны час я вырашыў “завязаць” з ваеннай дзейнасцю, а пасля – і з “гродзенскім перыядам”.
–Калі ты ўпершыню зразумеў, што можаш спяваць і гэта ў цябе сапраўды атрымліваецца?
–У класе трэцім-чацвёртым, калі пачаў удзельнічаць у розных конкурсах і перамагаць. Падчас аднаго з іх людзі, якія добра разбіраюцца ў музыцы, сказалі, што ў мяне выдатны і вельмі звонкі голас. Я ў арыгінале выцягваў “Арляня” і “Белавежскую пушчу” і мог заспяваць яшчэ вышэй. Усе здзіўляліся – як такое магчыма? Ну і вядома ж, як сапраўдная “зорка”, я нярэдка ладзіў канцэрты перад люстэркам.
–Ты сказаў, што спрабуеш рабіць тое, што падабаецца. А што табе падабаецца – акрамя спеваў, вядома?
–Мне вельмі падабаецца рабіць людзям свята. Магчыма, дзіўна гучыць, але маё хобі – мая работа. Перш падабаўся футбол, але зараз на яго не хапае часу. Яшчэ кніжкі люблю чытаць. Вельмі падабаецца кніга Сомерсэта Моэма “Цяжар страсцей чалавечых”. Таксама Рэмарка люблю.
Наогул, мару стварыць сваю кампанію па арганізацыі ўрачыстасцей. Ужо зараз ёсць пачатак, але хачу пайсці далей. І яшчэ ёсць мара арганізаваць дзіцячы цэнтр. Дапусцім, там будзе 5-10 дзяцей, але з імі будуць займацца харэограф, вакаліст, спецыяліст па мове. Мы будзем рыхтаваць з імі нумары, незвычайнае, яркае шоу. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
–Ты пішаш вершы і музыку – у выніку атрымліваецца песня. Як адбываецца гэты працэс: нараджаюцца ідэя, словы, музыка? І колькі аўтарскіх песень у рэпертуары?
–Неспадзявана, спантанна, у любы час. Напрыклад, песню “Мая зямля” напісаў за 15 хвілін. А вось карэкціроўка, праўка, удасканальванне адбываецца ўвесь час, пакуль яна не будзе канчаткова гатова.
Усяго ж у мяне песень сорак, з іх па-сапраўднаму прафесійных – каля дваццаці. Частка з іх – ваенныя, бо былі напісаны, калі  кіраваў ваенным ансамблем “Захад”. Дарэчы, пахвалюся – маю песню “Сінявокая мая краіна” зараз рэпетыруе прэзідэнцкі аркестр.
–У цябе ёсць гэткае патаемнае месца, дзе адпачываеш, куды прыходзіш, калі сумна ці, наадварот, весела?
–Ну канешне ж – УКантакце! (Смяецца) Жартую, вядома. Я адпачываю, калі знаходжуся побач з блізкімі і дарагімі мне людзьмі. Такім чынам, для мяне галоўнае – не месца, а людзі, якія побач.
–Уяві, што запаўняеш анкету, дзе патрэбна даць сабе характарыстыку, толькі праўдзівую. Што ў ёй напішаш?
–Энергічны, пазітыўны, мэтанакіраваны, добры работнік…
–Няўжо няма дрэнных звычак?
–Дык хто ж у анкеце пра сябе дрэннае напіша?! Напэўна, большасць творчых людзей, – а я сябе да іх адношу – мае нейкія недахопы, якія незразумелы іншым людзям. Лічу, што на гэта часам трэба закрываць вочы. Напрыклад, як ужо казаў, я люблю паспаць. Прыходжу часам на работу, а мой мозг яшчэ спіць – ну які з мяне толк? А яшчэ – калі б не лянота…
–Ты азартны чалавек?
–У нейкай ступені так. Я, напэўна, змог бы патраціць усю зарплату, каб сыграць у нейкую захапляючую гульню. Але толькі адзін раз і дзеля цікавасці.
–Калі б выйграў, знайшоў, атрымаў у спадчыну ці табе зваліўся з неба мільён долараў, на што б іх патраціў?
–(Задумваецца) Большую частку – на развіццё свайго бізнесу. Таксама забяспечыў бы сябе ўсім, чаго не хапае. А частку ахвяраваў бы дзіцячым дамам – але толькі не грашамі! Можна прыехаць і непрыкметна паглядзець, чаго ім не хапае, правесці анкетаванне з такім пытаннем. Канешне, гэта не заменіць ім бацькоў, але хоць крыху парадуе.
–Чаго ніколі не даруеш блізкаму чалавеку?
–Здрады. Бо калі каханы чалавек здраджвае – значыць, назаўсёды памірае тое пачуццё, якое аб’ядноўвала дваіх.
–Ты б згадзіўся выступіць на Еўрабачанні?
–Я лічу, што для гэтага конкурсу патрэбна вялікая падрыхтоўка. А яшчэ – дастойная песня, якую б паслухалі і сказалі – вось гэта хіт! Плюс незвычайнае шоу. Гледачоў зараз трэба здзіўляць. І з кожным годам патрабаванні павышаюцца. Я б з вялікім жаданнем і задавальненнем паўдзельнічаў у Еўрабачанні, але мне да гэтага трэба яшчэ дарасці.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.