Лёсы людскія: сям'я Нагелаў з Гваздзікян

09:47 / 06.04.2011

Па сутнасці, гэты матэрыял з’яўляецца працягам расповеду пра вёску Гваздзікяны. Але жыццё і лёс мужа і жонкі Нагелаў – Тарэсы Эдвардаўны і Іосіфа Францавіча – заслугоўваюць таго, каб выдзяліць іх у асобную тэму.
Зрэшты, кожны чалавек ( і зусім не важна, дзе ён жыве – у Вашынгтоне ці ў Бабанішках!) гэта заўсёды асобная тэма. Проста таму, што не існуе на свеце нецікавых людзей. Гісторыя сям’і Нагелаў таму доказам.


Расказвае Тарэса Эдуардаўна:
–Я не з самых Гваздзікян. Я - з Баяроў – быў такі хутар непадалёк ад вёскі. Хораша там жылося, утульна. Толькі без электрычнасці – вось што кепска. Ні тэлевізара, ні халадзільніка… Ды што там! Нават прас у нас быў на вуглях. Вось і вырашылі пераехаць сюды – у Гваздзікяны. Але гэта здарылася толькі ў 1969 годзе. А я ж з 35-ага. Трыццаць чатыры гады пражыла без святла…
Дзядук мой быў чалавекам заможным. Спадчыны ён ніякай не атрымаў – сваім мазалём зарабіў і на кавалак зямлі, і на хату. Дабраўся ажно да Амерыкі! Падсабраў адпаведную суму – вярнуўся ў родную Варону. Ажаніўся. Праз нейкі час купіў кавалак зямлі ў Баярах і разам з сям’ёй туды перабраўся. У іх з бабуляй нарадзіліся тры сыны і дачка – мая маці. Жылі ў дастатку.
А вось тата гора спазнаў папоўніцы. З маленства застаўся сіратой. Гадаваўся ў свайго дзеда ў Пабрадзе. У васямнаццаць гадоў ажаніўся. Не таму, што так ужо хацеў займець сям’ю, а таму што мусіў шукаць сабе прытулак.
Толькі быў ён, хаця і бедны, але рукасты – не было такой работы, якая б яму не скарылася. І сталяр, і цясляр, і з полем – у сяброўстве…
Збудаваў нам тата новы дом на засценку. Толькі нядоўга мы радаваліся свайму церамку – ў пачатку 44-га немцы спалілі яго. Партызанка ўкрала ў іх аўтамат. Немцы хацелі за гэта спаліць усю вёску, дык солтыс, каб бяду адвесці, паказаў на нас.
…У той дзень нас, траіх дачушак, бацькі пакінулі дома адных – тата дапамагаў суседу па цяслярству, мама вырабляла лён – таксама па-суседству. За гаспадыню засталася я, таму што старэйшая сястра толькі-толькі пачала папраўляцца пасля цяжкага запалення лёгкіх – падняцца з ложка не мела сіл.
Нашу хату акружылі знянацку – за няпоўную хвіліну. Зайшлі ў хату: дзе гаспадар? Божачка! Як я бегла за татам! Ногі знямелі і перасталі слухацца, паветра набралася ў “духі” столькі, што грудзіна гатова была разарвацца… Тата, нават не накінуўшы на плечы армяк, кінуўся дахаты – спаткала яго полымя.
Людзей набегла – і з Рытані, і з Гваздзікян, але немцы стаялі шчыльным колам і нікога не падпускалі да пажару.
–Ці ж гэта справядліва? – кінуўся тата да солтыса Садоўскага. – Я ж душой не вінаваты…
–Маўчы, Казлоўскі, – адказаў той. – Дапаможам табе адбудавацца ўсёй вёскай.
Тата і змоўк. Падхапіў толькі на рукі хворую дачушку – немцы вынеслі яе з хаты і паклалі проста на зямлю. Потым адзін з іх…
Немцы… Калі ўжо дакладна казаць, дык не немцы нас палілі. Немцы толькі камандавалі, а выконвалі іх загад латышы ды літоўцы. Паслужлівыя былі. Хаця і сярод іх розныя людзі трапляліся. Адзін вось пашкадаваў маю сястру: вынес з хаты маміна футра і падсунуў ёй пад плечы, каб не на сырой зямлі ляжала. Яшчэ адзін, я бачыла, сам заплакаў, калі прыбегла мама і стала галасіць…
Мы засталіся – у чым стаялі. Ні кала, ні двара, ні лаціны прыкрыцца. Усяго багацця – маміна футра. І вёска не спяшалася дапамагаць. Хоць і абяцала.
Калі прыйшлі рускія, нам, як пацярпеўшым ад акупантаў, выдзелілі дом у Кямелішках, у якім да вайны жылі яўрэі. Тата разабраў яго і перавёз у Баяры. Скласці дом людзі з вёскі нам усё ж дапамаглі.
Сталі паціху абжывацца. Татавы залатыя рукі нас кармілі. Яно ўжо і нічога стала атрымлівацца, толькі са мной раптам здарылася бяда. Я думаю: гэта з перапалоху пачалося, як тады па тату бегла.
У чатырнаццаць гадоў мяне паралізавала. Пачаўся раптам моцны боль галавы. Пякельны. Невыносны да шалу. Я крычала крыкам. А потым адняліся ногі. Прайшло каля месяца, а мне з кожным днём усё горш…
Вясковыя паціскалі плячыма: нічога тут, браце, ужо не зробіш. Не варта і спрабаваць. Але тата іх не паслухаў: паклаў мяне на воз і павёз у Пабрадзе. Там каня пакінуў у свайго дзеда, а мяне – на цягнік і ў Вільню.
Прывёз у бальніцу на вуліцы Летняй. Сказаў, быццам мне так стала толькі што – інакш не ўзялі б. Лячыць мяне пачала яўрэйка Дзізік. Пяць месяцаў праляжала я на Летняй. Што толькі ні спрабавала на мне мая дакторка! Тры разы пункцыі рабілі.
Прыйшоў час выпіскі – тата падняў мяне на руках з ложка. Мама стаіць і плача. “Не плакаць трэба, а радавацца, – кажа мая ўрачыха. – Адхапілі мы вашу дачушку. Слова даю, што праз нейкі час яна зможа хадзіць. Толькі выконвайце ўсе мае парады”.
Парады былі няхітрымі: солевыя ванны і праграванне ног у пяску. Я думаю, мама не верыла, што я змагу падняцца, інакш чаму яна пачала так галасіць, калі я ўпершыню стала на ногі? Гэта здарылася неўзабаве пасля майго 18-годдзя. Тата вынес мяне на вуліцу, пасадзіў на нагрэты сонечнымі промнямі пясок. Прывычным рухам я закапала ногі ў цёплы жвірок. І раптам адчула такую палёгку, што захацелася ўстаць. І пасля чатырохгадовага параліча я проста стала на ногі і пайшла да хлява. Вось тады мама і закрычала…
Мае сяброўкі ўжо на танцах скакалі, замуж выходзілі, а я нанова хадзіць вучылася. Само па сабе выходзіла, што фізічная праца мне будзе не па сілах, трэба было шукаць нешта іншае. Мяне аддалі ў вучаніцы да швачкі Рабкоўскай з Рытані.
Навука далася мне неяк адразу. Вельмі хутка спасцігла я і хітрыкі крою, і таямніцы розных шыўкоў. А потым стала выпісваць кніжкі па кравецтву. Там былі і выкрайкі, і модныя фасоны… Словам, стала я неўзабаве моднай швачкай – усе да мяне неслі свае адрэзы. Асабліва мне падабалася шыць мужчынскую вопратку: касцюмы, курткі…
Праз нейкі час мяне забралі на працу ў бытоўку. Заказаў было – чарга стаяла. А я людзей шкадавала – пашыю дарослае, а запішу як дзіцячае, каб ім менш плаціць. Тады, здаецца, добра зарабляла – па 105 рублёў у месяц, а пайшла на пенсію – толькі 335 тысяч атрымліваю. І чаму так мала? Можа, што я ў дзіцячае запісвала?
Зарабляла, кажу, нядрэнна. Тата памёр, жылі мы ўдваіх з мамай. А мамуся любіла паўтараць: “У анучцы грошы вядуцца”. І складала – рублік да рубліка. Так мы і купілі сабе дом у Гваздзікянах. З электрычнасцю. Непрывычна было першы час…
Замуж? Так, трэба было. Толькі вёска доўга памятае чужое калецтва…


Расказвае Іосіф Францавіч:
–Я Тарэсу ведаў. Ды і як не ведаць? Працаваў я кінамеханікам ад Свірскага аддзела культуры – кожная вёска, як на далоні. У Баярах кіно заўсёды пускалі ў доме Казлоўскіх. Нічога яна такая была. Спрытная. Падабалася мне. Але пайшоў у армію, трапіў у Архангельск і пазнаёміўся там з сібірачкай Кацяй. Агонь-дзеўка! Словам, пасля дэмабілізацыі застаўся я ў Архангельску і ажаніўся са сваёй сібірачкай. Толькі хутка стала ясна: не для аднаго мяне яна – агонь… Што было рабіць? Вырашыў я вяртацца дамоў.
Прыехалі. Каця ўладкавалася ў Кямелішкаўскі магазін. Я – памочнікам да яе. Думаў: будзе пад наглядам. Якое там! Дзе ты ўпільнуеш – п’янкі, кавалеры…
Чарговая рэвізія выкрыла вялікую нястачу. Суд вынес прыгавор: Каці – 5 гадоў пазбаўлення свабоды, мне – год умоўна з вылікам з заработнай платы. І дачушка на руках. Добра, што маці мая пры мне была…
Прайшло і пяць гадоў, і шэсць – Кацярына дамоў не вярталася. Падаў у вышук – знайшлі. Аказалася: яна даўно замужам, нарадзіла двое дзяцей і трэцім цяжарная…
Вось тут Тарэса мне зноў у вока трапіла. Ці ў сэрца?

Расказвае Тарэса Эдуардаўна:
–Шкада мне дзяўчынку стала. Купіла ёй палітонік. Справіла туфлікі… А 5-га лютага 1972 года мы ўзялі шлюб. Акурат на свята святой Агаты.
Дачушка Аня добра малявала – настаўнікі прычапіліся да мяне ледзь не гвалтам: пускайце дачку вучыцца ў Полацк на мастачку! Як жа я пушчу яе ў сямнаццаць гадоў за свет?! Не пусціла. Пасля школы паехала Аня ў Вільню. Вывучылася на бухгалтара. Там і сёння жыве. Тады здавалася: побач дачушка, у любой патрэбе побач будзе. Толькі закрыліся межы, і цяпер адведаць нас з бацькам Ані – і доўга, і дорага.
Затое сын побач. Нам са старым хацелася, каб Лёня таксама на каго гарадскога вывучыўся. А ён упёрся: буду трактарыстам! Закончыў вучылішча, атрымаў правы, вярнуўся ў калгас. Далі яму спачатку не трактар, а ламаку. Перабраў, падмазаў і паехаў. Паглядзелі калгасныя начальнікі на яго старанні і далі крыху лепшага “каня”. Сёння наш Лёня сярод тых, каму ў першую чаргу давяраецца новая тэхніка. І ў вашай газеце быў не раз – перадавік. І ў калгасе адзначаюць яго працу часта.
Выехаў, праўда, з Гваздзікян – купіў дом у Кямелішках. Жонка. Двое дзетак. А гарэлкі смаку, дзякуй Богу, не ведае. І нас з бацькам не забывае. Я вось трэці месяц ляжу са зламанай нагой – дык рэдкі дзень сынок да нас не загляне. Прыбяжыць: што дапамагчы? Што прывезці смачненькага?
Не адукацыяй годнасць чалавека вымяраецца. Гэта я вам дакладна скажу. Адукацыя дае толькі веды – яны ў галаве месцяцца. А галоўны скарб чалавека ў сэрцы прыхаваны. І калі яго няма, ніякая адукацыя не дапаможа.

Ганна ЧАКУР.