Надзея Шарэйка знайшла сваё прызванне ў Астраўцы

10:18 / 13.10.2019
479
Надзея Шарэйка, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару, знайшла сваё прызванне больш за сорак гадоў таму. І як не можа граць гітара без струн, баян без мяхоў, а фартэпіяна без клавіш, так немагчыма ўявіць Астравецкую дзіцячую школу мастацтваў без гэтай энергічнай, няўрымслівай і ўлюбенай у творчасць настаўніцы – сапраўднага прафесіянала сваёй справы.

3435.jpg


У працоўнай кніжцы Надзеі Паўлаўны толькі адзін запіс. Сорак два гады таму яна, выпускніца Лідскага музычнага вучылішча, пераступіла парог аднапавярховага драў­лянага будынка, у якім тады размяшчалася Астравецкая музычная школа. Там яе сустрэла настаўніца Ірына Балецкая, якая правяла для маладога спецыяліста невялікую экскурсію і пазнаёміла са школай. І, крочучы па калідоры, дзе прыемна ахутвала цяпло нядаўна прапаленай печкі,  заглядваючы ў невялікія, але ўтульныя светлыя класы, дзяў­чына зразумела: вось тое месца, дзе пачнецца яе шлях у самастойнае працоўнае жыццё. 

– Проста было з чым параўнаць, – з усмешкай расказвае На­дзея Паўлаўна. – Мяне ж адразу накіравалі на працу ў пасёлак Наваельня, што ў Дзятлаўскім раёне. Пры­вялі мяне ў Дом культуры і паказваюць: вось у тым куце займаюцца сальфеджыа, а ў гэтым – бу­дзеце вучыць дзяцей на домры іграць. Такая крыўда тады апанавала: я столькі гадоў дзень і ноч займалася, да здранцвення пальцаў адточвала майстэрства, выпускныя экзамены на «выдатна» здала – і ўсё для таго, каб працаваць у цёмным куточку? Усю дарогу дадому праплакала, а назаўтра паехала ў Гродна ва ўпраўленне культуры і стала прасіцца ў іншае месца. Мне прапанавалі Астравец. Усё, што я ведала пра гэты пасёлак, гэта тое, што ён знаходзіцца непадалёк ад Вільнюса. Райцэнтр мне спадабаўся, у музычнай школе сустрэлі прыязна, а галоўнае – у маім распараджэнні быў цэлы пакой, дзе я спакойна займалася з вучнямі і назапашвала свой прафесійны вопыт. Шчыра кажучы, заставацца надоўга ў Астраўцы я не планавала: думала, папрацую год-другі – і паеду вучыцца ў кансерваторыю, ад якой спачатку адмовілася. 

Аказваецца пасля заканчэння Лідскага музычнага вучылішча, першапачаткова выдатніцу Надзею чакалі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аднак на вучобу ў кансерваторыю дзяўчына не паехала, вырашыўшы спачатку паспытаць свайго хлеба. 

– У мяне на гэта было дзве прычыны, – тлумачыць Надзея Паўлаўна. – Па-першае, я хацела адпачыць ад вучобы. А па-другое, бачыла, чаго маме каштуе маё студэнцтва. Вось і вырашыла, што час самой зарабляць, а кансерваторыя ад мяне нікуды не дзенецца. 

Толькі для дзяўчыны ў нябеснай канцылярыі быў падрыхтаваны цэлы спіс заданняў: прывіваць дзецям любоў да музыкі, рыхтаваць іх да конкурсаў, самых здольных – да паступлення ў музычныя ўстановы, узначаліць прафсаюзную арганізацыю, арганізоўваць цікавыя паездкі і сустрэчы, узяць «пад крыло» дзіцячы аркестр і ансамбль народных інструментаў «Скарбніца», выступаць і перамагаць на конкурсах. А яшчэ – двойчы адчуць шчасце мацярынства і быць годнай захавальніцай хатняга ачага. 

Так у радасцях і клопатах непрыкметна праляталі гады. Астравец даўно стаў для Надзеі Паўлаўны родным горадам, дзе жывуць яе сябры і калегі. А галоўнае – тут знаходзіцца першае і апошняе месца працы, дзе яна займаецца любімай справай. 

– Часам сама ў сябе пытаю, чаму выбрала гэтую прафесію? – працягвае Надзея Паўлаўна. – Музыкантаў у радні не было. Праўда, мама нядрэнна спявала, але нячаста і толькі для самых блізкіх. Але яна першая падтрымала маё жаданне пайсці ў музычную школу, якая знаходзілася ў Воранаве, а гэта 12 кіламетраў ад нашых Беняконяў. Акрамя гэтага яшчэ і падахвоціла, паабяцаўшы, што калі буду старанна займацца, яна купіць мне фартэпіяна – я прос­та мроіла гэтым інструментам. Аднак калі мы прыехалі ў музычную школу, аказалася, што класы па фартэпіяна ўжо сфарміраваны. Паміж прапанаванымі баянам і домрай я выбрала апошняе – і не памылілася. А мама ўсё ж такі выканала сваё абяцанне і праз шмат гадоў падарыла фартэпіяна, толькі ўжо сваёй унучцы – маёй Таццяне. 

Жанчына прызнаецца, што за гады працы не заўсёды было лёгка. Але каб здрадзіць сваёй прафесіі, змяніць месца рабо­ты – аб гэтым не тое што размовы не ішло, думкі не ўзнікала. 

– Я не ўяўляю сябе на іншым месцы, – дадае Надзея Паўлаўна. – Так, я не стала прафесарам ці вядомым музыкантам, не жыву ў сталіцы і не езджу з гастролямі за мяжу – у мяне звычайная работа, але я шчаслівая, бо гэта справа, якую я люблю.  

317_0473.jpg


Бліц-апытанне:

– Каго лічыце сваім настаўнікам?

– Мікалая Мікалаевіча Мякшылу, які выкладаў у музычным вучылішчы. Гэта цудоўны чалавек і педагог ад Бога. Аркестр, якім ён кіраваў,  і дзе я іграла на домры мог па 5-6 гадзін рэпеціраваць невялікі адрэзак твора – і ніхто не скардзіўся. Мікалай Мікалаевіч вучыў разумець, адчуваць і любіць музыку – так, як гэта рабіў ён сам.

– Якое з дасягненняў найбольш каштоўнае?

– Сям’я. Мае дзеці выраслі годнымі людзьмі, кожны знайшоў сваё прызванне ў жыцці. Ужо і ўнукі падрастаюць – іх у мяне чацвёра. А што яшчэ трэба для шчасця? Хіба толькі праўнукаў дачакацца.

– Чаго пажадаеце калегам?

– Перш за ўсё віншую іх не толькі з Днём работнікаў культуры, але і з мінулым Днём настаўніка, да якіх мы таксама адносімся. А жадаю звычайнага: здароўя, шчасця, дабрабыту і невычарпальнага натхнення. 

Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений