Паштальёны напярэдадні прафесійнага свята атрымалі падзякі ад "раёнкі"

07:31 / 09.10.2019
Дзякуючы ім, гараджане і вяскоўцы атрымліваюць свежыя навіны, людзі паважанага ўзросту – пенсію, жыхары аддаленых ад райцэнтра вёсак  маюць магчымасць набыць тавары паўсядзённага побыту і аплаціць камунальныя паслугі… 
Напярэдадні Сусветнага дня пошты рэдакцыя раённай газеты падзякавала лепшым паштальёнам за працу і правядзенне падпісной кампаніі  на «Астравецкую праў­ду». 

IMG_8881.jpg

Паштальён аддзялення паштовай сувязі «Гудагай» Людміла Даніла ў прафесіі ўжо 13 гадоў,  сем з іх – на гудагайскім участку.
– Пасля дэкрэтнага адпачынку трэба было шукаць работу. Так атрымалася, што прыйшла на пошту, каб паставіць штамп у даведцы, а тагачасны яе кіраўнік Ірына Тальчук прапанавала мне работу. Першыя гады працавала ў паштовым аддзяленні «Дравянікі», а калі яго рэарганізавалі,  перайшла ў Гудагай, – расказвае Людміла Рыгораўна.
На абслугоўванні паштальёна 16 вёсак Гудагайскага сельсавета і частка самога пасёлка. 
–  Развозім з вадзіцелем карэспандэнцыю па вёсках  на аўтамабілі. Дастаўляем газеты, часо­пісы, пісьмы  і розныя тавары – людзі з задавальненнем набываюць прадукты, – расказвае паштальён. – За гады працы  кліенты мне сталі як родныя. Бывае, пошта прыпазняецца, стаяць мае бабулькі, чакаюць. Альбо бачыш сляды каля паштовай скрынкі – значыць, не раз ужо да яе падыходзілі.

IMG_8887.jpg

Гэтак жа чакаюць свайго паштальёна Рэгіну Максімаву  і жыхары Дайлідак, Тракель і бліжэйшых да іх невялікіх вёсачак і хутароў.

– «Астравецкую праўду» вы­пісваюць амаль у кожны дом, – расказвае Рэгіна Адольфаўна. – Я і сама з задавальненнем чытаю «раёнку», і іншым рэкамендую.
Лёс звязаў жанчыну з поштай 11 гадоў таму. Тады ў аддзяленні паштовай сувязі якраз вызв­а­лілася месца – і Рэгіна Адоль­фаўна ўзялася за працу. І нават калі шэсць гадоў таму аддзяленне ў Дайлідках закрылі і прапанавалі ёй перавесціся ў Астравец, жанчына вырашыла не выпрабоўваць лёс – не змяніла выбранай прафесійнай сцежцы.
 – Цяпер паштовую карэспандэнцыю мне прывозяць на дом, – расказвае Рэгіна Адольфаў­на. – Ніякіх нязручнасцей няма: расклала газеты – і павезла па хатах.

IMG_8873.jpg

 Першага  кастрычніка ў паштальёна аддзялення паштовай сувязі «Варона»  Ірыны Лукашэвіч быў першы рабочы дзень  у горадзе.
– Цяпер я – вадзіцель-паштальён. Акрамя свайго ўчастка ў Вароне, буду абслугоўваць частку вуліц горада, – расказвае Ірына Баляславаўна. –  Работа прывычная. Засталося толькі бліжэй пазнаёміцца са сваімі новымі кліентамі.
Увогуле на пошце жанчына  працуе шэсць гадоў – уладкавалася сюды пасля выхаду з адпачынка па доглядзе  дзіцяці.
– Працаваць усюды трэба, – разважае паштальён. – У Вароне  я ўсіх ведаю, ды і мяне таксама. У горадзе бу­дзе пакуль складана, але, спадзяюся, што спраўлюся.

Текст:
Фото: Елена Ярошевич