Маленькія вандроўнікі адпачылі ў “Лясной казцы”
У Гудагайскай сярэдняй школе працаваў дзённы летнік“Лясная казка”. Трынаццаць хлопчыкаў і сем дзяўчынак акунуліся ў атмасферу вясёлага, шумнага і насычанага жыцця.
У Год малой радзімы гудагайцы распрацавалі цікавую вандроўку для дзяцей – і “Маленькія вандроўнікі” адправіліся ў падарожжа.
Штодзённыя экскурсіі па родных мясцінах, знаёмства з архітэктурнымі помнікамі раёна, пагранзаставай “Лоша”, раённым цэнтрам рамёстваў, сядзібай “Панскі маёнтак” у Задворніках, конна-спартыўным цэнтрам “Гіпіка” – эмоцый хопіць надоўга.
Наперабой дзяліліся рабяты ўражаннямі і пасля наведвання выставы робатаў ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча.
Школьнікі ўдзельнічалі ў калейдаскопе гульняў, флэшмобах, спартыўных спаборніцтвах, віктарынах – і даведаліся шмат цікавага і новага аб сваёй малой радзіме.
Вялікая ўвага ўдзялялася здароваму ладу жыцця, вывучэнню правілаў дарожнага руху, пажарнай бяспекі. Штодзень праходзіла зарадка на свежым паветры, тэнісныя турніры, эстафеты з мячом і цікавыя квэст-гульні.
Дзеці наведалі “Лінію Сталіна”. Велізарны музей пад адкрытым небам, гуляючы па тэрыторыі якога, яны знаёміліся з ваеннай гісторыяй, убачылі ўнікальныя ўзоры ваеннай тэхнікі і зброі, якія выкарыстоўваліся ў Беларусі ў ваенныя гады.
За 18 дзён летніка хтосьці знайшоў тут новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, а падарожжа па родных куточках нашай краіны дало магчымасць умацаваць здароўе і дакрануцца да спадчыны.
Юлія КАРОБКА, намеснік дырэктара школьнага лагера Гудагайскай СШ.