Сем дыпломаў прывезлі астравецкія школьнікі з навуковай канферэнцыі

10:33 / 04.05.2018

З пераможнымі дыпломамі вярнулася каманда астравецкіх школьнікаў з абласной краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.

1398096882_kray_garadzensk.jpg

– Штогод нашы школьнікі ўдзельнічаюць у гэтай краязнаўчай канферэнцыі і штораз вяртаюцца з яе з пераможнымі дыпломамі, – расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Астравецкага аддзела адукацыі, спорту і турызму Вольга Валянцінаўна Лянцава. – Сёлета на завочны этап конкурсу мы адправілі 8 работ, сем з іх прайшлі рэцэнзаванне – і школьнікаў запрасілі на канферэнцыю, з якой усе яны вярнуліся з узнагародамі.

Так, вучаніца Гудагайскай сярэдняй школы Арына Лаўрэцкая пісала сваю работу па творчасці свайго земляка Алега Драбышэўскага. Яе калега па школе Вераніка Баршчэўская аналізавала прыказкі і прымаўкі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў гудагайскім краі, – абласное журы ацаніла старанні дзяўчат на Дыпломы 1 ступені.

Яшчэ два Дыпломы 1 ступені прывезлі ў раён варнянцы Дзмітрый Юркойць, які вывучаў гісторыю Варнянскага дзіцячага дома, і Ангеліна Тамашэвіч, якая прааналізавала лясную экасістэму раённага ландшафтнага заказніка возера Бык.

З Дыпломам 3 ступені вярнулася ў Варнянскую школу Яна Стакун –   дзяўчына даследавала “душу” валёнка.

Мікіта Кулеш і Іван Васілеўскі са Спондаўскага НПК на канферэнцыю падрыхтавалі работу пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Міхайлавіча Мароза – іх даследаванне таксама было ацэнена Дыпломам 3 ступені.

Прызавое трэцяе месца гімназіі №1 прынеслі Дар’я Юцкевіч і Кацярына Ражко, якія даследавалі палітыку акупацыйных улад на Астравеччыне.


Текст: