На Островетчине чествовали хлеборобов

12:00 / 27.09.2014
У мінулую суботу ўсе дарогі Астравеччыны вялі ў Гервяты – менавіта гэты аграгарадок быў абраны “сталіцай” сёлетніх раённых дажынак. Аб тым, каб “верным шляхам пайшлі таварышы”, паклапаціліся: на павароце на Гервяты спецыяльна да свята быў устаноўлены ўказальнік “Дажынкі”. А што трапілі туды, куды “цэліліся”, сведчыла арыгінальная кампазіцыя з рулонаў саломы з маляўнічым надпісам “Дажынкі”, што паўстала адразу пры ўездзе ў Гервяты, а таксама своеасаблівы сімвал свята, зроблены работнікамі культуры і працаўнікамі СВК “Гервяты”: вясёлы і сімпатычны саламяны мядзведзь – літаральна назаўтра фота з ім – бо кожны лічыў справай гонару пабыць яго “машанькай” – запаланілі інтэрнэт.

Прыбраўся да свята і сам аграгарадок: сустракаў гасцей рознаквеццем свежых фарбаў і маляўнічымі кветнікамі не толькі ля касцёла, але і амаль што каля кожнай сядзібы, новымі стужкамі асфальту на некаторых вуліцах, велікоднай чысцінёй і парадкам на кожным падвор’і – няважна, была то тэрыторыя нейкай установы ці арганізацыі або прыватнае домаўладанне. Гервяты з’яўляюцца адной з самых прыгожых вёсак раёна – і ўсё ж такімі святочна ўбранымі яны былі, бадай што, толькі ў 2006 годзе, калі намаганнямі ўсяго раёна тут пабудавалі першы ў раёне аграгарадок.
Пакуль самыя “раннія пташкі” з ліку гледачоў любаваліся вёскай і адзначалі прыемныя змены, што адбыліся тут у апошні час, удзельнікі свята рыхтаваліся сустракаць гасцей: упрыгожвалі булкамі ды крэндзелькамі хлебную, дажыначную «ёлку» і распальвалі вогнішча пад мангаламі работнікі грамадскага харчавання; апошнімі штрыхамі ўдасканальвалі цэласнасць арыгінальных задум на сімвалічных панадворках кожнага з сельгаспрадпрыемстваў; работнікі дамоў культуры раёна, прыхарошваючы і без таго дасканалыя кампазіцыі з прыроднага матэрыялу; у апошні раз “праганялі” святочную праграму артысты. Роўнай лінеечкай выстраілася на ўзмежку поля сельгастэхніка – многія з машын выклікалі непрыхаванае здзіўленне і захапленне ў ветэранаў працы: ніколі такой не бачылі! Кіпелі жарсці на футбольным полі. Бязмежную фантазію і майстэрства дэманстравалі – і прапаноўвалі набыць па сходнай цане – супрацоўнікі дамоў рамёстваў і народныя майстры. І нават выпісаць “Астравецкую праўду” ці заплаціць камунальныя паслугі, не кажучы ўжо аб тым, што прыдбаць на памяць аб дажынках сувенір, можна было тут жа – аб гэтым паклапаціліся паштавікі.
Хоць галоўнымі героямі свята былі, безумоўна ж, яны: салідныя і зусім маладыя мужчыны з загарэлымі тварамі, якія крыху няўтульна адчувалі сябе ў новых святочных касцюмах, перавязаныя чырвонымі стужкамі з надпісам “Пераможца жніва 2014”. У полі, падчас жніва, яны – уладары: ім скараліся самыя цяжкія палеткі, ім удзячна і з надзеяй кланялася важкім коласам хлебная ніва, кожнаму іх руху пакорліва падпарадкоўваліся магутныя камбайны і вёрткія аўтамабілі, яны па гуку магутнага комплексу пад назвай “сушылка” маглі вызначыць, ці ўсё ў парадку… А вось тут, на свяце, прымаючы віншаванні і ловячы захопленыя, часам – здзіўленыя позіркі: няпроста аднавяскоўцам пазнаць і прызнаць у героі жніва вечна заклапочанага суседа – адчувалі сябе крыху ніякавата.
Ды старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які падняўся на сцэну адразу ж пасля пралогавага танца маладых жнеек, гэтую ніякаватасць пастараўся зняць. Яго словы падзякі ўсім удзельнікам жніва былі шчырымі і сардэчнымі, а радасць ад таго, што сёлета атрыманы рэкордны ўраджай збожжавых, – непрыхаванай. Канешне, ураджай, як гавораць спецыялісты, мог быць і павінен быў быць лепшым, але ўсё ж наракаць на яго – грэх: валавы намалот амаль што 80 тысяч тон, ураджайнасць больш за 43 цэнтнеры з гектара – такога ў гісторыі Астравеччыны яшчэ не было.
Падзяліў гэтую радасць і гэтаксама выказаў словы падзякі і віншавання ўсім героям жніва першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Мікалаевіч Сачко. Да іх далучыліся і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы Віктар Іванавіч Леановіч, прадстаўнікі Мядзельскага раёна, якія прыехалі падзяліць з намі свята…
А затым надышоў час ушанавання герояў жніва. Лепшай гаспадаркай на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур па ўмовах раённага спаборніцтва стаў СВК “Гудагай” – старшыні праўлення Эдуарду Іванавічу Садоўскаму была ўручана Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта і сертыфікат на права набыцця аўтамабіля.
Сярод камбайнавых экіпажаў восьмы сезон запар “пальму першынства” нязменна ўтрымлівае варнянскі механізатар Тадэвуш Іванавіч Юркойць: сёлета ён са сваім памочнікам Арцёмам Віктаравічам Бабойцем намалаціў ва ўмоўнай вазе 2359 тон збожжа. Не нашмат адстаў таварыш па камбайнерскаму цэху Уладзімір Іванавіч Мятлеўскі з тых жа “Варнян”, які разам з памочнікам Аляксеем Рышардавічам Масейкам намалацілі 2295 умоўных тон збожжа і занялі ў раённым спаборніцтве другое месца. А “разбавіў” варнянскую кампанію на раённым п’едэстале гонару сямейны экіпаж Славаміра Браніслававіча Трусевіча і яго дачкі Таццяны з СВК “Гудагай”, якія намалацілі ва ўмоўнай вазе 1608 тон зерня.
Пра тое, што ў прызнаных майстроў хлебнага поля падрастае дастойная змена, сведчаць вынікі спаборніцтва сярод маладых камбайнераў: абодва прызавыя месцы тут занялі варнянскія камбайнеры: Віталь Анатольевіч Тумінскі і Андрэй Віктаравіч Бразевіч.
А вось сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа, найлепшых вынікаў дасягнулі гервяцкія: на першым месцы Генадзь Часлававіч Кардзіс, на другім Васіль Марыянавіч Сячынскі. Трэцяе – у вадзіцеля СВК “Варняны” Уладзіміра Карлавіча Грынцэвіча. Сярод маладых лепшымі сталі вадзіцелі з “Варнян” Сяргей Вітольдавіч Ромаш і Павел Аляксандравіч Качан, на трэцім месцы – іх равеснік з СВК “Гудагай” Андрэй Францавіч Сідаровіч. Сярод вадзіцеляў цэнтравывазу, якія дапамагалі вяскоўцам у гарачы час жніва, лепш за ўсіх папрацавалі Лех Паўлавіч Янцэвіч з аўтамабільнага парка №4 і Віктар Антонавіч Кукаловіч з сельгастэхнікі – яны таксама былі прызнаны пераможцамі жніва.
На дасушванні збожжа лепшымі прызнаны звенні аператараў трох сушыльных установак. Сярод тых, хто працаваў на сушылцы М-819, не было роўных гудагайскім сушыльшчыкам, брыгадзірам у якіх быў Віталь Зыгмундавіч Андрушкевіч. Сярод аператараў сушыльнай устаноўкі СЗК-10 лепшым стала звяно з СВК “Варняны”, якое ўзначальваў Вадзім Іванавіч Клентак, а на сушылцы КЗСВ-30 лепшых вынікаў дасягнулі аператары пад кіраўніцтвам Віктара Антонавіча Мілашэвіча з СВК “Міхалішкі”.
Усе пераможцы раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур былі адзначаны саліднымі грашовымі прэміямі.
Напярэдадні дажынак быў аб’яўлены конкурс на лепшы дажыначны сноп і каравай са збожжа новага ўраджаю. Самым пышным і прыгожым атрымаўся новы хлеб у каравайніц СВК “Гудагай” – менавіта ён і быў уручаны гаспадару раёна, старшыні раённага выканаўчага камітэта Адаму Дзмітрыевічу Кавальку напачатку свята. А лепшы сноп – на думку членаў журы, – самы прыгожы і сімвалічны звязалі жнеі СВК “Гервяты”, уплёўшы туды каласы літаральна ўсіх культур, што сёлета вырошчваліся на палях кааператыву, – высока ўзняў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Мікалаевіч Сачко як вынік важкага хлебнага года і надзею на будучы ўраджай.
Сярод падворкаў сельгаспрадпрыемстваў лепшай была прызнана “сядзіба” СВК “Варняны”.
А вось ацэнку фантазіі і майстэрству работнікаў культуры раёна, якія яны праявілі падчас стварэння кампазіцый з прыроднага матэрыялу, журы ледзьве змагло “ўціснуць” у пяць прызавых месцаў. Лепшай кампазіцыяй была прызнана сумесная работа з канём, Машай і мядзведзем Рытаньскага, Падольскага і Кямелішкаўскага дамоў культуры. Два другія прызавыя месцы атрымалі работа варонскіх культработнікаў “Ехаў дзедка на кірмаш, з ім на возе баба” і мілы, сімпатычны вожык міхалішкаўскіх майстроў. А два трэція забралі мальскі “Бусел надзеі” і гервяцкае “Спатканне”.
Увогуле работнікі культуры ў гэты дзень пастараліся, каб свята было не толькі шчодрым і багатым на падарункі і словы падзякі, але і эмацыянальна яркім. Працэс узнагароджвання пераможцаў жніва суправаджаў цудоўны канцэрт, падрыхтаваны выкладчыкамі музычнай школы, работнікамі культуры і самадзейнымі артыстамі раёна, лепшымі артыстамі раёна – яму, без перабольшвання, магла б пазайздросціць любая сцэна. Удзел у канцэрце прынялі лепшыя артысты і калектывы раёна: народныя ансамблі “Кямеліна”, “Світанак”, “Скарбніца”, узорны дзіцячы калектыў “Міхалінка”, інструментальны квартэт “Інкварта” – кожны нумар і кожная кампазіцыя былі, што называецца, “у яблычак”.
Ды і спецыяльна запрошаная на астравецкія дажынкі зорка не падвяла: Саша Нэма “запальваў” па поўнай і заводзіў публіку да стану экстазу. А галоўнае – быў шчырым і непасрэдным, што так любяць і цэняць гледачы.
Словам, свята адбылося – і ўдалося: быў і хлеб, была і песня… А таксама – шашлыкі і юшка, танцы і латарэі, спартыўныя спаборніцтвы і проста адпачынак… Так што дажынкі і настрой пасля іх атрымаліся вартымі самога жніва і дасягнутых падчас яго вынікаў.
Што ж, добра працавалі – прыгожа адпачывалі.


Ніна РЫБІК
Фота А. Мальшэўскага.