Профсоюз работников агропромышленного комплекса Островецкого района в путешествии по Беларуси

14:08 / 04.10.2012

Асноўная задача прафсаюзаў ляжыць у вытворчай плоскасці: умовы і бяспека працы, прыняцце калектыўных дагавораў і іх выкананне, прававая падтрымка працаўнікоў і інш. Аднак не працай адзінай жывуць прафсаюзы: арганізацыя культурнага адпачынку – не менш важная сфера прыкладання іх намаганняў. І робіцца ў гэтым накірунку нямала.


Раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на чале са старшынёй Мікалаем Канстанцінавічам Грыцкевічам арганізаваў нядаўна падарожжа ў мінулае. Яго пачатак – 1583 год. Менавіта ў гэтым годзе быў закладзены першы камень Нясвіжскага замка Радзівілаў, аднаго з самых багатых і ўплывовых родаў Еўропы. Радзівілаў, да якіх за грашовай пазычкай, “ничтоже сумняшеся”, звярталіся нават каралі…
Замак перабудоўваўся шмат разоў – і ў выніку набыў выгляд палаца, у якім гарманічна перапляліся, бадай, усе вядомыя архітэктурныя стылі.
Больш за чатыры стагоддзі “крулявалі” ў Нясвіжы Радзівілы, каб у 1939 годзе спешна пакінуць свой маярат і шукаць паратунку ў Польшчы, Францыі, у іншых краінах Еўропы. Палац на нейкі час стаў тады своеасаблівым біваком часцей Чырвонай Арміі.
Пасля Другой сусветнай вайны ў ім размяшчаўся санаторый – і архітэктурны ансамбль, і ўнікальны парк вакол яго прыходзілі ў заняпад і, здавалася, звароту назад не будзе. Але Нясвіжскаму замку пашанцавала – яму ўдалося пазбегнуць лёсу Крэўскага і Гальшанскага братоў. У 1993 годзе ў Нясвіжы быў створаны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік, куды ўвайшоў і замак. У 2006-ым Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А ў 2004-ым тут распачаліся рэстаўрацыйныя работы, якія летась закончыліся. І поўны радужных надзей замак зноў шырока расчыніў свае дзверы…
Вяртання магнатаў ён так і не дачакаўся – прыязджалі, канешне, нашчадкі, паглядзелі, пацокалі языкамі, паказалі на недахопы і з’ехалі ў свае Парыжы ды Амстэрдамы. Замак спачатку ўсхліпнуў, а потым расправіў плечы і стаў… народным – цяпер ён штодня прымае сотні наведвальнікаў, якія хоць і не адрозніваюцца асаблівай высакароднасцю, затое цікаўнасці ў іх – ажно зашкальвае.
У адрэстаўрыраваных залах, адноўленых і мэбляваных па шматлікіх фатаграфіях, малюнках, успамінах нашчадкаў, бясспрэчна прысутнічае дух Радзівілаў. Адчуваецца іх размах – палітычны, культурны, фінансавы… Стыльная жаночая палова. Больш дзелавая мужчынская. Пакой для баляванняў, у якім, калі верыць экскурсаводу, з-за сталоў не ўставалі тыднямі. Бібліятэка, дзе калісьці працаваў Богуш-Шышка (хутчэй за ўсё, прародзіч нашага мастака з Трокенікаў). Пакой паляўнічых трафеяў. Тэатральная. Спальні. Анфілада прыёмных. Зала для танцаў…
Раскоша ўражвае. Хоць на кожным партрэце, на старажытных габеленах, на донцы посуду, які яшчэ памятае смак страў, прыгатаваных кулінарамі палацавай кухні, і не хочаш, а ясна чытаецца: “Усё ў гэтым свеце часовае. І слава, і багацце, і ўлада…”
…А вось Мірскі замак – наступны прыпынак астравецкіх экскурсантаў у падарожжы па часе – не выклікае сумных асацыяцый. Напэўна, таму, што ён нейкі цацачны. І, нягледзячы на таўшчыню і гіпатэтычную непрыступнасць сваіх сцен, крыху бутафорскі. Магчыма таму, што гаспадар замка Юрый Ільініч пабудаваў яго дзеля ўласнага прэстыжу і, каб атрымаць больш высокі тытул, а абарончага значэння замак не меў. Ды што там абарончага – ніякага. Тыя ж Радзівілы выкарыстоўвалі яго ў якасці, так бы мовіць, паляўнічага доміка. Хоць паглядзець і ў Міры ёсць што. Праўда, экскурсавод распавядае (вымушаны распавядаць) галоўным чынам не тое, што ў замку адбывалася насамрэч, а што магло б быць, калі б замак быў сапраўднай ваеннай крэпасцю…
…Дзве з паловай гадзіны няспыннай хадзьбы па Нясвіжскім палацы плюс паўтары – па вежах і вежачках Мірскага замка. Ногі пачынаюць гудзець на манер тэлеграфных слупоў, і прысесці хочацца хоць на хвіліну… Не сядаю. Гляджу на пакуты часткі маіх спадарожніц, якія ў вандроўку чамусьці выправіліся ў абутку на высокіх тонкіх “шпільках”, і стаічна цярплю…
Затое ў аўтобусе… У мяккім камфартабельным аўтобусе Астравецкага аўтапарка так прыемна і ўтульна. А бутэрброды, прыгатаваныя прафсаюзнымі дзеячамі спецыяльна для вандроўнікаў, свежыя і смачныя…
Зваротны шлях заўсёды карацейшы – экскурсанты, а ў іх ліку былі прадстаўнікі кожнай з гаспадарак раёна, ветэрынарнай службы Астравеччыны, сельгастэхнікі, МПМК-158, селекцыйнага цэнтра – яшчэ не паспелі толкам падзяліцца сваімі ўражаннямі, як дарога ўжо прывітала іх знаёмай шыльдай “Астравецкі раён”.
Развітваліся сардэчна – падарожжы заўсёды збліжаюць. І кожны з сарака сямі ўдзельнікаў вандроўкі, перш чым пакінуць аўтобус, выказаў словы вялікай удзячнасці арганізатарам экскурсіі – райкаму прафсаюза АПК.


----------------------
Ганна ЧАКУР.