Мікалай Галай: «Астравеччына – мой лёс»

14:00 / 07.09.2015
ГалайПа-рознаму складваюцца жыццёвыя лёсы людзей. Нехта, дзе нарадзіўся, дзе зрабіў па бацькоўскім двары свае першыя крокі, там і затрымаецца да самай старасці. А некаторыя ў пошуках шчаслівай долі праедуць тысячы кіламетраў. Знайшлі яны тое шчасце ці не – гэта ўжо іншая справа.
Ёсць яшчэ людзі, што нарадзіліся ў адным месцы, а спатрэбіліся, як кажуць, у другім. Хоць прыехалі яны ў невядомыя для іх мясціны з намерам папрацаваць пэўны час ды вярнуцца бліжэй да роднага парога, аднак засталіся не на год і не два, а на дзесяцігоддзі…
Апошняе цалкам адносіцца да Мікалая Васільевіча Галая, які прыехаў у Астравецкі раён маладым спецыялістам, а пакінуў яго праз тры дзесяцігоддзі з пасады старшыні райвыканкама. І, вядома ж, пакінуў у гісторыі раёна значны след.
Пасля Астраўца М.В. Галай пэўны час працаваў у аблвыканкаме. Цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У год, калі Астравецкі раён адзначае 75-годдзе свайго ўтварэння, мы пацікавіліся ў Мікалая Васільевіча, як ён ацэньвае “астравецкі перыяд” у сваім жыцці, якія найбольш значныя падзеі таго часу яму запомніліся.

– Нарадзіўся я на Гомельшчыне, у Хойніцкім раёне, – распавядае Мікалай Васільевіч. – Раён наш быў чыста сельскагаспадарчы. Вось і я пасля школы вырашыў звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Паступіў у Калінкавіцкі сельгастэхнікум, атрымаў спецыяльнасць зааінжынера. Тэхнікум закончыў на “выдатна”, пры размеркаванні меў права свабоднага выбару. Хтосьці параіў: “Прасіся ў Гродзенскую вобласць – яна самая перадавая ў рэспубліцы.”
Прыехаў я ў Гродна. А адтуль мяне накіравалі ў самы аддалены і адзін з самых слабых на той час раёнаў – Астравецкі. А далей – болей. У Астраўцы мне прапанавалі пасаду галоўнага заатэхніка таксама ў адной з аддаленых, да таго ж самых слабых гаспадарак – калгасе імя Янкі?Купалы, цэнтральнай сядзібай якога была вёска Спонды.
Галай1Потым былі іншыя назначэнні (малады спецыяліст неўзабаве закончыў Гродзенскі сельгасінстытут і Вышэйшую партыйную школу): спачатку на пасаду старшыні калгаса “1 Мая”, затым – калгаса імя Яўсеева, наступным стаў калгас імя Калініна. Усе гэтыя гаспадаркі знаходзіліся ў розных кропках раёна – гэта дазволіла вывучыць яго да дробязей. Згоды ў спецыяліста пры такіх назначэннях у той час не пыталі: выклікалі на бюро райкама і, што называецца, ставілі перад фактам. Маўляў, ёсць меркаванне… І як бы чалавек ні адносіўся да такой “прапановы”, адмовіцца ад яе было практычна немагчыма.
– Калі мне трэба было ісці на бюро для зацвярджэння на пасаду старшыні калгаса, паўстала пытанне: што апрануць? У мяне быў адзіны касцюм – просценькі, яшчэ са студэнцкіх часоў. Няёмка было з”яўляцца ў такім уборы перад членамі бюро. “А ты апрані мой – ён амаль што новы,” – прапанаваў мне другі сакратар райкама партыі У.П. Буракоў. Аднак Уладзімір Пла-тонавіч ростам быў намнога вышэй за мяне, і яго касцюм мне ніяк не падыходзіў. Прыйшлося адмовіцца ад гэтай прапановы і ісці на бюро ў тым, што меў…
Потым М.В. Галая прызначылі першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а з 1983 па 1989 год – старшынёй райвыканкама. Гэтыя гады сталі для яго асабліва адказным і багатым на шматлікія клопаты перыядам. За гэты час у раёне адбылося шмат перамен, і гэта праходзіла не толькі на яго вачах, але і пры непасрэдным удзеле.
– У 60-х гадах, калі я толькі прыехаў у раён, Астравец быў невялікім пасёлкам памерам з сённяшнія Варняны. З часам тут з’явіліся тыповыя дзіцячыя садкі, сучасная цэнтральная раённая бальніца, шмат будавалася жылля, – успамінае М.В. Галай. – Тым не менш заставалася яшчэ шмат пытанняў, якія патрабавалі вырашэння. У час, калі я стаў працаваць старшынёй райвыканкама, адной з самых вострых была праблема з забеспячэннем жыхароў райцэнтра малаком. Яно завозілася з-за межаў раёна ў звычайных флягах. І за некалькі гадзін да яго прывозу людзі збіраліся ў чарзе ля магазіна з бітончыкамі ў руках і чакалі. Душа балела… Я цвёрда вырашыў: быць у Астраўцы свайму малочнаму заводу! І мы яго пабудавалі, хоць гэта і каштавала неймаверных намаганняў. Шкада толькі, што завяршыць гэтае будаўніцтва не ўдалося…
Галай2– Кадравы патэнцыял у раёне заўсёды быў даволі моцны. Мне імпанавалі дзелавыя якасці, гаспадарчы падыход да справы, уменне бачыць перспектыву Вячаслава Іосіфавіча Адахоўскага, які на працягу доўгага часу працаваў старшынёй калгаса “Радзіма”. Сапраўднымі гаспадарнікамі з’яўляліся яго папярэднік на гэтай пасадзе Андрэй Андрэевіч Галагаеў, а таксама кіраўнікі калгасаў Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч, Валянцін Мікалаевіч Балабановіч. Шкада, што няма ўжо сёння сярод нас Уладзіміра Уладзіміравіча Сідарэнкі, Часлава Іосіфавіча Рынкевіча, Мікалая Андрэевіча Севасцьяна, Уладзіміра Паўлавіча Постраша, Мар'яна Вацлававіча Шагуна і іншых таленавітых кіраўнікоў. І ў іншых галінах народнай гаспадаркі працавала нямала выдатных спецыялістаў: напрыклад, былы старшыня райспажыўсаюза Аляксандр Паўлавіч Чарняк, дырэктар райаграпрамтэхнікі Іван Іосіфавіч Масальскі, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Франц Іосіфавіч Вільбік, намеснік старшыні райвыканкама Марыя Іванаўна Пяткевіч, намеснік начальніка райсельгасупраўлення Раман Адамавіч Івашка, старшыня Рай-сельгасхіміі Павел Захаравіч Захарэвіч і іншыя. Я часта думаю: калі б да гэтай каманды дадаць яшчэ такіх прафесіяналаў, як загадчык вытворчага ўчастка Анатоль Шашкоў, галоўны механік Антон Слядзевіч, механізатары Мечыслаў Матыяшкойць і Міхаіл Чарнушэвіч, брыгадзір будаўнічай брыгады Мечыслаў Кавалеўскі, загадчыца склада Данута Хмялеўская, жывёлаводы Тэрэса Сташкевіч, Галіна Малышка, Леанарда Алёкса – узорная гаспадарка атрымалася б!
Потым у біяграфіі М.В. Галая наступіў новы этап, больш адказны і прэстыжны – праца ў аблвыканкаме.
– На працу ў аблвыканкам мяне запрасіў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, які неймаверна шмат зрабіў для развіцця Астравецкага раёна. З ім мы разам працавалі ў Астраўцы і потым, калі ён перайшоў у вобласць, падтрымлівалі цесныя сувязі. І пасаду мне прапанавалі вельмі цікавую, звязаную з кааператыўным рухам, які ў той час толькі пачынаў развівацца.
А што тычыцца Астравецкага перыяду, дык тут дваякае пачуццё: задавальненне ад таго, што тыя гады – а гэта практычна амаль уся мая працоўная біяграфія – не прайшлі дарэмна. Разам з тым ёсць і пэўная незадаволенасць: не ўсё, аб чым марылася, па розных прычынах удалося ажыццявіць. У тых жа Спондах, дзе я пачынаў працаваць, надзвычай прыгожыя мясціны. Была задума стварыць там санаторную зону – яна б не саступала Нарачы… Але сёння, карыстаючыся выпадкам, хочацца выказаць словы падзякі ўсім людзям Астравеччыны за іх працавітасць, шчырасць і чалавечнасць. І за тыя жыццёвыя ўрокі, якія я атрымаў, калі працаваў побач з імі. Я шмат чаму навучыўся ў іх.

-------------------------------
Уладзімір ТОМЧЫК.