Историю деревни Жукойни-Желядские рассказал Бернард Девялтовский

14:00 / 13.09.2013
Светлай памяці Бярнарда Дзевялтоўскага

Бярнард Адамавіч Дзевялтоўскі слыў у акрузе чалавекам правільных жыццёвых прыярытэтаў. Ён быў адукаваны,памяркоўны, справядлівы, адданы веры і касцёлу. Не аднойчы я звярталася да яго з нейкімі пытаннямі – і заўсёды атрымлівала вычарпальны адказ, таму што Бярнард Адамавіч добра ведаў гісторыю не толькі свайго краю. Як гаварыў ён сам, “шкода было траціць час на п’янкі, пустаслоўе і іншыя глупствы, лепш ксёнжку пачытаць”. І вось зараз я вырашыла данесці да чытача тыя нататкі пра сваю вёску і землякоў, што з такой любоўю і затоеным болем за яе будучы
лёс расказваў мне Бярнард Адамавіч.

Легенда


Недалёка за вёскай ёсць гарыстая мясцовасць, якая так і называецца – Гуры. Расказвалі старажылы, што некалі даўным-даўно там стаяў кляштар, якога ніхто не памятаў нават і з дзядоў Дзевялтоўскага. Многія бачылі прыступкі, якія быццам бы вялі да возера. На месцы, дзе зараз стаіць хата Станевічаў, раней і сапраўды было вельмі прыгожае возера. (А раз возера было – то, можа, быў і манастыр?) Зараз яно ўжо зарасло. Аднак, калі напачатку 80-х гадоў будавалі дарогу Страча – Клюшчаны, з тых Гураў бралі гравій, знеслі амаль усю гару, але ні фундаменту, ні іншых доказаў таго, што там некалі быў кляштар, не адкапалі. Тым не менш, чуткі ўпарта пераходзяць з пакалення ў пакаленне. У 1978 г. тут нейкі час працавалі ваенныя. Мэта іх дзейнасці была вядома, канешне, толькі ім адным. У Жукойнях Жалядскіх знайшлі найвышэйшую кропку ў нашай мясцовасці, тут і спыніліся. Гара за вёскай, што называлася «Могілкі», і была такой кропкай. Ваенныя пакінулі там нейкія адзнакі – 4-хгранны земляны курган памерамі 3х3 метры. «Могілкамі» гэтае месца называюць таму, што там, зноў жа па рассказах старажылаў, былі пахаваны напалеонаўскія салдаты. Там хавалі і мясцовых жыхароў пасля таго, як спондаўцы забаранілі на сваіх могілках хаваць людзей з іншых вёсак. А калі ў 1914 годзе вернікам вярнулі Жалядскі касцёл, вакол яго сталі хаваць людзей з усёй парафіі. Восенню мінулага года знайшлі на гары чалавечы чэрап. Значыць, сапраўды там былі пахаванні.
Жукойні-Жалядскія – гэта два населеныя пункты. У нашым сельсавеце такіх некалькі: напрыклад, Страчанка і Селевічы, Сенюці і Салаўі. Чалавек, які першы раз трапляе ў гэтыя вёскі, не адразу зможа зразумець, дзе заканчвецца адна вёска і пачынаецца другая. Самымі шматлюднымі былі Жукойні-Жалядскія перад Вялікай Айчыннай вайной, калі належалі да Жукойненскай гміны Свянцянскага павета Віленскага ваяводства: 51 двор, 323 жыхары (зараз 13 двароў і 23 чалавекі).
Жалядзі – мястэчка. Вядома, што мястэчкам называюць населены пункт, у якім знаходзіцца касцёл. А яшчэ ў мястэчку брука-ваныя вуліцы. Хаця брукаваныя вуліцы можна было сустрэць і ў вёсках, дзе было надта гразка – напрыклад, у Масцянах, у Белай Вадзе. На рамонт вуліц грошы выдзяляў урад. У Жалядзях у 20-х гадах мінулага веку палажылі брушчатку адразу толькі на гару, да касцёла, таму што ўнізе дарога была проста непраезнай увосень і ўвесну. У 1938 г. замасцілі да паварота ў вёску Жукойні.
У мястэчку знаходзіўся касцёл, плябанія, касцельныдом, магазін і 5 двароў: ксяндза, Курыновіча – палавічніка ксяндза з сям’ёй, Міхновіча Браніслава з сям’ёй, Міхновіча Эдварда (па прозвішчу Баян) з сям’ёй, Масевічаў. Курыновіч быў не мясцовы. У пошуках заробкаў ездзіў па багатых людзях і працаваў палавічнікам. Потым асеў у Жалядзях, стаўшы палавічнікам у ксяндза. Жыў з сям’ёй у тынкаваным доме каля касцёла, дзе потым, у савецкі час, была школа. Прабыў ён тут да 1941 года. Калі КДБісты арыштавалі ксяндза Суфрановіча і вывезлі яго, людзі вырашылі, што гэта палавічнік захацеў скарыстаць сітуацыю, здаць ксяндза, кааб атрымаць сабе ўсю зямлю. Раззлаваныя людзі выгналі яго з вёскі, хоць ніхто дакладна не ведае і па сённяшні дзень, быў той чалавек вінаваты ці не. У другой палове дома жыў арганіст – Дзевялтоўскі Віктар Ягоравіч. Ніжэй ад дома, дзе жылі арганіст з палавічнікам, быў вялікі будынак, у якім у адной палове быў размешчаны дзяржаўны магазін (вспулдзельня), а ў другой – касцельны дом “Огніско”. Бярнард Дзевялтоўскі памятае, як там рыхтавалі спектаклі да святаў, у прыватнасці, “Батлейку”, дзе ён іграў ролю “нейкага дзеда”, а яго брат Болюсь – Ірада. Побач з гэтым домам размяшчалася прыгожая сажалка з мосцікам. Яе калісьці выкапалі кармяліты, якія разводзілі там рыбу. Яшчэ ў 50-ых гадах тут лавілі карасёў мясцовыя жыхары. Яшчэ дзве сажалкі былі выкапаны тымі ж кармялітамі каля плябаніі.
Жукойні. У 1929 годзе ў Жукойнях здарыўся вялікі пажар, пра які і зараз з жахам успамінаюць старажылы. Гэта здарылася ў летнюю ноч. Загарэлася адна хата, агонь стаў перакідвацца на іншыя – стрэхі былі саламяныя, успыхвалі, нібы свечкі, і гарэлі, як факелы. Выгарэла за тую ноч 23 хаты – цэлая вёска! Бярнард Дзевялтоўскі быў тады яшчэ малы, але і зараз памятае, як маці паставіла яго на зэдаль і паказала ў акно, як гарыць вёска. Надта моцна тады перапужаўся малы гэтага жудаснага відовішча. А многія гаспадары пасвілі ў начным коней пад Гудалямі і нават не ведалі, што здарылася. Прыехалі раніцай дадому, а дома – няма.
Тады польскія ўлады, выплаціўшы страхоўку, сталі перасяляць людзей на хутары. Высветліць прычыну пажару не ўдалося. Хадзіла чутка, што адзін з мясцовых жыхароў, Карчакоўскі, гнаў уночы самагонку, і загарэлася яго хата. Потым іскра перакінулася на суседскую страху – і за лічаныя хвіліны ўспыхнулі і згарэлі датла 23 хаты.
Па дарозе на Александрыю (на Страчанку) былі Старыя Жалядзі (Стара Жэлядзь). Там былі 4 хаты. Зараз ужо і месца не засталося.
Сем’і пераважна былі мнагадзетныя. Па 5, 6, 7 і больш дзяцей. Самая шматлікая сям’я была ў Міхновічаў – у іх было 18 дзяцей! Празывалі гэту сям’ю Банэдыкамі (па імені дзеда). Дзеці ў школе зласловілі: “Банэдык 15, Банэдык –16!”
Калодзежы (студні) – гэта паказчыкі дабрабыту. У Жукойнях-Жалядскіх яны былі амаль у кожным двары. У асноўным драўляныя, з жураўлём-рассохай. Цэментныя сталі капаць пазней, пры Польшчы. Спецыялістаў было няшмат. У Жалядзях быў свой умелец – Ляховіч Владзюк. Звычайна той, хто біў цымбравіны (кольцы), той і капаў студню, дакладней, кіраваў работамі. Да Ляховіча звярталіся адусюль. Часам ён жартаваў, што выкапаў столькі калодзежаў, што, калі тыя кольцы адзін пры адным саставіць, да Амерыкі хапіла б, а калі б саставіць адзін на другі, то, можа, і да неба дабраўся б.
Кузні. У кожнай вёсцы была свая кузня, а то і некалькі – патрэбы ў паслугах каваля былі вялікія: плугі правіць, бароны, сохі, іншую глебаапрацоўчую тэхніку, сярпы рабіць, вілы, цяпкі для палоння градак, калёсы, сані, іншую вупраж, коней каваць – ды і шмат чаго іншага, нават цвікі рабілі каваныя, якімі карысталіся пры будаўніцтве як больш моцнымі і надзейнымі. У Жалядзях былі дзве кузні: у Мацясовіча Францішкі і Барадынкі Міхася. Затым, ужо пры савецкай уладзе, кавальскую справу прадоўжыў Бярнард Дзевялтоўскі. Вучыўся ён гэтаму рамяству два гады ў вёсцы Яцкуні. Затым стаў калгасным кавалём. Хоць у людзей было мала коней, а значыць, калёсы, сані, плугі і многае іншае стала непатрэбным у сялянскіх гаспадарках, кавальская праца зрабілася яшчэ больш запатрабаванай, таму што ў калгасе пастаянна што-небудзь ламалася: жняяркі, касілкі, плугі і г.д.
Кошыкі плесці ўмелі амаль усе мужчыны – хто горш, хто лепш, бо кожнаму трэба было мець у гаспадарцы кашы розных памераў: вялікія – насіць з гумна сена для жывёлы, меншыя – капаць бульбу. А яшчэ – кошыкі хадзіць па грыбы і ягады. Плялі таксама з карэння або вяровак лубкі – для яек або для насення (рассяваць збожжа).
Сталярка. Праславіў Жалядзі майстар па дрэву – Буйчык Ян. Шэсць месяцаў (заўважце, гэта даволі хутка) рабіў ён свой першы алтар для Свірскага касцёла. 17-18 чэрвеня 1928 года адбылося яго асвячэнне. Крыху пазней такі ж алтар, толькі ў паменшаным выглядзе, Буйчык зрабіў і для Жалядскага касцёла. Яго шафкамі, ложкамі і іншай мэбляй карысталіся амаль што ў кожным доме, а ў некаторых яны захаваліся і да сённяшняга дня. Да яго працаваў па сталярцы Міхновіч.
Музыканты. У кожнай вёсцы быў свой музыкант, які іграў для моладзі на танцах, а таксама на вяселлях. Толькі больш заможныя гаспадары запрашалі на вяселлі чужых музыкантаў (хоць крывое дрэва, абы з чужога лесу!) Лічылася за гонар, каб вяселле ігралі тры музыкі: скрыпка, бубен і баян. У Жалядзях было некалькі славутых музыкантаў, вядомых на ўсю акругу: Эдвард Міхновіч, па прозвішчу Баян, і Вітольд Матусевіч, па прозвішчу Шляхта, які быў не толькі музыкантам, але і тамадой. Пра яго выдумкі і жарты памятаюць і зараз. Быў ён вельмі запатрабаваны і за сваё жыццё сыграў больш за 200 вяселляў.
Праславілі Жалядзі і арганісты. Віктар Буйчык вучыўся на арганіста ў Вільні. Некаторы час працаваў у Соракполе (Пававёрка, Літва), потым вярнуўся на радзіму і стварыў пры касцёле хор з 20 чалавек – 15 дзяўчат і 5 мужчын. У хоры спявалі: Васілеўскі Бэрнась, Буйчык, Памецька Яніна, Лаўрыновіч Марыя, Гарбулі 3 (ці 4 чалавекі – аўт.), Маразянкі.
Пасля Буйчык быў накіраваны ў Камаі. У 1940 годзе быў рэпрэсіраваны ксёндз Чэслаў Янкоўскі, а следам пасадзілі ў турму і Віктара, як касцельнага служку. На гэтым звесткі пра яго абрываюцца. Падобна, што ён не вынес жудасных умоў і здзекаў, якія чынілі над рэпрэсіраванымі, і ў турме загінуў. Віктар Ягоравіч Дзевялтоўскі таксама працаваў у Жалядскім касцёле.
Магазіны. Пры царызме існаваў хлебанарыхтоўчы магазін. Пабудаваны ён быў злева, непадалёк дарогі, як ехаць ад касцёла ў вёску. Туды ссыпалі лішкі збожжа, а вясной, хто не меў – пазычалі, але ўвосень мусілі аддаць з працэнтам – і за кошт гэтага збожжа ў магазіне не пераводзілася. Восенню 1914 года, калі прыйшлі немцы, магазін быў ліквідаваны, людзям дазволілі яго разабраць. Дрэва было вельмімоцным і добрым, і з яго дабудавалі да царквы касцёл, унутры якога шалёўку рабілі таксама з высокаякаснага дрэва з Бушэўскага лесу. Магазін трымаў жыд Бэрка. Прадаваў усё, акрамя гарэлкі. Хто хацеў выпіць, той мусіў ісці ў Клюшчаны да Карпінскага. Добры быў Бэрка. Людзям тавар пазычаў. Успомніў Дзевялтоўскі і “нявінныя” хлапечыя выхадкі. Трэба было пёры “зорачку” купіць для школы. Са стрыечным братам набралі яны яек з покладу і занеслі Бэрку ў абмен на пёры. Назаўтра пераняў іх Бэрка і кажа: “Забярыце свае курчукі”. Не крычаў, не лаяўся і нават пёры назад не забраў!
У другі раз вырашылі хлопцы-падлеткі пакурыць. Дамовіліся, што ўкрадуць па 4 яйкі і купяць цыгарэт у Бэркі. Тады таксама дзейнічала забарона на продаж тытуню і алкаголю да пэўнага ўзросту, пагэтаму хлапчукі дамовіліся сказаць, што вясковы пастух паслаў іх купіць цыгарэт. Так і зрабілі, а потым пайшлі ў гаёк і выкурылі хто пяць, хто восем цыгарэт! Потым качаліся па зямлі, ўстаць не маглі – усё плыло і пераварочвалася перад вачыма. Суткі адмучыліся, а бацькам прызнацца баяліся. Але гэта паслужыла добрай навукай – ніхто з той кампаніі да канцажыцця больш не ўзяў у рукі цыгарэту, нават жартам.
Карчма ў мястэчку існавала нядоўга. Адкрыў яе бацька арганіста Віктара Ягор Дзевялтоўскі. Паколькі спіртное ў магазіне не прадавалася, то разважны і гаспадарлівы чалавек думаў, што зможа на гэтым мець добры прыбытак. Ужо тады рэклама працавала на пакупніка. На шыльдзе прыгожымі літарамі было выпісана: “Ежы Дзевялтовскі – піво і законскі”. Калі б у наш час працавала такая карчма, то, думаю, яна б не пуставала ні адной хвіліны, а тады на піве і закусках не ўдалося “падняцца” – мужчын у тыя часы больш цікавіла праца, чым забавы. У хуткім часе карчма “прагарэла”.
Рынак. Галоўныя рынкі былі ў Міхалішках і Лынтупах. Цяпер прапанаваць каму-небудзь схадзіць у Міхалішкі пехатой – пасмяюцца. А тады хадзілі! І не толькі хадзілі, але і насілі на продаж грыбы, ягады, яйкі, масла, тварог і іншыя тавары, якія ў асноўным скуплівалі жыды. Дзевялтоўскага заўсёды здзіўляла іх гандлярская жылка, іх дыпламатычнасць і цярплівасць.
Яшчэ падлеткам Бэрнась насіў на рынак падрыхтаваны мамай тварог. Жылі небагата, і маці, аддзяліўшы смятану, рабіла тварог з поснага малака, які не меў ні смаку, ні таварнага выгляду. Жыдоўка, відаць, шкадуючы малалетняга гандляра, купіла, а ў наступны раз падышла і ціхенька сказала: “Хлопчык, скажы маме, што тварог смачны, але болей хай такога не робіць.” Іншы раз, ужо ў кавалерам, ён дапамагаў сябру выбраць шапку. Паслужлівы яўрэй з дасціпнымі жартамі завіхаўся каля іх, прапаноўваючы адзін за другім розныя капелюшы. Першы аказаўся малы – і дыпламатычны прадавец пахваліў пакупніка “О, пан мае профэсорска глова!”, а калі і ўсе астатнія неналезлі, то і ў яго цярпенне лопнула, нават забыўся пра “шляхэтную” мову, перайшоў на мужыцкую:“Разгадаваў галаву, як цэбар, а яшчэ капялюш насіць хоча!”
Гаспадарку трымалі ў кожнай сям’і. Бяднейшыя – карову і пару свіней. Багацейшыя, тыя, хто меў больш зямлі, трымалі па пары коней і па тры каровы, авечак, свіней, гусей, курэй і г.д. Жылі больш-менш роўна, багацеяў не надта любілі, нават ваявалі з імі. Вось класічны прыклад.
У Гудалях жыў заможны гаспадар Лаўрыновіч па прозвішчу Казак. У гэтай вёсцы на той час было 80 жыхароў (зараз – 2 хаты і 2 жанчыны). Ён не дазваляў пасвіць кароў на яго зямлі і нават у лесе. Каб не пасвілі кароў паслаў там лён. А мужыкі вясковыя сцягнулі той лён і спалілі. У сажалку яму карваліны налілі. Сваіх кароў вымушаны быў вадзіць паіць аж у Трашчанскі роў. Лаўрыновіч падаў на мужыкоў у суд, патрабаваў, каб за пашу яму плацілі па 50 злотых з каровы і каня. Але суд не задаволіў яго патрабаванне.
Калгасы. Аб’яднанне сялянскіх гаспадарак у калгасы праходзіла неадназначна: балюча для сапраўдных гаспадароў, тых, хто любіў зямлю і ўмеў на ёй працаваць, – і радасна для беднякоў, тых, у каго не было чаго “абагульняць”. Чытаеш зараз у “раёнцы”: курыцу ці талеркі ў некага ўкралі – і людзі не даруюць, звяртаюцца ў міліцыю. А тады ж не талерку забіралі, а самае важнае і жыццёва патрэбнае: зямлю, коней, вупраж, усе гаспадарчыя прылады. Невыносна цяжка было гаспадарам, якія кожную пядзю сваёй зямелькі выпеставалі ўласнымі рукамі: як аддаваць яе немаведама каму? Вось тады і пачалося рассяленне вёскі. Цэлымі сем’ямі выязджалі ў Польшчу, многія – у Вільню і іншыя гарады. Тыя ж, што засталіся, паводзілі сябе па-рознаму: адны стараліся выслужыцца перад новай уладай, другія – скарыстаць сітуацыю ў сваіх мэтах, трэція заставаліся такімі ж дбайнымі гаспадарамі, хоць і ў калектыўнай гаспадарцы.
Не абыходзілася і без камічных сітуацый. У Жалядзях загадчыкам канюшні быў прызначаны непісьменны чалавек па прозвішчу Смаляк (імя зменена – аўт.). Каб атрымаць каня для гаспадарчых патрэб, трэба было прынесці загадчыку даведку з канторы. Двое вяскоўцаў не сталі абцяжарваць сябе паходамі да начальства, ведаючы, што загадчык канюшні непісьменны, напісалі на лісце са школьнага сшытка “Смаляк-дурак, дай каня!” Конюх забраў “даведку” і даў каня. Праз пару дзён Смаляк павёз справаздачу ў кантору, а там яму і прачыталі, што напісана ў той “даведцы”.
Прыехаўшы дахаты, ён схапіў сякеру і ганяўся за жартаўнікамі – але тыя ўжо паспелі зрабіць усё, для чаго быў патрэбен конь.
Школа. У мястэчку размяшчалася і школа, якая да 1914 года знаходзілася ў спецыяльным будынку – як падымаешся на гару, з правага боку. Немцы школу закрылі, будынак разабралі. Пасля школа размяшчалася ў прыстасаваных хатах у Барадынкі, у Жусіна. Затым шасцікласная школа (у 7 клас трэба было ісці вучыцца ў гімназію ў Свянцяны) размясцілася ў прыгожым будынку сям’і Памецькаў, дом якіх захаваўся і за-раз. Настаўнікаў было трое: Свяцкі Станіслаў – дырэктар, Суханкуўна Эльжбета, Пшыбылоўская Гэлена.
Вучняў тады не кармілі. Толькі ў час канікул самых бедных запрашалі прыходзіць кожны дзень у школу і давалі лусту белага хлеба і кубак кавы. Дзевялтоўскі ўспамінае, што так смачна не елі дома нават на свята: надта хлеб быў смачны, а пах той беленай кавы ён памятае да гэтай пары.
Фэст. Можа, затое, што фэст у нашай парафіі адзначаецца летам (16 ліпеня), ён заўсёды быў шматлюдны і вясёлы. Гандляры навозілі розных прысмакаў: пернікаў, абаранкаў, пеўнікаў з паленага цукру, цукерак. Працавала нават карусель на 6 месцаў. Гаспадар складваў яе на месцы – і за невялікую плату маглі катацца ўсе, хто хоча. Потым былі танцы, якія амаль ні аднаго разу не праходзілі без боек. Звычайна ішлі вёска на вёску. Адзін раз гудалёўскія і жалядскія хлопцы пабіліся такжорстка, што некаторыя нават у турме адсядзелі.
Вера. Насялялі вёску адзінаверцы – католікі. Непадалёк, на хутары Прудзішча, было пасяленне старавераў: 7 хат – Русалоўскія, Лапцевы, Нікіфаравы, Пазняковы і іншыя Яны хадзілі маліцца ў Свір у царкву, якая захавалася і зараз на Рыбацкай вуліцы. А ў школу дзеці старавераў хадзілі разам з вясковымі і сядзелі на ўроках багаслоўя.
Касцёл. Помнік архітэктуры – касцёл Маці Божай Шкаплернай пабудовы 1622 года. Тры гады ў касцёле служыў ксёндз Юзафовіч, тады – Суфрановіч, якога арыштавалі НКВДысты і саслалі ў лагеры. Потым – Андрэй Булька, які пасля быў пераведзены ў Камаі і памёр у Польшчы. Потым Юзаф Маліноўскі, які быў замардаваны ў Красным. Наездамі працаваў кс. Адам Вайцяхоўскі. Гэта святары, якіх добра памятаў і якім паслугаваў у святой імшы Дзевялтоўскі. Бярнард Адамавіч з маленства прыходзіў у касцёл паслугаваць кожны дзень. Ксёндз даваў рубель, а падушачкі, самыя папулярныя ў той час цукеркі, якраз і каштавалі адзін рубель за кілю. Але падушачкі – гэта так, каб жыццё крыху саладзейшым здавалася. На самой справе Дзевялтоўскага цягнула ў касцёл магчымасць паслужыць Богу, а праз гэта – і людзям. Пералічыць усё, што зрабіў для касцёла за ўсё сваё свядомае жыццё Бярнард Адамавіч Дзевялтоўскі, цяжка.
Прасцей сказаць, што ён жыў для касцёла і для людзей.


--------------------------
Іаланта Валуевіч.