Из Манчестера - в Шутовичи. Путь на родину через годы и страны

15:00 / 16.08.2013
Тысячагоддзямі разважаем пра прычыннасць і наступствы. Пра ўласны выбар і прадвызначанасць лёсу. Спрачаемся, даказваем, ствараем вучэнні – ажно да рэлігій… І што? А нічога! Гэтак жа, як і тысячы гадоў таму, мы не можам да канца асэнсаваць, чаму, па чыёй прыхамаці здараецца тая ці іншая падзея, выплывае з нябыту невядомая раней асоба, пачынаецца новы шлях або абрываецца раптам стаўшы прывычным…

Аднойчы ў доме загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірыны Аляксандраўны Станкевіч раздаўся тэлефонны званок. Звычайная справа – каго гэта можа здзівіць?! Без ніякіх эмоцый гаспадыня падняла трубку.
– Вас турбуе Святлана Міхайлаўна Папова, – сказаў ёй незнаёмы жаночы голас. – Я з Асіповіч. Па даручэнні вашай стрыечнай сястры Марыі…
– Якой Марыі? Няма ў мяне такой стрыечнай сястры… – недаўменна перапытала Ірына Аляксандраўна.
– Марыі. З Манчэстэра…



Шутовічы


Бабуля і дзядуля Ірыны Аляксандраўны жылі ў вёсцы Шутовічы (сёння – Смаргонскі раён). Як і ўсе астатнія аднавяскоўцы, яны працавалі на сваёй зямлі. Не былі асабліва заможнымі, але і голаду не ведалі. Нарадзілі адзінаццаць дзяцей, выжылі з якіх шасцёра: Ядзя, Марыя, Яня, Юля, Алеся і Марта Шутовічы. Адны дзяўчынкі – да засмучэння іх таты, якому так хацелася мець сына – наследніка, памочніка, аднадумца. Зрэшты, у памочніках і пры такім раскладзе праблемы не ўзнікала – дзяўчынкі былі прывучаныя да працы з маленства. І на панадворку бацькоўскай хаты, і ў лесе на нарыхтоўцы дроў, і, вядома ж, у полі ды на сенажаці.

Жылі па спрадвечных законах – з Богам у душы, з мазалямі на далонях. Марылі, зноў жа, як усе: дзяўчаты – пра сустрэчу з суджаным, бацька – прыдбаць бы яшчэ зямліцы, маці – каб усе былі здаровыя і каб у печы не пуставала…
Але ў моцных гэтага свету было сваё бачанне далейшага лёсу нашага краю.
У 1939-ым прыйшлі “саветы”, і прывычны сялянскі ўклад жыцця стаў на дыбы – на думку новых уладаў, у ім не павінна было быць ні Бога, ні ўласнай зямлі…
У 1941-ым – новая акупацыя, нямецкая. І хаця з прыходам немцаў у сялян замігцела надзея, што Бог і зямля цяпер па-ранейшаму застануцца з імі, вельмі хутка стала зразумела: дабра ад акупантаў чакаць не прыходзіцца…
У 1942 годзе немцы забралі дачку Марыю. Разам з іншымі маладымі людзьмі вёскі яе вывезлі ў Германію.
Бедная маці за слязьмі не бачыла сцежкі. Кожны вечар уся сям’я кленчыла перад абразам і адмаўляла супольны ружанчык, молячы Маці Божую аб заступніцтве для Марыські. І, відаць, вымалілі – Марыся трапіла ў маёнтак да нямецкага бюргера. Працаваць, канешне, даводзілася многа, але хіба яе, сялянскую дзяўчыну з мнагадзетнай сям’і, можна было спалохаць працай?! Тым больш, што кармілі ў бюргера нядрэнна...



Германія – Англія


Дзяўчына любіла працаваць на полі: ветрык (гэткі ж самы, як там, на Радзіме, у Шутовічах!) гуляў з яе косамі, і сонца свяціла дакладна такое ж. Здавалася, дастаткова распрастаць спіну, адарваць вочы ад бясконцай баразны, і ўбачыш побач усмешлівыя твары Ядзі, Марты, Алесі… І загучыць прывычнае матчына “Хіліцеся, дачушкі… Хіліцеся да работы – сонца яшчэ высока…”

Аддаўшыся ў палон ілюзіям, Марыя выпрамілася… Ні Ядзі, ні Марты… Але чыйсьці зацікаўлены позірк яна ўсё ж перахапіла – з суседняга поля на дзяўчыну ўзіраўся незнаёмы хлопец. Усмешлівы. Сімпатычны. Збых, як высветлілася пазней. З Польшчы.
Пазнаёміліся, разгаварыліся – балазе, Марыя свабодна валодала польскай мовай. Пакахалі адзін аднаго? Напэўна. Хаця не апошнюю ролю тут адыграла і адзінота – гэта ж такое шчасце на чужыне мець магчымасць прытуліцца да роднага пляча…
Неўзабаве яны пажаніліся. І нарадзілі дзіця. Якое, да іх агульнага гора, праз тры месяцы памерла.
А вайна, між тым, ужо набліжалася да свайго завяршэння – яе кананада з кожным днём чулася ўсё выразней…
Іх вызвалілі амерыканска- англійскія войскі. Усё. Можна вяртацца. Але куды?
– На Смаргоншчыну, у Шутовічы, – лічыла Марыя.
– Наўрад ці, – адмоўна хістаў галавой Збых.
І тлумачыў, што па чутках, рускія варожа ставяцца да тых, хто вяртаўся з прымусовых работ.
– І потым, яны ж цяпер зноў вернуцца да вас…
– І зноў трэба будзе жыць без Бога? – перапытвала мужа Марыя. – І зямлю адбяруць?..
Яны вырашылі не вяртацца – ні ў Польшчу, ні ў Савецкі Саюз. Пераехалі ў Англію. Кудысьці ў прыгарад Манчэстэра. Жылі спачатку ў прыстасаваным будынку – нешта кшталту інтэрната для такіх, як яны. Бяздомнасць, бязроднасць, няпэўнасць будучыні… Святло і надзею ў іх жыццё прынесла нараджэнне дачушкі Марыі – на такім выбары імя настаяў Збых.
З часам у іх з’явіўся ўласны дом. І нарадзіўся сын Генрых.
Марысі так хацелася расказаць пра сваё жыццё бацькам і сёстрам, даведацца, як яны там? Але агульная, здавалася б, вайна закончылася рэзкім размежаваннем краін на палітычныя лагеры. І дасылаць “капіталістычныя” пісьмы ў СССР было небяспечна для тых, каму яны былі адрасаваны. Сувязь з роднымі для яе была страчана.
А вось Польшча ставілася да “капіталістаў” значна больш спрыяльна, і ў сярэдзіне 50-ых гадоў Марыся са Збыхам вырашылі наведаць яго родных. І там, у Польшчы, ёй выпадкова (?) удалося пазнаёміцца з жанчынай з суседняй з Шутовічамі вёскі. Тая расказала маладой жанчыне пра жыццё яе родных. А яшчэ, вярнуўшыся дадому, у Беларусь, яна дала Марыіным родным польскі адрас. І паляцелі пісьмы: і з Англіі, і з СССР яны траплялі спачатку ў Польшчу, да даверанай асобы, якая перапраўляла іх далей – у СССР і ў Англію. Ах, якой ажыўленай перапіска была ў пачатку – сямейныя навіны і фатаграфіі ластаўкамі ляталі туды-сюды. У Ядзі дзве дачкі і сын? Малайчынка! А ў цябе, Марыська, сын і дачка? А муж хоць добры трапіўся?..
Паступова (чамусьці ў жыцці так бывае амаль заўсёды) перапіска стала згасаць, каб у 1961 годзе спыніцца канчаткова. Сёстры зноў страціліся ў часе і ў адлегласці. Як аказалася, на гэты раз – назаўсёды. Не, яны не забыліся адна адну, не адракліся. Беларускія сёстры, молячыся на ноч, па- ранейшаму ахвяроўвалі ружанчык і ў інтэнцыі Марыські: “Святая Маці, не пакідай яе без апекі ў чужой старонцы… “ Думкі Марыі таксама не забыліся дарогу да бацькоўскай хаты – з гадамі яе падслепаватыя вокны сталі заглядваць у сны жанчыны ўсё часцей. Але перапіска паміж сёстрамі так і не аднавілася.
А гады, між тым, сталі браць сваё, і паслухмяныя законам часу сёстры Шутовічы адна за адной пачалі выбірацца ў падарожжа, з якога не вяртаюцца… Памерла і Марыя, а разам з ёй – апошняя павуцінка, якая яшчэ хоць неяк аб’ядноўвала сям’ю…



Час збіраць камяні...


На выручку, як заўсёды, прыйшоў Яго вялікасць Выпадак. Хоць толькі сляпы не змог пазнаць у яго зменлівых рысах аблічча пераапранутага Лёсу.

Па суседству з домам Марыі пасялілася перасяленка з Беларусі. З Асіповіч. Суседкі пасябравалі. І аднойчы, калі да беларускі прыехала сваячка, Марыя асмелілася агучыць сваю мару: ёй вельмі хацелася з’ездзіць у Беларусь – наведаць магілкі дзеда і бабкі, пабываць на месцы, дзе калісьці стаяла іх хата, проста падыхаць паветрам “матчынага юнацтва”…
– Без праблем! – адказала госця Святлана Міхайлаўна Папова. – А ў вас засталіся хаця б нейкія каардынаты? Ёсць? Дазвольце глянуць… Смаргонскі раён, Шутовічы… Добра, я пастараюся даведацца, дзе пахаваны вашы бабуля і дзед…
Святлана Міхайлаўна сваё слова стрымала – вярнуўшыся дадому, яна патэлефанавала ў Шутовіцкі сельскі Савет:
– Не падкажаце, дзе пахаваны наступныя людзі? Англійскія родзічы хочуць наведаць…
Сакратар сельсавета (ну, канешне ж, цалкам выпадкова!) ведала. І не толькі месцазнаходжанне пахаванняў Шутовічаў, але і тэлефон адной з іх унучак. Святлана Мікалаеўна пазваніла, і высветлілася, што ў англічанкі Марыі ў Беларусі – вялікая радня: чатыры стрыечныя (не кажучы, пра далейшых) сястры, брат, іх дзеці і ўнукі…
Калі гэтая навіна агламошыла беларускую частку сям’і, то для англійскай яна стала сапраўдным громам сярод яснага неба.
Марыя сабралася за некалькі дзён. Віза, білеты, пакаванне чамадана – усё гэта яна рабіла неяк на “аўтапілоце”. А ў галаве білася адна-адзіная думка: як прымуць? Не бачыліся ж ніколі. Іншы менталітэт, розныя мовы, чужыя традыцыі…
…У Віленскім аэрапорце яе спаткала перакладчыца з трафарэтнай таблічкай з прозвішчам. Колькі яшчэ да Беларусі? Зусім побач? Ну што ж, не будзем адцягваць момант – паехалі…
Расказвае Ірына Аляксандраўна Станкевіч:
– Не пазнаць Марыю было немагчыма – рысы нашай пароды ў яе фігуры і на твары прапісаны ярка. Яна – проста адна з нас. Высокая, статная. І гэтае знешняе падабенства прадвызначыла ход спаткан¬ня. Абняліся, павіталіся – і аднекуль прыйшло адчуванне, што ведалі адна адну заўсёды. Нібы родны чалавек вярнуўся пасля доўгай адсутнасці… І Марыя, як пасля высветлілася, адчула тое ж самае: яна – дома.
Сустрэча радні праходзіла ў маім доме. Звычайна, рыхтуючы стол для старонніх людзей, бязмерна хвалюешся. А тут хвалявання – нуль. Накрываю для сваіх. Галубцы, дранікі, бульбачка, мяса па-французску… Спіртнога Марыя не ўжывае зусім. Толькі мінеральную ваду, прычым негазіраваную. Га¬лубцы яна ніколі не спрабавала. І катлеты мае ёй вельмі спадабаліся…
І яшчэ цікавае супадзенне… Марыя, гэтак жа як я, працуе ў сацыяльнай службе – прызначае матэрыяльную дапамогу бежанцам з Палесціны і краін Афрыкі… У яе таксама двое сыноў. Марыі 61 год, але выглядае яна значна маладзей.
Мы пастараліся паказаць ёй Беларусь – звазілі ў Хатынь, у Мінск. Вялікае ўражанне зрабіў на Марыю касцёл у Гервятах – “Вэры найс”, – бясконца паўтарала яна. Ёй наогул спадабалася Беларусь.
Хаця самым галоўным у гэтай сустрэчы былі ўспаміны. Кожны вечар мы ўладкоўваліся на канапе, даставалі альбомы с фатаграфіямі – яна свае, я свае. І пачыналі.
– Гэта мой малодшы брат Генрых, ён закончыў духоўную семінарыю, але святаром не стаў – гандлюе машынамі. Гэта мама і тата, мы толькі што пераехалі ва ўласны дом. Гэта мае сын, а гэта – унучак… – каменціравала здымкі Марыя.
– А гэта мая мама, твая цётачка Ядзя, – я даставала свае фатаграфіі. – Яна памерла толькі ў верасні. Зусім крыху не дачакалася твайго прыезду. Яна ніколі не забывала сваю сястру Марыю. Часта ўздыхала, што не ведае, жывая сястрычка ці не? Да канца малілася за яе, як за жывую…
– І мая мама малілася за сваіх сясцёр. Ведаеш, у мяне застаўся яе ружанчык. Я доўга думала, што з ім рабіць. А пасля экскурсіі ў Смаргоні зразумела: там, у Смаргонскім касцёле ёсць статуя Пана Езуса, на якой многія вернікі пакідаюць свае ружанцы – у якасці ўдзячнасці, напэўна. Вось і я вырашыла прывезці туды мамін. Не толькі як падзяку Богу за цуд адшукання сям’і. Але і дзеля мамы – няхай ружанчык, які яна ў апошнія гады рэдка выпускала з рук, вернецца дадому, аб якім яна столькі гадоў марыла. Няхай хаця б такім спосабам мама з’яднаецца са сваёй страчанай радзімай.
Праз тыдзень Марыя вярнулася ў Манчэстэр. У свой дом. Да мужа, дзяцей і ўнукаў. Вярнулася знешне амаль нязменнай, хіба што крыху больш стомленай, чым гэта бывае звычайна. І ўсё ж яе блізкім хапіла першага позірку, каб зразумець: Марыя вярнулася іншай – узмоцненай усведамленнем уласных каранёў.


------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.