Нет права забыть

18:00 / 04.07.2013
…Калі ж захочаш прысягнуць
Усім, хто не вярнуўся з бою,
Ты не шукай іх за спіною –
Яны наперадзе ідуць.
Яны наперадзе ідуць… Рабочыя, земляробы, інжынеры, настаўнікі, будаўнікі… – людзі, якіх вайна раптоўна перакваліфікавала, надаўшы ім самую ганаровую і самую страшную – адну на ўсіх – спецыяльнасць: Воін, Абаронца Радзімы…
Яны наперадзе ідуць… І тыя, хто ўласнай  крывёй і потам вымасціў дарогу да Перамогі, і тыя, хто загінуў у сваім самым першым баі, так і не паспеўшы хоць раз націснуць на спускавы кручок…
Яны наперадзе ідуць… Генералы і радавыя. Кадравыя ваенныя, падпольшчыкі, партызаны…
Яны наперадзе ідуць. І будуць ісці вечна…


Хронiка звычайнага подзвiгу. Успамiны

ДЗЕЮЧАЯ АСОБА
Алег  Захаравіч БУЛАВІЦКІ.
Нарадзіўся ў 1920 (хутчэй за ўсё) годзе ў вёсцы Гара Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.  з 1943 года – партызан 14-га атрада “Истребитель” партызанскай брыгады Героя савецкага  саюза  Аляксея Данукалава, якая дзейнічала на Ушаччыне.

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА:
Ушаччыну называлі “партызанскай рэспублікай”.
Са снежня 1943 па красавік 1944 года ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і БШПР, партызанскай брыгады імя Чапаева.
Вясной 1944 года да міжпартызанскай зоны было сцягнута да 60000 карнікаў. Задача: акружыць і знішчыць партызан.
30 красавіка 1944 года баі ўжо ішлі пад Ушачамі, 230-кіламетровая лінія абароны партызанскай зоны скарацілася да 20-кіламетровай. Ад ваеннага Савета 1-га Прыбалтыйскага фронту паступіў загад пачаць падрыхтоўку да прарыву, які планаваўся на 1 мая, але здзейснілі яго партызаны ў ноч  з 4-га на 5-га, разарваўшы варожае кальцо блакады. Загінула ў баях з карнікамі больш за 1500 партызан, сярод іх камбрыг А.Ф. Данукалаў. Карнікі страцілі забітымі і параненымі больш за 20000 салдат, афіцэраў, 59 танкаў, 116 аўтамашын, 7 бронемашын, 22 гарматы і 2 самалёты.


Успамінае  Алег  Захаравіч Булавіцкі:
– Разрозненыя часці адступаючай Чырвонай Арміі не ў стане былі аказаць хоць якое-небудзь супраціўленне,  так  што  немцы  адчувалі  сябе  гаспадарамі, рухаліся, як на вучэннях – адкрыта і з песнямі. Праўда, баі, якія  неўзабаве  адбыліся  пад Віцебскам і Полацкам, прымусілі немцаў  змяніць  стыль.  А  потым  пачалася  партызаншчына –  навучыла  акупантаў  баяцца маўклівых беларускіх лясоў, як чорт ладану.
У пачатку 1943 года далучыцца да  лясных  мсціўцаў  вырашыў  і я. Прыйшоў у брыгаду: прыміце.
Трэба сказаць, што выгляд у мяне быў не асабліва ваяўнічы: невысокага  росту,  дробнага  складу, хударлявы…
– Зброю маеш? – суровым тонам пытаецца ў мяне начальнік штаба Жэня Котаў.
– Не, – апускаю я галаву.
–  Значыць,  здабудзь.  Дадзім табе пару гранат – пойдзеш на дарогу і будзеш чакаць, пакуль з’явяцца фашысты. Узарвеш іх машыну і здабудзеш сабе аўтамат.
– Зраблю, – не раздумваючы, адказаў я.
Убачыўшы  маю  гатоўнасць, штабісты пераглянуліся – іх галасы памякчэлі. –  Гэта  мы  так…  Правяралі. Прызначаем цябе байцом 14-га атрада – ідзі, а подзвіг яшчэ паспееш здзейсніць.
І пачаліся партызанскія будні…
Гэта  восенню  здарылася.  У кастрычніку… Адстаяў я сваё на пасту – разводзячы прывёў змену. Як раптам з’явіўся сувязны: “Булавіцкі, цябе ў штаб атрада. Неадкладна!”
Пабег  я.  Перад  дзвярыма спыніўся  на  імгненне  –  віхры прыгладзіць, дыханне перавесці. “Радавы Булавіцкі па вашаму загаду…”
–  Уваходзь,  Коля,  –  неяк зусім  не  па-ваеннаму  перабіў мяне  камандзір  атрада  Васіль Васільевіч  Грыгор'еў.  –  Давай бліжэй да стала.
Падыходжу.  Каля  стала, акрамя яго і начальніка штаба атрада, схіліліся на картай два незнаёмцы. У да бляску надраеных хромавых ботах, у галіфэ… Пазней  я  даведаўся,  што  гэта быў  сам  камбрыг  Аляксей Фёдаравіч Данукалаў са сваім намеснікам.
–  Набліжаецца  26-ая  гадавіна Вялікай  Кастрычніцкай  рэвалюцыі, таварыш радавы, – кажа мне намеснік камбрыга. – Самы час з гэтай нагоды паднесці фрыцам падаруначак. Карацей, перад табой  ставіцца  задача:  узарваць фашысцкі  цягнік.  Вось  у  гэтым месцы чыгункі…
Падаюць  мне  мяшок.  Туга завязаны.  Напалову  чымсьці запоўнены.  Толам?  Дынамітам? У завязку ўторкнута круглая палачка.
– Прымацуеш да яе дэтанатар, –  інструктуе  мяне  камандзір.  – Вось табе для гэтага капсуль ад пяхотнай гранаты… Там чэка – яе трэба будзе выцягнуць. Але спачатку  паміж  шпалаў  выкапаеш яму, апусціш туды мяшок. Вось табе шомпал – да яго галоўкі прывяжаш шнур ад чакі… Сцяміў, як гэта  робіцца?  Толькі  разлічыць трэба да міліметра… Зможаш?
–  Так  точна!  Толькі  прашу выдзеліць правадніка – раён правядзення  аперацыі  мне  невядомы, – адказваю.
– Дадзім табе, Коля, і правадніка, і памочніка. Вага мяшка пад 30 кілаграмаў – адзін не дацягнеш…
Коля – мая партызанская мянушка, сапраўднае імя ў атрадзе не ўзгадвалася.
Бліжэй да вечара мы выйшлі.
Праваднік, я і памочнік – партызан Аркадзій з 15 атрада. Да станцыі  Сасноўка  (на чыгуначным перагоне Віцебск–Полацк) мы  ішлі  ўсю  ноч.  Пад  нагамі парыпваў  лядком  кастрычніцкі прымаразак, але холаду не адчувалася. Напружанне было такім, што на знешнія фактары ўвагі не звярталі.
Ужо світала, калі мы нарэшце падышлі да Сасноўкі.
– Стоп… – на ўскрайку лесу cкамандаваў праваднік. – далей пайду адзін. Трэба глянуць: калі гумно адчынена, нас чакае небяспека…
Праз нейкі час ён вярнуўся:– Зачынена. Ідзём.
У  правадніка  (ён  так  і  не сказаў сваё імя) ўсё было дакладна арганізавана – нас ужо чакала  Надзя,  кіраўнік  мясцовай падпольнай камсамольскай арганізацыі. Яна адчыніла гумно, мы зарыліся ў сена і – тут жа праваліліся ў сон.
Нас разбудзілі мужчынскія галасы:
– Стала вядома, што на досвітку тут  мітусіліся  нейкія  цені,  – гаварыў адзін.
– Праверым! – бадзёра адказваў другі. – Давайце, хлопцы! Акружайце гумно…
–  Паліцаі,  –  аднымі  вуснамі прашаптаў праваднік.
Мяркуючы па галасах, іх было каля  дзесяці  чалавек  –  занадта няроўныя сілы…
Іржава  заскрыгатаў  замок, зарыпелі вароты… Што заставалася рабіць? Я заклаў дэтанатар у міну і стаў чакаць набліжэння ворага. Адно слова – і выбухнем усе разам…
Паліцаі  пахадзілі, патыцкалі  штыкамі сена, але толькі збоку – не ўзбіраючыся наверх.
–  Няма  нікога… Прымроілася,  відаць, спрасоння…
Ноччу – гэта было з суботы  на  нядзелю –  мы выбраліся з укрыцця. Пайшлі ў накірунку дома, які стаяў крыху адасоблена.  Напэўна, я пазнаў бы яго і сёння – па вялізных ліпах, якія яго акружалі.
– Міну пакінь у стозе саломы, – загадаў праваднік.  І  ціхенька пастукаўся ў акно.
Жанчына,  што  адкрыла  нам  дзверы, спрабавала  запаліць лямпу.
– Адставіць! – кажу ёй. – Абыдземся без святла.
Зайшлі  ў  хату.  Жанчына паставіла  на  стол  бутэльку самагонкі. Аркадзь пацягнуўся да гарэлкі.
– Адставіць! – скамандаваў я. – Не маем права.
На ложку нехта ляжаў. Перш, чым падняцца, ён выцягнуў з-пад падушкі пісталет.
Жанчына кінулася да яго:
– Ваня! Куды ты? Загінеш… Не пушчу-у-у…
Мужчына зняў яе рукі са сваіх плячэй:– Хіба табе будзе лягчэй, калі мяне заб’юць дома?
Аказалася, што ў мірны час ён быў пракурорам раёна. Хаваўся тут на хутары, але ў любы момант за ім маглі прыйсці. Пракурор пайшоў разам з намі…
Дабраліся да месца. Мясцовасць навокал балоцістая, таму чыгунка праходзіць па высокім насыпе. І ноч, як назло, светлая – здалёк сілуэты ўбачыш…
– Ідзём! – загадваю Аркадзю.
– Нельга, – кажа праваднік. – Зараз з’явяцца часавыя.
І сапраўды праз некалькі  хвілін  з  паўночнага боку  паказаліся  чатыры аўтаматчыкі. І што найгорш – з аўчаркай. Мы  літаральна  ўраслі  ў падмерзлую зямлю – пачуе сабака ці не? Выратаваў высокі насып і тое, што аўчарка ішла з падветранага  боку.  Прайшлі, не заўважыўшы нічога падазронага.
–  Ідзём!  –  зноў  кажу  я свайму памочніку.
– Рана, – прыгінае маю галаву да зямлі праваднік. – Двое аўтаматчыкаў зараз будуць вяртацца назад.
Ён ведаў сваю справу, гэты чалавек без імя – два аўтаматчыкі (без  сабакі)  вярнуліся  на  станцыю.
– Вось цяпер можна…
Рабіць  усё  трэба  было імгненна  –  цягнік  вось-вось павінен  з’явіцца.  Праваднік  з пракурорам  адышлі  кудысьці ўбок, а мы з Аркадзем вырылі яму і паклалі туды мяшок з толам. Тут таксама свае нюансы: міна павінна знаходзіцца ніжэй, чым  рэйкі,  таму  што  кожны цягнік  абсталяваны  спецыяльнай  снегаачышчальнай  сеткай – закране дэтанатар, і міна выбухне раней часу, не прынёсшы шкоды…
Устанавілі  дэтанатар, прывязалі да шомпала. Аркадзь саскочыў  з  насыпу  і  адбегся метраў на трыццаць. Цягнік ужо набліжаўся,  а  я  ўсё  правяраў надзейнасць вузла прывязанай да чакі вяроўкі…
–Уцякай,  такую  тваю  маць!  – закрычаў Аркадзь.
І я літаральна скаціўся з рэек. І далей ўсё адбывалася нібы ў сне. Свіст паравоза, які папярэджваў служачых станцыі: пад’язджаю.
Здрадніцкая  непаслухмянасць уласных ног…
…Спачатку ўспыхнула зарава. А праз імгненне раздаўся выбух. Ды такі, што зямля ўздыбілася. Скрыгат,  лязг  металу…  Нешта ламалася, хрумсцела, набягала адно на адно… Не ведаю, што перавозіў гэты цягнік – як мага хутчэй мы  стараліся пакінуць месца здарэння.
…У  атрад  мы  прыйшлі  пад раніцу. Учатырох. Толькі заснуў, як  раптам  над  вухам:  “Пад’ём! Агульнае пастраенне!”
Перад  усім  атрадам  камандзір зачытаў загад камбрыга: “За выкананне  баявога  задання  ўзнагародзіць радавога Булавіцкага медалём “За адвагу”…
Адзінае, што я мог сказаць у адказ: “Служу Савецкаму Саюзу!”






Расповед былога партызана мы слухалі ўтраіх: яго сын Уладзімір Алегавіч, праўнук Максім і я. Алег Захаравіч змоўк, і нейкі час ніхто з нас не адважваўся парушыць цішыню. Нарэшце не вытрымліваю:–  Алег  Захаравіч,  70  гадоў мінула з тых часоў, а вы помніце, нібы гэта ўсё здарылася ўчора… Але для моладзі… Для сучаснай моладзі перажытае вашым пакаленнем важна? Як вы думаеце, ці засталося ў нашым меркантыльным грамадстве месца для патрыятызму? Нярэдка можна пачуць, што здарыцца сёння падобнае – ніхто і не падумае абараняцца…
–  Колькі  б  гадоў  ні  прайшло…  Колькі  б  пакаленняў  ні змянілася…  Я  думаю,  памяць не  здрадзіць  нашчадкам  –  яны заўсёды  будуць  помніць  цану Перамогі.  І  патрыятызм  ніколі не перастане быць актуальным – інакш народ перастане быць народам. А што тычыцца абароны… Пайшлі б. Абараняць рубяжы сваёй краіны – гэта ў крыві кожнага мужчыны.
– А вы што думаеце на гэты конт? – звяртаюся да Уладзіміра Алегавіча.
– Патрыятызм – вечная тэма. Кажу вам гэта, як настаўнік, – адказвае ён. – Адмовіцца ад яго – пазбавіцца ўласных каранёў. Грамадства  і,  у  прыватнасці, школа, удзяляе многа ўвагі гэтаму  боку  выхавання  падрастаючага пакалення. І вось такія жывыя  расповеды  франтавікоў –  найлепшыя  ўрокі  любові  да Радзімы і мужнасці. На жаль, з кожным  годам  іх,  удзельнікаў Вялікай  Айчыннай  вайны,  усё менш і менш. Надыдзе час, калі іх не застанецца наогул – тут мы не ў стане нешта змяніць. І будзе складаней пераказваць подзвігі, здзейсненыя іншымі. Прыйдзецца шукаць іншыя шляхі выхавання. Але я згодны з татам: без патрыятызму  народ  становіцца натоўпам.
– Максім, а ў цябе якое меркаванне?
– Я люблю сваю Радзіму. Ганаруся прыгажосцю яе прыроды. І культурнымі здабыткамі – таксама. І я не думаю, што маё пакаленне дазволіць сабе забыць, якую ахвяру нашы прадзеды прынеслі, каб мы сёння спакойна жылі. І калі раптам нехта спакусіцца на нашу краіну, без бою мы яе не здадзім – гэта дакладна!

____________________


Ганна ЧАКУР,  фота аўтара.