Жывём, пакуль памятаем

13:00 / 07.03.2013
Добра, што ёсць на свеце Камаі – касцёл, парафія, пробашч. Хоць пачынаецца гэтае самае “добра” ўсё ж, напэўна, з пробашча. З ксяндза Яцэка Хутмана. З чалавека, які не ўмее быць абыякавым. Сэрца якога балюча рэагуе на людскую няпамятлівасць. І не важна, пра каго забыліся – пра святара, які калісьці тут працаваў, пра ўласных бацькоў альбо дзядоў, пра старыя могілкі ці пра мову… – ксёндз Яцэк, не шкадуючы часу, здароўя, рызыкуючы быць незразумелым, робіць усё, каб аднавіць памяць. Не проста сваёй парафіі – людскую наогул.
Кожны год у другой палове лютага Камайская парафія ўрачыста адзначае чарговую гадавіну з дня нараджэння Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка), які ў 1915 годзе менавіта тут распачаў сваю святарскую місію. Сёлета на дзень нараджэння да святара-паэта, як прынята называць Стэповіча, прыехалі шматлікія госці з Віцебска, Паставаў, Мінска… З Астраўца, як заўсёды, прыбыў цэлы “хаўрус” на чале з нязменнай ініцыятаркай і прапагандыстам гісторыі роднай старонкі Іалантай Валуевіч.

СВАЯК – СВАЯКУ. І «ХАЎРУСНІКАМ».


Ну хіба можна залічыць у разрад сапраўдных дзень нараджэння, які праходзіць без сюрпрызаў?! Вось і я кажу, што не. У Камаях “неспадзяванка” была – па запрашэнні пробашча спецыяльна для таго, каб адслужыць Імшу памяці Казіміра Сваяка, з Паставаў прыехаў малады вікарый Даніла… Сваяк.


…У літургіі няма “слабых” месцаў – кожны яе момант, калі ты па-сапраўднаму ўдзельнічаеш дзействе, прасякнуты блізкай Прысутнасцю. Паднясенне, падзяка, пакаянне… І ўсё ж з асаблівым нецярпеннем мы чакаем казання. Размовы з ксяндзом. У голас, канешне, гаворыць ён, але і мы адказваем, няхай сабе толькі ў думках згаджаемся альбо пярэчым, просім прабачэння альбо зацята маўчым, упітваем кожнае слова, альбо зачыняем дзверы душы шчыльна-шчыльна… Казанне як момант ісціны, падчас якога і святар, і кожны з нас (прынамсі, Богу і самім сабе) паказвае свой ісцінны твар.
Даніла Сваяк гаварыў пра мову. Пра бясцэнны дар, якім Усемагутны, як і кожны іншы народ, адарыў беларусаў. І зневажаць яе – зневажаць Бога. Сумнявацца ў дасканаласці створанага Ім. Раздзяляць Боскае на сарты: адна мова – “супер”, другая – так сабе, а трэцяя – толькі для “кэлхаў”… І калі сам Бог падарыў нам нашу мову, хіба ж мы можам звяртацца да Яго на чужой?..
Даніла Сваяк гаварыў пра Казіміра Сваяка. Пра філасофскія глыбіні яго творчасці і пра бязмерную любоў да Бога і Айчыны. А яшчэ – да людзей: “Ты, браце Беларус, выдаешся мне лепшым ад другіх народаў. Праўда і шчырасць жыве йшчэ ў душы тваёй – нездарма ж называюць цябе простым, даючы спазнаць, што другія народы ўжо скрывіліся”. І пра любоў да роднай мовы… Пра ахвярнасць, з якой святар-паэт аддаваў“… парафіі праўдзівую кроў сваю”. Пра служэнне Богу і людзям наогул…
Даніла Сваяк гаварыў пра Вялікі Пост. Як пра цудоўную магчымасць распраміцца, стаць “простым”. Наблізіцца, хоць на адзін праменьчык, да Боскага святла, даверыцца Яго бясконцай любові…


НЕ З ПУСТЫМІ РУКАМІ…


Пасля заканчэння Імшы надышла чарга падарункаў – імянінніка віталі, хто чым мог.


Людміла Кухарэвіч, паэт і  самадзейны кампазітар, падарыла Казіміру Сваяку сваю новую песню, напісаную на вершы самога Сваяка. Святлана Еўтушэнка, яшчэ адзін самадзейны літаратар Астравеччыны, прачытала ўласны пераклад на беларускую мову Хвалебнага псалма Богу. Краязнаўца Алесь Юркойць прачытаў урывак з дзённіка Казіміра Сваяка і перадаў у парафіяльную бібліятэку некалькі кніг. Мастачка Тэрэса Варановіч (на жаль, яна не змагла прысутнічаць на свяце) перадала жывапісны партрэт ксяндза Яцэка Хутмана. Паэт з Ігнацова Станіслаў Курыла таксама прачытаў некалькі сваіх вершаў. А ўсе астатнія – памаліліся, што ніколькі не менш.
Ужо вядомы астравецкім аматарам добрай музыкі музычны калектыў “Балцкі субстрат” на гэты раз быў прадстаўлены квартэтам студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі ў складзе Максіма Іўкіна (гітара і спевы), Віктара Сямашкі (флейта і кларнет), Рамана Ярача (губны гармонік і спевы) і Кацярыны Крывашэйцавай (ударныя). Песня “Свеціць сонца”, якую Альбін Стэповіч напісаў на словы свайго брата Канстанціна Стэповіча, безумоўны гімн Астраўца песня “Дом сябра”, напісанная Максімам Іўкіным на словы Уладзіміра Караткевіча, “Магутны Божа…” на словы Арсенневай – гэтыя і іншыя творы ў выкананні “Балцкага субстрата” не проста ўпрыгожылі сустрэчу – падарылі ёй крылы, надалі асаблівы накал духоўнай натхнёнасці…


А ТЫ НАПІСАЎ ДЫКТОЎКУ?


Адна з самых гарачых патрыётаў роднай мовы на Астравеччыне Святлана Буланава не магла не скарыстаць магчымасці і, паколькі сустрэча праходзіла ў каляндарнай блізкасці ад Дня роднай мовы, прапанавала напісаць традыцыйную дыктоўку.


Дыктавалі, канешне ж, са Сваяка. З “Выбраных твораў”. Урывак, вядома ж, пра мову. Пісалі ўсе. Старанна (не змаўчу – не чакайце!), час ад часу па-шкалярску заглядваючы ў лісток суседа або суседкі. жартамі і “падкавыркамі”.
А лісткі, на якіх рознымі почыркамі, з памылкамі і без іх, былі напісаны словы Казіміра Сваяка, было аднадушна вырашана перадаць у музей Сваяка ў Баранях.


ГАСЦІННАСЦЬ ПА-ХУТМАНСКУ


На сцяне вялікага пакоя Камайскай плябаніі вісяць два партрэты: Казіміра Сваяка (знакаміты – “з белым каўнерыкам”) і Францыска Скарыны.


Эх, дажыць бы да часіны, калі і беларускія святары пачнуць шанаваць сваіх беларускіх герояў... Скарына ж друкаваў Біблію, Сваяк пісаў высокадухоўныя і цалкам рэлігійнага зместу вершы і артыкулы…
Стол вялікага пакоя Камайскай плябаніі сервіраваны, аснова абедзеннага меню – усімі намі доўгачаканы і любімы бігос, прыгатаваны самім ксяндзом Яцэкам.
Але не бігосам адзіным… Разважанні ксяндза, адказы на нашы бясконцыя пытанні, нават свайго роду медытацыі – вось самая галоўная і самая насычаючая (канешне ж, нашы сэрцы і душы) страва, перасыціцца якой немагчыма.


--------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.