Бібліятэкі раёна адзначылі Дзень Перамогі
Бібліятэкі Астравеччыны адзначылі 76-ю гадавіну Вялікай Перамогі.
Супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі прынялі ўдзел у абласной акцыі “Мы – гэта памяць”, падчас якой нагадалі дзецям аб важнасці ўшанавання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, значнасці захавання помнікаў, мемарыяльных комплексаў і воінскіх пахаванняў.
У Падольцах бібліятэкар Вера Малахвей разам з вучнямі падрыхтавала мерапрыемства “Есть в каждой победе твоей и моей весна сорок пятого года”. Дзеці чыталі вершы, глядзелі відэафільм аб земляках-франтавіках. Быў зроблены невялікі экскурс у гісторыю, прыгаданы подзвігі юных герояў, якія разам з дарослымі змагаліся за мір.
У Варнянскай бібліятэцы арганізавалі выставу пра Вялікую Айчынную вайну. Бібліятэкар Алена Багдановіч правяла віктарыну для моладзі. На працягу тыдня ў бібліятэцы праходзіла акцыя “Прачытаная кніга пра вайну – твой падарунак да Дня Перамогі”.
Бібліятэкар Міхалішкаўскай бібліятэкі Вольга Багдановіч удзельнічала ў мітынгу да Дня Перамогі. Навучэнцы мясцовай школы ўсклалі кветкі да помніка, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. А затым у бібліятэцы моладзь пазнаёмілася з выставай “Парад ваенных кніг”. У гэты дзень гучалі вершы і расказы пра тых, хто пайшоў з жыцця, змагаючыся за мір на сваёй зямлі.
У Альхоўцы бібліятэкар Юлія Заруба запрасіла чытачоў на дзень памяці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі сведкі мінулых падзей, але і тыя, чые родныя прымалі ўдзел у той вайне. Гучалі вершы беларускіх і рускіх паэтаў і песні ваенных часоў.
У Рытанскай бібліятэцы прайшоў урок мужнасці для вучняў мясцовай школы. Разам з бібліятэкарам Ганнай Якубцэвіч яны разважалі над сутнасцю вайны, каштоўнасцю чалавечага жыцця і важнасцю захавання міру. Абмеркавалі таксама значнасць народнага адзінства, якое дапамагае пераадольваць усе цяжкасці. Чытачы пазнаёміліся з выставай “Памятаем! Шануем! Ганарымся”, на якой былі прадстаўлены біяграфіі землякоў-герояў, а таксама ўзнагароды мясцовых ветэранаў.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.