Год postfaсtum: бывай, 2011-ы!

12:01 / 31.12.2011

Адразу і не ўзгадаеш, у якім яшчэ годзе адбывалася столькі прыродных і сацыяльных катаклізмаў, як у 2011-м. Канешне, пры жаданні ў любым годзе можна адшукаць досыць падзей, як станоўчых, так і адмоўных. І ўсё ж на год, што зыходзіць, нядобрага прыйшлося неяк ужо занадта…
Акцыі пратэсту, якія разгарнуліся ў арабскім свеце яшчэ ў 2010 годзе, з самага пачатку не абяцалі нічога добрага і на год 2011. Так і адбылося. Ужо 19 сакавіка ваенна-паветраныя сілы Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША пачалі “прасаваць” тэрыторыю Лівіі. У выніку – дзясяткі тысяч загінуўшых, у тым ліку і сярод мірных жыхароў.
Калі не хлусяць заходнія сацыёлагі, адмоўнае стаўленне да “арабскай вясны” назіраецца толькі сярод насельніцтва Расіі, Беларусі і Украіны. Гэта еўрапейскіх абывацеляў здзіўляе. Можа таму, што яны не чыталі Пушкіна: “Те, которые замышляют у нас невозможные перевороты, или молоды и не знают нашего народа, или уж люди жестокосердные, коим чужая головушка полушка, да и своя шейка копейка”.
У сакавіку ж прыйшлі звесткі аб моцным землятрусе і цунамі на паўночна-усходнім узбярэжжы Японіі. Тое, што мы маглі бачыць на відэакадрах, нагадвала апакаліпсіс. Загінула звыш 15-ці тысяч чалавек. Яшчэ 5 тысяч пацярпелі. Прыкладна столькі ж прапала без вестак.
Аднак і пасля таго, як смертаносная хваля схлынула, увага ўсяго свету яшчэ доўга была прыцягнута да японскай АЭС у Фукусіме.
Не абышлі непрыемнасці і Беларусь: праблемы на валютным рынку, дэвальвацыя, інфляцыя, таварны “хапун”…
Быў момант, калі здавалася, што гэтага ўжо не спыніць. Змрочныя думкі старанна падтрымліваліся сродкамі масавай інфармацыі, якія з зайздроснай аператыўнасцю паведамлялі аб чарговых рэкордах на валютным фронце. Горш за ўсё, што ўсе гэтыя рэкорды прама прапарцыянальна аблягчалі ў вазе нашы кашалькі.
Да сярэдзіны верасня сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Аказалася, што і долараў у краіне дастаткова, і не так ужо яны ўсім і патрэбныя. Прынамсі, па новай цане.
Не абыйшлося ў 2011 годзе і без трагедый.
11 красавіка назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю Беларусі.
Нічым не абгрунтаваны, не абумоўлены ніякімі прычынамі тэрарыстычны акт у мінскім метро забраў жыцці 15-ці чалавек.
Канешне, у гісторыі нашай краіны адбываліся трагічныя падзеі з чалавечымі ахвярамі і раней. Аднак ўсе яны былі вынікам няшчасных выпадкаў, трагічнага збегу абставін, тэхнагенных катастроф, прыродных катаклізмаў. Але, каб такая колькасць людзей загінула проста так, па чыёйсьці злой волі – з гэтым мы сутыкнуліся ўпершыню. На жаль, тэрарызм стаў сумнай прыкметай сучаснасці.
Крыху больш, чым праз два месяцы пасля падзей у Мінску, такая ж крывавая драма адбылася на нарвежскім востраве Утойя. Загінула 68 маладых, ні ў чым не вінаватых людзей.
А яшчэ ў 2011 годзе падалі самалёты, танулі параходы…
У ліпені ў водах Куйбышаўскага вадасховішча пацярпеў крушэнне цеплаход “Булгарыя”. У верасні бліз Яраслаўля ўпаў самалёт з хакеістамі каманды “Лакаматыў”, сярод якіх быў і наш Руслан Салей.
Успамінаеш усё гэта і здаецца, што бед і здарэнняў 2011 года хапіла б, магчыма, на цэлае дзесяцігоддзе. А адбыліся яны на працягу аднаго толькі года. Ды і хіба ўсе мы прыгадалі?!
Вось і атрымліваецца, што добрым словам праводзіць зыходзячы год, як бы і няма за што.
І ўсё ж…
Калі чытаем гэтыя радкі – значыць жывём!
Чуем прыемны пах святочнага стала – значыць не зваліў нас эканамічны крызіс!
А яшчэ, напэўна ж, у 2011 годзе нехта справіў вяселле, а нехта адсвяткаваў народзіны!
У кагосьці дзіця паступіла ва ўніверсітэт, а нехта сустрэў сына з арміі!
Падзякуем 2011 году і за гэта!
Жыццё працягваецца!


Эдуард СВІРЫД.