Тыдзень postfactum: не святочныя хваляванні

15:22 / 27.12.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Прырода сёлета, здаецца, заблыталася ў календары. На вуліцы снежань, а надвор’е больш адпавядае сярэдзіне сакавіка – ні снегу, ні добрых марозаў.
Тым не менш, нягледзячы на прыродныя выкрутасы, хрысціяне свету, якія вядуць летазлічэнне па грыгарыянскаму календару, адзначылі ў мінулую нядзелю свята Божага нараджэння.
Некаторыя сродкі масавай інфармацыі, чамусьці з году ў год дапускаюць адну і тую ж памылку, сцвярджаючы, што 25 снежня Ражаство адзначаюць толькі католікі. Насамрэч, гэта не так і акрамя католікаў, у гэты дзень святкуюць Божае нараджэнне пратэстанты, баптысты і, нават, праваслаўныя, якія належаць да Канстанцінопальскай, Антыахійскай, Александрыйскай, Кіпрскай, Балгарскай, Румынскай і некаторых іншых праваслаўных цэркваў.
А вось хрысціяне Рускай, Іерусалімскай, Сербскай і Грузінскай праваслаўных цэркваў адзначаць вялікае свята 7 студзеня. Дарэчы, згодна з юліянскім календаром, якога прытрымліваюцца названыя цэрквы, гэта будзе якраз дзень 25 снежня. А роўна праз тыдзень, у поўнай адпаведнасці з календаром, надыйдзе час сустракаць Новы год. Той самы, які ўсе мы называем Старым.
Праўда, сёння для нашых усходніх суседзяў гэтая праблема не самая важная — Расію ахапілі мітынгавыя страсці.
Акцыі пратэсту адбываюцца па ўсёй краіне ад Калінінграда да Уладзівастока. Аднак найбольшая колькасць удзельнікаў маніфестацый назіраецца ў Маскве. Ды і сама арганізацыя акцый пратэсту вызначаецца тут сталічным размахам, гламурнасцю і колькасцю пазнаваемых персон на квадратны метр плошчы.
З мэтамі складаней. Склад удзельнікаў мітынгаў надзвычай стракаты: ад манархістаў да ліберальных дэмакратаў і камуністаў. Таму і з глабальнымі мэтамі разабрацца вельмі няпроста. Па ўсім відаць не вельмі яны пакуль хвалююць і арганізатараў. Галоўнае, што ясная і зразумелая задача-мінімум – спіхнуць з палітычнага Алімпу Пуціна. Гэта і яднае разнародныя палітычныя плыні. Што будзе далей? Як адзначыў адзін вядомы маскоўскі журналіст, пастаянны ўдзельнік акцый пратэсту “будуць сваркі, бойкі, але гэта і ёсць сапраўднае жыццё!”
Увогуле, тое, што адбываецца сёння ў Расіі, вельмі нагадвае СССР сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады таксама нечага хацелася. У выніку прыйшлі смутныя 90-я.
Варта ўспомніць, што ў пачатку 2000-х гадоў, калі Расія канчаткова заблыталася ў рэформах, абрасла “новымі рускімі” і даўгамі, трывала “загразла” ў Чачні, асоба маладога, бадзёрага, рухомага Уладзіміра Пуціна ў народнай “алясцы”, выглядала гэткім палітычным месіяй, выратавальнікам краіны. У тым часе яна ў сапраўднасці задаволіла ўсіх, за выключэннем, бадай, самых экзальтаваных дэмакратаў.
За дзесяцігоддзе Расія змянілася непазнавальна. Пра змест кашалькоў простых расіян гаварыць не будзем. Хоць ці не ўсё СНД сёння зайздросціць расійскім заробкам. Сённяшняя Расія пазычае грошы Еўрасаюзу, уваходзіць у дзясятку буйнейшых трымальнікаў дзяржаўных аблігацый ЗША, экспартуе збожжа, займае цёплае месца ў вялікай дваццатцы, уплывае на сусветныя працэсы.
У Расію больш не прывозяць фуры з гуманітарнай дапамогай.
З ёй лічацца, а не глядзяць зверху ўніз як на ўбогае дзіця.
І вось сёння Пуцін, пры непасрэдным удзеле якога ўсё гэта і адбылося, стаў непатрэбным. Ці справа ў іншым?
Па дзіўнаму супадзенню, акцыі пратэсту пачаліся акурат пасля вядомых непаразуменняў з ЗША па сістэмах проціракетнай абароны. Супадзенне? Магчыма. Аднак і выбары ў Расіі адбыліся не першыя, і “Адзіная Расія” на палітычным полі з’явілася не ўчора, і перамогі партыя ўлады ведала куды больш значныя, і дзеячы апазіцыі – спрэс знаёмыя ўсё твары. Аднак жа такіх магутных хваляванняў з пачатку 1990-х краіна не ведала. А становішча ў той час было куды больш складаным, чым сёння.
Пакуль Расіі ўдаецца балансіраваць на мяжы крохкага грамадзянскага міру. Аднак раўнавага вельмі хісткая. Любая недарэчнасць, выпадковасць, інцыдэнт ці наўмысная правакацыя могуць яе парушыць і скінуць краіну ў бездань грамадзянскай вайны.