Раскажыце мне пра Леніна...

08:28 / 07.11.2011
3

Час ляціць хутка. Здаецца, зусім нядаўна неад’емнай часткай позняй восені, яе галоўным акордам было святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, святочныя дэманстрацыі са сцягамі, транспарантамі і крыкамі “ўра”, шматлікія ўрачыстасці з гэтай нагоды і вясёлыя застоллі. А ўжо вырасла цэлае пакаленне маладых людзей, якія, радуючыся яшчэ аднаму незапланаванаму выхадному дню, тым не менш са здзіўленнем пытаюць: “А што за свята такое – 7 лістапада?” Ці шакіруць сваіх бацькоў і бабуль-дзядуль просьбай: “Раскажыце мне пра Леніна – хто ён такі?”


Расповеды, якія яны пачуюць у адказ на сваю просьбу ці якія захочуць знайсці ў кнігах ці любімай сваёй крыніцы ведаў — інтэрнэце, пра Кастрычніцкую рэвалюцыю і яе ідэйнага натхняльніка і практычнага арганізатара, правадыра сусветнага пралетарыяту, будуць самыя розныя.
Адны раскажуць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта пераварот, які ажыццявіла жменька прафінансаваных з-за мяжы тэрарыстаў і які затым знішчальным пажарам перакінуўся на ўсю краіну, а Ленін, які развязаў грамадзянскую вайну, рэпрэсіі – злачынца перад сваім народам.
Іншыя ўзгадаюць пра дзесяць дзён, якія ў літаральным сэнсе перавярнулі свет і дазволілі тым, хто быў нікім – стаць усім, далі старт пабудове самай сацыяльна справядлівай і магутнай дзяржавы, якая выйграла найвялікшую ў гісторыі чалавецтва вайну, першай запусціла чалавека ў космас, прадаставіла магчымасць людзям з народа, без “блакітнай крыві”, атрымаць адукацыю і дзякуючы выключна сваім здольнасцям і розуму заняць дастойнае месца – што было б немагчымым пры ранейшым ладзе жыцця.
І тое, і другое будзе праўдай — толькі не абсалютнай і поўнай, а толькі часткай праўды. Бо і ў Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ў асобе Леніна шмат супярэчнасцей – як, зрэшты, у гісторыі і ў гістарычных асобах увогуле.
Але якім бы ні былі нашы адносіны да мінуўшчыны – гэта наша гісторыя. І самае меншае, што павінны зрабіць нашчадкі – гэта ведаць яе і шанаваць.
Бо не намі сказана: хто стрэліць у мінулае з пісталета – у таго будучыня выстраліць з пушкі.