Памятаюць «кляштарныя муры», памятаюць парафіяне

14:12 / 09.07.2010
10809

2010 год напоўнены юбілейнымі датамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю Казіміра Сваяка. Акрамя 120-гадовага юбілею з дня нараджэння ў гэтым годзе спаўняецца 95 гадоў святарскага пасвячэння, 95 гадоў прэміцыі ў Клюшчанскім касцёле (30 мая), 95 гадоў пачатку святарскай дзейнасці ў Камаях (3 жніўня) і 90 гадоў пачатку працы ў Засвірскай парафіі – апошні, самы працяглы і самы цяжкі перыяд яго працы і жыцця.


“Касцёл быў стары і знішчаны, перад вайной гэта была праваслаўная царква, пераробленая пасля паўстання 1863 года з кармеліцкай кляштарнай святыні. Пасля прыходу польскай улады па першай сусветнай вайне праваслаўную царкву перарабілі на каталіцкі касцёл і першым пробашчам там быў прызначаны Кастусь”.


(Б. Стэповіч. З успамінаў пра Казіміра Сваяка)


13 чэрвеня на ўспамін аб кс. Стэповічу і ў сувязі з юбілеем у Засвірскім касцёле адбылася Святая імша, затым канферэнцыя. Святую імшу адправілі пробашч Засвірскага касцёла кс. Віктар Шчучко і кс. Яцэк Хутман, які ўзначальваў Камайскую дэлегацыю. Сімвалічна тое, што маліліся за кс. Стэповіча святары з першага і апошняга месца яго працы.
Першаму, падчас канферэнцыі, было прадстаўлена слова вядомаму краязнаўцу І.П. Драўніцкаму. У маладосці яму пашчасціла сустракацца з сучаснікамі Сваяка. Шмат чаго памятае Іван Пятровіч з аповедаў бацькі, чым і падзяліўся з прысутнымі, завастрыўшы ўвагу на Засвірскім перыядзе жыцця паэта. Расказаў пра яго сяброўскія сувязі, пра тое, што менавіта ў Засвіры падоўгу гасцілі ў яго мастакі Язэп Драздовіч, Рамуальд Ракіцкі і інш. Працытаваў Я. Германовіча, дзе той апісвае знешні выгляд Сваяка:


“Кастусь быў сярэдняга росту, валасы блёнд-шэрыя, вочы зеленаватыя, твар мужскі, энергічны хлапец, кідлівы, вельмі шустры ў гульнях, чульлівы, гаварлівы, але пануючы над сабою, умеў быць паважны, задумліваўся і любіў самоту. Меў нейкі магнэс таварыскі і прыяцельскі. У навуцы асабліва быў здольны да языкоў: лаціну і французскі ўсвойваў значна хутчэй за мяне, але ў матэматыцы аказаўся значна слабейшы. Іграў на скрыпцы, а голас меў -- такі прыгожы і далікатны першы тэнар, што здавалася выб’ецца на сапраўднага артысту!”


(Я. Германовіч. Кастусь Стэповіч святар, паэт, пісьменнік. Божым шляхам., Лондан, 1964.№ 87)


Затым Л.І. Кухарэвіч праспявала ўласны раманс на словы К.Сваяка “Не чаруй” і сваім прачулым сардэчным выкананнем зачаравала прысутных.
Алесь Юркойць вельмі эмацыянальна і ўзнёсла распавёў пра некаторыя балючыя старонкі жыцця святара-паэта, правёў паралелі з сучаснасцю. У сваёй непаўторнай манеры, прыгожым, пастаўленым голасам прачытаў некалькі выказванняў Сваяка і верш “Шчасце”, якія парафіяне слухалі стаіўшы дыханне. Здавалася часам, што гэта голас Сваяка лунае пад старажытнымі скляпеннямі касцёла і заклікае нас любіць Бога і ўсё ім створанае, любіць Айчыну і бліжняга:
…Для ўсіх жа людцоў,
гдзе ёсць іх колькі,
Аднаго трэба на свеце толькі –
Без чаго свет наш – блудна дарога:
Усім да шчасця патрэба Бога.

Прысутнічаў на свяце і Валерый Бурдун, які ў 2007 годзе зрабіў памятныя дошкі для Засвірскага і Клюшчанскага касцёлаў.
Г. Дубіловіч, настаўніца і актывістка касцёла, якая прыехала з Камайскай дэлегацыяй, расказала аб тым, што было зроблена ў Камайскім касцёле па ўшанаванню памяці нашага слыннага земляка, пачынаючы з 2006 года, калі ў іх парафіі быў аб’яўлены Год Сваяка, і па сённяшні дзень. У яе асобе ўсім камайцам быў уручаны падарунак – дыск з песнямі Людмілы Кухарэвіч духоўнага і грамадзянскага гучання, так упадабаны імі падчас наведвання Астравецкай дэлегацыяй Камайскага касцёла ў маі.
“З Засвірскай парафіяй звязаны найбольш інтэнсіўная літаратурная і грамадзянская дзейнасць Кастуся ў апошнія гады яго жыцця” , – піша ва ўспамінах Б. Стэповіч.
Сярод мясцовых жыхароў знайшоўся чалавек (і я яму вельмі ўдзячна), які памятаў аповеды бацькі пра кс. Стэповіча і падзяліўся імі з прысутнымі. Гэта Генрых Ізыдоравіч Кісель. Ён расказаў, што кс. Стэповіч стварыў пры касцёле аркестр, у якім удзельнічаў і яго бацька. Аркестр граў зладжана, прыгожа, узносячы дух вернікаў да Бога толькі на вялікія святы. Урэзаўся ў памяць Кіселя аповед бацькі, як аднойчы, калі Вялікдзень быў позні і лёд на Свірскім возеры растаў, аркестранты адразу ж пасля ранняй імшы селі ў лодкі, адплылі на сярэдзіну возера і зайгралі “Алелюя!”, а затым і іншыя радасныя велікодныя песні. Гукі па вадзе разносіліся ва ўсе бакі і ўвысь, аж пад нябёсы. Людзі з навакольных вёсак і мястэчка Свір выбягалі на бераг возера, каб славіць уваскросшага Хрыста разам з аркестрантамі. І гэта было незвычайна прыгожа, велічна, да слёз кранаюча і запамінальна.
Як бачым, энергіі, запалу, ініцыятывы ў Сваяка заўсёды было многа. Ён як бы спяшаўся ўсё ажыццявіць, пакуль былі на гэта сілы…
Бацька Кіселя – Ізыдор прыслужваў кс. Стэповічу на Св.імшы. З кожным годам, а потым і з кожным месяцам і днём яго здароўе пагаршалася. Усё цяжэй яму было выходзіць да алтара, але ён выходзіў, маліўся, а ўжо падняцца з калень самастойна сіл не ставала, тады міністранты падхоплівалі яго пад рукі, падымалі і адводзілі ў пакой.
У сваіх “Успамінах…” Б. Стэповіч пісаў пра Налівайку з Засвіра, “палавічніка” кс. Стэповіча: “Помню, што Кастусь яго вельмі шанаваў і цаніў як чалавека высокай чэснасці і справядлівасці”. Сын гэтага Налівайкі Альбін жыў у Спондах і расказваў, што бацька таксама высока цаніў і паважаў кс. Стэповіча за тыя ж якасці, а яшчэ за дабрыню, шчырасць і адкрытасць. Бывала, яго даводзілі да роспачы фізічныя недамаганні і знешнія ганенні так, што “…сэрца сціскаецца. Хоць ты кінься куды, каб уцячы ад самога сябе!..” Вось і ўцякаў ён: загадваў Налівайку сядлаць каня і мчаў на ім без мэты ў поле, у “сыр-бор”, уздоўж возера, пакуль не пераставала “ныць і плакаць сэрца”, пакуль не заціхаў боль, што раз’ядаў нутро.
Усё, што было запланавана і нават звыш таго, было расказана, раздадзены буклеты з біяграфіяй Сваяка, Л. Кухарэвіч па просьбе парафіян праспявала апошнюю з падрыхтаваных песень, а людзі працягвалі сядзець на сваіх месцах. Нам таксама не хацелася ад’язджаць, развітвацца з гэтымі добрымі, сардэчнымі людзьмі. Усіх нас, знаёмых і незнаёмых, аб’яднала духоўнае “сваяцтва”, а ў ініцыятыўных камайцаў з’явілася яшчэ адна парафія-пабрацім.
І асабліва астраўчане ўдзячны Засвірскім вернікам за свежыя півоні ля памятнай дошкі Сваяку.


Іаланта ВАЛУЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений