Гэта адбывалася ў нас...

14:15 / 02.07.2010
11570

Некалькі гадоў таму мне пашанцавала паўдзельнічаць у падарожжы па Польшчы. Маршрут пачынаўся з духоўнага цэнтра гэтай краіны – Чэнстахова.
Амаль у кожным каталіцкім доме ёсць копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, галоўная адметнасць якога – шрамы на твары Чорнай Мадонны.
“Басурмане захапілі храм, дзе быў гэты абраз, – расказвала ў дзяцінстве мама. – І адзін з іх сваёй крывой шабляй паласнуў двойчы па твары Чорнай Мадонны. Кроў хлынула з парэзанага палатна – нібы з жывога твару. Басурмане, убачыўшы гэты цуд, у паніцы збеглі з касцёла”.
Наша чэнстахоўская экскурсавод была куды больш празаічнай: звычайныя рабаўнікі, якія рабавалі храм, пашкодзілі знакаміты абраз; ніякай крыві з яго пры гэтым не пацякло.
Экскурсавод, канешне, куды больш адукаваная, чым мая “чатырохкласная” мама, але асабіста мне хочацца верыць усё ж такі ў мамін расповед. Позна вечарам, калі тысячны натоўп вакол абраза крыху парадзеў, я расказала пра гэта Чорнай Мадонне. Яна ўсміхнулася і ледзь прыкметна паціснула плячыма. Маўляў, кожны верыць у тое, што блізка яго сэрцу…
А потым быў трохдзённы побыт у Кракаве. Горадзе, дзе гісторыя выглядае з-пад кожнай цаглінкі яго сцен. Шэсць дзесяткаў касцёлаў. Рыначная плошча. Вавельскі замак, у скляпеннях яго храма побач адпачываюць ад жыццёвых турбот каралі, палітыкі, паэты… Нядаўна да іх далучыўся яшчэ і прэзідэнт.
Далей – саляная шахта ў Вялічках. З яе падземным храмам, у якім нават жырандолі зроблены з крышталікаў солі. І возера, воды якога не пускаюць у свае глыбіні – трымаюць плыўца на паверхні…
І раптам – Асвенцім. Аўшвіц. Лагер смерці. Фабрыка па знішчэнню людзей. Частка горада, абгароджаная калючым дротам з вышкамі па перыметру. З печамі, у якіх замест хлеба пяклі людзей. З фотаздымкамі вязняў на сценах. Пры паступленні ў лагер іх фатаграфавалі, і маладыя дзяўчаты, што і ў кашмарных снах не маглі ўявіць сабе, якая будучыня іх чакае, какетліва ўсміхаліся.
Ідзеш па пустыннай вуліцы і скурай адчуваеш, як стогнуць камяні маставой. А з вокнаў пустых дамоў за кожным тваім рухам сочаць сотні трывожных вачэй даўно закатаваных людзей…
Сярод ахвяраў Асвенціма людзі розных нацыянальнасцей. І ўсё ж у першую чаргу гэта фабрыка смерці яўрэйскага народа.
Напэўна, тады пасля побыту ў Аўшвіцы недаўменне, якое не-не, ды прарывалася ў свядомасць, дагнала мяне канчаткова.
Чаму ў краіне, ідэалогія якой грунтавалася на Вялікай Айчыннай вайне, трагедыі яўрэяў як бы не існавала? Так, прызнаваліся Асвенцім і іншыя канцэнтрацыйныя лагеры. І фільмы тыпу “Спіс Шындлера” не прайшлі незаўважна. Але ад усіх гэтых жахлівых падзеяў мы неяк абстрагаваліся: так, усё гэта было, але недзе там, не ў нас.
Памятаю са школьных гадоў, як пра вайну на Астравеччыне заўсёды размаўлялі ў паблажлівым тоне. Маўляў, быў у Астраўцы адзін немец, ездзіў на ровары па вуліцах, збіраў яйкі…
І толькі дзякуючы ўспамінам Яніны Адольфаўны Кунэйка, Мечыслава Шлыковіча, Францішкі Букель, Зянона Вікенцьевіча Лабачэўскага, Станіслава Іванавіча Даўляша і іншых стала вымалёўвацца сапраўдная карціна.
–Яўрэяў расстрэльвалі за Бараноўкай, – расказаў Шлыковіч.
–На досвітку іх часта забівалі за Астраўцом. На гэтым месцы сёння прахадная завода “Радыёдэталь”, – дадае Яніна Адольфаўна.
–Забівалі пры спробах уцёкаў проста на беразе Лошы, – успамінае Станіслаў Іванавіч Даўляш.
А калі пра трагедыю сваёй сям’і стаў расказваць былы жыхар Быстрыцы Пінах Догін, які разам са сваімі бацькамі, сёстрамі і братам усю вайну праблукаў ад гета да гета, ад здрады да дапамогі і зноў – да здрады, маё ўсведамленне спачатку наогул адмаўлялася верыць: не магло такое быць, не ў нас…
500 габрэяў замардаваны ў Кямелішках, паўтары сотні – у Быстрыцы, 170 – ля Варнян... А колькі іх, карэнных жыхароў Астравеччыны, загінула ў Панарах і іншых месцах масавых расстрэлаў?!
Чаму ж пра гэта столькі год маўчалі? Ці яўрэям, хоць яны і не славяне, як мы з вамі, не так баліць?
Няхай сабе і праз шмат гадоў, але на многіх масавых магілах яўрэяў (за сродкі і намаганнямі іх супляменнікаў) устаноўлены помнікі – у Кямелішках, Міхалішках, Быстрыцы, Баранях...


МІХАЛІШКАЎСКАЕ ГЕТА
“Бацькі” трэцяга рэйха пад выглядам расавай палітыкі праводзілі планамернае знішчэнне прадстаўнікоў іншых нацый, якіх яны лічылі “унтэрмэнш” (ніжэйшыя людзі, недачалавекі). У гэтую катэгорыю ўваходзілі яўрэі, славяне, цыганы, прадстаўнікі некаторых усходніх народаў. Пад выглядам санітарнай апрацоўкі іх труцілі газамі, забівалі ў душагубках, расстрэльвалі, ставілі на іх бесчалавечныя медыцынскія вопыты, дабівалі непасільнай працай. Жанчын-унтэрмэнш, якіх часова пакідалі ў жывых, падвяргалі стэрылізацыі.
З такой зверскай практыкай фашызму жыхарам Астравеччыны давялося сутыкнуцца з першых дзён вайны. Так, пад Дайноўкай быў знішчаны цыганскі табар, а неўзабаве ў самых буйных мястэчках сталі арганізоўвацца гета для яўрэяў.
Міхалішкаўскае гета з’явілася ў канцы верасня 1941 года. Пад яго была адведзена цэнтральная частка мястэчка – на сённяшняй вуліцы Перамогі. Мясцовых жыхароў неяўрэйскага паходжання адсюль выселілі, а ў вызваленыя такім чынам дамы сагналі яўрэяў.
Паколькі ў гета аказаліся не толькі міхалішкаўскія яўрэі, але і іх супляменнікі з іншых населеных пунктаў, месца не хапала, і давялося тэрмінова будаваць новыя баракі. Гета абнеслі высокай агароджай, паверх якой пусцілі калючы дрот, а насельнікаў прымусілі насіць на адзенні жоўтую шасціканцовую зорку.
Агульная колькасць вязняў дасягала 700 чалавек, але яна не была пастаяннай – адны паміралі, другіх забівалі або адпраўлялі ў канцлагеры на тэрыторыі Літвы, а на іх месца прыбывалі новыя.
Гета і мост праз Вілію ахоўвала рота паліцаяў з 257-га паліцэйскага батальёна. Яго радавы састаў быў набраны з літоўскіх добраахвотнікаў, афіцэрамі былі немцы. Немцам быў і камендант лагера – кульгавы афіцэр, вызвалены ад службы на фронце. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, яго звалі Аўгуст, па архіўных даных – Гізі. Хутчэй за ўсё, яго поўнае імя было Аўгуст Гізі. Рэзідэнцыя каменданта знаходзілася ў доме пад нумарам 141, ахова размяшчалася ў будынку нумар 24.
Аўгуст быў надзвычай жорсткім чалавекам. Па Міхалішках ён прагульваўся з плёткай у руках і ў суправаджэнні сабакі. Пры найменшым парушэнні парадку ён пускаў у ход плётку або нацкоўваў на вінаватага сабаку. Пасля такой “навукі” многім міхалішкаўцам даводзілася тыднямі адлежвацца дома.
Асабліва пакутавалі ад яго выхадак вязні гета. Баланды, якую там выдавалі, не хапала на падтрыманне сіл, і некаторыя яўрэі, якіх выводзілі на работы за межы гета, спрабавалі раздабыць сабе што-небудзь з яды. Аддавалі пры гэтым апошняе, што ў іх было: пярсцёнкі, завушніцы, рэшткі грошай. Гізі забараняў прыносіць у гета ежу. Аднойчы ён асабіста сам расстраляў з пісталета маладую яўрэйку Фейге, якая крадком спрабавала пранесці нешта з прадуктаў.
Гізі быў не проста садыст. Часам яго ўчынкі не паддаваліся ніякаму лагічнаму тлумачэнню. Аднойчы ён арыштаваў мужчыну па імені Хіршл, які жыў у бараку № 118 і спрабаваў пранесці ў гета купленую ім курыцу. На працягу ўсёй ночы камендант здзекаваўся з гаротніка, а раніцай застрэліў. Потым выклікаў іншага вязня, аддаў яму злашчасную курыцу і загадаў аднесці яе ўдаве забітага.
Не адставалі ад свайго начальніка і радавыя вахтманы (ахоўнікі). Іх любімым заняткам была так званая “рыбалка”. Яўрэя, якога яны вырашалі пакараць, звязвалі і на доўгай вяроўцы скідвалі з моста ў Вілію. Калі няшчасны пачынаў захлёбвацца, яго выцягвалі, давалі аддыхацца, а потым зноў апускалі ў ваду. “Рыбалка” доўжылася да таго часу, пакуль чалавек не паміраў. Старых і хворых забівалі амаль адразу – яны не ўяўлялі для рэйха ніякай каштоўнасці. Расстраляных хавалі на беразе ручая, што ўпадае ў Вілію.
Тыя, каму ўдалося выжыць, добрым словам успаміналі прызначанага немцамі бургамістра Міхалішак – паляка Градзецкага. Ён быў высокаадукаваным чалавекам, ведаў некалькі моваў. Градзецкі стараўся прыстроіць вязняў на лёгкія работы – на кухню, у швейную майстэрню і г.д. Многім гэта выратоўвала жыццё. Нямала дапамагаў у гэтай сітуацыі і тагачасны ксёндз Адольф Сакалоўскі, паколькі нават Гізі стараўся з ім не канфліктаваць.
Зрэшты, палякі таксама былі розныя. Некаторыя з мясцовых жыхароў яшчэ да 25 чэрвеня 1941 года, калі ў Міхалішкі ўвайшла 7-ая нямецкая танкавая дывізія, паспелі падпаліць сінагогу і разрабаваць дамы яўрэяў.
Абраны (а дакладней, прызначаны немцамі) юдэнрат (рада яўрэйскай грамады) складаўся з шасці чалавек і, па сутнасці, знаходзіўся паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку ён павінен быў старацца аблегчыць жыццё сваіх супляменнікаў, а з другога – выконваць распараджэнні “гаспадароў”. Юдэнрат выдзяляў людзей на работы, ён жа займаўся адборам “кантынгенту” для адпраўкі ў Літву, у лагер смерці Панары.
Як гэта адбывалася, у сваіх успамінах напісала адна з выжыўшых вязняў – Эстэр Кац, якой у той час было 12 гадоў. У адзін з дзён вязняў гета вывелі на рыначную плошчу і прымусілі стаяць там на працягу некалькіх гадзін пад ударамі плётак і прыкладаў. Потым адабралі каля 60-ці чалавек (у тым ліку і Эстэр), астатніх вярнулі назад у гета. Адабраных павялі ў Гервяты, дзе яны заначавалі пад аховай мясцовых паліцаяў, а раніцай пагналі ў Солы, дзе загрузілі ў поезд і павезлі ў Вільню.
Панары, Панярай… Гэтае месца ўвайшло ў гісторыю як канцлагер-фабрыка смерці – гэткая ж, як 9 форт у Каўнасе.
Да вайны гэта было прадмесце Вільні з маляўнічымі пагоркамі, парослымі сасняком. Любімае месца адпачынку гараджан. Пасля далучэння Літвы да Савецкага Саюза тут пачалося будаўніцтва ваеннага аэрадрома, завяршыць якое не паспелі. Немцы вырашылі, што Панары – ідэальнае месца для стварэння канцлагера: сюды падыходзіла чыгунка, месца дастаткова пустыннае, акружанае лесам. Не толькі з Літвы, Польшчы і Беларусі, а нават з аддаленых краін Заходняй Еўропы ішлі эшалоны з людзьмі, выбранымі для знішчэння.
Па самых сціплых падліках, у Панарах было знішчана больш за 100 тысяч чалавек. Практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва Міхалішак загінула там...
Афіцыйна Міхалішкаўскае гета было зачынена ў сакавіку 1943 года, але канчаткова немцы вырашылі “яўрэйскае пытанне” толькі ў ліпені 1944 года – перад прыходам у нашы мясціны вызваліцеляў. Як піша ў сваёй кнізе “Помнікі генацыду яўрэяў у Беларусі” М. Батвіннік, паліцаі вывезлі ў бок Вільні на падводах 158 мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Фактычна яны ўжо “падбіралі” рэшткі – большасць насельнікаў гета ўжо даўно знайшлі сваю смерць у Панарах”.


Падрыхтаваў Ігар УСЦІМЕНКА


КЯМЕЛІШКАЎСКАЕ ГЕТА
З успамінаў былога жыхара Кямелішак Ракоўскага:

–Вакол некалькіх яўрэйскіх дамоў у цэнтры мястэчка літоўцы зладзілі высокую агароджу з дошак і сагналі туды яўрэяў. Выходзіць з гета дазвалялася толькі тым з іх, хто быў заняты на работах. У іх была магчымасць прыхапіць з сабой нешта з рэчаў і ў вёсцы абмяняць на прадукты. Непараўнальна цяжэй прыходзілася тым яўрэям, якія не мелі права пакідаць гета. Яны былі вымушаны рабіць у агароджы патаемныя хады і з рызыкай для жыцця прабірацца скрозь іх. Літоўскія паліцаі, што каравулілі гета, лавілі іх і, моцна збіваючы, вярталі на месца. Накладвалі штрафы. Жыццё ў гета станавілася ўсё больш цяжкім.

З кнігі былога вязня Кямелішкаўскага гета Шмуэля Керэна (Кроля) “Мулік-жулік”:
–Тата знайшоў для нас дом у гета, якое знаходзілася на адной з вуліц Кямелішак – паміж рынкам і могілкамі. Зрэшты, дом – моцна сказана. Гэта была звычайная халупа з дзіравымі драўлянымі сценамі, праз якія дзьмуў вецер і лез мароз. Тэмпература звонку і ўнутры нашага жытла не асабліва адрознівалася. Тата збіў з дошак вялікі ложак, і мы спалі на ім усе разам. Мне было даручана здабываць дровы. Цепліць печку прыходзілася 24 гадзіны ў суткі. Часцей за ўсё я адрываў штыкеціны з агароджы – нічога лепшага дастаць было немагчыма. Насупраць нас знаходзілася напалову разбураная сінагога, я сказаў сабе: “Бог забыўся пра нас” і браў дошкі адтуль. Аднойчы я прабраўся ў нечы недабудаваны дом і са столі сцягнуў некалькі дошак. Гаспадар дома злавіў мяне. Я быў толькі маленькі хлопчык, але пачаў тлумачыць таму чалавеку, што мае малодшыя брацікі і сястрычкі замярзаюць, што дроў у нас зусім няма... Я сказаў яму: “Не варта непакоіцца пра дом. Калі немцам уздумаецца, яны заб’юць вас, а ваш дом разбураць”. “Не можа быць, – ажно спалатнеў мужчына, – яны ніколі так не зробяць”. Ён не мог сабе такое нават уявіць. “Наўрад ці немцы вас пашкадуюць, – сказаў я яму. – І вас заб’юць, як забіваюць усіх нас”.
Жыць даводзілася ў жорсткіх умовах, але, хаця ежы хранічна не хапала, усё ж мы не галадалі. Я не ведаю, дзе тата ўмудраўся здабываць грошы, але на набыццё прадуктаў у нас заўсёды знаходзіліся нейкія сродкі. Раніцай мяне звычайна пасылалі па малако для малодшага брата, якому было ўсяго некалькі месяцаў. Я стукаўся да каго-небудзь з мясцовых жыхароў і прасіў прадаць мне малака. І калі я атрымліваў поўны збанок, перада мной паўставала новая задача: трэба было данесці яго некранутым. Ох, як цяжка гэта мне давалася – усё ж я быў яшчэ зусім малым хлопчыкам. Часам не вытрымліваў спакусы і адпіваў некалькі глыткоў, але сумленне тут жа пачынала мяне грызці. Каб “замясці сляды”, я падкладваў у збанок з малаком жменьку снегу.
Тата стараўся максімальна магчыма расцягнуць сродкі надалей, таму мы не зусім галадалі. Канешне, умовы жыцця былі ніякія. Суцэльная антысанітарыя. Галоўным клопатам маіх сясцёр было змагацца з вошамі і блохамі на нашай вопратцы і галовах. Памятаю, як аднойчы, калі выдаўся крыху цяплейшы дзень, тата вырашыў памыцца – ён раздзеўся і з відавочным задавальненнем расціраў сваё цела прыгаршчамі снегу.

БЫСТРЫЦКАЕ ГЕТА
З расповеду Пінаха Догіна:

–Праз месяц у Быстрыцы з’явілася гета. Невялікае, толькі некалькі дамоў, агароджаных высокімі дошкамі. Пераважную большасць мясцовых яўрэяў немцы прагналі за рэчку ў кямелішкаўскае гета, у быстрыцкім засталіся толькі 5 – 6 сем’яў, прычым выключна майстроў-спецыялістаў. Літаральна на другі дзень пасля засялення гітлераўцы выстраілі ўсіх нас у рад. Без ніякай прычыны адабралі 11 чалавек, сярод якіх большасць былі дзеці. У выбраныя трапіла і мая бабуля Мар’яшка. Гэтых адзінаццаць у той жа дзень адвялі на бераг Віліі і расстралялі.

АСТРАВЕЦКАЕ ГЕТА
З успамінаў Станіслава Іванавіча ДАЎЛЯША:

–Дамы непадалёк ад касцёла абгарадзілі двухметровым плотам з брамай у цэнтры, ля якой дзяжурылі ўзброеныя літоўскія паліцаі. Усходняя частка гета абгароджанай не была, але там цякла глыбокая тады Лоша…
Брата Біёмчыка паліцаі застрэлілі на беразе Лошы, калі ён спрабаваў уцячы. А самога Біёмчыка, як і Цалку, і ўсіх астатніх яўрэяў, на грузавіках (на 8 ці 10 крытых машынах) вывезлі ў Панары. І там расстралялі.

З расповеду Пінаха Догіна:
–Пасля першай здрады мы апынуліся ў астравецкім гета, якое немцы стварылі непадалёк ад белага касцёла. Сюды да гэтай пары ўжо было сагнана некалькі соцень яўрэяў, і амаль кожны дзень прыводзілі новых і новых. Праблему перанаселенасці гітлераўцы збіраліся вырашыць па-свойму, абвясціўшы аднойчы, што праз тры дні ўсе палонныя будуць транспартаваны на работу ў Вільню на Панары. Даверлівыя яўрэі пачалі рыхтавацца да перасялення. Наш бацька таксама рушыў з катомкай за плячыма – сабраць па людзях хоць крыху сякіх-такіх харчоў на дарогу…


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений