Адам Мальдзіс: "Станцыі Гудагай – 130 гадоў"

15:16 / 15.06.2010

Маё міні-даследаванне гісторыі станцыі ( а тым самым і пасёлка) Гудагай пачалося лютаўскім днём бягучага года, калі я браў білет да Мінска ў драўлянай пабудове на падыходзе да цаглянага будынка вакзала, які стаяў у рыштаваннях. Якраз з яго сценаў абдзіралі зялёную фарбу.
Мерзнучы ў чарзе на марозе, пасажыры гучна выказвалі сваё нездавальненне касіру, якая вяла апраўдвалася:
–Не бачыце? Распачаўся капітальны рамонт. Усё цяпер плануюць зрабіць па-новаму.
Апошнія словы мяне не на жарт устрывожылі: як – “па-новаму”? Гэта ж гістарычны помнік, адзін з першых вакзалаў на тэрыторыі Беларусі (раней былі толькі Парэчча і Гродна) і, у прыватнасці, першы на Лібава-Роменскай чыгунцы, якая была пракладзена ў 1870-я гады праз Вільню і Мінск, каб злучыць хлебную Украіну з прыбалтыйскімі партамі. Таму будынак, напэўна ж, знаходзіцца пад аховай дзяржавы, павінен рамантавацца так, каб не згубіць першапачатковы выгляд, у прыватнасці, натуральную карычнева-цагляную афарбоўку (пазнейшая зялёная пазбаўлена сэнсу, і добра зрабілі, што ў час рамонту яе знялі).
Да таго ж сёння, калі станцыя стала пагранічнай, – гэта візітная картка нашай краіны, першая мясціна, якую ў ёй бачаць і ўспрымаюць шматлікія чужаземцы. І ад іх першых уражанняў потым будзе ў многім залежаць уражанне пра Беларусь у цэлым, яе імідж. Успрыняцце ж гэтае, як я пераконваўся не раз, пакуль што далёка неадназначнае. Скажам, мноства нязручнасцей спараджаюць непрадуманыя рамонты і рэканструкцыі – часам пасажырам даводзілася скакаць з вагонаў не на перон і не на часовы насціл, а на коўзкі шчэбень. Я сам бачыў і чуў дзяцей жыхароў Вільнюса, якія потым панічна баяліся самога слова “Гудагай”… Скажам, няма на станцыі і ў пасёлку ў цэлым нават буфета. І калі кагосьці даводзіцца ссаджваць з цягніка з-за адсутнасці беларускай візы (бывалі такія выпадкі: ну, не ўсе амерыканцы загадзя ведаюць, што паміж Літвой і Расіяй ёсць яшчэ і дзяржава Беларусь), а разгубленаму ды галоднаму пасажыру няма дзе паснедаць – тады перакладчыцы даводзіцца везці разгубленага вандроўніка на аўтобусе ажно ў райцэнтр (“Астравецкая праўда” пісала пра такія выпадкі).
І таму з усімі сваімі сумненнямі, прабіраючыся праз будаўнічае смецце, іду да начальніка станцыі, якая часова знайшла неблагі і прынамсі цёплы прытулак у прасторным суседнім будынку, дзе месцяцца пагранічнікі і мытнікі. Пытаюся ў Валянціны Аляксееўны Бенахомскай:
–Ці ўлічваецца пры рамонце вакзала, што гэта помнік архітэктуры, што трэба захаваць не толькі яго вонкавы выгляд, але і ўнутраную планіроўку?
–Ды ніякі гэта не помнік! – парыруе начальнік станцыі. – Савецкія ваеннапалонныя пабудавалі яго ў час Вялікай Айчыннай вайны. Быў тут іх лагер каля станцыі, у школе.



Фрагмент з карты 1880 года



Фрагмент з карты 1931 года


–Якія палонныя, калі я памятаю гэты будынак яшчэ з даваеннага часу, калі дзіцем разам з бацькамі ездзіў адсюль у Вільню?! Пытаўся ў бацькі, калі вакзал пабудаваны, а той адказаў: “Не пры маёй памяці”. А народжаны ён быў ў 1887 годзе.
–Ну, не ведаю. Мы пыталіся ў каго трэба ў Астраўцы, а тыя – у Гродне. Кажуць: няма ў спісах.
–Быць не можа! Гэта – адзін з нямногіх уцалелых тыпавых будынкаў, якія ўзводзіліся яшчэ ў царскія часы. Заўтра ж праверу ўсё ў спісах Міністэрства культуры.
Па дарозе ў Мінск пільна ўглядаўся ў станцыйныя будынкі. Ашмяны, Солы, Смаргонь – нешта падобнае, але перабудаванае ўжо на іншы лад. Нарэшце ў Прудах бачу будынак, аналагічны гудагайскаму. Значыць, было на Лібава-Роменскай чыгунцы тыповае вакзальнае будаўніцтва!.. Але ж гудагайскі важнейшы за прудоўскі: па-першае, ён узводзіўся раней, па-другое, ён мае статус пагранічнага, па-трэцяе, на ім павінна быць памятная дошка. Якая? Ды пра савецка-літоўскія ваенныя перамовы, якія вяліся ў яго будынку ў 1940 годзе.
…Так здарылася, што пачатак маіх пошукаў супаў з атрыманнем з Вільнюса ксеракопіі дакумента пад нумарам 188, змешчанага ў кнізе «СССР и Литва в годы Второй Мировой войны. Т. 1.Вильнюс, 2006. С. 615-619» (копію перадаю ў будучы Астравецкі гісторыка-краязнаўчы музей). Дакумент гэты падпісаны на станцыі Гудагай 15 чэрвеня 1940 года (значыць, 70 год назад!) у 23 гадзіны 10 мінут і называецца “Протокол соглашения между представителями командования советких войск и командования литовских вооружённых сил о дополнительном размещении частей Красной Армии в Литве”, мае грыф “Сов. секретно”. Савецкую дэлегацыю на перамовах узначальваў генерал-палкоўнік танкавых войскаў Паўлаў, літоўскую – генерал дывізіі Віткаўскас. Шмат каго можа зацiкавiць тренинг переговоров. У пратаколе прадугледжана, у якіх раёнах Літвы будуць размешчаны дадатковыя сілы савецкіх войскаў, па якіх шляхах яны будуць рухацца (вызначаны быў таксама напрамак “Ст. Гудагай – Салешнікі”), якое садзейнічанне павінна аказваць пры дыслакацыі нанятая літоўская “рабочая сіла”. На падставе пратаколу ў ноч з 15 на 16 чэрвеня ў Мінску быў прыняты “боевой приказ командования БОВР войскам 3-й и 11-й армии и 16-му особому стрелковому корпусу о занятии территории Литвы”, а раніцай 16 чэрвеня пасланнік Літвы Л. Наткявічус быў ужо выкліканы да наркама замежных спраў СССР В. Молатава, дзе яму паведамілі аб рашэннях, падпісаных на станцыі Гудагай. Гэтыя дакументы былі прыняты да ведама і выканання.
Вядома, сёння ўвод савецкіх войскаў у Літву ўспрымаецца ў свеце неадназначна. Але гісторыя ёсць гісторыя: яе нельга ні паляпшаць, ні пагаршаць. Адна з яе старонак павінна быць адзначана дошкай на гудагайскім вакзале. І, на мой погляд, гэтай справай варта заняцца пагранатраду, які сёння дыслацыруецца ў пасёлку Гудагай. Дзеля гэтага перасылаю туды копію названых дакументаў.
Аднак вернемся да вакзальнага будынка. Звесткі пра яго былі ў мяне самыя супярэчлівыя. Адны казалі мне, што пасля пракладкі чыгункі станцыі ў Гудагаі доўга не было, знаходзілася яна ў Слабодцы, якая лічылася тады мястэчкам, бо месціўся там касцёл і кляштар кармелітаў босых, другія – што станцыю ў Гудагай доўга называлі Слабодкай па бліжэйшаму мястэчку (а чаму тады, падумалася, не назвалі Вавяранамі або Табарышкамі, якія існавалі побач?!) З новымі сумненнямі паехаў я найперш у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, каб глянуць у аўтарытэтны чатырнаццацітамовы даведнік канца ХІХ стагоддзя “Slownik geograficzny Polski i innych krajow slowianskich”. Але там былі толькі мястэчка Гудагай і станцыя Слабодка, якая яшчэ ў 1900 годзе знаходзілася каля аднайменнага мястэчка (ці не ў цагляным будынку ў Каменцы, перададзеным пазней пад бальніцу?!).
Наступны мой пошукавы візіт быў у ведамасны Музей “Беларуская чыгунка”. Але ніякіх звестак пра дарэвалюцыйны Гудагай там не аказалася. Мне прапанавалі толькі кнігу “Чыгунка Беларусі: Гісторыя і сучаснасць” (Мінск, 2001), дзе быў раздзел “Лібава-Роменская чыгунка”. З тэксту вынікала, што канцэсія і статут таварыства, якое ўзялося скараціць шлях украінскага збожжа да прыбалтыйскіх спажыўцоў, прайшлі зацвярджэнне ў Пецярбуругу 9 мая 1870 года, 29 ліпеня таварыства даверыла канцэсію (фінансаванне) прадстаўніку Гамбургскага Паўночнага банка, інжынеру фон Меку, а 14 студзеня 1873 года ўчастак Нова-Вілейск (цяпер раён Вільнюса Науёйі Вільня) – Мінск ужо здалі для эксплуатацыі. Аднак цягнікі пайшлі не хутка: некаторым прамыслоўцам хацелася, каб чыгунка пралегла паўднёвей – праз Ашмяны і Баруны, да таго ж выявілася мноства недаробак. Канчаткова іх ліквідавалі толькі ў 1882 годзе. Чыгуначныя станцыі да гэтага часу, безумоўна, былі ўзведзены, але дзе канкрэтна і якія? У музеі мне параілі звярнуцца па фатаграфіі ў Цэнтральны музей гісторыі чыгуначнага транспарту (Санкт-Пецярбург, вуліца Садовая, 50), дзе захавалася ўся дакументацыя, пачынаючы з 1843 года. Напісаў лісты пецярбургскім калегам, але адказу ад іх не атрымаў. І разумею чаму: хто будзе затрачваць каштоўны час на пошукі чагосьці, што эмацыянальна з табой ніяк не звязана…
А што ж у Міністрэстве культуры? Вярнуўшыся з Гудагая ў Мінск, я пазваніў начальніку ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігару Мяфодавічу Чарняўскаму і спытаў яго, ці ёсць у “Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” будынак гудагайскага вакзала. Адказ атрымаў адмоўны (“Не, няма”), але адначасова і аптымістычны (“Спіс” – гэта не нешта застылае; калі вы дакажаце, што будынак існаваў у ХІХ стагоддзі, то мы ўнясём яго дадаткова, як і іншыя аналагі, тыя ж Пруды”). Неўзабаве я атрымаў для рэцэнзавання і сам “Дзяржаўны спіс…”, упершыню выдадзены друкаваным спосабам для шырокага карыстання. І яшчэ раз пераканаўся: гудагайскага вакзала там няма, дарэчы, як і гродзенскага (нядаўна бяздумна пераробленага), як і парэцкага (не ведаю, ці захаваўся) – першых у Беларусі на чыгунцы Санкт-Пецярбург – Варшава.
Сітуацыя, не скрыю, склалася безнадзейная. І тут нечакана якраз зайшоў да мяне вядомы беларускі картограф, складальнік многіх атласаў Леў Раманавіч Казлоў, які добра ведае Астравецкі раён і не раз дапамагаў яго ўладам. Выслухаўшы мой трывожны аповед, ён раптам абнадзеіў:
–Трэба паглядзець, калі з’явілася станцыя Гудагай, на царсікх картах-“вярстоўках”.
Неўзабаве на мой рабочы стол легла копія з карты 1880 года. На ёй паміж мястэчкам Гудагай («Гудогайе») І Астравец, недалёка ад Палушы (“Полош” – па Лошы), віднеецца прамавугольнічак з надпісам “Ст. Гудагай”. А каля “м. Слабодка” нічога не пазначана. І каля гудагайскага вакзала іншых дамоў яшчэ няма.
Затое на прынесеным Львом Раманавічам фрагменце польскай карты 1931 года вакол гудагайскага вакзала ўжо пазначаны дамы – там, дзе потым было гета, і ў напрамку да Астраўца. На цяперашняй жа вуліцы Ленінскай відаць яшчэ толькі чатыры дамы.
Дык што ж вынікае з карты 1880 года? А тое, што ў 1880 годзе вакзал у Гудагаі ўжо існаваў і што перад намі – першае вядомае нам упамінанне пра яго ў друку! Таму сёлета, скажам, разам з Днём чыгуначніка можна і трэба адзначыць яго (а заадно і пасёлка) 130-годдзе! Я разумею, што гэтае паведамленне спазнілася, але ж за месяц можна многае зрабіць. Асабліва з дапамогай як раённых уладаў, так і Беларускай чыгункі.
Аднак мы пакуль што не ведаем, ці ў 1880 годзе ўжо стаяў той самы будынак, што і цяпер, ці праносіліся каля яго ўжо цягнікі і, галоўнае, як ён выглядаў. Значыць, рабіць дапаўненне ў “Дзяржаны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” пакуль ранавата. І тут я пераадрасоўваю пошукі нашым суайчыннікам у Санкт-Пецярбург – тым, хто нарадзіўся на тэрыторыі Астравецкага раёна, для каго слова “Гудагай” не з’яўляцца пустым гукам.
…Тым часам з Гудагая мне паведамілі, што рамонт вакзала працягваецца і што будынку вернуты ранейшы цагляна-карычневы колер. Гэта добра. Яшчэ лепш будзе, калі, не чакаючы рашэння Міністэрства культуры аб наданні будынку статуса гістарычнага помніка, усё ж захаваецца і ранейшая ўнутраная планіроўка. Калісьці браліся пад увагу два пасажырапатокі – першага і другога класа: адпаведна існавалі з асобнымі выхадамі на перон дзве залы для чакання (для першага класа – з буфетам). Такі падзел адпавядае і цяперашняй сітуацыі. Адна зала – для замежных пасажыраў ( у заходняй частцы вакзала), а другая, (з касамі) – для тых, хто накіроўваецца на Маладзечна і Мінск, ва ўсходняй частцы. Проста і зручна.