Яшчэ раз пра «Хаўрус Сваякоў»

14:59 / 04.06.2010
12505

Калі я высвятляла, “хто ёсць хто” з удзельнікаў “Хаўрусу сваякоў” сярод трашчанскай моладзі, Рэгіна Францаўна Субач, якая дапамагала мне ў гэтым даследаванні, выказала меркаванне, што загадкавы Гоз.Лаўрыновіч – гэта Іосіф Лаўрыновіч, таму што больш такіх прозвішчаў у в. Трашчаны не было. Яшчэ раз паўглядаўшыся ў спіс, надрукаваны ў “Астравецкай праўдзе”, і ўбачыўшы выразнае “Гоз.”пад №32, я так і не адважылася адхіліцца ад “літары пратаколу”. Праўда, у душы жыла надзея, што пасля публікацыі матэрыялу, як гэта часта здараецца, адкрыецца яшчэ хоць бы адно з чатырох нявысветленых імён.


Літаральна на другі дзень пасля выхаду газеты з даследаваннем патэлефанавала Тэрэса Бярнардаўна Юхна з вёскі Трашчаны і спытала:
– А хочаш ведаць, хто такі Гоз.Лаўрыновіч?
І з гонарам дадала:
– Гэта мой дзед, Іосіф Францавіч Лаўрыновіч.
Памылкі быць не можа, тут усё бясспрэчна. Па-першае – у Трашчанах больш Лаўрыновічаў не было. Па-другое – падыходзіць узрост. Трэцяе і асноўнае – жыве ў Трашчанах яго сярэдняя дачка Алімпія Іосіфаўна, маці Тэрэсы Бярнардаўны, па аповедах якой бацька быў гарачым прыхільнікам і заступнікам усяго беларускага, заўсёды памятаў пра сваё паходжанне, нідзе і ніколі не дазваляў запісаць сябе палякам: “Ніякі я не паляк! Пішыце: “беларус”!”
Цікава тое, што ён правёў некалькі гадоў у палоне ў Аўстравенгрыі. Як чалавек цвёрдай волі і загартоўкі, ён і там не траціў дарма час – навучыўся майстэрству чырвонадрэўшчыка. Да гэтай пары ўнучка карыстаецца зробленай дзедам кухоннай шафкай, крэсламі, сталом. А мадзьярскую мову Іосіф Францавіч памятаў да старасці. Калі бываў у добрым гуморы і меў час, то любіў, забаўляючы ўнучак, “лапатаць” па-мадзьярску.
І вось гэты мудры чалавек, які разумеў і мог размаўляць па-руску, па-польску, па-мадзьярску і па-беларуску, адчуваў сябе беларусам і ганарыўся гэтым. Нездарма ж адразу прыняў актыўны ўдзел у рабоце “Хаўрусу сваякоў”. У хоры не спяваў.
Іосіф Францавіч – просты чалавек, селянін, які шчыраваў на сваім кавалку зямлі, “у поце аблічча свайго здабываў хлеб ”. І гэтыя словы сапраўды пра яго, таму што ён быў надта старанны і працавіты. Алімпія Іосіфаўна ўспамінала, што калі надыходзіла гарачая пара (а ў селяніна цэлае лета – гарачая пара), то ён, падняўшыся ў чатыры гадзіны на досвітку, браў касу на плечы і бягом бег да свайго сенакосу можа з кіламетр. Бег для яго быў, напэўна, размінкай перад цяжкай працай. Увогуле ён прытрымліваўся здаровага ладу жыцця.
Гэтае ўменне працаваць на зямлі, любоў і беражлівыя адносіны да яе перадаліся і яго ўнукам. Самая дагледжаная сядзіба ў Трашчанах – гэта падвор’е Тэрэсы Бярнардаўны. І ўраджай на сваім прысядзібным участку яна заўсёды здымае самы лепшы. А якая разнастайнасць відаў і сартоў! Да яе ідуць за парадай не толькі вяскоўцы. Дарэчы, яшчэ адзін унук Іосіфа Лаўрыновіча, брат Тэрэсы Бярнардаўны – Генадзь ужо шмат гадоў паспяхова ўзначальвае СВК “Свірскі край”.
Мог бы ганарыцца Іосіф Францавіч Лаўрыновіч і сваімі праўнучкамі, якія, як і ён калісьці, вельмі любяць сваю маленькую радзіму і стараюцца зрабіць яе яшчэ прыгажэйшай. Гэта дочкі Тэрэсы Бярнардаўны Аксана Уладзіміраўна Юркойць, падвор’е якой заняло першае месца ў Варнянскім сельсавеце (аб чым пісала газета “Астравецкая праўда”) і была паказана па тэлеканалу ЛАД у праграме “Гаспадар”. Яе сястра, Наталля Уладзіміраўна Сянюць, дырэктар Цэнтра пазашкольнай работы, мае столькі ганаровых дыпломаў і ўзнагарод за экалагічныя праекты, што заслугоўвае асобнай пра гэта размовы.
Сама Тэрэса Бярнардаўна некалі ў маладосці выязджала на работу ў Літву — як і большасць дзяўчат з нашай мясцовасці. Але, нягледзячы на матэрыяльныя перавагі гарадскога жыцця, не змагла там доўга пратрымацца. Любоў да сваёй старонкі цягнула ў родную вёску з неймавернай сілай. “Нідзе няма такой прыгажосці, як на бацькоўскай зямлі – і паветра чысцейшае, і вада саладзейшая, і зямелька мякчэйшая” – так яна лічыць — і, напэўна, гэта таксама перадалося ад дзеда.
Дзеда Юзука (так называлі Лаўрыновіча вяскоўцы) трошкі памятаю і я. Ён жыў амаль побач з Лысюкамі – хутарам майго дзеда Яна Субача. Бывала, што мы з бабкай хадзілі “на гару” ў госці. З сівой барадой, нешматслоўны, ураўнаважаны, дзед Юзук заўсёды быў заняты нейкімі справамі. У ім адчувалася нейкая ўнутраная сіла і мэтанакіраванасць.
Бацька яго, Францішак, жыў у Трашчанах, арандаваў зямлю на хутары, які потым выкупіў, пабудаваў дом і пасяліўся там, дзе ў 1892 годзе на свет нарадзіўся Іосіф. Усяго іх было 5 братоў. Строгі бацька адправіў усіх на заробкі – дваіх у Амерыку, дваіх у Расію, а на гаспадарцы пакінуў Юзука, які ажаніўся з Мар’янай і стаў гаспадаром хутара Лысая Гара.
Размаёвая пара
Ад квітнеючага вецця,
Кучаравая гара,
Хоць і Лысаю завецца.
Здагадаліся, каму належаць гэтыя радкі, хто апяваў Лысую Гару ў сваіх творах? Калі не – чытайце далей.
Іосіф з жонкай Мар’янай нарадзілі траіх дачок. Старэйшая Франя выйшла замуж у Падольцы, сярэдняя Алімпія жыве ў Трашчанах, а малодшая Генавефа (Геня), засталася з мужам у бацькоўскай хаце.
Цёця Геня – добры дзень
І вачэй тваіх і слова!
– Штось да нас ты парадзеў,
Мой ты бэз сівагаловы?!
...............
Блаславёны гэты кут
Дарагі і мне таксама,
Бо дзед з бабай нашы тут
Гадавалі й маю маму...
(“У гасцях на хутары”)


Вось яны, плады асветніцкай дзейнасці “Хаўрусу сваякоў”! Вось яно, зерне, якое ўпала на ўрадлівую глебу! Станіслаў Валодзька, паэт, вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, – унук чалавека з простай душой, якая “не скрывілася” пад ударамі лёсу, адданага сваёй Айчыне, роднай зямлі, сябра “Хаўрусу сваякоў” – Іосіфа Францавіча Лаўрыновіча!
Амаль адначасова стала вядома — зноў жа дзякуючы Тэрэсе Бярнардаўне, хто такі І.Валуевіч, які напачатку прыцягнуў маю ўвагу сугучнасцю з маім прозвішчам. Гэта Іван Валуевіч. Пра гэта паведаміла Эмілія Валуевіч з вёскі Трашчаны, дачка сябра “Хаўрусу сваякоў” Францішка Субача. Яна расказвала, што Валуевіч быў актыўным прапагандыстам беларускасці і вялікім актывістам.
Памятаю і я гэтага чалавека. У вёсцы і ва ўсёй акрузе яго называлі Яська Карчмавы. Магчыма, нехта з яго продкаў трымаў карчму. У мяне ж узнікла іншая здагадка. Заўважце, як пераклікаецца мянушка Яська Карчмавы з назвай п’есы Казіміра Сваяка “Янка Канцавы”, у якой актыўны, баявы хлопец з Трашчань мог мець ролю. Думаю, тут выпадковасці няма. Мянушку сабе Іван Валуевіч хутчэй за ўсё выбраў наўмысна. І гэта сведчыць аб павазе, любові і даверу да свайго духоўнага настаўніка і сябра Казіміра Сваяка.
Узброіўшыся лупай і ўсімі іншымі магчымымі павелічальнымі шкельцамі, я прыступіла да разгадкі прозвішча пад нумарам 18 – Леонава — якое аказалася на самой справе зусім не Леонава. Імя пачыналася на Л., гэта бясспрэчна, а прозвішча я адразу прачытала «Тармён». У назве вёскі прачытваліся «Клюшчаны». Калі прагледзела касцельную кнігу, то ўсё стала на месца: быў такі сучаснік Казіміра Сваяка Леанард Тармён (Тарміон – так запісаны ў кнізе таго часу), які жыў у вёсцы Клюшчаны. Амаль равеснік Сваяка, з 1991 года нараджэння. Тармёны — дынастыя арганістаў, якія пачыналі працаваць у Клюшчанах, а затым у Вільні (пра лёс гэтай сям’і яшчэ плануе расказаць “Астравецкая праўда”).
Такім чынам, невядомым з усяго “Хаўрусу сваякоў”, своеасаблівым “цёмным конікам” застаўся толькі Янук Чырвоны – хто так умела замаскіраваўся пад гэтай мянушкай, так і застаецца загадкай.
Не, нездарма стараўся ты, Казімір Сваяк, “служыць старонцы роднай”, нездарма згарэў, як свечка на алтары. Ты асвяціў дарогу сваім сябрам — і асвячаеш яе нам, тваім паслядоўнікам. Ты вучыш нас любіць Бога, свой народ, свайго бліжняга так, як любіў сам.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений